BY
па-беларуску
Каб быў шчаслівы год...

Каб быў шчаслівы год...

Каляды – чароўнае і асаблівае свята, якое дапамагае трымаць сувязь са сваёй зямлёй і адно з адным. Разбіраемся ў беларускіх традыцыях святкавання Калядаў, а таксама ў музыцы і спевах разам з музыкам Сержуком Доўгушавым.


Паходжанне свята

У назвы “Каляды” некалькі версій паходжання. Першая мае паганскія карані, паходзіць ад слова “кола” – “сонца”. Паводле другой, ад слова calendae — “першы дзень месяца”. Трэцяя версія ад спалучэння “кол-яда” – ежа, якую перадаюць па коле: падчас калядавання каляднікаў у розных дамах частавалі ежай, а з’ядалі потым яе ўсе разам. Паводле чацвёртай, існаваў старажытнаславянскі бог Каляда, звязаны з зімовым сонцаваротам і ўрадлівасцю.
Да прыходу хрысціянства святкавалі Каляды з 24-25 снежня па 6 студзеня, пазней – з Раства па Вадохрышча. Адпаведна, каталікі святкуюць з 24 снежня па 6 студзеня, а праваслаўныя – з 6 па 19 студзеня.
 

Калядоўшчыкi горацкага павета магілёўскай губерні, 1903 г., https://specials.dekoder.org/


Ачышчэнне душы і спроба зазірнуць у будучыню

Каляды непарыўна звязаныя з зімовым сонцастаяннем, якое адбываецца 20-23 снежня. Пасля гэтай даты светлавы дзень становіцца даўжэйшым за ноч, святло перамагае цемру. Таму святкаванне Калядаў звязанае з адраджэннем прыроды і новым цыклам. Каляды – гэта час ачышчэння ад усяго змрочнага, ад негатыву, які назапасілі за год. Для гэтага людзі перад святам мылі дом і самі купаліся ў лазні, апраналі ўсё самае прыгожае, каб так пачаць новы этап. Лічылася, што калі ходзіш у лазню ды прыбіраеш хату, ачышчаецца яшчэ і душа.
Таксама гэта быў час памінання і шанавання продкаў: душы памерлых спускаліся на зямлю і наведвалі свае дамы. Для іх адмыслова пакідалі пачастункі, каб залагодзіць.
На Каляды людзі варажылі, а таксама хацелі зазірнуць у будучыню і даведацца пра свой лёс. Напрыклад, па колькасці снегу і зорак спрабавалі вызначыць, ці будзе жыта, грыбы ды ягады. Яны шукалі адказы на свае пытанні і праграмавалі сябе і сваё жыццё на найлепшае.
Каляды – сямейнае свята, але ў той жа час яно аб'ядноўвае ўсіх, хто побач. Гэта час весялосці і гульняў, калядавання, якое нясе атмасферу радасці, умацоўвае сувязі між людзьмі.
Каляды былі глыбока асэнсаваным рытуалам, які дапамагаў падтрымліваць сувязь з прыродай, продкамі і адно з адным. З прыходам хрысціянства Каляды займелі яшчэ адзін важны сэнс – нараджэнне Ісуса Хрыста, з якога зараз і пачынаецца святочны перыяд.
 

«Казачка пра гандляра Пятра, Казу і Каляды», «Мастацкая літаратура», 2012 г., ілюстрацыі - Алеся Галота


Падрыхтоўка да свята і ежа

Сустракаць Каляды трэба чыстымі фізічна і духоўна. Таму варта абавязкова зрабіць генеральную прыборку, вымыць дом ці кватэру. Таксама трэба выкупацца самім, апрануць найлепшае адзенне.
Перад Калядамі адбываецца пост, таму гулянні і шматлікія стравы забароненыя. Ужо падчас Калядаў праводзілі тры куцці.
 

Куцця, www.beresta.by

Уласна куцця – гэта густая каша з пшаніцы ці ячменю, якую запраўлялі мёдам, разынкамі і макам. Гэтая страва сімвалізавала дабрабыт і адзінства сям’і. Усе тры куцці варылі ў адным гаршэчку і спрабаваць іх да падачы на стол забаранялі. Далей страву ставілі ў чырвоны кут да захаду сонейка, пад яе слалі сена і накрывалі хлебам.
 

Бедная куцця

У першы дзень Калядаў сям’я збіралася на посную куццю, калі ўсе стравы яшчэ гатавалі без мяса, бо гэта апошні дзень паста. На стол пад абрус клалі сена – каб было шмат малака ў кароў і ваўкі не нападалі, таксама павер’е звязваюць са з’яўленнем на свет Ісуса, у якога сена было ў калысцы. Напрыканцы вячэры па сене маглі гадаць.

Другую куццю каталікі рабілі напярэдадні Новага года, а праваслаўныя – няпярэдадні Старога Новага года – гэта ўжо Шчодрая куцця або Шчодрык. Сюды ўжо ставілі шмат мясных страваў: каўбаскі, крывянку, сала ды іншыя.

Трэцюю куццю рабілі поснай або “вадзяной”. Тут жа быў і рытуал “запісвання каляд” – людзі малявалі на брамах і дзвярах сваіх дамоў крэйдай крыжы. Лічылася, што гэта дапамагае абараніцца ад злых духаў.
 

«Шчодрык», www.etna.by

Калядаванні і шчадраванні як абмен энергіямі

Калядаванні пачыналіся ад Раства, а шчадраванні – вядома, на Шчодры вечар.
Песні і музыка ў гэты час таксама адрозніваюцца, тлумачыць музыка Сяржук Доўгушаў.

«На калядаванне хадзілі толькі з зоркай, а на шчадраванне апраналіся ў розныя персанажы – казы, бусла, дзеда ці бабы – цэлае тэатралізаванае шоў! На Раство спявалі «Святы вечар», «Каляда-Каляда» – тое, што маглі падпяваць усе. А на Шчодрыка прыпеў быў – «Шчодры вечар добрым людзям. Шчодры вечар».
 

Сяржук Доўгушаў з Калядоўшчыкамі

Каляднікі падыходзілі да хаты, звярталіся да гаспадара дома, зычылі яму ўсяго найлепшага, дабрабыту і шчасця. Таксама яны пыталіся, да каго звяртацца дакладна: да гаспадара ці гаспадыні, да нежанатага хлопца ці незамужняй жанчыны. І ўжо ў залежнасці ад адказу спявалі.

«Калі да маладога хлопца, то быў вобраз каня, каб ён хутчэй жаніўся. Калі да дзяўчыны – новы двор. І ў самой песні была нейкая інструкцыя, што рабіць, напрыклад, нешта даць каляднікам: рэшэта аўса, каўбаса, кавалак сала. Так знаёмілі гаспадароў, чым трэба каляднікаў адорваць. І калі адорыце, то будзе шчасце».

Каляднікі віншавалі і прыносілі ў хату пазітыўны настрой. Людзі верылі, што менавіта ў гэты час сонца паварочваецца.

«Лічылася, што менавіта ў гэты час сусвет валодае нейкай сілай, а каляднікі з’яўляліся яе ўвасабленнем. Іх абавязкова трэба было сустрэць і адарыць. Нават у беларускіх казках апісвалася, як нехта дрэнна адорваў каляднікаў, а ім трэба даць самае дарагое, тады вернецца яшчэ больш. Такі абмен энергіямі».


У песнях ёсць энергетычны пасыл…

На Шчодры вечар або Шчадруху вельмі яскрава паказвалі вобразы месяца, сонца і зорачак.

«Іх супастаўлялі з сям’ёй. Напрыклад, месяц – бацька, сонца – маці, а зорачкі – гэта іх дзеткі. Часам, так і спяваецца: спачатку вобразы сусвету, а потым, каб маці і бацька сядзелі ў золаце. То бок, у песнях ёсць энергетычны пасыл, каб быў шчаслівы год, каб быў дабрабыт, багаты ўраджай».

Падчас калядавання грала скрыпачка, дудачка, барабан, ужо пазней сталі з гармонікам хадзіць. Але аснова – супольны шматгалосны спеў, тлумачыць Сяржук:

«За сталом спявалі бяседныя песні. У кожным рэгіёне, у кожнай мясцовасці быў свой калядны твор, якім віншавалі гаспадароў».

Традыцыйныя спевы перадаюцца праз пакаленні і захоўваюцца.

«Вось, напрыклад, на Шчодрыка ў Давыд-Гарадку робяць абрад “Конікі” і спяваюць “Там стаяла сОсна тонка, высока. Шчодры вечар!”. І цікава, што гады ідуць, але ні тэкст, ні мелодыю не перарабляюць. Усе спяваюць яе. У розныя касцюмы апранаюцца, але асноўны – конік – застаецца».

Напрыклад, шчадраванне з жарэбнай кабылай у аграгарадку Лазавічы Клецкага раёну

Адрозненне ў творах яшчэ і ў тым, што ў кожным рэгіёне свая гаворка і свае традыцыі.
 

Ваджэнне казы, www.holiday.by

«Недзе прыязджаеш, а там ніколі казу не вадзілі на Каляды. А на Гомельшчыне, напрыклад, дзяды распавядалі, што казла ўвогуле вадзілі, спявалі “Ой, ну-ну казёл, паварочайся”. Дзесьці больш шануюць, святкуюць Шчодрыка, недзе большы ўплыў царквы, там спяваюць царкоўныя песні “Нараджэнне Хрыста” і іншыя. Усё вельмі адрозніваецца».

Прыклады калядных песень з нотамі, тэкстамі і мелодыямі можна знайсці ў спеўніку, які зрабіў Сяржук. Паслухаць песні можна тут , а таксама можна спампаваць спеўнік цалкам.

Каляды – гэта цэлы цыкл святкаванняў

Забаўляліся на Каляды па-рознаму, але ўсе вельмі чакалі свята.

«Быў вялікі пост і агулам да Калядаў трэба было весці такі лад жыцця: не тусавацца моцна, не гуляць, не выпіваць, не заляцацца. А вось калі прыходзілі Каляды, то пачыналі ладзіць калядныя вечары, іх яшчэ называюць Крывыя вечары, ігрышчы – гэта цэлы цыкл розных святкаванняў».
 

Калядоўшчыкі, https://slushna.by/

Час Калядаў славіўся файным настроем і гульнямі. Напрыклад, на Віцебшчыне ладзілі “Жаніцьбу Цярэшкі” , калі збіралася нежанатая моладзь і была задача ўсім перазнаёміцца, ладзілі быццам вяселле, тлумачыць музыка. Падрабязней пра абрад можна паглядзець тут .

«Бывала проста збіраліся вечарамі, каб пагуляць, патанчыць, паспяваць разам, ладзілі калядаванні, хадзілі па хатах, накрывалі вялікі стол на Шчодрыка – калі шчодрая куцця і 12 страў. Агулам Каляды – адно са знакавых, галоўных святаў у традыцыйным календары беларусаў».

Як можна зараз адзначыць Каляды

Сяржук Доўгушаў ладзіў адмысловы праект “Анлайн Каляды”  з падрабязнай інструкцыяй па падтрыхтоўцы да свята і калядаванні.

Ёсць відэа, як самастойна зрабіць калядную зорку, маску казы і вывучыць некалькі песень. У нас ёсць спеўнікі, ёсць тэксты, мелодыі, гэта ўсё можна паслухаць. Ну і, вядома, паспрабаваць хоць раз у жыцці схадзіць павіншаваць блізкіх людзей, сяброў з каляднай зоркай, прынесці гэтае святло, радасць у хаты, падзяліцца, каб людзі рыхтаваліся і чакалі каляднікаў».

Зараз Сяржук ладзіць вялікі калядны тур па гарадах Еўропы і ЗША.

«Паўсюль будзем ладзіць калядны абрад, супольныя спевы, святочны стол з 12 страў. Вядома, вязу туды і розныя маскі, і спецыяльныя конкурсы, калядныя гульні. Для мяне гэта вялікае свята, я чакаю Калядаў, каб зноў у гэтым усім пабыць».

Падрабязнасці пра тур глядзіце на старонцы музыкі ў Facebook: https://www.facebook.com/douhushau


 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу