BY
па-беларуску
Botanic Project: «Мы вывелі рэгі-дзвіжуху на іншы ўзровень»

Botanic Project: «Мы вывелі рэгі-дзвіжуху на іншы ўзровень»

Беларускі рэгі-гурт Botanic Project, які цяпер жыве ў Польшчы, нядаўна адзначыў васемнаццацігоддзе. У гонар падзеі ў Варшаве ў клубе Scena Chmielna адбыўся вялікі электрычны канцэрт з удзелам запрошаных гасцей. Мы паразмаўлялі з удзельнікамі – Клімам Малажавым і Андрэем Кешам Багамолавым – пра цяпершні стан бэнду.

– Як вы адзначылі 18-годдзе групы? 
Клім: Вельмі добра. Канцэрт у Варшаве быў удалым, сабралося каля ста чалавек. Мы гралі ўтрох: я, Кеша і Саша Казакоў. Спецыяльным госцем нашай імпрэзы быў Murovei, ён выканаў з намі тры трэкі.
Кеша: Так, асобны рэспект Murovei! Класна, што ў нас атрымалася прэзентаваць у жывым выкананні наш свежы сумесны сінгл «Заново». Наогул дзякуй усім, хто зайшоў павіншаваць!
Клім: А сам Дзень народзінаў быў у нас 22 кастрычніка. Тады мы стэлефанаваліся з Кешам, зрабілі пост у сацсетках і папілі сціпла піўка ўвечары.
Кеша: Мы з Клімам цяпер жывём у розных гарадах, таму пасядзець адзначыць разам не атрымалася гэтым разам.

– 18 год – гэта шмат. Якія тры дасягненні за час вашай дзейнасці вы лічыце найбольш важнымі?
Кеша: Думаю, самае важнае нашае дасягненне – гэта тое, што мы засталіся самімі сабой. То-бок хоць мы пастаянна эксперыментавалі са складамі, але пры гэтым заставаліся Botanic Project, не гублялі свой стыль.
А яшчэ, апроч канцэртнай дзейнасці, у нас быў час, калі мы рэгулярна арганізоўвалі музычныя рэгі-фестывалі ў Маскве, Мінску і іншых гарадах. Гэта былі вялікія падзеі і нас дагэтуль успамінаюць як двух чалавек з Маладзечна, якія вывелі рэгі-дзвіжуху на іншы ўзровень.
Клім: На мой погляд, першае дасягненне – гэта пераход пасля нашых двух першых альбомаў на жывое гучанне. У запісе альбому «Реанимация» ўдзельнічала каля 18 найлепшых музыкаў на той час у Беларусі, з намі ігралі самыя крутыя фірмачы. Мы этнічныя флейты нават прапісвалі жыўцом! Гэта было вельмі цікава!
Таксама мы заўсёды хацелі граць класічнае roots reggae з музыкамі тыпу “Аддис Абеба”. І нам пашчасціла запісаць не адзін лонгплэй з гэтым калектывам. Першы альбом, які ў 2014 годзе мы з імі зрабілі, – «Делай своё дело» – нават узяў тады прыз «Найлепшы альбом году ў СНД».
Ну і трэцяе дасягненне думаю, давайце мы пакінем наперадзе. То-бок трэцяе дасягненне нас чакае, калі мы выпусцім наш новы джаз-солавы альбом – там будуць песні на ўсе часы.

– Дарэчы, якім будзе гэты рэліз?
Клім:  
Ён дакладна будзе адрознівацца ад таго, што мы рабілі. У нас і раней былі эксперыменты, якія адрозніваюцца ад нашай творчасці. Напрыклад, «Сторона Б» ці «Матрица». Але гэта эксперыменты ў іншы бок: не рэп, але нешта іншае.
Гэты рэліз будзе поп-сол-джаз, такая сумесь стыляў з лірычнымі тэкстамі. Ніякай пошласці вы там не пачуеце. Як Кеша любіць казаць, альбом для тат і мам. Усё ж і мы не маладзеем.
Кеша: Наогул цяпер сам працэс працы над альбомам – гэта пазл. Усё збіраецца па кавалачках: у нас ёсць дэма-версіі песень, якія мы прапісалі, але генеральныя партыі музыкі прапісваюць асобна, дома ці на студыі. Пасля гэта ўсё збіраецца і даводзіцца да розуму ў некалькі этапаў. На розных участках здараюцца форс-мажоры, чалавечы фактар, бытавуха і тд, таму складана нейкія даты рэлізу прагназаваць, але доўга чакаць не прымусім. А якім ён атрымаўся, потым няхай у каментарах напішуць.

– Распавядзіце, калі ласка, свае любімую гісторыю, звязаная з дзейнасцю вашай групы.
Кеша:
У мяне толькі стрэмныя ўсплываюць чамусьці, наогул не для інтэрв'ю. Чамусьці яны і самыя запамінальныя.
Клім: А я б назваў глабальную – калі ў 2016 годзе мне далі 9 гадоў узмоцненага рэжыму (маўляў, за распаўсюд наркотыкаў). Я думаў, што ўсё: я ўжо не толькі не буду займацца музыкай, але і не выйду ніколі. Але Кеша не кінуў – ён працягваў і выпусціў з маім удзелам на маіх тэкстах два альбомы. І няхай гэта не паўнавартасныя альбомы, «Сторона Б» і «Сказка», але яму даводзілася дабіваць усё аднаму. Галоўнае – рукі ніхто не складваў. Я ўсё ж такі прасядзеў менш за 9 гадоў. А як выйшаў, мы ўжо выпусцілі два лонгплэі. Цяпер рыхтуем трэці. Вось гэта самая такая яскравая гісторыя, звязаная з нашай дзейнасцю: мы працягваем рабіць сваю справу, нягледзячы на эміграцыю, турму і ўсё іншае. Што можа быць лепей?

–  Вы восенню 2021 года пераехалі ва Украіну, а пасля – падчас вайны – у Польшчу. Як на вас паўплывалі рэлакацыі? Якая далася прасцей?
Кеша:
Насамрэч ва Украіне мы так і не паспелі нармальна атабарыцца. Заявы на ВНЖ мы напісалі за дзень да вайны і з'ехалі праз пару тыдняў пасля пачатку – месяцы чатыры ў выніку пажылі. Паспелі зрабіць фестываль на Народзіны Боба Марлі ў Кіеве. У асноўным гралі на стрымах, якія самі вялі з кватэры, дзе жылі.
У Польшчы ж прыйшлося пачынаць усё з нуля. Зноў з тым жа адным заплечнікам і клавішамі. Пачаліся звычайныя будні рэлаканта: пошук жылля, грошай, працы, легалізацыя... Цяпер ужо паменей панікі, але стрэсу хапае ўсё роўна.
Клім: Слухай, насамрэч, калі я вызваліўся, нам у Беларусі ўжо ніхто не даваў жыцця. Зразумела, рэлакацыя, эміграцыя – гэта заўсёды цяжка. Але ўсяляк лепш, чым жыць у турме. Я да гэтага так стаўлюся. Я не прывязаны да зямлі ці месца там тыпу «дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Заўсёды думаў, што я прывязаны, але – не. І насамрэч з гадамі разумею, што я б лепш жыў дзесьці на беразе акіяна і адчуваў сябе значна лепш, чым, дапусцім, у Івянцы, дзе я нарадзіўся. Дзе ўлетку заўжды камары, авадні і ты не можаш нават нармальна ў рэчцы купацца. У мяне заўсёды там была алергія, заўсёды закладвала насаглотку. Таму як па мне, рэлакацыя – гэта нармальна. Якая далася прасцей? Складана сказаць. Але зараз у Польшчы няпроста з працай і грашыма. Але лепей, чым магло б быць.

– Чым вы зараз займаецеся?
Кеша: У жніўні гэтага году я пераехаў з Лодзі, дзе мы жылі з Клімам, у Познань. Цяпер спрабую тут наладзіць і побыт, і працу. Пакуль не проста, але мне вельмі падабаецца горад, атмасфера. Я знаёмлюся з нашымі і мясцовымі музыкамі, часам выбіраюся на рэпетыцыі і джэмы. Але гэта ўсё на перспектыву і больш для практыкі і падтрымання формы. Хацелася б зарабляць музыкай у будучыні, але пакуль даводзіцца падзарабляць як атрымліваецца. Без дыпломаў і ведання мовы складана знайсці адэкватную працу, ды яшчэ і каб графік дазваляў займацца сваімі справамі, музлом, сям'ёй, сынам і ўсім астатнім. Таму даводзіцца круціцца, у мяне бывае так, што з раніцы ты пішаш клавішы на альбом, потым да вечара развозіш дастаўку на ровары, а ўвечар ідзеш на рэпетыцыю граць блюз.
Клім: А я цяпер шукаю працу, нейкую падпрацоўку. Можа, паеду ў Еўропу.
Канцэртаў практычна няма. Але рыхтуем сёе-тое на дзень нараджэння Кешы, на мой дзень нараджэння таксама. Будзем выязджаць раз на некалькі месяцаў. Вось у Беластоку ў нас канцэрт 16 лістапада, 22 лістапада – выступ у Познані, 14 снежня – у Варшаве.

– У якім стане зараз рэгі, на ваш погляд? Хто з маладых рэгі-музыкаў вам зараз цікавы?
Клім:
Што да сусветнага рэгі, там усё ў парадку. Я б вылучыў з новых маладых імёнаў Marcus Gad. Ён француз. І ўсё. А што да расейскамоўнага рэгі, то мне складана сказаць пра маладое пакаленне: ці ёсць яно?
Дарэчы, можа быць, мы будзем рабіць трэк з Дзімам Івановым («Аддис Абеба»), Murovei.
Я думаю, рэгі – гэта больш алдовая музыка. Моладзь цяпер ці то не хоча, ці то не можа рабіць такую музыку. Каб рабіць рэгі, трэба гэтым проста хварэць. Гэта не стандартны стыль музыкі. Гэта спецыфічная штука, пад склад характару і душы.

Botanic project - музычны праект з Беларусі
У кастрычніку 2007 года ў Мінску адбыўся першы канцэрт, дзе салісты гурта Андрэй Багамолаў і Клім Маладжавы (тады яшчэ пры ўдзеле гукарэжысёра і dj Андрэя Беразняцкага) паказалі сталічнай публіцы свае першыя песні. Гэты момант лічыцца пачаткам творчага шляху і бурнай канцэртнай і студыйнай дзейнасці калектыву. Наступны год музыкі прысвячаюць працы над назапашаным матэрыялам і ўжо ў 2008 прэзентуюць свой першы альбом «Нормалия». Альбом прыносіць гурту пазнавальнасць, удзельнікі групы пачынаюць усё часцей з'яўляцца на афішах мінскіх культурных дзвіжух, але адразу пасля прэзентацыі адзін з салістаў праекта, Клім, быў вымушаны эміграваць з бацькамі ў Канаду. У гэты ж час гурт пачынаюць пазнаваць і запрашаць на канцэрты за межамі Беларусі.

У 2009 годзе праект паспяхова ўз'ядноўваецца і пачынаецца праца над другім альбомам «Oм», які ўбачыць свет у чэрвені 2010 года. У гэты час музыкі пачынаюць абрастаць паўнавартасным жывым складам, прымаюць удзел у маштабных музычных фэстах, ладзяць рэгулярныя канцэрты ў Мінску, Маскве і Піцеры, удзельнічаюць у кінафоруме ў Гданьску, арганізуюць акустычны тур па гарадах Балтыі, упершыню адзначаюць на канцэртнай карце такія гарады як Барнаул, Екацярынбург, Кіеў, Растоў, Пяцігорск, Уфа, Новакузнецк ды інш У 2012 выходзіць доўгачаканы альбом «Реанимация». Гэты альбом рыхтаваўся блізу двух гадоў, удзел у запісе ўзялі больш за 15 топавых мінскіх музыкаў. Пасля выхаду альбома гурт едзе ў вялікі тур.
У 2013 Клім і Андрэй абнаўляюць склад удзельнікаў калектыву і пачынаецца доўгі і прадуктыўнае супрацоўніцтва з музыкамі групы «Аддис Абеба». Фармуецца новы аўтэнтычны стыль, заснаваны на традыцыях старой школы roots reggae, што лагічна выліваецца ў новую працу – альбом «Делай своё дело», які на думку экспертаў стаў лепшым рускамоўным рэгі-альбомам у 2014 годзе. Паралельна з канцэртнай дзейнасцю салісты праекта арганізоўваюць прома-групу «ЧэлСабакДруг» і паспяхова праводзяць серыю фестываляў рэгі-музыкі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Мінску. На самы маштабны фэст збіраюцца больш за 2000 чалавек.

Улетку 2016 года, на фоне ўдалых фестываляў, шматлікіх прапаноў па канцэртах і амаль гатовага новага альбома Кліма затрымлівае АМАП, яго заключаюць пад варту да суда. Пазней суд вынесе страшны прысуд ― 9 гадоў узмоцненага рэжыму. Гэта падзея выбіла гурт на некаторы час з творчага і гастрольнага працэсу, але ўжо ў канцы 2016 года музыкі ўсё ж такі выпускаюць альбом «Сказка», часткова па адноўленых вакальных дэма-запісах. Услед за ім, у 2017, Андрэй з гукарэжысёрам Ромай Андрыянавым дабіваюць яшчэ адзін недарэалізаваны з Клімам праект і выпускаюць хіп-хоп-альбом «Сторона Б». Пасля невялікага перапынку гурт пачынае зноў збірацца на студыі, вынікам становіцца рэліз альбома «Пасечник» у 2020 годзе.
Клім трапіў пад шэраг амністый і паслабленняў і ў лютым 2021 года выходзіць на волю. Але, пасля шматлікіх адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў калектыву ў сувязі з удзеламі ў пратэстах і адмену гастрольных пасведчанняў на шэраг запланаваных канцэртаў, Андрэй і Клім у лістападзе 2021 года прымаюць рашэнне пакінуць краіну.

Музыкі пераязджаюць у Кіеў, дзе працуюць над новым альбомам і штотыдзень выходзяць у прамы эфір з анлайн-канцэртамі. Пасля пачатку паўнамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне музыкі пераязджаюць у Польшчу, дзе і знаходзяцца на гэты момант.


(Па інфармацыі з сацыяльных старонак гурта Facebook i Instagram).


 

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы