BY
па-беларуску
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Беластоцкі музычны клуб (Białystok Music Club) – суполка творчых людзей, якая займаецца прасоўваннем беларускай музыкі ў Польшчы. Яна з’явілася год таму і за гэты час паспела арганізаваць канцэрты розным артыстам, зладзіць уласную сцэну на фэсце Tutaka, а таксама займець уласнае памяшканне. Пра тое, з чаго ўсё пачыналася і як развівалася, Art-Context.com пагутарыў з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным.

 

Антон Сіроцін

– Ідэя стварэння Беластоцкага музычнага клуба ўзнікла насамрэч раптоўна. Я нават і не думаў пра гэта – тады мне проста хацелася граць музыку. Разумееш, калі ты пераязджаеш у новую краіну, дзе ў цябе няма ні сяброў, ні музычных якараў, ніякіх месцаў, дзе ты мог бы рэалізоўвацца, то ты пачынаеш шукаць лакацыі, знаёміцца з адпаведнымі людзьмі…
І вось аднойчы я прыйшоў у беластоцкі паб Beer4U, узяў гітару са сцяны і зайграў на ёй. Потым сталі прыходзіць іншыя артысты, яны таксама пачалі граць на сваіх інструментах, падпяваць. Пазней мы разам набылі піяніна і паставілі яго ў пабе. Так мы сталі граць ужо шырэйшым складам. А калі прыехалі мае хлопцы з Беларусі, то ўсё зусім закруцілася.

 

Гурт «Всё Crazy»

– Твае хлопцы – гэта ты пра музыкаў гурта «Всё Crazy»?
– Так. На гэты момант ужо прыехаў наш гітарыст Рагаты. З Варшавы да нас прыехаў Калян. Ён, праўда, не быў паўнавартасным музыкам «Всё Crazy», але яшчэ ў Беларусі некалькі разоў граў з намі. І калі пачуў, што мы пачалі нешта рабіць, то адразу ж кінуў Варшаву і пераехаў да нас у Беласток. Так з’явілася аснова. Плюс падпісаліся яшчэ мясцовыя хлопцы: гродзенскія Бізон, Дзядзечка, Вожык… Так усё і закруцілася.

– Але адкрыць клуб – справа складаная. Што было самым няпростым?
– Ды насамрэч нічога. Тут трэба разумець, што сам клуб як аб’яднанне стварыўся за год да таго, як мы набылі памяшканне. І вось знайсці грошы на само месца было цяжка. Бюракратыя, электрыка, рамонт… гэта жэрла ўсе нашыя сілы. Мы праводзілі на клубе па 12-14 гадзін за дзень – рабілі ўсё, што толькі можна было, каб вынік атрымаўся добрым. Але мы рады, што нам удалося ўсё вырашыць.

 

Выступ гурта «Naviband» у БМК

– А як доўга вы шукалі памяшканне?
– Тут усё дастаткова проста было. У красавіку гэтага года да мяне звярнуліся ўладальнікі паба Beer4U, дзе мы ладзілі свае імпрэзы, і сказалі, што вызваляецца суседняе памяшканне на 200 квадратаў. Маўляў, калі ў нас ёсць жаданне, то мы можам зрабіць там клуб. А я на той момант акурат шукаў нешта, куды б мне сваю энергію ўкласці… Так мы і дамовіліся: калі памяшканне толькі вызваляецца, то мы адразу ж у яго заязджаем. 
Больш за ўсё мы перажывалі, што не паспеем своечасова скончыць рамонт. Бо ў нас на той момант ужо была прызначаная дата адкрыцця, былі дамоўленасці з гуртамі «Разбітае Сэрца Пацана», «Naviband». І калі б мы не паспелі ўсё зрабіць (у тым ліку наладзіць гук, святло і ўсё астатняе), то гэта, вядома ж, быў бы эпічны фэйл. Але мы ўсё паспелі, і я спадзяюся, што далей будзе толькі лепш.

 

Беластоцкі Музычны Клуб

– Сёлета вы ўдзельнічалі ў фэсце Tutaka. І не проста гралі – а нават паставілі там уласную сцэну.
– На Tutaka насамрэч выйшла дастаткова цікавая сітуацыя, таму што мы сапраўды зрабілі сваю сцэну, але яна была як бы незалежная ад фэсту, з незалежнай праграмай. Спачатку мы рабілі там джэмы. Да нас прыходзілі людзі, хтосьці граў на адным інструменце, хтосьці – на іншым. Пазней пачаліся выступы прафесійных музыкаў. І тады ўсе людзі, што знаходзіліся побач ці проста выпадкова праходзілі міма, сталі далучацца і ўжо слухаць гэтых артыстаў. Гэта нам вельмі спадабалася! А яшчэ гэта вельмі спадабалася арганізатарам фэсту, што таксама цешыць.

 

Антон Сіроцін у клубе «Графіці»

– Якія планы далей у каманды клуба?
– Цяпер мы хочам палепшыць умовы ў клубе: упрыгожыць галоўную залю, дарабіць грымёрку і офіс, наладзіць кліматызацыю і вентыляцыю і шмат чаго яшчэ. Што да планаў непасрэдна культурных, то сачыце за афішай! 12 кастрычніка ў нас выступіць гурт :B:N:, 19-га — беларуска-ўкраінскі кавер-бэнд Алеся-Францішка Мышкевіча G.Ducks Trójkąt, 26 кастрычнікаVolski, а напярэдадні — Кашлаты Вох і KurwaDziki. Карацей, нас чакае шмат добрых і цікавых імпрэз!

Наолул мы вельмі хочам прасоўваць музыку ў Беластоку. Тут жыве 30 000 беларусаў. І ў Варшаве жыве вельмі шмат нашых суграмадзян. Мы хочам зрабіць наш клуб магнітам, які прыцягвае беларускую і падляшскую культуру. Мы хочам наладзіць працэсы такім чынам, каб не мы шукалі гурты, якія будуць у нас граць, а каб артысты пыталіся ў нас, калі ў нас можна выступіць. Мы хочам, каб беларусы больш наведвалі канцэрты.

А яшчэ ў нашых планах зрабіць фестывальны сезон. Мы хочам зладзіць як мінімум тры фестывалі невялікія, чалавек на 100—150. Але важна, каб гэтыя фестывалі сталі знакавымі, культавымі. Мы вельмі натхняемся прыкладам клуба «Графіці» ў Менску – тым, як яны рабілі паб і ўвесь варушняк. І вось тут мы хочам рабіць нешта падобнае, але ў іншых маштабах.

 

Выступ Кацярыны Ваданосавай з гуртом у БМК

– Цяпер ты граеш у гурце KurwaDziki, які па сутнасці з’яўляцца беластоцкім сайд-праектам «Всё Crazy». Пры гэтым гурт стаў пераможцам музычнай прэміі Uwaga за 2023 у намінацыі «Адкрыццё года». Прыкладна тады ж – год таму – вы заснавалі Беластоцкі музычны клуб. Адчуваецца нейкая сінхранізацыя ў гісторыі бэнда і Клубу...
– Насамрэч наш гурт і наш клуб – непадзельныя рэчы. Бо KurwaDziki – гэта людзі, якія заснавалі Беластоцкі музычны клуб, а Беластоцкі музычны клуб – гэта з’ява, якая стварыла гурт KurwaDziki.
Насамрэч KurwaDziki – гэта спадчыннікі гурта «Всё Crazy». Але гэта беларускамоўныя спадчыннікі. «Всё Crazy» заўсёды спяваў на рускай мове, за выключэннем некалькіх песень. Гэта быў наш такі культурны погляд, ад якога мы і зараз не адмаўляемся, бо гэта тое, што зрабіла нас тымі, кім мы ёсць. Але мы вельмі хочам, каб беларуская мова была захаваная. Каб нашая культура не абмяжоўвалася Янкам Купалам, Святланай Алексіевіч і Лявонам Вольскім. Трэба, каб беларуская культура вытрымала тыя складаныя часы, якія зараз над ёй і ўсімі намі, каб яна выйшла ў абноўленым і прыгожым складзе. Таму KurwaDziki – гэта спосаб захавання паэтыкі, якая натхняла няхай бы і рускамоўны, але беларускі калектыў «Всё Сrazy».

 

Гурт «Вандроўнік»

Беларускай культуры ў замежжы і нашым людзям цяпер насамрэч даводзіцца дастаткова цяжка. І наш клуб – гэта мост, які можа падтрымліваць. У нас нямала таленавітых і знакамітых музыкаў, якія вымушаныя займацца не сваёй справай. Напрыклад, Клім Малажавы з гурта «Botanic Project», які цяпер шукае магчымасці займацца музыкай. На мой погляд, яму трэба дапамагчы, прапіярыць яго як музыканта, бо і працаваць ён павінен менавіта як артыст.

– Якія тры дасягненні для цябе цяпер найбольш значныя?
– Цікавае пытанне. Таму што калі разглядаць маё жыццё ў Польшчы, то я лічу, што па-першае – гэта зараджэнне музыкі, якую мы граем. Гэта, вядома, не «Всё Crazy», але KurwaDziki як іх спадчыннікі. Па-другое – гэта стварэнне Беластоцкага музычнага клуба. Па-трэцяе – гэтае разуменне Польшчы як месца падзей – новай лакацыі, дзе ўсё трошкі інакш, але насамрэч вельмі блізка да нас, беларусаў.
 

Актуальная інфармацыя пра падзеі ў сацыяльных сетках Клуба Instagram, Facebook ці Telegram.