BY
па-беларуску
AnaMova: “Пазбавіцца маскі было вельмі цяжка”

AnaMova: “Пазбавіцца маскі было вельмі цяжка”

Паразмаўлялі з артысткай і музыкай AnaMova пра балючае і тэрапеўтычнае сучаснае мастацтва, праблемы рэалізацыі і як іх можна вырашыць. А таксама пра месца, якое імкнецца аб’яднаць, і дзе шукаць сілы ў няпростыя часы.

Анастасія Мацкевіч (AnaMova) – музыка, спявачка, акторка, рэжысёрка, аўтарка творчых праектаў, уласніца Michelle Community Cafe ў Варшаве. 

“Тут ты праўду ніколі не напішаш”

Фота з уласнага архіву спявачкі

Ана праяўляла творчыя здольнасці яшчэ з дзяцінства. Калі дзяўчынцы было два гады, яна пачала маляваць, да гэтага “блямкала” на фартэпіяна, бо інструменты былі і ў бацькоў, і ў бабулі з дзядулем дома.
“Калі мне было пяць, я нават напісала ноты, мама зайграла і сказала: “Хм, ня дурна!” – уміхаецца, прыгадваючы Ана. – Потым бацькі мяне закінулі ў музычную школу, хаця я не вельмі гэтага хацела. Але асэнсаваная думка, што я творчая, з’явілася толькі калі я стала падлеткам”.

Дзяўчына шмат часу праводзіла з бабуляй і дзядулем, які працаваў рэдактарам, і ў 13 гадоў захацела стаць журналісткай.
“У іх дома была была друкавальная машынка, я вельмі любіла за ёй сядзець і нешта прыдумляць. Я падумала, што ў мяне гэта атрымліваецца, пачала пісаць апавяданні, зразумела, што не хачу ісці ў прафесійную музычную сферу, а хачу займацца журналісцкімі раследаваннямі. Тады сям’я мяне напужала, адгаварыла, маўляў, тут ты праўду ніколі не напішаш”.

“Выкладчыца да мяне павярнулася і такая: “Вы сябе параўноваеце з Моцартам?!”

Дзяўчына вырашыла паступіць у музычны каледж імя Глінкі, але заўжды думала пра пераезд за мяжу. Бацькі Аны – прафесійныя музыкі, яны таксама падтрымалі дачку ў рашэнні пераехаць, бо лічылі, што ў Еўропе для класічных музыкаў больш перспектыў.
“У мяне былі польскія карані, думала зрабіць карту паляка і выехаць. Тым больш бацькі казалі, што няма ў нас будучыні для музыкаў, бо ў Беларусі і грошы не заробіш, і сябе не рэалізуеш”.

Ана прыгадвае выпадак з часу навучання ў каледжы.
“Мы вывучалі на музычнай літаратуры творы Моцарта і нам настаўніца распавядала, як ён думаў, як пісаў творы. А я ведаю, што ў мяне падобны механізм, і кажу: “О, дык гэта я!” Выкладчыца да мяне павярнулася і такая: “Вы сябе параўноўваеце з Моцартам?!” І з такім прыніжэннем гэта сказала… Гэта было вельмі непрыемна, але я падумала: ну адкуль ты ведаеш, што я не другі Моцарт?”

Музыка перакананая, што самае важнае ў любой вучобе – даверлівыя стасункі, калі дарослы чалавек для дзіцяці ці студэнта з’яўляецца здаровай ролевай мадэллю.
“Не калі на чалавека глядзіш і такі: “Вось, хачу быць як ён”. А калі выкладчык, як адзін з бацькоў, толькі “пралечаны”, “пракоўчаны”, які ведае, што ён робіць, каб да яго заўсёды можна было звярнуцца і не адчуваць, што цябе адштурхнуць. Гэта не пра ўзровень ведаў, а пра чалавека. Веды можна і ў «Вікіпедыі» знайсці, а вось каб чалавек навучыў, як думаць, як гаварыць, як нешта ўспрымаць, то гэтага вельмі не стае ў Беларусі і Польшчы”.

Ана з’ехала ў Польшчу, дзе скончыла Варшаўскі музычны ўніверсітэт імя Шапэна.
“У Польшчы таксама ёсць праблемы, але ёсць і розніца з пункту гледжання нейкай свабоды, які чалавек ёсць і як ён сябе адчувае. Я памятаю, як толькі заязджаеш на тэрыторыю Беларусі, было пачуццё: ну вось, дом. Але потым ты бачыш гэты гамон навокал, пару дзён праводзіш і такі: не, трэба ехаць назад. І не таму, што не хочацца быць у Беларусі, а проста было пачуццё, што краіна цябе выціскае з сябе, адштурхоўвае. Гэта было вельмі балюча і непрыемна. А бліжэй да 2020 было адчуванне напружання і нейкага чакання”.
 

Сольны канцэрт ў клубе Містык, Варшава

“Была карцінка, што я павінна быць опернай спявачкай, такой ідэальнай”

Ана кажа, што яшчэ падчас вучобы яе разрывала на дзве часткі: займацца класічнай музыкай ці рабіць сваё.
“Потым у наш каледж прыехаў гітарыст “Guns N’ Roses”, ён праводзіў майстар-клас і я запыталася ў яго, ці можна і тым, і тым займацца. Ён адказаў: “А чаму не? Навошта выбіраць?” І гэта было проста і класна, што ён гэта прагаварыў! Бо заўжды вакол мяне існавала толькі такое меркаванне: абавязкова трэба абіраць нешта адно”.
 

Фота з архіва Анастасіі Мацкевіч 

Дзяўчына кажа, што вельмі натхнілася адказам гітарыста, але праз нейкі час сумяшчаць дзве плыні не атрымлівалася, бо класічная музыка – вельмі канкурэнтная сфера, якая прымушае забыцца на астатняе.
“У нейкі момант я зразумела, што гэты свет класічнай музыкі мяне выштурхоўвае, я ўвесь час незадаволеная, у мяне фрустрацыя і я не магу без сваёй творчасці. Гэтая думка не прыйшла ў адзін момант, а раскручвалася паступова. У мяне была карцінка, што я павінна быць опернай спявачкай, такой вось ідэальнай, якую фармавалі шмат гадоў у ва мне іншыя людзі і я сама. І пазбавіцца ад гэтай маскі было вельмі цяжка”.

Музыка прызнаецца, што праз гэтую маску сваю ўласную творчасць немагчыма было сур’ёзна ўспрымаць. Хаця іншыя людзі акурат падтрымлівалі створанае самой Анай.
“Быў момант, калі ў мяне пачало атрымлівацца з операй, але надышоў ковід, пасля якога ўсё скацілася да нуля. Я зноў рабіла спробы вярнуцца, хацела паступіць у Лондан, яшчэ некуды, нават атрымлівалася выйсці ў фінал, але да канца ніколі не даходзіла. Я зразумела, што мне не хапае сілаў, я не магу, мяне гэта ламае. Пасля гэтага ўсведамлення некалькі месяцаў у мяне была пустэча ўнутры”.

Спявачка падкрэслівае, што як прафесіяналкі яе хапала для рэалізацыі, але як чалавека – не.
“Бо каб быць паспяховай опернай спявачкай, трэба мець альбо сталёвыя нервы і вельмі добры псіхалагічны стан, або быць супер-нарцысам, з такім эга, якое ўсіх знясе”.

З 2020-га Ана пачала больш займацца сваімі ўласнымі праектамі і адчула, што яны дапамагаюць людзям. Так утварыўся творчы цэнтр сучаснай беларускай культуры HeartBreaking Performance Art Group.
“За намі ўжо было некалькі праектаў. Былі людзі, якія ў гэтых праектах неадначасова бралі ўдзел. І я падумала, што можна гэта аб’яднаць пад адну “шапку”. Гэта было стыхійна. Мы здымалі фільмы, рабілі падкасты, спектаклі, імпрэзы, выставы. Мы займаемся змяшаным мастацтвам, але аўдыёвізуальныя рэчы на першым месцы”.
У кастрычніку 2022 года HeartBreaking Performance Art Group зладзіў выставу “Я хачу дадому”, дзе можна было паслухаць гукі Мінска і паплакаць у адмысловым пакоі.
“Я адчула, што ёсць запыт у мяне і ў іншых зрабіць такі праект, каб дапамагчы людзям апынуцца дома. Атрымалася такая фотавыстава, вельмі тэрапеўтычная, мы спецыяльна рабілі пакойчык, каб можна было свае эмоцыі выпусціць”
.
 

Урывак з Менск 2020

“Ліза нават не паспела нікому патэлефанаваць і сказаць “да пабачэння”

У сваёй творчасці Анастасія Мацкевіч заўжды звяртаецца да важных тэмаў, а значыць, кранальных, балючых і тэрапеўтычных, бо такім і мусіць быць сучаснае мастацтва, кажа спявачка. Так сёлета яна напісала песню пра беларуску Лізу, якая загінула пасля згвалтавання ў цэнтры Варшавы.
“Я напісала песню ў дзень, калі Ліза памерла ў шпіталі. Я вельмі перажывала, для мяне тэма гендэрнага гвалту моцная. Было вельмі балюча, што яна з’ехала ад гвалту, але ўсё адно ён яе нагнаў. Таксама тэма, што Ліза была беларускай, а гвалтаўнік – паляк. Усё счапілася ў ком. У мяне, як у чалавека з разладам аутыстычнага спектру, часта бывае праблема ў перапрацоўцы сваіх эмоцый. З дзяцінства я гэта раблю праз музыку: калі мне цяжка, сумна, я граю. І ў выпадку з Лізай я так і зрабіла”.

Кадр з кліпу пра Лізу

Музыка кажа, што сутыкнулася з непаразуменнем ад некаторых людзей: яе адгаворвалі выпускаць песню, каб ніхто не падумаў, што Ана хайпуе на трагедыі. У дзень маршу, акцыі памяці “Яе звалі Ліза” Ана ўсё ж запісала песню, а пазней нарадзіўся кліп.
“Я хацела звярнуцца да думкі, што Ліза нават не паспела нікому патэлефанаваць і сказаць “да пабачэння”, у яе не проста аднялі жыццё, а яшчэ магчымасць у апошні раз зрабіць тое, што для яе важна. Вось чалавек ідзе і думае, што заўтра на сняданак ён з’есць блінчыкі. А гэтага ўжо не здарыцца! І гэта такая банальная рэч, але такая страшная!
Менавіта гэта хацелася данесці: вы ўсе пра высокія матэрыі размаўляеце, але вы разумееце, што яна не з’ела блінчыкі ці маме не патэлефанавала. Я хацела данесці думку пра банальнасць зла. Я неяк падключылася да такога транслятара і паспрабавала ўявіць, пра што Ліза думала ў апошнія моманты свайго жыцця, і хацела гэта перадаць у песні”
.
 

Фота для прома Споведзі

Адным з вялікіх праектаў Аны стала “Споведзь”, ідэя якой нарадзілася яшчэ ў жніўні 2021-га.
“Спачатку была думка зрабіць міні-спектакль, у якім чалавек разважае, чаму ён ці яна такі, які ёсць, за што адчувае віну, што дае яму сілы, а за што сорамна. Такая споведзь беларуса”.

Да гэтага Ана далучыла беларускія песні, якія яна напісала і зрабіла ў сучаснай тэхнаапрацоўцы.
“Гэты праект, з аднаго боку, пра тое, чаму беларусы такія якія ёсць цяпер, а з іншага, гэтая сапраўдная беларускасць, якая ёсць у кожным з нас, паралельна развівалася напрацягу спектакля, а напрыканцы ўсё выходзіла ў адзін пункт”.

“Структура творчага свету настолькі перапрацавала сябе, што яна зараз як труха”

Вельмі цяжка прабівацца са сваёй творчасцю, асабліва пасля 2022 году, калі падтрымкі творцаў стала меней, альбо яе даюць ужо вядомым артыстам, бо іншыя не ўпісваюцца ў канцэпцыі. Паводле Аны, ёсць тры асноўныя праблемы ў творчым асяроддзі.
“Па-першае, непатызм (калі я свайго сваяка ці знаёмага вазьму на працу хутчэй). Па-другое, “твая тэма нашаму гранту не падыходзіць, пішы менавіта так, як нам трэба” (і чалавек тады не можа рабіць сваю творчасць і робіць толькі творчасць на замову). Па-трэцяе, людзі не разумеюць каштоўнасці творчасці (і таму адны творцы вельмі мала зарабляюць, а іншыя, у якіх эга і марка раскручаныя, зарабляюць шмат, хаця нічога з сябе не прадстаўляюць)”.

Рашэнне некаторых праблемаў можа быць праз Universal Basic Income – механізм падтрымкі для ўсіх ці некаторых слаёў насельніцтва (у дадзеным выпадку – для творцаў), мяркуе Ана.
“У чалавека ёсць стабільны даход, ён жыве, займаецца творчасцю і не перажывае, што яму не хопіць грошай на ежу. Так для базавых патрэбаў не трэба шукаць іншую працу, першыя ступені піраміды Маслоў закрытыя і чалавек робіць тое, што патрабуюць яго душа і таленты”.

Ана лічыць, што гэта ледзьве не адзіны ідэальны спосаб у той сістэме, у якой зараз існуе свет.
“Структура творчага свету настолькі перапрацавала сябе, што яна зараз як труха. Толькі калі яна канчаткова рассыплецца, людзі зразумеюць, што трэба з гэтым нешта рабіць, тады адбудуюць новую сістэму, якая будзе справядліва працаваць для ўсіх. Бо цяпер я ўвогуле не бачу магчымасцяў для творчых людзей без таго, што ім пашанцавала, яны некага сустрэлі, у іх ёсць сувязі”.

“Я хачу, каб гэтае месца было максімальна адкрытае да людзей з СДУГ, аутызмам”

Сёлета Ана разам з са сваім мужам Паўлам і сябрамі адкрылі кавярню “Michelle” ў Варшаве.
 

У кавярні Michelle Community Cafe

“Мы з Пашам наведалі кавярню, дзе (ўжо былая) ўласніца спытала, ці нехта не хоча купіць месца. А мы заўжды хацелі ў старасці мець нейкую веганскую кавярню. І падумалі: мы ж не хочам, каб нехта перакупіў гэтую кавярню і рабіў там бургеры! Мы вырашылі паспрабаваць, але да канца не адчувалі сябе ўпэўненымі, хацелі заручыцца дапамогай сяброў”.

Зараз Ана з’яўляецца ўласніцай кавярні, кажа, што вельмі цяжка даюцца ўсе фармальнасці ў працы, бо іх немагчыма дэлегаваць. Але кліенты пакідаюць добрыя водгукі.
“У пятніцы ў нас жывыя канцэрты, хочам таксама рабіць джэмы, выставы, майстар-класы, эксперыментуем з рознымі фарматамі. Пакуль у нас маленькая аўдыторыя, пакрыху сыходзяцца суседзі, але так асцярожна. Хацелася б больш пастаянных кліентаў, якія прыходзяць і тусуюцца”.

“Michelle” – не проста кавярня, а інклюзіўнае месца, якое стварае вакол сябе супольнасць.
“Я хачу, каб гэтае месца было максімальна адкрытае да людзей з СДУГ (сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці), аутызмам ды іншымі разладамі, каб яны камфортна сябе адчувалі. І таксама хачу, каб гэта было месца для веганаў-актывістаў, каб яны маглі ладзіць свае імпрэзы. Цікава, што да нас прыходзяць людзі, якія не ведаюць, што гэта веганскае месца, ядуць карбанару, напрыклад, а потым пытаюцца: “А што яна сапраўды была веганская? Ооо! Вельмі смачна!”

“Іх слухае ўвесь свет, а мяне не! Што гэта за глупства?!”

Зараз Ана плануе наладзіць час з працай у кавярні, каб было больш магчымасцяў для ўласнай творчасці.
“Я слухаю музыкаў, разумею, што ў іх падобная да маёй музыка, але іх слухае ўвесь свет, а мяне не! Што гэта за глупства?! – усьміхаецца спявачка. – Я разумею, што мая творчасць – гэта прафесія нумар адзін. І калі я пабудую гэты баланс, я хачу прысвячаць менавіта творчасці большую частку часу. Зараз таксама ў нашым культурным цэнтры паўза, трэба проста набрацца сіл і рабіць далей”.

Фота з вакальнага міжнароднага конкурсу імя Адама Дыдура 2019


Артыстка кажа, што ёй надаюць сілы прырода і вандроўкі за межы краіны.
“Я не маю магчымасці вярнуцца ў Беларусь, але і ў Польшчы ўвесь час сядзець не хачу. Таму мне вельмі важна выязджаць, каб адчуць іншы еўрапейскі свабодны вайб. Таксама я зараз у тэрапіі, а пачуццё бяспекі мне прыносіць, калі я дома з катамі і Пашам. Я зараз знаходжуся ў той кропцы, што неяк трэба сябе сабраць, а пасля ўжо іншыя рэчы рабіць. Гэтыя чатыры гады былі вельмі дзіўныя і пакуль я яшчэ не ўвайшла ў крывую, якая ідзе ўверх”.

Глядзець больш
«Это капец, беларусский язык!»
«Это капец, беларусский язык!»

Паразмаўлялі з беларускім блогерам і музыкам Ільём Шынкарэнкам пра творчасць, TikTok, вандроўкі ды рэакцыю фанатаў

Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае
Беластоцкі музычны клуб: Мост, што падтрымае

Размова з заснавальнікам Клуба, лідарам гуртоў KurwaDziki і «Всё Crazy» Антонам Сіроціным

Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал
Штучны інтэлект, цёмны джаз і артадаксальны метал

Новыя беларускія альбомы, якія варта паслухаць

Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы