BY
па-беларуску
Аляксандр Багданаў (Papa Bo Selektah): Ілбом і да канца

Аляксандр Багданаў (Papa Bo Selektah): Ілбом і да канца

Аляксандр Багданаў (Papa Bo Selektah) — вядомы беларускі дыджэй і культурны актывіст з шырокім досведам. Ён выступаў у шматлікіх краінах, сярод іх – нават Індыя і Шры-Ланка. Ён жа — былы мастацкі кіраўнік канцэртнага агенцтва BOpromo і культурнага цэнтра Korpus у Мінску.

Цяпер – аўтар дабрачыннага праекту Belarus Outside Sound System, які падтрымлівае беларускіх музыкаў у выгнанні. Артыст распавёў пра сучасную дзейнасць і светаўспрыманне, складанасці і крыніцы натхнення нашаму парталу.

– У цябе 2025-ы год пачаўся з канцэрту, прымеркаванага да тваіх народзінаў. Чаму вырашыў зладзіць такую падзею?

– Таму што ладзіць «Бенефіс на Дзень народзінаў» — гэта ўжо добрая традыцыя, якой ужо шмат гадоў. І кожны раз усё адбываецца феерычна і прыкладна ў такім самым фармаце: для шырокага кола сяброў, з закрытым або адкрытым уваходам, але я заўсёды іграю па 3-4 гадзіны. І ёсць пэўны пул людзей, якія шмат гадоў ходзяць на гэтае мерапрыемства.
 

З толькі што надрукаваным вінілам з кампіляцыяй беларускай электроннай музыкі

— Галоўным чынам гэта культурныя дзеячы?

– Так, дзесьці на 90% гэта людзі, звязаныя з культурай і медыя. Так бы мовіць беларускі крэатыўны клас 30+.
 

Фота з прыватнага архіву

– Чым вечарына была адметная сёлета?

– Гэта была першая вечарына, якую я цалкам правёў цвярозым ад пачатку да канца. Ні падкурэнным, ні нападпітку, а цалкам спакойным, без лішніх рухаў і напружання.

Раней такія падзеі заўсёды былі звязаныя з мноствам клопатаў: непрыстасаваныя пляцоўкі, арэнда гуку, дэкарацыі, усялякая арганізацыя. Але цяпер усё прайшло ў клубе, дзе ўсё ўжо было на ўзроўні. Нічога не трэба было рабіць – толькі сабраць сяброў, знаёмых і аматараў патанчыць пад такую музыку і правесці ўсё на цвярозай і вясёлай хвалі.
 

Фота з прыватнага архіву

– Я ведаю, што пад Новы год ты сабе ставіў задачы на 2025-ы. А як наконт вынікаў 2024-га? Падводзіў іх?

– Па-першае, ёсць вялікі асабісты вынік: я знайшоў сваю каханую, з якой мы зараз актыўна працуем разам, – Сару. Яна стала другім партнёрам ва ўсіх праектах, якія мы зараз робім, у тым ліку і Belarus Outside Sound System. Яна займалася выпускам вінілу, была прадзюсарам фестываляў – летняга ў Варшаве і віленскага. Мы актыўна працуем над Belarus Music Export, вядзём перамовы з мерапрыемствамі. Карацей, яна цалкам уключылася ў маю дзейнасць. Цікава: мы знаёмыя, напэўна, гадоў 15-20, але звязала нас Варшава.
 

З музай, каханнем, сяброўкай і кампаньёншай Сарай Токінай

Але ў плане працы год быў цяжкі. Усё перагарнулася, усё давялося пачынаць нанова. Прыйшоў стандартны крызіс сярэдняга ўзросту: незразумела, чым займацца далей, хто я ў гэтай эмігранцкай рэчаіснасці, як сябе рэалізаваць, страціўшы ўсе ранейшыя рэгаліі і магчымасці.

– Але ў эміграцыі, мне здаецца, ты ярка праявіў сябе з праектам Belarus Outside. І за 2024 год вы шмат зрабілі…

– Знутры ўсё адчуваецца інакш. Здаецца, што нічога не атрымліваецца: ты падаеш 20 праектаў — і ўсе 20 адхіляюць. Думаеш: «Як зрабіць так, каб гэта працавала? Каб заставацца на відавоку? Як нагадваць пра сябе?» Знутры рухаў шмат, а вынік мінімальны.
 

Сэт на Belarus Outside Sound System у Вільні

– Давай зробім рэмарку для тых, хто не ведае, што такое «Belarus Outside Sound System», раскажам пра праект. І адразу пытанне: калі ўлічваць, што ён існуе ўжо даўно, ці змянілася для цябе яго пазіцыянаванне?

– Я думаю, што праект не змяніў свайго пазіцыянавання. Мы прытрымліваемся асноўных прынцыпаў і задач з таго часу, як яго прыдумалі. І стараемся ў кожнай сваёй актыўнасці ўлічваць некалькі асноўных катэгорый, на якіх гэтыя падзеі і базуюцца. Гэта падтрымка беларускай маладой музыкі (галоўным чынам у эміграцыі), дабрачынны складнік і інфармацыйная частка – праз музыку гаварыць пра праблемы сучаснай Беларусі.

Безумоўна, праект расце: павялічваецца аўдыторыя, пра нас даведваюцца, мы наладжваем міжнародныя сувязі і становімся бачнымі. І хоць мы пакуль незарэгістраваная ініцыятыва, але пра нас ведаюць на міжнародным узроўні.

– Каго б ты тут мог адзначыць?

– Напрыклад, гэта HEMI Incubator – міжнародная сетка экспертаў у галіне музыкі, дзе мы праходзілі курс па стратэгічным планаванні музычных ініцыятыў. Мы прадумвалі, як далей развіваць Belarus Outside Sound System і Belarus Music Export, наладжвалі сувязі з шоўкейсамі. Сетка HEMI прадастаўляе базу і кантакты з міжнароднымі экспертамі ў сучаснай музыцы, арганізатарамі, прадзюсарамі ды іншымі спецыялістамі.
 

Першае выступленне WTBSK на варшаўскім Belarus Outside Sound System. Фота Аляксандр Васюковіч
 
Анастасія Рыдлеўская выступае на віленскім Belarus Outside Sound System

– Каго з артыстаў або праектаў, якія ўдзельнічалі ў дзейнасці «Belarus Outside…», ты мог бы вылучыць як найбольш цікавых ды перспектыўных?

– Насамрэч, я выбіраю артыстаў для працы менавіта паводле гэтага крытэрыю – цікавых ды перспектыўных. Тут звычайна абапіраюся на сваю інтуіцыю. Таму вылучыць кагосьці асобна складана. Але, напрыклад, мне вельмі падабаецца новы праект Святланы Бень – WTBSK. Таксама суперперспектыўная Anastasia Rydlevskaya: за год добра ўзляцела і працягвае актыўнічаць, рыхтуе новы альбом, прычым працуе ва ўсіх кірунках – і візуальным, і аўдыяльным. Вельмі крута. Шмат задавальнення прыносіць рэпер Mandzik: гэта свежа, весела, і ў ім бачна крэатыўнасць і разнастайнасць кантэнту. Дуэт Сяргея Пукста з Агаянам вельмі магутны. Мне падавалася, што такое магчыма толькі з Арцёмам Залескім. Спалучэнне барабанаў ды голасу вельмі ўражвае! Увогуле, Пукст тут, у эміграцыі, проста раскрыўся і стаў вельмі цікавым для больш шырокай аўдыторыі, чым у Мінску.
 

Сяргей Пукст раздае аўтографы пасля выступлення на Belarus Outside Sound System. Фота Іван Смолар

– Дарэчы, беларускую электронную музыку нешта вылучае? Можна пазнаць, калі не ведаць выканаўцу: вось гэта – беларускае, а гэта – не?

– Мне падаецца, калі электронная музыка вельмі дзіўная, запісаная са шорахамі, скрыгатам, і максімальна выбіваецца з канонаў – ці гэта тэхна, ці хаус – то з вялікай верагоднасцю гэта беларуская электронная музыка. Беларускія музыкі стараюцца выбіцца з жанравых межаў. У адрозненне ад украінскай сцэны, якая арыентуецца на заходнія хвалі ды імкнецца ўпісацца ў агульную кан’юнктуру, у беларусаў іншая тэндэнцыя – максімальна эксперыментаваць і здзіўляць.
 

Адзін з танцполаў на акцыі 1 чэрвеня ў Варшаве. Фота Аляксандр Васюковіч

– Якія парады маладым электроншчыкам ты бы даў? Як ім стаць запатрабаванымі?

– Па-першае, не бойцеся быць самабытнымі. Не старайцеся капіраваць тых, хто ўжо вядомы. Лепш стварайце ўнікальнае.

Па-другое, шукайце сваю аўдыторыю. Для гэтага вельмі важная праца з медыя, шоўкейсамі, сацыяльнымі сеткамі.

І трэцяе – супрацоўнічайце з іншымі артыстамі. Гэта заўсёды адкрывае новыя магчымасці.

Таксама абавязкова адразу вучыцца граць усё тое, што ты робіш лайвам. Трэба засвойваць рылсы. Крутыя электроншчыкі зараз узлятаюць на адным удалым рылсе да мільённай аўдыторыі і пачынаюць імклівую кар’еру, маланкава збіраюць залы. Гэта зараз суперпрацуючая схема. Калі ты ўпэўнены ва ўнікальнасці свайго прадукту, то неабходна актыўна прасоўвацца і праз TikTok. Агулам ствараць кантэнт рэгулярна. Тады гэта абавязкова выстраліць.
 

Папа Бо закрывае сваім выступам фестываль. Фота Аляксандр Васюковіч

– Ці хапае электронных мерапрыемстваў у эміграцыі, дзе могуць удзельнічаць беларусы? Што тут самае топавае?

– Калі казаць пра Варшаву, то цяпер тут дастаткова беларускіх электронных падзей. Кожны месяц нешта дакладна адбываецца. Ёсць нават даволі буйныя – напрыклад, серыя вечарынак Elegansko. Другая прайшла нядаўна. Сабралі каля 300 чалавек тут. Ёсць яшчэ некалькі тусовак. Але калі казаць пра ўдзел у буйных польскіх электронных фестывалях, то тут пакуль ёсць праблемы. Трэба хадзіць, размаўляць, знаёміцца. Беларуская электронная тусоўка, мне здаецца, пакуль у большасці сваёй не ведае польскай мовы, каб нармальна камунікаваць. А тут вельмі любяць асабістыя кантакты.
 

Аб'яўленне хэдлайнераў віленскага фэсту

– Напачатку інтэрв’ю ты сказаў, што многія рэгаліі, якія былі яшчэ ў Беларусі, зараз быццам бы месцамі забытыя. Але ці былі якія-небудзь навыкі, атрыманыя табой у Беларусі, якія цяпер табе дапамагаюць? Што гэта?

– Мне здаецца, мая працяглая праца ў Беларусі навучыла мяне ўпартасці. Я прабіваю лбом любы праект ці задумку да канца. Пакуль яны не будуць рэалізаваныя, я іх не кідаю. Цягну, цягну, цягну, пакуль не давяду хаця б да задавальняючага выніку. Бо цяпер сітуацыя ў многіх нестабільная, шмат класных праектаў сыходзіць у нікуды, усё хутка мяняецца. Чалавек пачынае нешта новае і хутка кідае. А досвед працы ў Беларусі навучыў мяне даводзіць усё да канца рана ці позна.

Падчас здымак фільма “Кантролер Папы Бо”


– Чаго б ты хацеў ад 2025 года?

– Хачу развіваць далей праект Belarus Outside Sound System. Але асноўны план – стаць запатрабаваным артыстам на еўрапейскай электроннай сцэне як дыджей Papa Bo Selektah. Усе кажуць, што ў гэтым ёсць патэнцыял. Я не магу ацаніць сябе як артыста, бо я таксама менеджар. А гэта заўсёды кепска, калі артыст і менеджар у адной асобе, бо патрэбны погляд звонку. І вось усе, хто глядзіць збоку, кажуць, што гэта вельмі перспектыўны кірунак. Хачу паспрабаваць.

– А што наконт удзелу ў фестывалях?

– Мы хацелі б з нашай ініцыятывай Belarus Outside Sound System удзельнічаць у еўрапейскіх фестывалях, у еўрапейскіх шоўкейсах і выйсці за рамкі аўдыторыі беларускай эміграцыі. Бо гэта наша галоўная наступная мэта – прасоўваць сучасную беларускую музыку за межы эмігранцкай бурбалкі. На мой погляд, цалкам рэальна выйсці са сваёй сцэны на буйныя еўрапейскія фестывалі. Польскія і не толькі.
 

Фота з прыватнага архіву

 

Глядзець больш