Алена Зуй-Вайцяхоўская ― драматычная актрыса, вакалістка гурта Zui і тая самая знакамітая Елена ЖелудOk. Як такія розныя іпастасі ўжываюцца ў адной асобе? Пра гэта, а яшчэ пра жыццёвыя прыярытэты, мужа і дзяцей мы пагутарылі з артысткай.
– У складзе гурта Zui восенню вы прэзентавалі альбом Arka. Што змянілася з таго часу?
– У нас з'явілася старонка ў Instagram. Яна, праўда, была створана за некалькі дзён да выхаду альбома, але можна сказаць, што менавіта з-за гэтага альбома яна і нарадзілася. Старонка прысвечаная творчасці гурта Zui. Са з'яўленнем старонкі прыйшла і новая адказнасць: хто будзе яе весці, які кантэнт там размяшчаць.
– Што вырашылі?
– Мы пыталі ў знаёмых, хто хацеў бы нам крыху дапамагаць. Было некалькі людзей, якія адгукнуліся. Хоць яны і не маюць вялікага досведу ў SMM, але гатовыя падтрымліваць нас па меры сваіх магчымасцяў. Мы паступова вядзём старонку, каб яна напаўнялася кантэнтам і прыцягвала новых людзей.
У планах таксама стварыць TikTok, але ні ў мяне, ні ў Мішы няма ўласных акаўнтаў там. Аднак мы разумеем, што гэта важна і варта займацца гэтым.
Акрамя таго, альбом прынёс новы ўсплеск увагі. Людзі сталі дзяліцца ўражаннямі, віншаваць з выхадам альбома, расказваць, што слухалі яго ўжо некалькі разоў, што ў іх з'явіліся любімыя песні. Гэта цікава — бачыць, як нешта, што належала толькі табе, становіцца часткай жыцця іншых людзей, іх асабістым.
Навогул альбом — як маленькае дзіця: ты яго нарадзіў, адправіў у свет, і там ён пачынае развівацца. Песні знаходзяць сяброў — людзей, якія слухаюць, ацэньваюць, знаходзяць у іх нешта сваё. Гэта дзіўны і цудоўны працэс — назіраць, як твае творы абрастаюць гісторыямі і значэннямі, што прыносяць іншыя людзі.
– Дарэчы, цікава: а якія песні часцей за ўсё трапляюць у топы?
– Часта згадваюць фінальную песню Arka. Цікава, што многія таксама адзначаюць песні Thank Youth і Bez. Хоць яны адрозніваюцца па настроі ад усяго альбома — больш меланхалічныя, лірычныя і рамантычныя, — менавіта яны часта рэзаніруюць з людзьмі. Магчыма, гэта адлюстроўвае настрой часу ці людзей. Асабліва цікава, што гэтыя песні падабаюцца дарослай аўдыторыі. У іх быццам ёсць нешта, што выклікае ўспаміны, праекцыі з маладосці ці цёплых момантаў.
Многім падабаюцца Arkaša, Minsk.Junactva, а таксама польская песня Żegnam się. Што радуе — усе песні знаходзяць водгук: нехта адзначае адны, нехта іншыя. Гэта цікава — назіраць, як у кожнага з’яўляецца свой фаварыт.
– Што было для вас важна, калі вы рыхтавалі альбом?
– Мы хацелі, каб альбом гучаў сучасна і актуальна, каб ён натхняў людзей на дзеянні, рухі душы і цела. Было важна, каб ён адчуваўся стыльным, а таксама закранаў вельмі асабістыя, глыбокія эмоцыі слухачоў. Па водгуках, гэта атрымалася — многія знаходзяць у песнях нешта сваё.
Напрыклад, рэжысёр Юры Сямашка адзначыў, што песня Bez для яго як успамін, які нібыта не ягоны, але адчуваецца, быццам яго асабістая гісторыя. Магчыма, такая задача была пастаўлена інтуітыўна, але радасна бачыць, што гэта працуе.
– Ужо ёсць думкі пра наступны альбом?
– Так, мы хочам зрабіць яшчэ адзін беларускамоўны альбом і дадаць больш песень на польскай мове, каб інтэгравацца ў польскую культурную прастору, дзе мы цяпер жывём. Напрыклад, песня Żegnam się была напісана на польскай, і гэты напрамак нам цікавы.
Ёсць думкі, якім будзе наступны альбом, яго назва і накірунак, але пакуль рана гэта агучваць.
– Цяпер ты ўдзельнічаеш у праекце «Маткі. Песня падчас вайны»…
– Так. Мы паказвалі яго ўжо на еўрапейскіх фестывалях. На адным з іх спектакль сабраў каля шасці тысяч гледачоў. З ім мы выступалі ў розных краінах, у тым ліку і ў Польшчы.
У студзені плануюцца здымкі спектакля для тэатральнага тэлебачання. Гэта новы фармат, які дае магчымасць дасягнуць яшчэ шырэйшай аўдыторыі. Добра, што тэмы, якія ўздымаюцца ў спектаклі, будуць дасяжныя ў запісе. Для тых, хто не можа трапіць на паказ ці на фестывалі, будзе магчымасць уключыць запіс і паглядзець.
Гэты праект для мяне важны, бо ён пра тэмы, якія нельга забываць: пра вайну, пра гвалт. Людзям трэба нагадваць пра гэта, каб яны не ігнаравалі такія праблемы. Мы расказваем пра гэта праз хор, маналогі, песні і звароты да гледачоў.
– Хто ўдзельнічае ў пастаноўцы?
– Выключна жанчыны. Нас 21 — з Беларусі, Украіны і Польшчы. Узрост удзельніц ад 10 гадоў да 74. У гэтым ёсць свая прыгажосць: мы вельмі розныя, прадстаўляем розныя краіны, але нас аб’ядноўвае агульны боль і агульная праблема, якую мы хочам разам вырашыць. Мы стараемся даць прыклад іншым, паказаць, што можна аб’ядноўвацца, бо вораг у нас адзін, і для перамогі мы павінны быць разам.
Цікава, што незадоўга да ўдзелу ў праекце я размаўляла з псіхолагам, і мы абмяркоўвалі, што мне важна. У той час я была без працы і з невялікім колам зносін. Я агучыла жаданне знайсці жаночае асяроддзе, каб дзяліцца і атрымліваць падтрымку. У Беластоку я ўдзельнічала ў кніжным клубе, але хацелася больш творчай рэалізацыі. Я таксама казала, што люблю хор. У Мінску, Львове я ўдзельнічала ў хорах, а ў Польшчы пакуль не знайшла. І вось сяброўка паведаміла пра праект «Хор кабет». Я вырашыла далучыцца, нягледзячы на цяжкасці з пераездамі і рэпетыцыямі. Мы пераехалі ў Варшаву, і так я стала часткай гэтага праекта.
Праца з такімі тэмамі складаная і забірае шмат энергіі. Асноўнае, што дапамагае трымацца маральна і псіхалагічна, — гэта мае блізкія і сябры, людзі, якія прайшлі выпрабаванне часам, уменнем падтрымліваць, выслухаць, пашкадаваць, павесяліць.
Дзякуй Богу, у мяне ёсць людзі, якім я магу напісаць або патэлефанаваць у любы момант, так, як і яны мне. Напрыклад, я магу прапанаваць сяброўцы ў Беларусі патанчыць. Мы стэлефаноўваемся, выбіраем трэк, уключаем відэасувязь і танчым разам. А калі я ў раз’ездах, то здымаю для іншай маёй сяброўкі на відэа мора, якое яна любіць, і кажу: «Гэта для цябе». І так жа яна мне дасылае відэа Мінскага мора ці здымкі праспекта.
Я вельмі рада, што змагла сабраць вакол сябе цудоўных людзей. Без іх падтрымкі перажыць тое, што мы перажываем, было б складана. Нават малазнаёмыя людзі часам могуць нагадаць, што ўсё не так ужо і кепска.
Я веру ў вялікі замысел, у тое, што існаванне кожнага з нас не выпадковае. Усе праходзім свой шлях, вучымся, выбіраем менавіта гэты шлях, бо душа вырашыла, што ён патрэбны. Калі становіцца цяжка, я гляджу на ўсё з гэтага боку, і мне лягчэй.
Мне таксама вельмі дапамагае тэрапія. Я люблю разбірацца ў сабе, пішу рознае ў нататнікі: для натхнення, для аналізу, для планавання ці мараў. Я слухаю падкасты, чытаю кнігі, якія вучаць прыслухоўвацца да сябе. Гэта падтрымлівае мяне і дапамагае рухацца наперад.
– Чым цяпер занятая Елена ЖелудOk?
– Алена часам прымае ўдзел у здымках, напрыклад, на канале «ЧынЧынЧэнел». Нядаўна Алена Зуй-Вайцяхоўская ў суаўтарстве з іншым сцэнарыстам напісала для Елена ЖелудOk ролю ў праекце «Белгоспсіхоз». У адной з серый Елена ЖелудOk прыходзіць да ўрача... Таксама Алена Зуй-Вайцяхоўская спрабуе сябе як сцэнарыстка.
Елена ЖелудOk таксама выступае, нядаўна прайшоў творчы вечар з яе ўдзелам. Акрамя таго, яна напісала новую песню, якая хутка павінна з'явіцца. У Алены ёсць творчыя планы.
– Твой муж ― вядомы акцёр Міхась Зуй. Творчая сям’я ― гэта цяжка?
– Увогуле, сям’я – гэта нялёгка. Гэта пра сустрэчу з сабой сапраўдным. Немагчыма схавацца – усё, што ты не хочаш бачыць у сабе, сям’я адлюструе і дапаможа праявіцца ўсім якасцям. Гэта патрабуе шмат цярпення, асабліва каб быць маці і жонкай. У творчай сям’і часам лягчэй, бо можна знайсці гумар у сітуацыі, паглядзець на яе звонку. Напрыклад, з Мішам у нас бываюць спрэчкі, бо ён чалавек больш канкрэтны і запальваецца хутчэй, чым я. Але нават у канфліктах часам адбываецца нешта смешнае, і мы пачынаем смяяцца.
Жыццё ў такой сям’і дапамагае творча падыходзіць да вырашэння задач. Напрыклад, раніцай, калі дзецям трэба прачынацца, каб ісці ў школу, я магу ўключыць музыку, пачаць танчыць, спяваць, смешыць іх. Спачатку яны абураюцца, але паступова падключаюцца і дурэюць са мной. Мне падабаецца, што дзеці таксама займаюцца творчасцю. Абодва вучацца ў музычнай школе, спрабуюць сябе ў якасці музыкантаў і маюць невялікі вопыт у здымках. Гэта дапамагае знаходзіць творчыя падыходы да задач.
– Колькі ім гадоў цяпер?
– Сыну Пятру 12 год, а дачцэ Марыі хутка споўніцца 9 гадоў.
– Ты б хацела, каб дзеці займаліся творчасцю?
– Мне ўсё роўна. Я б хацела, каб яны былі шчаслівымі людзьмі. Каб знайшлі тыя кірункі ў жыцці, якія зробяць іх шчаслівымі, будуць абагачаць іх унутраны свет, прыносіць ім задавальненне. Калі іх дзейнасць будзе яшчэ і карыснай для іншых, дапамагаць людзям, гэта будзе цудоўна. Мы з Мішам паказваем ім тое, што ўмеем, знаёмім з творчым светам, але канчатковае рашэнне яны прымуць самі. На гэты момант гэта хутчэй іх хобі, і яны павінны зразумець, ці пасуе ім гэта для жыцця.
У іх ёсць цікавасць да музыкі. Марыя падаецца больш адказнай і арганізаванай, нягледзячы на тое, што яна малодшая. Пакуль яны не вызначыліся, кім хочуць стаць, але я спадзяюся, што знойдуць свой шлях.
Зараз іх больш хвалюе, як яны бавяць час з сябрамі: гуляюць у футбол, у камп'ютарныя гульні ці наведваюць заняткі разам. Напрыклад, маёй дачцэ вельмі падабаецца лепка з гліны, але калі з ёй ідзе сяброўка, яна на сёмым небе ад шчасця. Калі прапаную іншыя заняткі, яна спачатку пытае, ці будзе яе сяброўка Сара хадзіць. У іх свой прыярытэт, і гэта добра — хай вучацца сябраваць. Разам з тым яны паступова асвойваюць навыкі: граюць на музычных інструментах, удзельнічаюць у здымках.
Як бацькі, мы стараемся знаёміць дзяцей з рознымі рэчамі, каб яны ведалі, што такое існуе. Але выбіраць яны будуць самі.
– Вы пераехалі ў Варшаве напрыканцы жніўня мінулага года. Ці можаш ты цяпер сказаць, што Варшава — гэта твой горад, твой дом?
– Пакуль не. Варшава — цікавы горад са сваёй гісторыяй і атмасферай, якія мне падабаюцца. Тут шмат прыгожага, і я адчуваю сябе дастаткова камфортна. Мне цікава паступова адкрываць яго.
Адаптацыя займае шмат часу. У мяне гэта адбываецца павольна: карта горада ў галаве павялічваецца ад невялікіх кропак, як вакзал, цэнтр і дом. З кожным днём туман вакол іх рассейваецца, і я ўсё больш знаёмлюся з горадам, як бы падсвечваючы новыя месцы.
Эміграцыя і вайна ўмацавалі адчуванне, што сапраўднага дома ў мяне няма. Але я спадзяюся, што калі-небудзь гэта адчуванне зменіцца. І тады «дом» для мяне стане чымсьці значна большым, чым проста геаграфічнае месца.