Ужо больш за два гады беларускія музыканты жывуць у рэжыме пераадолення. Спачатку кавідныя абмежаванні, потым пратэсты і рэпрэсіі, цяпер — вайна. Не самы прыдатны для творчасці час, але самы прыдатны для выказвання.
З 24 лютага шмат хто са знакамітых беларусаў публічна заявіў пра сваё стаўленне да вайны ва Ўкраіне, а нехта нават паспеў выдаць свежы матэрыял. Мы прапануем паслухаць чатыры цікавыя беларускія рэлізы, якія выйшлі ўжо вясной: прыемны фонавы альбом TikTok-герояў Intelligency, імправізацыйны джаз ад авангарднага праекта «Фантастычныя плыўцы», жорсткі, але цікавы блэк метал ад маладога праекта Rheia і традыцыйны беларускі рок з аўтарскім почыркам ад Atesta.
Гурт Intelligency
Гурт Intelligency прайшоў цікавы творчы шлях, амаль не змяніўшыся за дзевяць год у музычным плане, але пры гэтым назапасіўшы дастаткова вялікую аўдыторыю. У канцы красавіка музыкі выдалі другую частку свайго альбома Technoblues Therapy, які цалкам пабудаваны па зразумелай і кананічнай схеме: закальцаваная, простая мелодыя; тэксты, якія маюць хіба толькі фанетычную каштоўнасць; простая рытм-секцыя для немудрагелістых танцаў. У прынцыпе, гэта неабходны мінімум для паспяховага існавання ў межах поп-музыкі і, аднойчы выбухнуўшы з TikTok-хітом August, гурт можа дазволіць сабе і далей ісці гэтай сцежкай. Музыка-настрой, музыка-функцыя, але зробленая такім чынам, каб слухач адразу пазнаў аўтарскі почырк мінскіх хлопцаў. Парадаксальна, але пры такіх «папсовых» складніках гуртоў падобнага гатунку бракуе не тое што ў Беларусі, а нават у межах Усходняй Еўропы.
Галоўны хіт гэтага запісу — аптымістычны трэк «За горизонтом»: абстрактная мантра, якая менавіта зараз гучыць вельмі адназначна і выглядае на антываенны поп-гімн з даволі аптымістычным рэфрэнам «На горизонте свет, за горизонтом я». Але на запісе ёсць і іншыя ўдалыя моманты: цікавы дуэт з Палінай Паланейчык, нібыта дваравы, нязграбны гітарны нумар (а на самой справе, песня-жарт) «Сраный ливень». Просты і шчыры запіс, у якога наўрад ці будзе магчымасць паўтарыць поспех сінгла August, але задачы ў альбома нібыта зусім іншыя і сфармуляваныя яны самімі музыкамі: «Мы пишем музыку, а не бэнгеры». Музыку, пабудаваную такім чынам, каб стварыць для слухача прыемны фон для заняткаў штодзённымі справамі.
http://vk.com/wall-53501225_8526
Фантастычныя плыўцы
Гурт «Фантастычныя плыўцы» — гэта калектыў вельмі таленавітых і дасведчаных авангардных музыкантаў, але пабудаваны ён пераважна вакол асобы Віктара Сямашкі: шматграннага чалавека, які ўжо даўно займаецца даследваннем беларускай культуры і імправізацыйнай музыкі. Калі вам хочацца больш даведацца пра беларускую музыку, абавязкова паслухайце праграму Віктара «Кракатук» , у якой ён збірае сапраўдныя рарытэты і дыяменты і вельмі цікава пра іх распавядае. Калі хочацца паглыбіцца ў чароўны свет авангарднай і імправізацыйнай музыкі, то варта сачыць за шматлікімі праектамі і калабарацыямі Віктара.
«Фантастычныя плыўцы» — гэта адзін з такіх праектаў. Авангардны джазавы гурт, у якім Сямашка грае на піяніна і флейце, а акрамя яго ў праекце ўдзельнічае выдатны беларускі акардыяніст Аляксей Варсоба, перкусіяніст Пётр Дамброўскі, вакалістка Гося Загаеўска і фагатыст Віталь Аппаў. Спалучэнне вельмі цікавае: склад інструментаў дае музыкам велізарную прастору для эксперыменту і выпраўляе слухача ў складанае, але сапраўды фантастычнае падарожжа.
Аднойчы Сямашка ў інтэрв’ю сказаў, што Мінск не надта прыдатны для імправізацыйнай музыкі горад. Маўляў, ён вельмі манументальны, жорсткі, маскулінны. У гэтым плане, пераезд у Польшу пайшоў Сямашку на карысць: зараз ён з рознымі праектамі выдае шмат цікавага эксперыментальнага матэрыялу. Але менавіта праект «Фантастычныя плыўцы» можна вылучыць сярод астатніх, таму што гэта моцны сімбіёз, акумуляцыя магутнай творчай энэргіі - менавіта з такіх калабарацый слухач атрымлівае самы цікавы вынік.
http://fpstudio.bandcamp.com/album/bonaventura
Rheia
Метал-сцэна Беларусі заўсёды была вельмі моцнай, і новыя імёны з’яўляліся дастаткова рэгулярна. Тое ж датычыцца і канкрэтных жанраў, а ў дадзеным выпадку гаворка пойдзе пра блэк метал — абсалютна артадаксальную субкультуру, якая развіваецца выключна па сваіх правілах і канонах. Пры гэтым мае столькі адгалінаванняў і субжанраў, што часам змяняецца да непазнавальнасці: знайсці цікавыя гурты можна і ў самых глыбінях андэграўнда, і нават у блізкіх да поп-культуры плынях (Deafheaven, як прыклад).
У Беларусі цікавых блэк метал гуртоў было даволі шмат: гэта і арт-блэкавы Infestum, і авангардныя Medievil, і бязлітасныя Mora Prokaza — карацей, музыкі такога кшталту на любы густ, калі добра пашукаць. І вось, у самым канцы траўня маладыя хлопцы з Мінску, якія граюць пад назвай Rheia, выдалі цікавы міні-альбом In Search Of Despair. Бадзёры, атмасферны матэрыял па ўсіх жанравых канонах, але з асабістым почыркам. Месцамі гэта нагадвае лепшыя запісы Mgła, месцамі — бескампраміснае рубілава Anaal Nathrakh: аскетычная, злая, а часам нават бязлітасная музыка, аздобленая не самай удалай вокладкай (відавочна, самае слабое месца рэлізу).
Гэта першы публічны запіс гурта і адразу вельмі шматабяцальны ў межах жанру: добры гук, цікавы падыход да аранжыровак, якасная падача матэрыялу. Слухаць In Search Of Despair не сумна і не ўзнікае адчування, што ўсё гэта ты ўжо праходзіў у Нарвегіі ці Швецыі. Такім чынам, раім сачыць за Rheia: у хлопцаў ёсць нядрэнныя перспектывы.
http://rheiadeath.bandcamp.com/album/in-search-of-despair
ATESTA
Нягледзячы на чатырохгадовую гісторыю, Atesta знаходзіца ў статусе маладога рок-гурта. Магчыма, гэта ўсё таму, што малады беларускі рок-гурт зараз — гэта ўвогуле рэдкая з’ява і ў параўнанні з астатнімі знаёмымі слухачу праектамі Atesta на самой справе зусім яшчэ немаўля. Так ці інакш, гэта ўжо другі паўнавартасны альбом гурта (першы выйшаў год таму) і ва ўсіх сэнсах — крок наперад для музыкаў.
Fatalna apošni — больш дасканалы ў тэхнічным і творчым сэнсе запіс, над якім музыкі добра папрацавалі ў плане гуку і падыходаў да сачынення: кампазіцыі сталі больш складанымі і разнастайнымі, на запісе больш цікавых і нестандартных крокаў — і ў выніку гэты альбом у былыя часы атрымаў бы ў Беларусі добрую прэсу ад профільных выданняў. На жаль, зараз гэта магчыма толькі дзякуючы сацыяльным сеткам, таму нехта з вас мог і не заўважыць гэты рэліз.
Стылістычна Fatalna apošni — гэта тэкстацэнтрычная рок-музыка з выбухным, яскравым вакалам а-ля Cranberries. Менавіта вакал і з’яўляецца візітоўкай Atesta: ён саліруе, ён робіць гэтыя песні цікавымі і ўпрыгожвае дастаткова стандартнае інструментальнае аздабленне. Час ад часу стамляешся ад аднастайнасці мастацкіх сродкаў, але што зробіш: малады рок-гурт, яшчэ трапіць на сваю сцежку. Галоўнае, што ў гэтым запісе адчуваецца бэкграўнд (у Atest граюць людзі з вялікім досведам на шматпакутнай беларускай рок-сцэне) і імпэт. Калі атрымаецца трапіць праз інфармацыйны вакуум да слухача, усё атрымаецца.