BY
па-беларуску
«Дыягназ – Беларус». Бескампрамісны панк-рок і шчырая рэтра-электроніка

«Дыягназ – Беларус». Бескампрамісны панк-рок і шчырая рэтра-электроніка

Агляд новых беларускіх альбомаў

У новым аглядзе адкрываем для сябе рарытэтны беларускі дум-метал, слухаем самы энергічны і бескампрамісны дэбют года ад панкаў The Tranzistorz, паглыбляемся ў сусвет мінскай спявачкі Дусі Шукшыной і адрываемся пад гучны альбом галоўнага басіста Беларусі Алеся Мышкевіча. 

Woe Unto Me
«Along the Meandering Ordeals, Reshape the Pivot of Harmony» — СЛУХАЦЬ
 


Гісторыя беларускага дум-металу не такая ўжо і вялікая: калектывы, якія гралі ці граюць у гэтым жанры, можна пералічыць па пальцах. Тым цікавей было адкрыць для сябе гарадзенскі гурт Woe Unto Me, які робіць эклектычны матэрыял, але ўсё ж такі знаходзіцца ў межах дум-металу. 
Музыканты граюць разам ужо шаснаццаты год і за гэты час выдалі тры паўнафарматныя альбомы. Апошні з іх — «Along the Meandering Ordeals, Reshape the Pivot of Harmony» — выйшаў зусім нядаўна.
Гэты матэрыял гурт запісваў часткова ў новым складзе: да калектыву далучыўся вакаліст Ігар Кавалёў, якога мы ведаем па ўдзеле ў шматлікіх беларускіх метал-праектах. Магчыма, праз гэта змянілася і музыка гурта. 
На альбоме пяць кампазіцый, кожная — прыкладна па 12 хвілін. Класічная гісторыя для думу. Але пры гэтым матэрыял вельмі разнастайны: тут вам і манатонны, пануры пахавальны дум, і меладычныя ўстаўкі з чыстым вакалам, якія ўжо не пра дум, а пра постметал, а месцамі Woe Unto Me можна нават пераблытаць з сучаснымі запісамі Behemoth!
Матэрыял вельмі дасканала прапрацаваны і небанальны, гучанне шчыльнае і якаснае. Песні з «Along the Meandering Ordeals, Reshape the Pivot of Harmony» часам нагадваюць рознакаляровую (натуральна, колеры самыя змрочныя) мазаіку, але нейкім чынам яны не развальваюцца на дробныя кавалкі, а, наадварот, складаюцца ў манументальныя кампазіцыі. 
Альбом выйшаў на лос-анджэлескім лэйбле M-Theory. Даволі вядомы металічны лэйбл, на якім выдаюцца гурты па ўсім свеце. І гэта таксама цудоўная ілюстрацыя якасці матэрыялу, які прапаноўвае гурт. Цікава, што на адзін з трэкаў гэтага альбома музыканты нават знялі 12-хвіліннае відэа. Нячаста такое ўбачыш!
 


Nebulae Come Sweet
«De Lumière» — СЛУХАЦЬ



Новы альбом выйшаў і ў яшчэ аднаго праекта Ігара Кавалёва — гурта Nebulae Come Sweet. Гэта адзін з самых цікавых метал-калектываў Беларусі: за свой дэбютны альбом хлопцы атрымалі ўзнагароду на прэміі Experty.by.
На жаль, другі паўнафарматнік мы чакалі ажно цэлых сем гадоў. І нарэшце дачакаліся! Па словах музыкаў, «De Lumière» — гэта частка дылогіі, якую яны распачалі альбомам «It is not the night that covers you». І гэта адразу адчуваецца па гучанні і агульным настроі — нізкатэмпавыя, эпічныя кампазіцыі з багатамі аркестроўкамі, хорам і суворымі гітарнымі рыфамі. 
Пры гэтым другі альбом Nebulae Come Sweet усё ж саступае свайму папярэдніку ў вынаходлівасці. Ён эксплуатуе тыя ж прыёмы і цалкам прытрымліваецца генеральнай лініі дылогіі, пытанне толькі ў тым, што ў ім няма свежасці і арыгінальнасці «It is not the night that covers you». Моцны альбом, які можна паслухаць, але ці затрымаецца ён у плэй-лісце — ужо іншае пытанне. 

The Tranzistorz
«Outside» — СЛУХАЦЬ


А гэта ўжо альбом з зусім іншай субкультурнай плыні. У Беларусі ўмеюць рабіць якасны панк-рок: тут можна згадаць і класікаў кшталту Neuro Dubel, і артадаксальных гарадзенцаў Deviation, і больш прычасаную версію ад берасцейцаў «Дай Дарогу!».
Але сёння гаворка зусім пра іншы калектыў — The Tranzistorz. Хлопцы выпусцілі свой дэбютны альбом «Outside», і гэта сур’ёзная заяўка на самы цікавы і бадзёры дэбют года ў беларускай музыцы! Бо столькі першароднай і непадробнай энергіі, юнацкага драйву і бескампраміснасці не было ўжо даўно. Перад вамі музыка прамога ўздзеяння: ніякіх метафар і намёкаў — тут усё называецца сваімі імёнамі.
Гурт ужо выдаў багата сінглаў — напрыклад, злы, безвыходны трэк «Ограничение бесконечности», запісаны разам з вакалістам «Петли пристрастия» Іллём Чарапко-Самахвалавым. Рэфрэн «Национальность – подсудимый, диагноз – беларус» у ім адгукаецца невыносным болем у свядомасці. Выдатная лірыка тут спалучаецца з вельмі якаснай гітарнай музыкай. 
Альбом «Outside» крыху іншы па саўндзе — алдскульны панк-рок тут зміксаваны з сайкабілі і сёрфам, а нігілістычныя і хтанічныя тэксты дэканструююць ушчэнт звыклыя мінскія пейзажы. У гэтым запісе столькі непасрэднасці, якой так бракуе, што хочацца ў гэты ж момант апынуцца на канцэрце гурта і пераламаць сабе ногі ў ашалелым слэме. 
У гэтым альбоме вы можаце пабачыць знаёмыя мінскія пейзажы і пачуць вядомыя сюжэты, але яны вам наўрад ці спадабаюцца: гэта цёмны бок Мінска, у якім адбываецца не самы прыемны сэкс у прыбіральні бара на Кастрычніцкай, п’ецца палёная гарэлка ў Чыжоўцы, а ў сталічным рэхабе санітары ламаюць рэбры пацыентам. Непрыемныя карціны, але панк-рок і не мусіць быць прыемнай музыкай — галоўнае, што ў ім столькі энергіі, ажно хопіць на асвятленне ўсяго Заводскага раёна. 

Dusia Shukshina
«Огонь простит» — СЛУХАЦЬ


Дуся Шукшына — чалавек з вельмі няпростай гісторыяй і цёмным мінулым. Сёння паслухаем яе новы альбом пад назвай «Огонь простит». Дуся вельмі актыўная і ўвесь час нешта запісвае: гэты такі стан перманентнага эксперыменту, спроба намацаць сваю сцежку і ісці ўжо па ёй, не спыняючыся.
Былі ў яе розныя па настроі музычнага складніка запісы: і акустычныя, і рэчытатыў, і шмат чаго яшчэ. І вось гэтым разам «Огонь простит» — складанка з дзесяці трэкаў, аб’яднаных агульным настроем і рэтра-саўндам. 
Важна падкрэсліць: Дуся піша песні, якія будуць добра выглядаць у любых дэкарацыях. Яна шчырая, і гэтую непадробную шчырасць адразу заўважае слухач і наведнік яе канцэртаў. За ўсімі гэтымі кампазіцыямі стаіць сапраўды складаная праца, балючы ўнутраны дыялог. Але ўсё ж такі вельмі важна падабраць для гэтых кампазіцый прыгожую сукенку, апрануць іх належным чынам, таму што нават самую класную песню ў свеце можна сапсаваць недакладнай аранжыроўкай ці плоскім саўндам. 
І вось у гэтым галоўная праблема альбома «Огонь простит»: ён губляе сваю індывідуальнасць праз гукавую канцэпцыю. Гэты празрысты рэтра-саўнд мы чулі шмат разоў, ён стаў часткай звыклага ландшафту і згубіў сваю першапачатковую прывабнасць. Гэта ўжо інструмент дызайнера, які прынёс кліенту каталог з гатовымі рашэннямі. А песні, якія робіць Дуся, патрабуюць да сябе больш увагі, з імі трэба шчыльна працаваць і апранаць. І калі вы гэта пачуеце і адчуеце, альбом «Огонь простит» загучыць для вас зусім па-іншаму.

The Superbullz
«Lancuhi» — СЛУХАЦЬ

 



Алесь Мышкевіч — адзін з самых актыўных музыкантаў Беларусі. Можна нават зладзіць віктарыну «Назавіце дзесяць гуртоў, у якіх не граў Мышкевіч». Але ў большасці з іх ён — бас-гітарыст і далёка не крэатыўны цэнтр гурта. Таму сапраўдны творчы патэнцыял Алеся раскрываецца ў яго праекце The Superbullz
Гісторыя гэтага гурта пачалася даволі даўно: шэсць гадоў таму назад Мышкевіч выпусціў пад гэтай шыльдай дэбютны альбом «Хардкор Заходняга Палесся» — складанку гучных, але пуставатых песень з лід-сінглам «Маці», заканспектаваным з твораў Яна Баршчэўскага. Карацей, першая спроба аказалася не вельмі ўдалай, таму праект стаў на паўзу і вынырнуў у публічную прастору зноў вось цяпер — з альбомам «Ланцугі»
Новы альбом зусім іншы і па настроі, і па гучанні. У ім нашмат больш хардкору, заяўленага ў назве дэбютнага «Хардкору заходняга Палесся», куды больш агрэсіі і сапраўднай эмоцыі. Мышкевіч запісаў напраўду злы альбом, у які выліў і свой музычны досвед, і свае думкі. 
Іншае пытанне, што «Ланцугі» ў выніку падобныя на ўсе любімыя гурты Мышкевіча. Тут багата «Металікі» і алдскульнага ню-металу, але па выніку не так і шмат асобы. Гэта прафесійны, энергічны і шчыры беларускі альбом — вось пералік яго моцных бакоў. Калі вам гэтага дастаткова, абавязкова паслухайце «Ланцугі», бо гэта вельмі важны альбом у дыскаграфіі творцы, які паступова выходзіць на першыя ролі.