BY
па-беларуску
«Мы стараемся выжыць...»

«Мы стараемся выжыць...»

Пісьменніца Ганна Янкута пра Беларусь, эміграцыю, падарожжы і кнігі

Паразмаўлялі з беларускай пісьменніцай, перакладчыцай і літаратуразнаўцай Ганнай Янкутай. Даведаліся, як змянілася Ганна і яе Беларусь пасля 2020-га, што цікавага адбылося ў вандроўках, над чым творца цяпер працуе і што яе натхняе.

Ганна Янкута – беларуская пісьменніца, перакладчыца і літаратуразнаўца. Аўтарка паэтычнага праекту «Геалогія»/«Канстытуцыя» (2022), твораў для дзяцей (у тым ліку серыі пра ката Шпрота і аповесці «Марта і яе мара пра снег»), а таксама артыкулаў і эсэ. Перакладае з англійскай і польскай, пераклала на беларускую мову раманы Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць», Кадзуа Ісігура «Не адпускай мяне», Салі Руні «Нармальныя людзі» і інш. Сярод паэтычных перакладаў – вершы Баляслава Лесьмяна, Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай, Эдгара По, Джона Кітса, Сары Тысдэйл і інш. (з сайту www.knihauka.com).
 

Ганна Янкута на польска-беларускай імпрэзе ў Польскім ПЭНе. Фота Дар’і Кротавай

Ганна Янкута кажа, што ў яе не было нейкага пэўнага моманту, калі яна прыняла рашэнне эміграваць. Спачатку пісьменніца з’ехала ў Польшчу на стыпендыю для дзеячаў культуры Gaude Polonia з красавіка да верасня 2021 года.
«Я была абсалютна ўпэўненая, што я еду на паўгода. Але за гэты час адбылося шмат усяго: гучныя навіны пра пасадку самалёта Ryanair, ліквідацыю грамадскага сектару. Таксама ў мяне з’явіліся падпрацоўкі і ідэі, я засталася ў Польшчы на нейкі час», – кажа Ганна Янкута.

Ганна прыгадвае момант са свайго падарожжа па Аргентыне.
«Я была на могілках, дзе пахаваны Фларыян Чарнышэвіч – польскі пісьменнік, які нарадзіўся ў Беларусі, пісаў у тым ліку пра Беларусь. Ён эміграваў у Аргентыну ў 1924 годзе, пражыў у эміграцыі ўсё жыццё, памёр і пахаваны на іншым канцы зямлі, у аргентынскім горадзе Карлас Пас. І тады быў першы раз, калі я падумала: ці гэта і не наш лёс таксама? Пакуль я ўсё ж спадзяюся, што мы зможам вярнуцца. Але я ўжо гатовая да таго, што пэўны час давядзецца пажыць за межамі Беларусі».

З таго часу, як Ганна з’ехала ў Польшчу, яна тройчы прыязджала ў Беларусь.
«Кожны прыезд быў цяжэйшы за папярэдні, было вельмі страшна перасякаць мяжу, нават знаходзіцца дома. Хаця калі ў жніўні 2022-га з’язджала, я думала, што недзе праз паўгода я прыеду яшчэ раз. Але ўжо ўзімку ці ўвесну 2023  зразумела, што ў мяне няма смеласці, каб на гэта наважыцца».
 

«Варта апрыёры думаць не пра разрыў, а пра тое, што можа нас яднаць»

Пра свае паездкі ў Беларусь у траўні і жніўні 2022 Ганна апавядае таксама ў кнізе «Час пустазелля».
«Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гародні і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце (з сайту www.knihauka.com).

«Было адчуванне, што гэта мой горад, што я хачу ў яго вярнуцца. Гэта цікавая пісьменніцкая задача - прыдумляць свой Мінск, быццам ствараць яго вобраз. Але, безумоўна, я адчувала новую дыстанцыю. Гэтая дыстанцыя была не толькі праз тое, што горад мяняецца, але і праз тое, што я мяняюся. На нейкія рэчы, якія ў Мінску былі заўсёды, я ўжо гляджу іначай».
 

Ганна Янкута і выдавец Андрэй Янушкевіч падчас прэзентацыі «Часу пустазелля». Фота Аляксандра Драгавоза

Пісьменніца прызнаецца, што ў свой другі прыезд у Беларусь адчувала нашмат больш страху і пагрозы.
«Магчыма, гэта мая выдуманая пагроза, бо людзі жывуць у Беларусі і, магчыма, знутры гэта ўспрымаецца іначай. Але мне было напраўду вельмі страшна. Я рабіла нейкія глупствы, кшталту, выключала геалакацыю, калі хадзіла па горадзе. Хаця разумею, што калі б нехта задаўся мэтай мяне адсачыць, то гэтыя мае спробы нічога б не далі. І тады я зразумела, што я таксама змянілася, прывыкла жыць у бяспецы і не магу пераламіць сябе і застацца ў Мінску».

На пытанне, ці не страшна ў эміграцыі адарвацца ад беларускага кантэксту, Ганна адказвае так:
«Яшчэ ў студэнцкія часы, калі мы ва ўніверсітэце чыталі творы эмігрантаў, мне здавалася, што гэта нешта далёкае ад нас: у іх мова трошкі іншая, свядомасць, бачанне. Я не разумела эмігрантаў 20-га стагоддзя. І цяпер я раблю высновы, што, магчыма, неўзабаве тое, што мы тут пішам ці пра што гаворым, можа выглядаць адарваным ад жыцця ўнутры краіны. Магчыма, людзі ў Беларусі будуць казаць: «Ай, гэта ўсё не пра нас, гэта нас не тычыцца».

Пісьменніца кажа, што такая праблема існуе і з ёй трэба працаваць. Пры гэтым застаецца вера, што ў наш час разрыў будзе не такі вялікі.
«Фларыян Чарнышэвіч больш ніколі ў жыцці не выязджаў з Аргентыны, ніколі не трапляў у Еўропу. А мы ўсё ж у Польшчы, побач з Беларуссю. Чарнышэвіч мог кантактаваць з землякамі максімум лістамі, і гэта былі лісты, якія ішлі ў Савецкі саюз, сур’ёзная цэнзура. Ён ніколі ў жыцці больш не пабачыўся са сваёй маці, якая засталася на тэрыторыі СССР.
У нас жа час іншы, мы можам спісвацца праз інтэрнэт, стэлефаноўвацца, хтосьці мае магчымасць прыязджаць сюды. Таму варта апрыёры думаць не пра разрыў, а пра тое, што можа нас яднаць, над якімі тэмамі мы можам разам працаваць, што можа быць для нас цікавым»
.

Пісьменніца прыгадвае дзве кнігі, якія нядаўна прачытала: «Культура і супраціў» Таццяны Астроўскай (пра 1960-1970 гады), і «Мастроўня. Гісторыя аднаго цуду» Сяргея Дубаўца (пра першую палову 1980-х).
«Я пра тыя часы нічога не ведала, яны мне здаваліся нейкім маналітам. Але тады таксама адбывалася шмат усяго і закладаўся падмурак для вялікіх зменаў. Напрыклад, цяпер для нас вышыванка ці народныя спевы як сродак самаідэнтыфікацыі – гэта нешта звычайнае. У той час гэта было новым, гэта трэба было адкрыць. Таму змены насамрэч адбываюцца ўвесь час, проста мы не заўсёды разумеем, як нашы дзеянні калі-небудзь адгукнуцца».
 

«У пустазеллі няма для мяне негатыўнага сэнсу»

Назву кнігі «Час пустазелля Ганне дапамагла прыдумаць Яанна Бернатовіч – польская перакладчыца беларускае літаратуры на польскую мову.
«Адно са значэнняў – мы з’ехалі з Беларусі, і нашыя градкі, сады цяпер зарастаюць пустазеллем. Але таксама ў пустазеллі для мяне няма негатыўнага сэнсу, бо гэта вельмі карысныя расліны: яны першыя абжываюць пажарышчы, напрыклад, ці месцы, дзе нешта адбылося, яны вельмі трывалыя, прагныя да жыцця. І мне падаецца, гэта таксама добрая метафара для беларусаў у такі час: нават у вельмі неспрыяльных умовах мы стараемся выжыць, цягнемся да сонца і змагаемся з неспрыяльнымі абставінамі».
 

«Уся гісторыя Зямлі павольная, таму мы проста мусім рабіць сваю справу, змагацца за свае каштоўнасці»

У «Часе пустазелля» Ганна апавядае, як часта завітвала ў Геалагічны музей у Варшаве. Шмат геалагічных вобразаў прысутнічае і ў зборніку «Канстытуцыя». Пісьменніца кажа, што цікавасць да геалогіі ў яе з’явілася ў 2021 годзе падчас заняткаў Школы экапаэтыкі пры варшаўскім Інстытуце рэпартажу, якія Ганна магла наведваць у межах стыпендыі Gaude Polonia.
«Там гаварылася ў тым ліку пра экапаэтычную оптыку: калі ты бачыш сябе не як цэнтр сусвету, а толькі часткай вялізнай экасістэмы. І тады мяне вельмі зацікавіла жыццё да чалавека».

Фота з прыватнага архіва Ганны Янкуты
Прэзентацыя ў Лодзі. Фота Andrej Zacharevicz

Ганна прыгадвае Кракаўскі геалагічны музей, дзе ёсць стэнд «Калі б Зямля існавала год», на якім візуалізуецца гісторыя свету ў выглядзе календара.
«Гэта візуалізацыя таго, як доўга гэты свет існуе без нас і колькі ў ім насамрэч усяго адбывалася. Мы таксама не можам чакаць, што нешта абсалютна новае ў Беларусі, у нашым жыцці сфармуецца імгненна. Адзінае, што мы можам – падкладаць маленькія цаглінкі ў падмурак. Мы нават не ведаем, як гэта спрацуе, як у гэтых кнігах пра 1970-80-я гады, калі здавалася, што нічога не адбывалася, а насамрэч адбывалася вельмі шмат.
Гэта дало мне з аднаго боку метафару для нашага часу, а з іншага – суцяшэнне, што ўся гісторыя Зямлі павольная, таму мы проста мусім рабіць сваю справу, змагацца за свае каштоўнасці, у тым ліку нават на ўзроўні побыту, і праз 5,10, 50 гадоў мы здзівімся, які будзе вынік»
.

«Цяпер кнігі вандруюць прыватным чынам»

Кнігі, над якімі Ганна працавала ў 2022-2023 годзе, выйшлі ўжо за мяжой. 
«Не ведаю, ці «Час пустазелля» мае шанец трапіць у Беларусь. Кніга ёсць у электронным варыянце, але ці магчыма яе набыць, аплаціўшы беларускай карткай праз санкцыі, я не ведаю. Магчыма, «Кот Шпрот» неяк даедзе, нехта, напрыклад, набудзе яго ў Польшчы і прывязе. Я думаю, што выхаду з гэтай сітуацыі не ведае ніхто. Цяпер кнігі вандруюць хутчэй прыватным чынам, а не камерцыйным, у Беларусь нельга ўвезці партыю на мікрааўтобусе».

Ганна кажа, што на «Час пустазелля» атрымала шмат розных водгукаў: станоўчых, адмоўных і нават адзін здзеклівы, маўляў, так нельга пісаць кнігі.
Але пісьменніца кажа, што яе гэта не засмучае.
«Калі кніга выклікала столькі эмоцый, што чалавек палічыў патрэбным напісаць пра яе нешта кепскае, то гэта таксама для мяне вынік станоўчы. Я вельмі баялася, бо вось я пішу пра нейкія свае пачуцці – можа, гэта дзіўна, недарэчна, можа, гэта глупства? А аказваецца, што ёсць людзі, якія перажываюць нешта падобнае, і гэта вельмі мяне падтрымлівае і заахвочвае пісаць далей».
 

«Неймаверна, што можна прыехаць на іншы канец зямлі і знайсці там нешта беларускае»

Ганна Янкута тры месяцы падарожнічала па Аргентыне.
«Увогуле гэта была мая даўняя мара, яна была вельмі абстрактнай, але мы з мужам узялі сябе ў рукі, купілі ў траўні квіткі і ў ліпені паляцелі туды. Паездка дала мне ўсведамленне, што гэта не страшна і не цяжка. Выявілася, што паўсюль жывуць людзі і з усім можна разабрацца. І падарожжа ў Аргентыну не надта моцна адрозніваецца ад падарожжа ў Грэцыю ці ў Грузію. Для мяне гэта было адкрыццём, я цяпер адчуваю сябе свабаднейшай, бо калі мне спатрэбіцца, я дабяруся ўсюды, куды захачу – вядома, у межах рэальнага».

Гэта падарожжа дало добрае ўяўленне пра тое, што такое ўвогуле – падарожжа, як з гэтым жыць, кажа Ганна. Тры месяцы пісьменніца разам з мужам вандравалі, жылі ўвесь час на валізках, пераляталі з месца на месца, адшуквалі тое, што было ім цікавае.
«Я зразумела, што ўзяла ў падарожжа занадта шмат рэчаў, вандраваць можна з больш мінімалістычным камплектам. Таксама падарожжа мне падаравала некалькі вельмі незвычайных сустрэч. Напрыклад, у Буэнас-Айрэсе я сустрэлася з сябрам са студэнцкіх часоў, з якім мы шмат гадоў не бачыліся».

Адной з мэтаў вандроўкі было знайсці беларуска-лацінаамерыканскія гісторыі. Галоўнымі героямі пошукаў былі Карлас Шэрман і Фларыян Чарнышэвіч.
«Я ніколі не працавала з архівамі, таму, можа, для архівістаў такое пачуццё ўжо добра знаёмае, але для мяне гэта было ўпершыню. Я спрабавала знайсці месца, дзе вучыўся Карлас Шэрман, паводле яго мемуараў. У мяне нічога не атрымлівалася, і я пачала проста глядзець розныя школы і каледжы, якія ёсць на Google maps».
 

На заднім фоне - Аканкагуа, самая высокая гара Паўднёвага паўшар'я, Аргенціна. Прыватны архіў Ганны Янкуты
Вадаспады Ігуасу на поўначы Аргенціны. Прыватны архіў Ганны Янкуты

«Побач з раёнам, дзе ён жыў, я знайшла вучэльню, якая пасавала па ўсіх параметрах, прыйшла туды і папрасіла адміністратарку паглядзець у картатэцы, ці не было ў іх такога навучэнца. Праз некалькі тыдняў адміністратарка мне даслала ліст, што так, Карлас Шэрман сапраўды там вучыўся. Для мяне было неймаверным, што можна прыехаць на іншы канец зямлі і знайсці там нешта беларускае».
 


Рэгіён Хухуй, цясніна Умаўака (Quebrada de Humahuaca), Аргенціна. Прыватны архіў Ганны Янкуты

«Хачу засяродзіцца менавіта на прозе»

Цяпер Ганна працуе перакладчыцай, каб зарабляць на жыццё. 
«Нейкі час займаюць іншыя літаратурныя праекты. Напрыклад, цяпер выдавецтва Янушкевіч перавыдае «Ката Шпрота». Выйшлі дзве кнігі, а для трэцяй (якая дагэтуль існавала толькі ў аўдыяфармаце) мастачка Лілія Давыдоўская намалявала новыя і вельмі прыгожыя ілюстрацыі, неўзабаве таксама чакаецца выданне. Працягваюцца прэзентацыі «Часу пустазелля». Яшчэ ў мяне ёсць вялізнае жаданне зрабіць зборнік сваіх паэтычных перакладаў, бо многія з іх нідзе не друкаваліся».
 

Прэзентацыя ў Вільні. Фота Дар’і Роскач

Пісьменніца прызнаецца, што часу на ўсе задуманыя праекты катастрафічна не хапае, бо нават банальная арганізацыя побыту ў эміграцыі займае вельмі шмат часу.
«Я хацела б напісаць працяг дзіцячай казкі «Вам дапаможа КВА», бо мне вельмі цікавая тэма экалогіі. Але цяпер я ўсё ж хачу засяродзіцца менавіта на прозе “для дарослых”, бо гэта аказалася найбольш цікавым для мяне. І я мыслю вялікай формай. Я не ўмею пісаць апавяданні, не ўяўляю, як гэта робіцца, бо ў мяне ўсё разрастаецца да вялікіх памераў. Нават пра Лацінскую Амерыку ўжо знайшла так шмат гісторый, што калі я ўрэшце іх апрацую, гэта, мабыць, будзе альбо тоўстая кніга, альбо два меншыя тамы».

Хухуй, цясніна Умаўака (спадчына ЮНЕСКА), Аргенціна.
Прыватны архіў Ганны Янкуты

Што натхняе і надае сілы?

«Людзі. Да 2020 году немагчыма было ўявіць, што побач з намі будуць адбывацца такія гісторыі, і людзі, нягледзячы на пакуты, на вельмі балючыя падзеі, усё ж маюць сілы ісці далей, у іх хапае імпэту, злосці, натхнення, каб нешта рабіць. Таксама мяне натхняе гэты вялікі прыгожы свет. У ім пераплятаюцца гісторыі людзей, раслін, гарадоў, камянёў, падзеі з розных часавых пластоў. Гэта блытаніна, якую хочацца разблытаць і нешта з яе зрабіць, але зрабіць па-беларуску. І я штодня гэтаму радуюся».

 

Парады Ганны Янкуты, што пачытаць

«Раіць магу ўсё, што цяпер чытаю, бо гэта сапраўды вялізны цуд, што беларускія пісьменнікі і пісьменніцы ўсё яшчэ могуць пісаць, а перакладчыцы і перакладчыкі – перакладаць, нягледзячы на вельмі неспрыяльныя ўмовы, што ёсць магчымасць гэта выдаваць, набываць і чытаць».

З таго, што чытала апошнім часам, хачу параіць:

•    «Ніхто не чакае» Машы Калека, з нямецкай мовы пераклаў Ігар Крэбс (выдавецтва “Гутэнберг”). «Аўтарка – габрэйская паэтка, якая пісала па-нямецку і большую частку жыцця правяла ў эміграцыі. Эміграцыя, а таксама боль і разгубленасць, немагчымасць вярнуцца да таго, што было раней, забыць і дараваць – яе галоўныя тэмы».
•    «Рэспубліка глухіх» Іллі Камінскага, з англійскай мовы пераклалі Юля Цімафеева і Вальжына Морт (выдавецтва “Skaryna Press”). «Кніга напісаная некалькі гадоў таму, але яна выявілася вельмі блізкай нашаму сённяшняму дню. Гэта кніга пра сутыкненне з гвалтам і супрацьстаянне яму, а таксама пра глухату як метафару (а можа, не толькі метафару) такога супрацьстаяння».
•    «Я прыйду за табой у аўгусце» Камілы Цень (выдавецтва “Кнігаўка”). «Дэтэктыўныя гісторыі, напісаныя на трасянцы, якія некалі, апублікаваныя ў электронным выглядзе, выклікалі шмат спрэчак і цяпер вярнуліся да нас у выглядзе кнігі з чаканым завяршэннем. Галоўная гераіня кнігі - мова, гаворыцца ў адным з водгукаў на кнігу, і мне здаецца, гэта сапраўды цікавае даследаванне розных беларускіх супольнасцяў, напісанае з вялікай любоўі і сур’ёзнасцю”.
•    «Мёд і дым» Марыі Бадзей (выдавецтва “Пфляўмбаўм”). «Дэбютны зборнік беларускай паэткі, які дапамагае зазямліцца і сустрэцца з нечым адвечным і міфічным».
•    «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча (выдавецтва “Vesna”). «Мне здаецца, гэта адна з самых прыгожых і змрочных казак аўтара, у якой у мастацкай форме вывучаецца феномен улады – і высновы з гэтага даследавання не могуць не жахаць. Але сама казка, яе збалансаванасць і зграбнасць зачароўваюць».