Усе ўжо там. Раман «Смерти.net» Таццяны Заміроўскай

Усе ўжо там. Раман «Смерти.net» Таццяны Заміроўскай

Таццяна Заміроўская. Фота з прыватнага архіва

Беларусы даўно прызвычаіліся да кніг, якіх з розных прычын немагчыма сустрэць у продажы. Усё часцей кнігі забараняюцца цэнзурай, але ёсць асобныя, якія раскупляюць хутчэй, чым паспяваюць друкаваць новыя наклады. Раман «Смерти.net» Таццяны Заміроўскай папулярны не толькі на радзіме сваёй стваральніцы. Больш за тое, ён выдадзены не ў Беларусі, а большасць водгукаў на яго робяць маскоўскія інтэлектуалы, прафесійныя літаратурныя крытыкі і знаўцы філасофскай прозы. Няхай «Смерти.net» напісаны на рускай, яго паднаготная спецыфічна беларуская. І мы паспрабуем гэта даказаць.

 

Таццяна Заміроўская. Фота з прыватнага архіва

Галоўнае пытанне сучбелліту (сучаснай беларускай літаратуры) — «А ці можна лічыць пісьменніка беларускім, калі ён усё жыццё піша на рускай?..» — у выпадку з Таццянай Заміроўскай вырашаецца проста. З 2015 года яна жыве ў Нью-Ёрку, значная частка яе кніг напісана менавіта там, і наконт нацыянальнай прыналежнасці яе твораў можна сказаць цяпер цалкам дакладна: яны напісаныя рускамоўнай амерыканскай пісьменніцай беларускага паходжання. Або пісьменніцай родам з Беларусі. Каму што больш падабаецца. У вызначэнні «рускамоўная, амерыканская, беларуская» ў дадзеным выпадку няма нічога зневажальнага. Нью-Ёрк заўсёды быў духоўнай радзімай Таццяны Заміроўскай. Яе ўнікальны аўтарскі стыль і ў фікшэн, і ў журналістыцы развіваўся ў першую чаргу пад уздзеяннем кніг Джэка Керуака, Уільяма Бероўза, Кена Кізі ды Тома Вулфа. А ўжо потым пад уплывам звычайных куміраў яе перабудовачнага пакалення Уладзіміра Набокава і Данііла Хармса. Яе куміры, дакладней, прыяцелі па беларускай літаратуры, хадзілі з ёй па мінскіх вуліцах і сядзелі ў кафэ — Адам Глобус, Вальжына Морт, Сяргей «Пістончык» Прылуцкі, Ілля Сін. Зрэшты, на беларускіх лепей не спыняцца. Пра сваіх сучаснікаў пісьменніца зможа лепш за ўсё расказаць сама. Прычым на цудоўнай беларускай мове: ні разу не прыехаўшы ў Мінск за гады эміграцыі, Таццяна заўсёды застаецца на сувязі ва ўсіх сэнсах. Уласна, наша інтэрпрэтацыя «Смерти.net» менавіта пра гэта.

Забаўна, амаль усе рэцэнзенты безапеляцыйна занеслі раман Таццяны Заміроўскай у разрад фантастыкі, прычым, па большай частцы, нават навуковай. «Смерти.net» не тое што не сайнс-фікшэн, а ў прынцыпе не fiction. А суворая горкая праўда. Ды і сайнс, то-бок навукі і тэхнікі, у рамане практычна няма. Пісьменніцу больш хвалююць эмоцыі і пачуцці, а не тэхнічныя вынаходкі.

Многіх здзівіць, але кніга пра віртуальных аватараў памерлых людзей і іх зносіны з пакінутымі сябрамі і сваякамі напісаная па цалкам рэальных сюжэтах. Уласна, як і астатнія мастацкія творы Таццяны Заміроўскай. Усё сваё жыццё яна была паслядоўнай прыхільніцай гонза-журналістыкі. І «Смерти.net», і папярэднія тры зборнікі апавяданняў, адзін з якіх напісаны ўжо ў Амерыцы, — гэта мудрагелістая рэфлексія на сапраўдныя падзеі і людзей, прапушчаная скрозь постмадэрнісцкую прызму таленту аўтаркі.

Стыль пісьменніцы характарызуюць звычайна менавіта як постмадэрнісцкі і псіхадэлічны. Складана адмаўляць, уся яе творчасць вынікае з постмадэрнізму, хоць, калі верыць занудам і літаратурным крытыкам, апошні і скончыўся. Большасць рэцэнзентаў «Смерти.net» узгадваюць менавіта кіберпанк, дзе і фантастыка, і постмадэрнізм, і шмат яшчэ чаго.
Уласна, адмаўляць адценні фантастычнага жанру, што, на жаль, саступіў цяпер дарогу фэнтэзі, у «Смерти.net» не мае сэнсу. Галоўная гераіня рамана — як можна разумець, альтэр эга самой пісьменніцы (а гэта звычайны персанаж прозы Таццяны Заміроўскай) — раптам аказваецца па той бок жыцця і смерці і камунікуе з блізкімі з дапамогай нейкай тэхналогіі, свайго віртуальнага двайніка, што працягвае існаваць у лічбавым замагільным свеце.
Сюжэт для фантастыкі не новы. Больш за тое, ён ужо не зусім фантастыка: то тут, то там з'яўляюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту, што дазваляюць жывым мець зносіны з памерлымі сваякамі і сябрамі. Асоба нябожчыка ў такім выпадку аднаўляецца па змесціве яго сацыяльных сетак ды ліставання. Уласна, у эпоху лічбавага постгуманізму і віртуальнай рэальнасці такія праекты даўно не здзіўляюць. Пагатоў іх ледзь не ў дэталях апісалі пісьменнікі-фантасты папярэдніх пакаленняў.

«Смерти.net» не ўтрымлівае падрабязных дэталяў светлай тэхналагічнай будучыні. Гэта кніга хутчэй антыўтопія, чым нешта іншае, калі ўжо вызначацца з жанрам. Раман Таццяны Заміроўскай пра тое, што застаецца з чалавекам у сучаснасці. Менавіта пра тыя эмоцыі, якія не паміраюць пры расставанні з блізкім. І нейкі А., важны чалавек для галоўнай гераіні рамана, стасуецца праз мэсэнджары з ажыўленай у дыгітальнай прасторы памерлай, як з жывой, якая з'ехала кудысьці на пэўны час. Куды? Так-так. Беларусы, вы здагадаліся. Менавіта ў эміграцыю. За тую дзяржаўную мяжу, якая аддзяляе беларусаў ад радзімы, мабыць, не менш надзейна, чым Стыкс аддзяляе свет жывых ад свету памерлых.


Звычайны беларус чытае «Смерти.net» Таццяны Заміроўскай як ідэальную метафару развітання з Радзімай. Таму што зносіны мёртвых з жывымі і, як аказваецца, жывых з мёртвымі ў кнізе адбываюцца сапраўды гэтаксама, як кантактуе большасць тых, «хто з'ехаў», з тымі, «хто застаўся», — у мэсэнджарах ды сацсетках. Адно адрозненне: за апошнія два з паловай гады беларусаў па той бок аказалася больш, чым засталося па гэты. І калі ў год выхаду рамана пад мёртвымі ўсё ж можна было разумець тых, «хто з'ехаў», то цяпер імі з'яўляюцца, мабыць, менавіта тыя, «хто застаўся».
 

Таццяна Заміроўская. Фота з прыватнага архіва

Міграцыя (вымушаная — не вымушаная, жаданая — нежаданая) заўсёды была часткай нацыянальнай беларускай гісторыі, менталітэту. Стагоддзямі для беларусаў міграцыя, у прынцыпе, практычна была роўная смерці. Стагоддзямі тыя, хто не хацеў назаўжды застацца ў безназоўнай лясной магіле, былі вымушаныя бегчы за межы краіны без усялякай надзеі калі-небудзь убачыць родных і блізкіх. Ад тых, хто з'ехаў, часцей за ўсё не было нават лістоў, не кажучы ўжо пра тэлефонныя званкі. Таму эміграцыя ў новую лічбавую эпоху выглядае зусім не так, як яшчэ 30-40 гадоў таму. Людзі з'язджаюць, а іх асобы працягваюць быць побач у віртуальнай рэальнасці. Для раскіданых па ўсім свеце беларусаў інтэрнэт-стасункі сталі асноўным спосабам камунікацыі. «Смерти.net» распавядае менавіта пра бясконцыя сувязі ў сетцы і адначасова пра поўную адзіноту і драму адсутнасці жывой камунікацыі паміж самымі блізкімі.

У прыдуманым Таццянай Заміроўскай «інтэрнэце для мёртвых» сапраўды гэтак жа, як і ў звыклай нам сетцы, можна мець зносіны з суразмоўцам гадамі, нібы ён знаходзіцца ў суседнім пакоі, ды ніколі не ўбачыць яго ўжывую. Для цывілізацыі постгуманізму, у якой лічбавы след значыць больш за істоту з плоці і крыві, няма ніякай розніцы, стасуецеся вы з жывым чалавекам ці спараджэннем штучнага інтэлекту. І паняцці «смерць», «мёртвы», якія выкарыстоўвае пісьменніца, — якраз прыгожая іронія ў адносінах да свету жывых. За гэтай фірмовай іроніяй і лёгкай сатырай на свет, дзе так лёгка «перазахавацца» незлічоную колькасць разоў (і заблытацца ў сваіх захаваных версіях!), аўтарка трымае куды больш складаныя эмоцыі. Падобна, менавіта тыя, што не любім дэманстраваць мы, падзеленыя дзяржаўнымі межамі, міннымі палямі ды прыкрытыя выратавальным глянцам інстаграма.

Перапоўненая філасофскімі разважаннямі, «Смерти.net» — сапраўдная экзістэнцыйная драма, няхай і замаскіраваная пад ненавуковую фантастыку. Аўтарка піша пра невыносную сітуацыю, калі розум чалавека ў поўнай дасяжнасці, а ад яго цела, усмешкі, паху застаюцца толькі ўспаміны. Здаецца, менавіта пра гэта распавядае і модная кінафантастыка «Пасля Янга» амерыканскага рэжысёра пад псеўданімам Каганада, якая выйшла ў адзін год з кнігай Таццяны Заміроўскай, ды іншыя фільмы і серыялы як для міленіялаў, так і для зумераў, дзе падзеі развіваюцца нелінейна, а героі заліплі, як восы ў мёдзе, у атамізаваным грамадстве будучыні-сучаснасці. А сітуацыя ў свеце толькі дадае трагізму раману 2021 выпуску.

Хранатоп у лічбавай смерці таксама свой. Для герояў кнігі час спыніўся. Дакладней, ён не мае сэнсу — сюжэт рамана пастаянна скача туды-сюды па ўмоўнай шкале часу. Са сваіх першых крокаў у вялікай літаратуры Таццяна Заміроўская была вядомая як майстрыха кароткіх, але насычаных апавяданняў. Шэраг з іх цягнулі на паўнавартасныя аповесці. Вось і «Смерти.net» можна ўмоўна разрэзаць на дзясяткі аўтаномных гісторый, шматлікія з якіх цалкам могуць паслужыць асновай для асобнай кнігі ці нават сцэнарыя кінафільма.
Пры гэтым тэкст рамана ўяўляе сабой бясконцую ўнутраную размову галоўнай гераіні самой з сабой. Аўтарскі стыль Таццяны Заміроўскай з самых першых твораў параўноўваюць (беспаспяхова) то з прозай Людмілы Петрушэўскай, то з фантазіямі Уладзіміра Сарокіна. Але калі і можна правесці тут паралелі з якім-небудзь творам сусветнай літаратуры, то, пры ўсім непадабенстве, са знакамітай эпапеяй Марсэля Пруста. Героі апошняй таксама жывуць у свеце ўспамінаў-асацыяцый. Ды і стыль пісьма Таццяны Заміроўскай шмат у чым такі ж няпросты і заблытаны для ўспрымання, як і мова геніяльнага французскага мадэрніста. Тэкст «Смерти.net» паглынае чытача, як цёплая глейкая маса. Ён патрабуе абсалютнага ўключэння ў тое, што адбываецца, і не адпускае да самых апошніх старонак. Хоць, калі параўноўваць «Смерти.net» з іншымі кнігамі аўтаркі, стыль Заміроўскай стаў больш вывераным і простым для чытача.

Таццяна Заміроўская. Фота з прыватнага архіва

Такім чынам, «Смерти.net» складана назваць простай кнігай. Яна прымушае быць вельмі ўважлівым. І не столькі да ўласна тэксту, колькі да самога сябе. Таццяна Заміроўская стварыла своеасаблівы сеанс псіхааналізу для тых, хто аддзелены тысячамі кіламетраў і гадамі адлегласцяў. Нездарма пытанняў раман пакідае куды больш, чым дае адказаў, пра што ўскосна сведчаць быццам бы шматлікія супярэчлівыя водгукі і рэцэнзіі — рэфлексіі ў іх мала, больш апісанняў.

І насамрэч, адрэфлексаваць гэты ўчастак рэчаіснасці, у якім апынуліся нашы пісьменнікі і іх чытачы, даволі няпроста. Таму іранічны загаловак аднаго з водгукаў на кнігу «Усе там будзем...» выглядае напраўду пацешна. Усе ўжо там.
 

Глядзець больш
«Мы стараемся выжыць...»
«Мы стараемся выжыць...»

Пісьменніца Ганна Янкута пра Беларусь, эміграцыю, падарожжы і кнігі

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Вядучы “Літаратурнага клуба”, беларускі паэт, перакладчык, эсэіст Андрэй Хадановіч сустрэўся і паразмаўляў з вядомымі літаратарамі Юляй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам, якія апошні час жывуць у аўстрыйскім Грацы.

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Праз 500 гадоў пасля Францішка Скарыны ў Празе з’явілася беларускае выдавецтва “Vesna”, дзе публікуецца як арыгінальная паэзія і проза, так і пераклады сусветнай класікі на беларускую мову.

Усё пра беларускую літаратуру. Глядзім, знаёмімся, чытаем. Чым канцэптуальная кніга паэзіі адрозніваецца ад простага лірычнага зборніка? Андрэй Хадановіч сустрэўся ў Варшаве і паразмаўляў з беларускімі паэткамі Марыяй Мартысевіч і Ганнай Янкутай, аўтаркамі дзвюх адметных паэтычных кніг “Сарматыя” і “Канстытуцыя”.