BY
па-беларуску
Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага

Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага

Перамога беларускага фільма "Спатканне ў Мінску" на партугальскім кінафестывалі DOCLISBOA

Беларусы не разбэшчаныя ўдзелам, тым больш перамогамі, у міжнародных кінафестывалях. Дасягненні тут у нас тут толькі ў дакументалістыцы. Таму навіна пра перамогу беларускага фільма ў праграме партугальскага кінафестывалю Doclisboa стала прыемнай, хоць і не зусім нечаканай. Рэжысёр з Мінска Мікіта Лаўрэцкі ўдзельнічаў у Doclisboa ўжо другі год запар, а гэтым разам у Лісабоне ў яго было прадстаўлена адразу дзве працы. Адна з іх, «Спатканне ў Мінску», і была ўдастоена галоўнага прыза ў міжнароднай праграме фэсту. Мікіта Лаўрэцкі асабіста атрымаў прыз з рук мэра партугальскай сталіцы. Да прыза прыкладаецца 10000 еўра грашовага ўзнагароджання. Але ўвага аднаго з вядучых профільных кінафестываляў Еўропы куды каштоўнейшая. Для Мікіты Лаўрэцкага, які нядаўна перабраўся ў Берлін, гэта вельмі важная прыступка ў творчым развіцці. І, магчыма, крок у кірунку па-сапраўднаму вялікага кіно.
 

На фоне прадукцыі буйных прафесійных студый фільмы Мікіты Лаўрэцкага спачатку могуць паддацца нейкім танным здзекам з гледача. За што ж іх цэняць прафесіяналы і куратары міжнародных фестываляў, а таксама, як ужо нам вядома, члены іх журы? Doclisboa першапачаткова з'явіўся дваццаць гадоў таму як фестываль неігравога кіно, што, уласна, і вынікае з яго назвы. Аднак стужкі Лаўрэцкага складана аднесці да неігравога кінамастацтва. Хутчэй, гэта тая самая памежная зона паміж ігравым і неігравым кінаэксперыментам, на якую і робіць акцэнт Лісабонскі кінафестываль і яго адборшчыкі апошнім часам.

На неспрактыкаваны погляд і «Спатканне ў Мінску», і іншыя фільмы Мікіты Лаўрэцкага могуць падацца самадзейным аматарствам. Большасць карцін беларускага аўтара створаны з мінімальнымі тэхнічнымі патрабаваннямі да выявы і гуку, а здымаюцца ў іх ён сам і яго сябры. Але насамрэч дваццацівасьмігадовы рэжысёр з самых першых крокаў у кіно абраў менавіта такую форму – безбюджэтную і максімальна набліжаную да хоўм-відэа.

На фестывалі ў Лісабоне Мікіта Лаўрэцкі прадставіў адразу два фільмы – у паралельнай праграме быў паказаны кароткаметражны «Жарты пра вайну». Апошні змантаваны з відэа, якія былі знятыя сёлета ў Кіеве таварышам рэжысёра, стэндаперам з Беларусі Аляксеем Суханком, і фрагментаў найноўшай вайсковай хронікі 2022 года. «Спатканне ў Мінску», наадварот, знятае адным дублем на айфон і, па сутнасці, распавядае пра спецыфічныя беларускія рэаліі. Двое маладых людзей, якіх граюць сам Мікіта Лаўрэцкі і яго спадарожніца па жыцці, а таксама пастаянная суаўтарка ўсіх яго работ (і не толькі фільмаў) мастачка Вольга Кавалёва, высвятляюць адносіны ў халодным, няўтульным, але, як аказваецца ў выніку, у такім важным для іх горадзе.

З самых першых крокаў у кіно Мікіту Лаўрэцкага называлі (і ён сам сябе называў) адэптам мамблкора, стылю амерыканскага незалежнага кіно. Фільмы гэтага кірунку вылучаюцца нізкімі бюджэтамі і гіперрэалістычнымі сюжэтамі. Карціны беларускага рэжысёра з самага першага выразнага кроку ў кіно – кароткага метра «Дзень нараджэння ў Мінску» (2014) – шмат у чым вынікаюць з гэтага рэцэпта. Героі фільмаў Мікіты Лаўрэцкага ў літаральным сэнсе існуюць тут і цяпер. Гэта нашы сучаснікі, маладыя мінчане – студэнты, людзі творчых прафесій, мастакі і музыканты. Вартасць большасці стужак Мікіты Лаўрэцкага ў іх актуальнасці. Яны не столькі апісваюць рэчаіснасць, колькі распавядаюць аб унутраным стане сваіх герояў. Прычым у простай і максімальна даступнай форме. У іх няма тэхнічна складаных або дарагіх рашэнняў.

Рэжысёр актыўна выкарыстоўвае візуальную мову новага часу – стылістыку прыватных здымак на мабільныя прылады і эстэтыку сацсетак. Як правіла, ён здымае і мантуе сваё кіно сам, абыходзячыся практычна без здымачнай групы. «Спатканне ў Мінску», напрыклад, дзе аўтар фізічна не мог узяць у руку айфон (бо выступаў як актор), адным дублем, без адзінай мантажнай склейкі (!) зняла Юлія Шатун, яшчэ адна знакавая постаць беларускага кіно новых часоў. Яе поўнаметражны дэбют «Заўтра» (2017)  таксама зняты ў блізкай да фільмаў Мікіты Лаўрэцкага стылістыцы безбюджэтнага, максімальна рэалістычнага кіно. Хоць, як мы ўбачым далей, Мікіта Лаўрэцкі як рэжысёр не чужы і метафарам, і элементам фантастыкі.


У духу актуальных у нашы дні стрымаў малады, але вельмі актыўны аўтар часта выкарыстоўвае доўгія, бесперапынныя планы, а яго персанажы практычна заўсёды імправізуюць у кадры. Пры гэтым унікальны стыль фільмаў Мікіты Лаўрэцкага мае асаблівае хараство, уласцівае менавіта кінамастацтву. Нават на простых па кампазіцыі і змесце кадрах рэжысёр выдатна трымае глядацкую ўвагу. Ён умела выкарыстоўвае паўзы, выдатна вытрымлівае інтанацыю. Непрафесійныя акторы ў фільмах Мікіты Лаўрэцкага граюць у нязменна патрэбным аўтару кірунку, а ён здымае іх адкрыта і шчыра, не грэбуючы нават фізіялагічнымі падрабязнасцямі. Апошняе, на здзіўленне, ідзе фільмам Мікіты Лаўрэцкага толькі на карысць, стварае для іх аўдыторыі асаблівую, інтымную зону.


Прытым, у адрозненне ад работ іншых маладых беларускіх аўтараў, фільмы Мікіты Лаўрэцкага пазбаўленыя хоць якога пафасу. Яны знятыя на максімальна блізкай адлегласці не толькі ад сваіх персанажаў, але і гледачоў. Таму, як стала відавочна, зразумелыя і блізкія не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Кіно Мікіты Лаўрэцкага цяжка назваць забаўляльным, ды і простым яно выглядае толькі на першы погляд. Калі «Спатканне ў Мінску» цалкам можна аднесці да своеасаблівай версіі мамблкора, то папярэдні поўнаметражны фільм рэжысёра «A Kid's Flick», які перакладаюць як «Дзіцячы альбом» (2021), або больш ранні «Сашава пекла» (2019) утрымліваюць элементы фантастыкі. Дарэчы, Лаўрэцкі таксама паспяховы як кінакрытык, стваральнік коміксаў, актыўна спрабуе сябе ў стэндапе і цалкам пагружаны ў сучасную маскультуру. Яе элементы – абавязковая частка работ беларускага аўтара.


Мастачка Вольга Кавалёва – важны чыннік поспеху Мікіты Лаўрэцкага, другая палова яго творчага «я», актрыса яго фільмаў і паўнавартасная суаўтарка. У даступным цяпер на Youtube фільме «Дзіцячы альбом» яна выконвае галоўную ролю, знаходзіцца ў кадры практычна на працягу ўсяго дзеяння.



На гэтай рабоце варта спыніцца падрабязней. Фільм быў упершыню прадстаўлены на леташнім Doclisboa і ўяўляе сабой арыгінальнае і шчырае аўтарскае выказванне пра сітуацыю ў Беларусі пасля жніўня 2020 года. Практычна ўвесь фільм мы назіраем за галоўнай гераіняй, якая ўвесь час знаходзіцца ў замкнёнай прасторы кватэры-сталінкі дзесьці ў цэнтры Мінска. (У фінале фільма высвятляецца, што яе дом размешчаны прыкладна ў раёне Вайсковых могілак.)

На першы погляд здаецца, што дзяўчына жыве ў сваім замкнёным, адносна ўтульным свеце, аддалена працуе на нейкай дызайнерскай пазіцыі, спакойна чытае, займаецца ёгай, сілкуецца, прымае ванну і рэалізуе іншыя фізіялагічныя патрэбы – фільм зняты максімальна адкрыта і без ценю збянтэжанасці.


Увогуле гераіня «Дзіцячага альбома» паводзіць сябе так, як, напэўна, і любы чалавек яе ўзросту і сацыяльнага статусу не толькі ў Мінску, але і па ўсім свеце падчас лакдаўну. Але знешні свет пранікае ў жыццё гераіні – спачатку праз гукі запісаў у сацсетках, у якіх беспамылкова пазнаюцца кадры падзей у Беларусі 2020 года. Затым у кватэру раптам урываюцца мужчыны ў масках троляў. Страшныя і адначасова камічныя фігуры – іх паводзіны адназначна выдаюць прадстаўнікоў беларускіх карных органаў. З'яўляюцца ў фільме і іншыя персанажы, чые вобразы навеяныя культурай анімэ. І вось тут пачынаецца самае цікавае, аб чым лепш даведацца ўжо непасрэдна з самой стужкі.

«Дзіцячы альбом» – выдатны варыянт для выхаду аўтара, які хоча распавесці аб сваіх эмоцыях з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, але не валодае неабходнымі сродкамі, каб расказаць пра гэта наўпрост. Тут Мікіта Лаўрэцкі абышоўся без дыялогаў і закадравага тэксту. І напраўду, слоў не хапае, каб апісаць тое, што адбываецца ў Беларусі апошнія два гады. Замест лішніх слоў і пафасу беларускі рэжысёр паказвае рэакцыю свайго пакалення на рэпрэсіі і адначасова арыгінальны рэцэпт барацьбы са злом. «Дзіцячы альбом» дэманструе, што ўцёкі ад рэчаіснасці ў замкнёную, адгароджаную ад рэальнага свету прастору не ратуюць.

Галоўны недахоп фільмаў Лаўрэцкага на дадзены момант у іх поўнай камерцыйнай непрыдатнасці для распаўсюджвання звычайным чынам праз кінатэатры або тэлебачанне. Хутчэй, яны створаны для Youtube і іншых сацсетак. І справа не толькі ў пэўных тэхнічных параметрах. Беларускі аўтар адчувае сябе максімальна натуральна і камфортна ў стылістыцы стрымінгаў. Напэўна, ён бы лёгка знайшоў агульную мову і з вялікай прафесійнай здымачнай групай. Але, хто ведае, ці змог бы ён у такім выпадку цалкам выказаць сваё «я» і прабіцца з аўтарскімі мэсэджамі да гледача.

Стыль Мікіты Лаўрэцкага ўвесь час эвалюцыянуе. Можна толькі здагадвацца, як ён зменіцца пасля ад'езду, бадай, аднаго з самых цікавых беларускіх аўтараў з Мінска. У тым, што Мікіта Лаўрэцкі не перастане здымаць кіно, можна не сумнявацца.

Большасць фільмаў і відэаработ Мікіты Лаўрэцкага можна паглядзець на яго персанальным канале ў Youtube. https://www.youtube.com/c/NikitaLavretski/videos 

Глядзець больш
Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»
Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»

Беларускі кінематограф за паўгадзіны да нацыянальнага героя

Цуды анімацыі Івана Гапіенкі
Цуды анімацыі Івана Гапіенкі

Глядзіце анімацыю і аповед аўтара пра сябе і сваю творчасць на Art-context.com

Горад, якога (ужо) няма
Горад, якога (ужо) няма

Фільмы "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь) і "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)

Анімацыя. Эксперымент. Беларусь
Анімацыя. Эксперымент. Беларусь

Усё самае галоўнае пра анімацыйны эксперымент увогуле і пра беларускі ў прыватнасці

Музыка кіно
Музыка кіно

Кіно гучыць. Музыка і музыканты заўсёды былі адным з самых папулярных сюжэтаў у беларускіх дакументалістаў. Вось і за апошні час выйшла адразу тры стужкі, прысвечаныя музычнаму кірунку.

Маланка
Маланка

Беларусь, 2020, драма, рэж. Агата Міхайлава

Фільм
Фільм "Decomposition"

Галоўны герой стужкі – сучасны Віцебск, які вымушана развітваецца са сваёй арт-сцэнай, мастакамі, культурнай ды чалавечай прасторай...