Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»

Мы ідзём глядзець «Купалу»! І слухаць «Песняроў»

Беларускі кінематограф за паўгадзіны да нацыянальнага героя

Мяркуючы па анонсах, гэтай восенню гледачы беларускага тэлебачання нарэшце пазнаёміцца з серыялам «За паўгадзіны да вясны». Дзевяцісерыйны фільм пра Уладзіміра Мулявіна і ансамбль «Песняры» быў зняты яшчэ два гады таму, але паказалі яго спачатку на расійскім ТБ і стрымінгавых каналах. Хоць стужка і была створаная ў асноўным у Беларусі сумеснай групай беларускіх і расійскіх кінематаграфістаў на грошы беларускай дзяржавы, расійская аўдыторыя атрымала магчымасць убачыць яе значна раней. Верагодней за ўсё, праз удзел у фільме беларускіх акцёраў з т.зв. «чорнага спіса».

У той версіі, якая цяпер даступная ў сеціве, хтосьці з нядобранадзейных артыстаў заблюраны, хтосьці скадраваны. Але серыялу яшчэ пашанцавала. Шмат разоў анансаваная і нават шырока разрэкламаваная ў афіцыйных СМІ стужка «Купала» на дадзены момант наогул мае мала шанцаў убачыць экран.

У інтэрнэце з'явілася яе чарговая пірацкая копія. Фільм Нацыянальнай кінастудыі створаны яшчэ ў 2020 годзе, але яго афіцыйнай прэм'еры пакуль так і не адбылося. Што нядзіўна: у першай кінабіяграфіі Янкі Купалы шмат, мякка кажучы, нязручных для цяперашніх беларускіх уладаў дэталяў накшталт масавых рэпрэсій і тэрору спецслужбаў. Ёсць сцэна разгону мітынгу ў цэнтры Мінска царскімі ўладамі, паказаная праца рэдакцыі культавай яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы, а цяпер забароненай газеты «Наша ніва». Увогуле ўявіць такое кіно на экранах беларускіх кінатэатраў або ў эфіры тэлеканалаў цяпер практычна немагчыма.

Аб'ядноўвае абодва праекты не толькі стаўленне да іх рэжыму. Пад цэнзуру трапілі фільмы пра дзве легендарныя фігуры, знакавыя для беларускай нацыянальнай свядомасці. І вакол Янкі Купалы, і вакол Уладзіміра Мулявіна і яго «Песняроў» склалася велізарная колькасць міфаў. Больш за тое, іх творчасць і біяграфіі самі сталі часткай вялікага беларускага нацыянальнага міфа, самасвядомасці сучасных беларусаў. І таму новыя фільмы выклікаюць асаблівую цікавасць. Хоць па сутнасці яны вельмі і вельмі розныя.

Уласна, кінематограф удзельнічаў у фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці ў многіх краінах. Самы яскравы прыклад – Галівуд. Маладая амерыканская нацыя афармлялася якраз на світанку яго станаўлення. Імігранты з розных краін стваралі і асвойвалі новае грамадства, многія дрэнна валодалі англійскай, але кіно як візуальнае мастацтва дапамагала фармаваць агульныя каштоўнасці і вучыць мову.

Нацыянальнага кіно для беларусаў доўгі час проста не існавала. Уласна, як і само паняцце нацыі, яно пачало фармавацца далёка не з пачаткам кінавытворчасці ў БССР. І асноўныя гістарычныя постаці нацыянальнага пантэона беларускае савецкае кіно доўгі час старанна ігнаравала. Некаторыя так дагэтуль і не з'явіліся на экране. Тыя ж, што з'яўляліся, былі выразна ўпісаныя ў ідэалагічныя схемы таталітарнай дзяржавы. «Кастусь Каліноўскі» (1928) Уладзіміра Гардзіна і «Я, Францыск Скарына» (1969) Барыса Сцяпанава, напрыклад, пры ўсіх кінематаграфічных вартасцях і, для свайго часу, прафесійным узроўні не выходзілі за ўмоўныя чырвоныя сцяжкі класавага разумення гісторыі. Тыя, хто, як Уладзімір Бычкоў і Уладзімір Караткевіч са сваім «Жыціем і узнясеннем Юрася Братчыка» (гісторыя стварэння гэтай карціны – асобная эпапея) хацеў за гэтыя чырвоныя сцяжкі выйсці, жорстка абсякаліся.

Пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці кінематаграфісты на нейкі час апынуліся па-за рамкамі цэнзуры. І «Птушкі без гнёздаў» (1996) Віталя Дудзіна, біяграфічны фільм пра Ларысу Геніюш, і экранізацыя 1995 года рэжысёрам Валерыем Панамаровым аповесці «На чорных лядах» Васіля Быкава кіраваліся ўжо іншай, нацыянальнай канцэпцыяй гісторыі, якая перастала абапірацца на ідэалагічныя пастулаты былога імперскага цэнтра. Але шырокі глядач гэтыя стужкі не заўважыў. Ды і ствараліся яны на хуткую руку, у крызісныя для ўсяго постсавецкага кінематографа галодныя гады.

«Купала» і «За паўгадзіны да вясны» зроблены з разлікам на іншы ўзровень відовішчнасці і на іншым вітку існавання кіно. Абодва задумваліся задоўга да кароткага перыяду беларускай палітычнай адлігі 2015–2020 гг., але абодва фінансаваліся дзяржавай і праходзілі адабрэнне ўладаў менавіта ў гэты час. Хоць, па сваёй сутнасці, канцэпцыі двух баёпікаў адрозніваюцца куды мацней, чым можна было чакаць.
Фільм «Купала» здымаўся на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Ідэя перанесці вобраз народнага паэта на экран даўно лунала ў паветры. Але толькі ў пачатку 2018 года праект атрымаў паўнавартасную падтрымку з боку дзяржавы.

Пастаноўшчыкам не пабаяўся стаць Уладзімір Янкоўскі – больш чым дасведчаны кінематаграфіст. У яго фільмаграфіі, праўда, такіх маштабных гістарычных стужак на той момант яшчэ не было. Рэжысёр, які набіў руку на танных тэлевізійных пастаноўках, моцна рызыкаваў. Але з удзелам памочнікаў Янкоўскі хутка напісаў свой варыянт сцэнара з выкарыстаннем фрагментаў больш ранняга варыянту іншага аўтара. І, не без некаторых цяжкасцяў, зняў і змантаваў карціну.
Не лічачы згаданых карцін Віталя Дудзіна, Валерыя Панамарова і знакавай для беларускага кіно стужкі «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, фільм Уладзіміра Янкоўскага «Купала» – першы па-сапраўднаму нацыянальна арыентаваны вялікі кінапраект незалежнай Беларусі. У гэтым сэнсе ён будзе цікавы менавіта беларусам і разлічаны ў першую чаргу менавіта на іх. З мастацкага і прафесійнага пункту гледжання ў ім шмат як добрых момантаў, так і недахопаў. Але стужка, безумоўна, вартая прагляду і абмеркавання.

Даволі працяглая па часе карціна скорагаворкай прабягаецца па шэрагу вядомых фактаў з біяграфіі Янкі Купалы. Аўтары выкарыстоўваюць прыдуманы самім Янкоўскім скразны сюжэт: у вечар сваёй смерці ў нумары гатэля «Масква» шасцідзесяцігадовы Янка Купала ў дыялогу з маці паэпізодна ўспамінае сваё жыццё. Дзякуючы такому, галівудскаму па сутнасці, прыёму «Купала» – своеасаблівы падручнік не толькі біяграфіі і творчасці Янкі Купалы, але і беларускай гісторыі першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя.
У дзве з паловай гадзіны ўвайшлі, натуральна, не ўсе этапы жыцця Янкі Купалы. Пункцірны сюжэт, відавочная плакатнасць і нават карыкатурнасць у некаторых месцах, умаўчанне аб шэрагу нязручных або спрэчных гістарычных момантаў – на фоне мноства іншых сучасных карцін гэты фільм у многім выглядае відавочна недасканалым. Але стаўленне да яго наўрад ці будзе вызначацца гэтымі абставінамі.

Галоўны плюс «Купалы» – якраз сам Купала. Дакладней, вобраз, створаны латвійскім акцёрам Мікалаем Шэстакам. Шмат у чым гэты вобраз супадае з тым вобразам народнага паэта, які адклаўся ў масавай свядомасці, — рамантычным, высакародным, пацярпелым ад таталітарнага рэжыму. Мяркуючы па ўсім, гэта менавіта той выпадак, калі кінавобраз максімальна блізкі да рэальнай асобы гістарычнага прататыпа.

Хоць рэжысёр Уладзімір Янкоўскі ў некаторых эпізодах і імкнецца прызямліць троху ўзнёслы тон апавядання, нацыянал-рамантызм карціны месцамі выглядае ўзнёслым і наіўным. Гэтак жа, як відавочным мастацкім пераборам выглядаюць абстрактныя фантасмагарычныя інтэрмедыі паміж эпізодамі яго фільма.
У іншых краінах падобныя кінабіяграфіі выходзілі многія дзесяцігоддзі таму. Але тое ў іншых, больш удачлівых дзяржавах, дзе нацыянальнае кінамастацтва пачало фармавацца ледзь не са з'яўленнем апарата братоў Люм'ер. Савецкае кіно Беларусі было ідэалагізаванае і амаль пазбаўленае нацыянальнага характару. Нацыянальны герой у беларускім кіно спазніўся практычна на стагоддзе, таму цяпер кінематаграфісты імкнуцца хутчэй наганяць упушчанае. І «Купала» не самы горшы старт, улічваючы ўсе акалічнасці.

Стваральнікі «Купалы» спрабавалі пазбавіцца ад стэрэатыпаў, але не ўсюды ім гэта ўдалося. Сам жанр рамантычнага фільма пра нацыянальнага героя мяркуе стварэнне такіх стэрэатыпаў. І, паспрабаваўшы паэфектней паказаць Купалу і яго эпоху, аўтары не ўтрымаліся ад выкарыстання ўжо іншых, не савецкіх, а нацыянальна-рамантычных шаблонаў. Што цалкам заканамерна: у кіно герой не такі, які ён быў насамрэч, а такі, якім яго хочуць бачыць гледачы.
Фільм Уладзіміра Янкоўскага ў гэтым сэнсе выйграе з дапамогай вельмі ўдалага выбару выканаўца галоўнай ролі.

Ураджэнцу Рыгі з беларускімі каранямі Мікалаю Шэстаку ўдалося не проста адлюстраваць, а, безумоўна, адчуць Янку Купалу, паказаць на экране нацыянальны геній. Шмат у чым праз Мікалая Шэстака экранны Купала выглядае не забранзавелай фігурай, з якой беспаспяхова змагаўся Альгерд Бахарэвіч са сваім постмадэрнісцкім «Каянам Лупакам» ды Уладзімір Някляеў у нядаўнім рамане «Гэй Бэн Гіном». У гэтым сэнсе ўсе мастацкія і сэнсавыя недахопы «Купалы» з лішкам перакрываюцца галоўнай задачай: Янка Купала быў задуманы ў фільме сімвалам, але, дзякуючы Мікалаю Шастаку, у ім праглядвае жывы чалавек.

На фоне «Купалы» серыял пра Уладзіміра Мулявіна бачыцца практыкаваннем у іншым відзе спорту.

І справа не ў дзевяці серыях супраць адной у «Купалы». З пункту гледжання маштабаў здымак і майстэрства пастаноўшчыкаў («За паўгадзіны да вясны» здымалі адразу тры рэжысёры па чарзе) абодва фільмы цалкам супастаўныя. І там, і там сцэнары складана назваць дасканалымі, а вобразы персанажаў – шматграннымі.
Уладзіміра Мулявіна ў серыяле «За паўгадзіны да вясны» гралі адразу тры артысты рознага ўзросту. Асноўныя выканаўцы – маладога Мулявіна, Глеб Калюжны, і дарослага, Арцём Валабуеў, – маскоўскія акцёры. У разлічанай на гледача ўсёй рускамоўнай прасторы рэтра-драме сімвал, наадварот, павінен выглядаць максімальна жывым чалавекам. І па законах серыяльнага жанру сюжэт тут адсунуты ў бок асабістага, не сказаць больш – інтымнага жыцця. Знайшлося месца і атмасферным дэталям: стваральнікі як маглі спрабавалі перадаць савецкую эпоху, прычым адразу некалькі яе этапаў. З гістарычных анекдотаў беларусам цікавей за ўсё сачыць за сцэнамі з удзелам кіраўніка БССР Пятра Машэрава, галоўнага апекуна «Песняроў» у застойныя брэжнеўскія гады.

Не пазбаўленая драйву і ўпрыгожаная несмяротнымі хітамі культавай групы тэлебіяграфія Уладзіміра Мулявіна ў выніку ўсё роўна выглядае толькі камерцыйным атракцыёнам для глядацкай настальгіі. Знятая беларусамі, але для расійскага медыябізнэсу гісторыя, мабыць, і не прадугледжвала аповед пра Мулявіна і «Песняроў» як частку нацыянальнай беларускай культуры і самасвядомасці. Таму фільм фармальна сумеснай вытворчасці ўспрымаецца як расійскі. І таму нават цікава, наколькі цэнзураванай будзе версія «За паўгадзіны да вясны» ў беларускім афіцыйным тэлеэфіры.

 

Купала і Мулявін — два чалавекі-сімвалы, так па-рознаму інтэрпрэтаваныя рознымі аўтарамі, і, напэўна, іх з'яўленне адбываецца на экране не ў апошні раз. Хоць гэтаму з'яўленню і спрабуюць перашкодзіць. Што ж, мы зноў дачакаліся часоў, калі кіно стала чымсьці большым, чым проста кіно, а фільмы ўсё часцей ацэньваюць не па відовішчнасці ды мастацкіх вартасцях, але па зусім іншых параметрах. Ды ўсё ж, як сцвярджаў адзін класік, забарона ў кіно – найлепшая рэклама. Так што прыемнага прагляду!

Глядзець больш
Цуды анімацыі Івана Гапіенкі
Цуды анімацыі Івана Гапіенкі

Глядзіце анімацыю і аповед аўтара пра сябе і сваю творчасць на Art-context.com

Горад, якога (ужо) няма
Горад, якога (ужо) няма

Фільмы "Гэта я, Мінск" (2022, Беларусь) і "MINSK" (2021, Расія--Эстонія)

Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага
Тут і цяпер. Што такое кіно Мікіты Лаўрэцкага

Перамога беларускага фільма "Спатканне ў Мінску" на партугальскім кінафестывалі DOCLISBOA

Анімацыя. Эксперымент. Беларусь
Анімацыя. Эксперымент. Беларусь

Усё самае галоўнае пра анімацыйны эксперымент увогуле і пра беларускі ў прыватнасці

Музыка кіно
Музыка кіно

Кіно гучыць. Музыка і музыканты заўсёды былі адным з самых папулярных сюжэтаў у беларускіх дакументалістаў. Вось і за апошні час выйшла адразу тры стужкі, прысвечаныя музычнаму кірунку.

Маланка
Маланка

Беларусь, 2020, драма, рэж. Агата Міхайлава

Фільм
Фільм "Decomposition"

Галоўны герой стужкі – сучасны Віцебск, які вымушана развітваецца са сваёй арт-сцэнай, мастакамі, культурнай ды чалавечай прасторай...