Амбасадары беларушчыны
Фільм Вольгі Дашук «Троіца» расказвае пра знакамітае этна-трыа «Троіца», якое з'яўляецца адным з самых значных і ўнікальных з'яў у беларускай музыцы, фалькларыстыцы і культуры апошніх дзесяцігоддзяў. Трое музыкаў – Іван Кірчук, Юрый Паўлоўскі і Юрый Дзмітрыеў – спалучаюць аўтэнтычны беларускі фальклор з сучаснымі музычнымі стылямі. Акрамя надзвычай арыгінальнай музыкі і майстэрскага выканання, «Троіца» выступае своеасаблівым асветнікам, які запісвае, ажыўляе і ў нейкай ступені сакралізуе беларускі фальклор. Дзякуючы ўдзелу ў міжнародных фестывалях, нашых этнаграфічных музыкаў і беларускую музыку ведаюць ва ўсім свеце.
Менавіта на відэадзённіках замежных вандровак і выступаў гурта і заснаваны фільм Вольгі Дашук. Гледачы стужкі маюць унікальны шанец убачыць «Троіцу» вачыма саміх выканаўцаў. Вандруе «Троіца» ў фільме рознымі шляхамі й спосабамі: і на аўтатрэйлеры, і цягніком, і самалётам. Дае канцэрты на розных фэстах, у розных краінах і нават кантынентах. Самі выступы – толькі частка відэадзённікаў. Асноўныя моманты жартаўліва-побытавыя. Але яны даюць уяўленне пра саміх музыкантаў і іх сяброўскія ўзаемаадносіны.
У фільме гучаць развагі кіраўніка ансамбля Івана Кірчука аб вечным, аб пошуках жыццёвых сэнсаў, пра глыбінныя карані народных традыцый. Але, бадай, ці не самыя важныя кадры – твары слухачоў «Троіцы» на канцэртах. Людзі з розных краін, рознага ўзросту і жыццёвага вопыту слухаюць спрадвечнае беларускае слова, і яно, відавочна, адгукаецца ў іх у сэрцы.
Адвесці гора і бяду
Адзінота пагражала і гераіням стужкі Галіны Адамовіч «Страла». Пасля сыходу з жыцця сваіх мужоў яны рызыкавалі апынуцца ў поўным вакууме. Выратавалі традыцыйныя беларускія спевы. Гераіні «Стралы» – удзельніцы знакамітага, і не толькі ў Беларусі, народнага калектыву «Стаўбуноўскія вячоркі». Менавіта яны раз на год, на саракавы дзень пасля Вялікадня, на Ушэсце, праводзяць старадаўні абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы», які аберагае жыхароў іх вёскі.
Вёска Стаўбун Веткаўскага раёна – ці не адзінае ў свеце месца, дзе падтрымліваецца гэты звычай у найбольш поўным і аўтэнтычным выглядзе. Які год запар праводзіцца абрад, падлічыць немагчыма. Вядома толькі, што традыцыя не перарывалася вельмі даўно. Сваімі каранямі абрад сыходзіць у старадаўнія часы і мае глыбокі сэнс. Мяркуецца, напрыклад, што страла — гэта маланка, ад небяспекі якой і павінен выратаваць гэты рытуал. Жанчыны спяваюць песні, водзяць карагод для таго, каб адвесці ад вёскі бяду і няшчасце. Самае цікавае і сакральнае пачынаецца, калі ад «ваджэння» жанчыны пераходзяць да «пахавання стралы». У полі выкопваюць ямку і прыносяць дар зямлі — гэта абавязкова тры каласкі. Кладуць і манеткі або якія-небудзь дробныя рэчы. Лічыцца, што такім чынам ад вёскі адводзяцца маланкі, зямлі надаецца ўрадлівасць і таксама заклікаецца дождж. Некаторыя ўпэўненыя, што загаданыя жаданні спраўджваюцца.
Усе гэтыя дэталі амаль не прысутнічаюць у стужцы Галіны Адамовіч. Яе «Страла» – гэта не этнаграфічна-фальклорны нарыс, а нешта нашмат большае. У аб'ектыве аператара Юрыя Дакучаева – лёсы трох удзельніц фальклорнага калектыву «Стаўбунскія вячоркі», іх чалавечыя ды творчыя партрэты. Святлана Парашчанка, Ульяна Аніськова, Валянціна Марцян – тры салісткі, тры жанчыны рознага ўзросту і знешнасці, але з падобнымі лёсамі: кожная страціла свайго чалавека. Зрэшты, іх старажытны абрад і прадугледжвае, што ў першым шэрагу ўдзельніц абавязкова павінны ісці ўдовы. Дарэчы, працоўная назва карціны Галіны Адамовіч такая і была - «Удовы». Абрадамі і спевамі, актыўным грамадскім жыццём вясковыя жанчыны спрабуюць запоўніць пустэчу. Паездкі на гастролі, удзел у самадзейнасці ўносяць шмат эмоцый у вясковае існаванне, але думкі кожнай з іх увесь час вяртаюцца на мясцовыя могілкі. Апошнія некалькі разоў узнікаюць у стужцы як важнае месца, дзе свет жывых судакранаецца са светам іншых, тых, для каго і прызначаныя старадаўнія абрады.
Пры гэтым фільм Галіны Адамовіч пазбаўлены побытавага рэалізму ці нейкіх глабальных высноў. Аўтарка абыходзіцца без маралізатарства і не імкнецца да таго, каб глядач шкадаваў яе гераінь. З дапамогай удалага мантажу спеваў, вясковых пейзажаў і інтэрв'ю гераінь выбудоўваецца няпросты эмацыйны і псіхалагічны малюнак людзей, якія спрадвеку, з пакалення ў пакаленне, жывуць на веткаўскай зямлі і, нягледзячы на цяжкасці, працягваюць непарыўную ніць беларусаў.
Зрэшты, «Страла» прапануе свайму гледачу і кароткі экскурс у гісторыю гэтай зямлі і мясцовых старажытных абрадаў – у фільме прымаюць удзел спецыялісты з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава. Менавіта такім удалым спалучэннем унікальных жыццёвых гісторый і цікавым этнаграфічным каментарыем і вылучаецца «Страла».
First Lady Of The Stage
Народная артыстка СССР і БССР Святлана Філіпаўна Данілюк больш за дваццаць гадоў была прымай беларускай оперы, яе імя стала сімвалам музычнага мастацтва нашай краіны. Бясконцыя выступленні па ўсім свеце, тэлевізійныя здымкі, стажыроўка ў La Scala, любоў кіраўніцтва... Усё засталося ў мінулым, і пасля заўчаснага зыходу спявачкі ў 2003-м пра Святлану Данілюк, як гэта ні прыкра гучыць, паступова пачалі забываць. Але існавалі шматлікія запісы, існаваў унікальны дзённік артысткі, які яна вяла на працягу дзесяцігоддзяў. Тры гады таму сын Святланы Данілюк, дыпламаваны рэжысёр-дакументаліст Максім Федасееў, прыйшоў на студыю «Летапіс» з ідэяй зняць фільм пра сваю маці і прапанаваў заснаваць яго якраз на запісах артысткі, якія яе блізкія здолелі пабачыць толькі пасля яе смерці.
Стужка «Святлана Данілюк» атрымалася незвычайнай. І таму, што гранічна шчырая па спавядальнасці, і таму, што ў ёй упершыню выкарыстаны дакументы з архіва спявачкі. Але галоўнае, незвычайная ўнікальнай драмай адзіноты творчай асобы, якая разгортваецца на вачах гледача.
Па форме «Святлана Данілюк» — біяграфічная карціна. Глядач адсочвае творчы і жыццёвы шлях гераіні, пачынаючы з яе навучання ў Кіеўскай кансерваторыі і першых крокаў на сцэне Пермскага опернага тэатра. Паралельна, дзякуючы радкам з дзённіка (іх за кадрам агучвае актрыса Юлія Палубінская), паступова раскрываецца неспакойны ўнутраны свет артысткі, яе надзвычайная патрабавальнасць да сябе і бескампраміснасць да навакольных. Гэтая патрабавальнасць, няўрымслівая энергія, пастаянныя захады да самаўдасканальвання вылучаюць постаць Святланы Данілюк сярод іншых беларускіх оперных спевакоў шасцідзясятых-васьмідзясятых мінулага стагоддзя.
Праз увесь фільм праходзіць вобраз Кармэн – любімай партыі спявачкі, да якой яна пасавала і ўнутрана, і знешне. За кадрам паралельна музыцы Жоржа Бізэ і дзённіку Святланы Данілюк гучыць і яшчэ адна споведзь – яе сына. Гучыць голас рэжысёра, Максім Федасееў расказвае пра сваё адчуванне маці, такой блізкай і такой далёкай адначасова.
Карціна мае на рэдкасць багаты і насычаны візуальны шэраг. Зразумела, мы бачым шматлікія запісы выступленняў і інтэрв'ю Святланы Данілюк, кадры мясцін, дзе праходзілі найбольш значныя моманты яе жыцця. Асобны эпізод – яе падарожжа ў Італію, і мы бачым не толькі Мілан і знакаміты тэатр La Scala, але і Верону, горад, які, мяркуючы па дзённіку, зрабіў на спявачку неверагоднае ўражанне. Важкай часткай стужкі сталі інтэрв'ю тых, хто добра ведаў артыстку і адыграў важную ролю ў яе жыцці. У фільме ўзялі ўдзел народныя артысты СССР Тамара Сіняўская і Уладзіслаў П'яўко, зорка сусветнай опернай сцэны Марыя Гулегіна, народныя артысты Беларусі Аляксандр Анісімаў, Ніна Ламановіч, Наталля Руднева і іншыя.
Галоўная ж выснова стужкі Максіма Федасеева – за эмацыйнай, энергічнай постаццю Кармэн хавалася чуллівая, вельмі крохкая натура, для якой адзінота вялікага таленту стала фатальнай.