Мінчанін Іван Гапіенка пачаў працаваць у анімацыі ў 17 гадоў. У 19 гадоў ён самастойна скончыў сваю першую карціну «Дзеці будучага спяць». У 2020 годзе Іван завяршыў навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «дызайнер», а яго дыпломнай працай стаў фільм у рэдкай тэхніцы «fulldome», або паўнакупальнай анімацыі, які можна ўбачыць у Мінскім планетарыі.
З тых часоў Іван паспеў папрацаваць над музычнымі кліпамі («Нагуаль», «Дрэздан»), разам з Валодзей Нефедавым заснаваў анімацыйную студыю Juniper Animation Studio (wearejuniper.art), прымаў удзел на некалькіх праектах іншых аніматараў, зрабіў шэраг аўтарскіх стужак, да якіх піша сцэнар і перыядычна музыку. Ён таксама вядзе тэлеграм-канал аб аўтарскай анімацыі Anknoўn — Цуды Анімацыі. А ў сакавіку 2023 года завяршыў працу над новай карцінай «Lullaby» («Калыханка»).
Шлях Івана Гапіенкі ў анімацыю пачаўся з фільма:
Дзеці будучага спяць (2015)
Далей былі розныя фрыланс заказы, невялікія анімацыйныя праекты, а таксама вялікая колькасць навучальных, як кажа сам аўтар, «вясёлых» работ. Накшталт невялікага фільма «Далей-далей» 2019 года — першы досвед працы з паўнакупальным кіно для планетарыя, які атрымаў некалькі ўзнагарод. Далей быў удзел у праектах студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільма», у прыватнасці альманаху «У Палессе на балоце» Руслана Сінкевіча, «Пчолка» Наталлі Касцючэнка, «Дантэ Беатрычэ» Ірыны Кадзюковай.
Фільм «Царства зорак» (2019) стаў на дадзены момант, мабыць, самым вялікім праектам Івана Гапіенкі. Першыя напрацоўкі былі яшчэ ў 2014-2015 гадах і потым ішоў доўгі працэс працы над фільмам паралельна з вучобай і працай. Аўтар выкарыстаў вельмі шырокі матэрыял, які цудам умясціўся ў фармат кароткаметражкі. На вялікі жаль, фільм застаўся амаль незаўважаны публікай з-за кавіднага фестывальнага 2020 года і наступных падзей. На погляд аўтара гэта вельмі важная праца, якую ён, па яго словах, перыядычна пераасэнсоўвае.
«Вечар» (2020), як кажа аўтар, гэта першая рэфлексія пасля пустэчы «Царства зорак», гэта анімацыя маляваная на паперы і кальках, стваралася ўсюды, дзе была магчымасць зрабіць для гэтага паўзу. На пошце, у транспарце, у Акадэміі мастацтваў. Простая праца, але Івана Гапіенку яна дагэтуль кранае.
Далей у творчым жыцці Івана Гапіенкі зноў ідуць фрыланс-заказы, праца на геймдзеў-кампанію, дзе ён працаваў 2 гады, паўтара з якіх у ролі Lead Motion Designer. Таксама ён распрацоўваў новы фільм, які дагэтуль пакуль не змог рэалізавацца. У 2020 годзе з'явіўся фільм «Мары пра космас» («Мара зорак») як дыплом у Беларускай акадэміі мастацтваў, спроба зрабіць праект — прыклад для студэнтаў, як трэба аб'ядноўваць намаганні для складаных задач. На погляд самога аўтара і астатніх эксперымент атрымаўся, у выніку атрымаўся 17-хвілінны фільм для планетарыя. У працы над фільмам удзельнічала трое студэнтаў трэцяга курса акадэміі мастацтваў, гукарэжысёр з «Беларусьфільма», у канцы фільма выкарыстоўваецца музыка гурта «Навібэнд». Арыгінальная моўная версія фільма беларуская, ён таксама перакладзены на рускую і англійскую. З 2022 года фільм паказваецца ў пастаянным рэпертуары Мінскага планетарыя.
У 2022 годзе Іван Гапіенка сыходзіць з геймдзева і сумесна са сваім сябрам Валодзем Няфёдавым адкрывае ўласную кампанію ў Варшаве. Увесь мінулы год Іван Гапіенка працаваў над пяціхвілінным фільмам «Калыханка». Фільм стаў часткай анталогіі фільмаў ад Кракаўскай студыі Pigeon, галоўная мастачка «Калыханкі» — Кацярына Дубовік, гук пісаў і зводзіў Канстанцін Усціновіч, анімацыю рабіла ўкраінская аніматарка Аліна Мілкіна.
Матэрыялы да фільма і трэйлер можна паглядзець тут:
Калыханка (2022, трэйлер)
Глядзіце фільмы Івана Гапіенкі на Art-context.com:
«Мара Зорак» / «Мары пра космас» (2020)
«Царства Зорак» (2019)
Сайт фільма: https://kingdom-of-stars.com/