BY
па-беларуску
«Як H&M»

«Як H&M»

Фартух, намітка ды андарак як сродак нацыянальнай ідэнтыфікацыі

Традыцыйны строй – важная частка матэрыяльнай культурнай спадчыны і падстава для лепшага разумення сваёй радзімы. У Беларусі строй адрозніваецца не толькі паміж рэгіёнамі, але і паміж вёскамі. Заснавальніцы майстэрні V&M Вольга Барышнікава і Марыя Латышава расказалі пра адрозненні паміж беларускімі строямі, свой шлях у галіне традыцыйнага адзення і папулярнасць строя сярод беларусаў раней і цяпер.


Рэпрэзентацыя культуры праз святочнае

Пры ўспаміне пра беларускі традыцыйны строй прыгадваецца ўрачыстае і аздобленае вышыўкай адзенне. Аднак, такі строй нашыя продкі насілі часцей за ўсё на святы. Бо, канешне ж, у святочных рэчах людзі не працавалі. Штодзённыя строі таксама захаваліся ў Беларусі.

– Мне здаецца, гэта натуральна для чалавека – хацець рэпрэзентаваць сваю культуру праз штосьці прыгожае, святочнае і выкшталцонае, – падкрэслівае Вольга.
Па святочным адзенні, у адрозненні ад паўсядзённага, значна лягчэй вызначыць, да якога рэгіёну належыць строй, заўважаюць Вольга і Марыя. У кожным этнакультурным рэгіёне і, часам, у асобнай вёсцы існуюць свае тэхналагічныя і стылістычныя асаблівасці святочнага строя і характэрныя элементы. Напрыклад, прыгадвае Вольга, такі не вельмі папулярны, але цікавы элемент мужчынскага адзення як шыйная хуста. 

Рэканструкцыя мужчынскай шыйнай хусты з тэрыторыі Магілёўскай вобласці, праца Вольгі Барышнікавай

Традыцыйны жаночы строй складаўся з наступных базавых элэментаў: кашуля (яна ж сарочка), паясное адзенне (андарак, спадніца, панёва), фартух, пояс, галаўны ўбор (хустка, каптур, намітка, апошнюю насілі замужнія жанчыны, і г.д.). Мужчынскі – кашуля, нагавіцы, пояс. Марыя заўважае, што ў рэгіёнах, куды прамысловая рэвалюцыя прыйшла хутчэй, на строй паўплывала гарадская мода. Так, напрыклад, у гэтых мясцінах хутчэй змяніўся крой жаночай сарочкі і спадніцы, раней і шырэй сталі выкарыстоўвацца фабрычныя тканіны.

Касцюмы звычайна рабілі з натуральнай тканіны: ільну, воўны ці каноплі. Тыя, хто маглі гэта сабе дазволіць, тканіну набывалі. Іншыя – ткалі на кроснах.

"...памылковыя музейныя подпісы альбо іх адсутнасць могуць увесці ў зман"

У Беларусі вылучаюць больш за некалькі дзесяткаў строю. Рэгіянальную разнастайнасць адзення прасцей за ўсё прасачыць менавіта праз жаночы касцюм. Паколькі мужчынскія строі не маюць такой ярка выражанай рэгіянальнай адметнасці.

– Мужчынскі строй не настолькі інфарматыўны ў плане лакалізацыі, як жаночы, – тлумачыць Вольга. – Калі мы глядзім на комплекс жаночага адзення, можна з досыць вялікай доляй дакладнасці вызначыць, адкуль гэты комплекс адзення паходзіў. Часамі дастаткова аднаго элемента, каб вызначыць мясцовасць, у якой ён быў створаны. Напрыклад, калі глядзіш на шырокі тканы ці зроблены ў тэхніцы спрэнг чырвоны пояс, то можна меркаваць, што ён паходзіць з тэрыторыі сучаснай Брэсцкай альбо Гомельскай вобласці.

Майстрыхі заўважаюць, што ў высвятленні рэгіёна, да якога належыць жаночы строй, вялікую ролю адыгрываюць тэхнікі, выкарыстаныя пры яго стварэнні. Яны ўзгадваюць некалькі выпадкаў, калі праз гэтае спецыялісты распазналі памылковую атрыбуцыю некаторых музейных экспанатаў:

– Некалькі гадоў спецыялісты – тэарэтыкі і практыкі – абмяркоўвалі кашулю з Гудзевічаў (Мастоўскі раён), – расказвае Марыя. – Праверыўшы музейную дакументацыю, выявілі, што яна з Гомельшчыны. Хоць у музеі было напісана, што гэта Бераставіцкі строй. Перад усім у атрыбуцыі кашулі дапамагла характэрная тэхніка вышыўкі па маршчэнні на манжэтах кашулі.

Марыя ўзгадвае яшчэ адну кашулю, прадстаўленую ў экспазіцыі Наваградскага музея. Праз асаблівы тып лікавай гладзі, які сустракаецца на Гомельшчыне вызначылі, што яна таксама не мясцовая. Вольга прыгадвае аналагічны выпадак:

– У экспазіцыі Слонімскага музея прадстаўлены дзве кашулі, якія паходзяць з тэрыторыі Гомельшчыны. Гэта таксама ўдалося вызначыць па характэрных дэкатарыўна-злучальных швах і кампазіцыі арнамента, не ўласцівых тэрыторыі Панямоння. Натуральна, калі вы не з'яўляецеся спецыялістам у галіне традыцыйнай матэрыяльнай культуры, то памылковыя музейныя подпісы альбо іх адсутнасць могуць увесці ў зман. 
 

Кашуля з дэкаратыўна-злучальным швом “капейкі” у экспазіцыі Слонімскага музея, фота Вольгі Барышнікавай

 

Кашуля з дэкаратыўна-злучальным швом “капейкі” у экспазіцыі Слонімскага музея, фота Вольгі Барышнікавай

Розніца – у дэталях

Разам з Вольгай і Марыяй мы вырашылі на прыкладзе дзвюх комплексаў традыцыйнага адзення разабраць асаблівасці жаночага строю. Марыя прапанавала расказаць пра строй, які сустракаецца на тэрыторыі Кобрынскага раёну:

– Тут выкарыстоўваецца дастаткова вузкае палатно саматканае, таму жаночая кашуля будзе пашытая хутчэй за ўсё з трох полак (кавалкаў тканіны). Палотнішча рукава будзе аздоблена прадольнымі палосамі, выкананымі ў тэхніцы бранага ткацтва альбо вышытымі процягам, радзей крыжыкам. На паліку і ўверсе рукава, у сваю чаргу, будуць папярочныя палосы арнаменту ў такой самай тэхніцы. 
 

Дзявочыя строі пачатку ХХ ст., вёска Яромічы Кробрынскага раёна. Паводле М.Раманюк. Беларускае народнае адзенне - Мінск, 1981. - Мал. 5

Фартух будзе мець некалькі арнаментальных палосаў, якія пераклікаюцца з аздабленнем кашулі, але неабавязкова яго паўтараюць. Прычым, палосы будуць ісці ў ніжняй палове. Хутчэй за ўсё, фартух будзе зроблены з дзвюх альбо трох полак, бо палатно не дужа шырокае. Гэтыя полкі могуць быць злучаны дэкаратыўна-злучальным швом, напрыклад, тыпу пляцёнка, альбо проста сшытыя наглуха швом назад іголку.

Калі мы кажам пра зімовы строй, на жанчыне будзе чырвоны ваўняны андарак у тонкія прадольныя палоскі. Калі мы кажам пра летні строй, то гэта будзе комплекс з “палатняныкам” (летняя льняная ці баваўняна-льняная спадніца) светлых адценняў, напрыклад, з нябеленага лёну, аздобленага чырвонымі папярэчнымі палосамі.
Марыя дадае, што намітка (мясцовая назва “плат”) у Кобрынскім строі мае некалькі адметных спосабаў завівання. Адзін з іх – калі на спіну жанчыне спускаецца даўгі канец палатна, амаль да зямлі. А пояс у такім строі часцей за ўсё прадстаўлены чырвонай паласатай крайкай.

Канешне, могуць быць і выключэнні з гэтага правіла.
 

Сялянка з в. Ліпава Кобрынскага раёна, фота Д. Георгіеўскага, 1937 г.

Вольга расказвае пра строй Магілёўска-Смаленскага памежжа ў зоне Верхняга Падняпроў'я. У гэтай мясцовасці майстрыха ладзіла этнаграфічную экспедыцыю, падчас якой шмат працавала з элементамі традыцыйнага адзення: фатаграфавала, мерала, апісвала, і гэтак далей.
– Тут сустракаюцца досыць разнастайныя комплексы адзення: ад цалкам тканых з лаканічным геаметрычным арнаментам да святочна-пярэстых камплектаў, што спалучаюць у сабе некалькі розных тэхнік вышыўкі. Напрыклад, у больш позніх вырабах на паліках можа размяшчацца лікавая гладзь альбо вышыўка процягам, а на рукаве – вышыўка крыжыкам. Альбо наадварот.
 

Жаночая кашуля, рэканстукцыя В. Барышнікавай паводле музейных экспанатаў з г.п. Манастыршчына Смаленскай вобласці

Фартухі могуць быць багата аздобленыя і досыць шырокія. Але ж, канешне, не настолькі шырокія, як знакамітыя фартухі з вёскі Бездзеж Драгічынскага раёна. 
Яшчэ адна асаблівасць гэтага строю, прыгадвае Вольга, – саяны. Саян – гэта спадніца, прышытая да ліфа. Што тычыцца галаўнога ўбора, то пазнаць гэты рэгіён можна дзякуючы хусткам з махрамі, завязанымі спецыфічным чынам.
 

Маладыя жанчыны з сяла Заходы Горацкага павета Магілёўскай губерні, 1903 год, фота В.К. Косткі

 

Дзяўчаты ў саянах, г. Мсціслаў, Магілёўская губерня

 

Вольга ў строі ўласнай працы паводле строю Манастыршчынскага раёна

Топ 5 цікавых і папулярных строяў

Да ліку папулярных строяў Беларусі адносяцца найперш тыя, якія больш за ўсё даследаваны навукоўцамі і, дзякуючы іх працы, мы ведаем пра гэтыя строі. Майстрыхі вылучылі свой асабісты топ 5 строяў. 

У топ Марыі ўвайшлі строй з тэрыторыі Гомельскага раёна, а таксама Калінкавіцкі, Кобрынскі, Маларыцкі і Дамачаўскі строі. Марыя дадае, што на тэрыторыі сучаснага адміністрацыйнага Кобрынскага раёна існаваў больш, чым адзін строй.
 

Марыя са сваім мужам ў аўтэнтычным Маларыцкім строі, фота Змітра Даўгалевіча

– Маларыцкі строй вельмі своеасаблівы. У Маларыце і Кобрыне шмат бранага ткацтва. Там ёсць спецыфічныя ткацкія тэхнікі. Ёсць розніца тэрміналагічная: зімовая версія спадніцы называлася бурка, летняя – летнікам. На жаль, некалькі год таму памерла Сцепаніда Сцепанюк, якая была ткачыхай і дзякуючы якой шмат у каго з аматараў фальклору засталіся элементы Маларыцкага строю, зробленныя рукамі Сцепаніды Аляксееўны. Я асабіста ведаю не менш за пяць чалавек, якія маюць рэчы ад яе. 

Што датычыцца Усходняга Палесся, Калінкавічаў, напрыклад, там вельмі характэрныя кампазіцыйныя спалучэнні. Жаночыя кашулі характарызуюцца вялікай колькасцю вышыўкі альбо ткацтва на рукавах і паліках, часта маюць каўняры-брыжы. Гарсэты маюць адмысловы крой і багаты дэкор. Гэты строй досыць папулярны. Аднак, мала хто яго аднаўляе цалкам, бо гэта вялікая колькасць работы. І адпаведна для замоўцы гэта часта бывае непад'ёмная сума.

Працэс сшывання рукава і паліка кашулі да Калінкавіцкага строю, рэканструкцыя В. Барышнікавай

Дамачаўскі строй вы ні з чым не пераблытаеце. Хіба што з Падляшска-Надбужаньскім. Насамрэч, гэта назва таго самага строю з польскага боку, арэал бытавання якога падзелены сучаснай беларуска-польскай мяжой.
 

Кашуля да Дамачаўскага строю, рэканструкцыя М. Латышавай, мадэль Дар’я Смоліна, фота Яўгена Барышнікава

 

Кашуля да Дамачаўскага строю, рэканструкцыя М. Латышавай, мадэль Дар’я Смоліна, фота Яўгена Барышнікава

 

Андарак і фартух да Дамачаўскага строю, рэканструкцыя Яўгена Маркевіча і Марыі Латышавай, фота М. Латышавай і В. Барышнікавай

 

Гарсэт да Дамачаўскага строю, рэканструкцыя М. Латышавай, фота Марыі Латышавай

 

Гарсэт да Дамачаўскага строю, рэканструкцыя М. Латышавай, фота Марыі Латышавай

 

Гарсэт да Дамачаўскага строю, рэканструкцыя М. Латышавай, фота Марыі Латышавай

Асабісты топ Вольгі фарміруюць строі з мясцін, адкуль паходзяць яе карані, а таксама тэрыторыі, на якіх яна праводзіла ўласныя навуковыя даследаванні. Найперш, гэта адзенне, якое насілі на тэрыторыі Заходняга Падзвіння. Бо Вольга родам з вёскі Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. На другім месцы – строй старавераў гэтай тэрыторыі. Таксама Вольга вылучае для сябе комплекс адзення з Віцебска-Смаленскага і Магілёўска-Смаленскага памежжа і строй вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна.

– Строй з маёй радзімы – нягледзячы на тое, што ў ім цалкам адсутнічае вышыўка, – я лічу вельмі ўрачыстым, – тлумачыць Вольга. – Гэта адзенне, якое было распаўсюджана на тэрыторыі Дзісненскага павета Віленскай губерні. Дзякуючы спецыялістцы з Акадэміі Навук і даследчай працы мясцовага краязнаўцы Кастуся Шыталя, які знайшоў фота жанчыны ў намітцы, зробленае ў пачатку XX ст., нам удалося рэканструяваць спосаб навівання гэтага галаўнога ўбору.
 

Вольга ў строі ўласнай працы, які насілі жыхары Дзісненшчыны

 

Жаночы насоў і фартух, рэканструкцыя В. Барышнікавай паводле аўтэнтычных музейных прадметаў, якія захоўваюцца ў Расійскім этнаграфічным музеі ў калекцыі “Беларусы Смаленшчыны”
Насоў – верхні слой вопраткі на цёплы перыяд

 

Жанчыны з вёскі Неглюбка Веткаўскаг раёна Гомельскай вобласці, 1950-я гг.

Першыя строі майстрынь

Праца над стварэннем традыцыйнага беларускага строя досыць карпатлівая. Яна займае шмат часу і патрабуе не толькі тэхнічных навыкаў, але і глыбокіх тэарытычных ведаў. Шлях да вывучэння беларускага адзення ў нашых гераінь пачаўся па-рознаму. Марыя, напрыклад, пачала займацца беларускім строем дзякуючы танцам:

– У пэўны момант мне трэба было ехаць на конкурс традыцыйных беларускіх танцаў. Выступаць я мусіла ў строі. Прыйшлося нешта хуценька прыдумляць. Я сшыла спадніцу, пазычыла кашулю, купіла фартух. Апранула – і зразумела, што мне не падабаецца спалучэнне, але ёсць як ёсць і прыйдзецца ехаць у гэтым. А на наступны год я ўжо пастаралася самастойна зрабіць хаця б кашулю, вось так і пайшло-паехала.
 

Той самы “строй” Марыі падчас падрыхтоўкі да танцавальнага конкурсу

 

Ваўкавыска-Камянецкі строй (паводле М. Раманюка), кашулю да якога Марыя закончыла ўжо ў эміграцы, фота Наталлі Анушкевіч

 

Ваўкавыска-Камянецкі строй (паводле М. Раманюка), кашулю да якога Марыя закончыла ўжо ў эміграцы, фота Наталлі Анушкевіч

 

Марыя трымае ў руках аўтэнтычны падляшскі каптур падчас фестывалю Сонцаграй, Супрасль, фота В. Барышнікавай

Вольга жа ўзгадвае, што пачала цікавіцца беларускімі рамёствамі яшчэ ў дзяцінстве:

– У пачатковай школе я хадзіла ў ткацкі гурток, дзе мы ткалі на кроснах рушнікі і ходнікі, на дошчачках – паясы. Пераехаўшы ў горад, я пачала прафесійна займацца даследаваннем музычнага фальклору.

Найперш, я этнамузыколаг, даследчык музычнага фальклору. Падчас этнаграфічных экспедыцый я зразумела, што традыцыйная культура – гэта усё ж такі сістэма, у якой усе складнікі функцыянуюць у непарыўнай сувязі. Таму даследаваць толькі структуру песні, не ведаючы, якое адзенне насілі гэтыя людзі, які быў этнаграфічны кантэкст у гэтым рэгіёне, досыць аднабакова, на маю думку. І наадварот: цікавіццца толькі строямі, не звяртаючы ўвагу на асаблівасці традыцыйнай абраднасці рэгіёна таксама досыць абмяжоўвае. 

Для агульнага разумення традыцыйнай культуры як комплекснай з’явы Вольга і пачала цікавіцца строем.

– Калі я толькі пачала цікавіцца традыцыйным адзеннем, мне адразу хацелася шыць тое, што ніяк не звязана з маімі продкамі, – працягвае Вольга. – І сёння я разумею, чаму: бо я не ведала свайго, але добра ведала чужое. Дзякуючы таму, што гэтае чужое хтосьці вывучыў і расказаў пра яго сусвету. Зараз, трошачкі даведаўшыся пра асаблівасці традыцыйнай культуры свайго рэгіёну, мне хочацца распавядаць пра гэта людзям.
 
"Мы прыйшлі на яе гарышча і былі ў шоку"

У 2023 годзе Вольга і Марыя адкрылі майстэрню V&M у Гданьску, дзе яны ствараюць жаночыя і мужчынскія беларускія строі. Майстрыхі хочуць паказаць, што традыцыйнае святочнае адзенне таксама можна насіць і ў сучаснасці.

Вольга і Марыя пазнаёміліся яшчэ ў Беларусі. Апынуўшыся ў Гданьску, праз нейкі час у іх нарадзілася думка аб майстэрні, расказвае Марыя:

– Мы пазнаёміліся з Мартынай Нагурскай, якая прыдумала сацыяльную інавацыю – Baba z Wrzeszcza. Яна збірае старыя матэрыялы, тканіны, ніткі. Знаёмства з ёй было выпадковым. І калі мы прыйшлі на яе гарышча, мы былі ў шоку: колькі ў яе вінтажных матэрыялаў, якія ідэяльна пасуюць для стварэння традыцыйнага адзення. Так, пачалося наша супрацоўніцтва з Мартынай. 

Зараз майстрыхі выкарыстоўваюць не толькі вінтажныя тканіны, але і новыя. Яны супрацоўнічаюць з майстрамі, якія ўмеюць ткаць на кроснах. Вольга і Марыя заўважаюць, што розніцы ў даступнасці матэрыялаў паміж Беларуссю і Польшчай няма. Адзінае, што даматканая тканіна ў Польшчы каштуе больш, і заўсёды яна беларуская ці ўкраінская. Таму майстрыхі замаўляюць яе з Беларусі.

Бывае, людзі самі прыносяць тканіну, з якой хочуць сабе строй. Вось, напрыклад, аднойчы ім прынеслі тканіну, якая належала прабабулі замоўцы. Часам падбор тканіны залежыць ад асаблівасці строю. У некаторых, напрыклад, можна ў пэўных элементах выкарыстоўваць сучасную тканіну.

– Безумоўна, ёсць попыт на строй, – адзначае Вольга. – Колькасць людзей, якія валодаюць досыць якаснымі і добра пашытымі строямі, вельмі вырасла. Відавочна, зараз у людзей у эміграцыі існуе запыт на самавызначэнне. Таму беларусы набываюць сябе строй, каб візуальна абазначыць сябе ў іншакультурным грамадстве. Абазначыць, што я – беларус ці беларуска. Напрыклад, сярод немцаў і нарвежцаў досыць папулярна хадзіць у сапраўдным строі на ўрачыстасці. 

Ці стала ў нас больш замоваў? У нас іх, скажу шчыра, шмат. Мне здаецца, што напачатку іх было меньш таму, што пра нас не так шмат людзей ведала. Мы з Марыяй ніколі ад пачатку існавання нашай майстэрні не былі ў сітуацыі, калі няма замоваў. 

"У хуткім часе будзем як H&M гарсэт шыць"

Бывае, людзі звяртаюцца да майстрых па рэканструкцыю канкрэтнага строю ці яго элемента. Некаторыя, у сваю чаргу, просяць, каб ім дапамаглі абраць строй. Тады майстрыхі іх кансультуюць і прапануюць звярнуцца найперш да тых мясцін, адкуль замоўцы родам.

– Вельмі часта нам прыходзіцца самастойна рабіць пошукавую работу, – тлумачыць Вольга. – Людзі часам кажуць, што маюць абмежаваны бюджэт. І тады мы страемся прапанаваць штосьці у рамках пэўнай сумы. 

Мне не вельмі цікава рабіць для нашых замоўцаў рэчы, якія стваралі іншыя майстры. Бо беларуская культура – вельмі багатая. Існуе вялікая колькасць экспанатаў, і, можа быць, ёсць дзесьці ў якім-небудзь школьным музеі кашуля, якую яшчэ ніхто не шыў. Канешне, мне заўсёды цікава прапанаваць штосьці эксклюзіўнае.

Але ёсць і мадэлі, якія выкрадаюць сэрцы кліентаў, таму іх часта замаўляюць:

– У нас ёсць адна мадэль гарсэта. Мы смяемся, што ў хуткім часе будзем як H&M яго шыць у размернай сетцы на некалькі варыянтаў росту, – усміхаецца Марыя. – Гэта гарсэт з Маладзечанскага раёну, які ў старой экспазіцыі Музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі Навук быў апрануты на Навагрудскі строй.

Гарсэт з Маладзечанскага раёна, паводле М. Віннікава. Гарсэт, кабат, шнуроўка: безрукаўка ў беларускім народным адзенні. - Мінск, 2010. - С. 44

 

Гарсэт з Маладзечанскага раёна, паводле М. Віннікава. Гарсэт, кабат, шнуроўка: безрукаўка ў беларускім народным адзенні. - Мінск, 2010. - С. 44

На розныя элементы строя ў майстрых можа зыйсці да некалькі месяцаў работы. Усё залежыць ад складанасці тэхнік і элементаў касцюма. У сваёй працы Марыя і Вольга абапіраюцца на навуковыя даследванні і ўласны досвед працы з аўтэнтычным тэкстылем.

У Майстэрні ёсць шэраг "Біблій" – навуковых публікацый, каталогаў і метадычных дапаможнікаў, да якіх дзяўчыны звяртаюцца амаль штодзённа. Гэта публікацыі такіх аўтараў, як М.М. Віннікава, В.А. Лабачэўская, Г.Р. Рудніцкая, З.І. Зіміна і іншых.

Замовіць беларускі строй могуць як мужчыны, так і жанчыны. Акрамя гэтага, Марыя і Вольга арганізуюць вечарыны традыйных танцаў у Гданьску, на якія вы можаце завітаць. Таксама Вольга выкладае традыцыйны спеў (у тым ліку і анлайн).
 

Глядзець больш
«Магчымасць мець Радзіму...»
«Магчымасць мець Радзіму...»

Беларускае саломапляценне: традыцыі ды ідэнтычнасць

Выцінанка да Калядаў
Выцінанка да Калядаў

Старажытнае беларускае мастацтва з Вольгай Палуніцай

«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»
«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»

Мастачка і заснавальніца ініцыятывы VEHA Леся Пчолка пра незалежны архіў, сямейныя фотаздымкі і нябачны бок гісторыі

Мысляр перадусім
Мысляр перадусім

Выстава памяці мастака Уладзіміра Лукашыка ў НЦСМ