BY
па-беларуску
«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»

«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»

Мастачка і заснавальніца ініцыятывы VEHA Леся Пчолка пра незалежны архіў, сямейныя фотаздымкі і нябачны бок гісторыі

У 2017 годзе быў заснаваны незалежны фотаархіў VEHA, мэтай якога стала візуальнае даследаванне гісторыі Беларусі праз аматарскія здымкі. З таго часу ініцыятыва VEHA збірае і каталагізуе лічбавыя копіі фотаздымкаў з сямейных архіваў, што тычацца розных аспектаў грамадскага жыцця ад моманту з'яўлення фатаграфіі і да 1980-х гадоў.
Архіў фармуецца вакол розных тэмаў, іх пакуль пяць: «Найлепшы бок» – партрэт на фоне дывана, «Дзявочы вечар» – вясельныя здымкі, «Апошні фотаздымак» – пахаванне, «Людзі лесу» і «Руіны Беларусі».
Згадалі з Лесяй Пчолкай, мастачкай і заснавальніцай ініцыятывы VEHA, як ствараўся незалежны архіў, разабралі працэс, вынікі і ўплывы архіўнай працы, паразважалі, як уздзейнічае эміграцыя на збор і даследаванне сямейных фатаграфій.

– Незалежны архіў візуальнай гісторыі Беларусі... У чым для цябе асабіста была патрэба распачаць гэтую ініцыятыву? Ці гэта разуменне таго, што старыя здымкі псуюцца і іх трэба ратаваць, ці жаданне правесці сваю лінію ў гістарычным наратыве, канструяваць гісторыю з прынцыпова неідэалагічных пазіцый? Чаго было больш? Які быў галоўны імпульс?
– Мяне цікавіць менавіта гісторыя паўсядзённасці, якая ў нашай гістарыяграфіі найменш апісаная. Палітыка грунтуецца на падзеях і імёнах. Мы ж займаемся адваротным, нябачным бокам – прыватнай гісторыяй людзей.
 

1961 г., в. Здзітава, Бярозаўскі р-н, Брэсцкая вобл. Сяргей і Анастасія Глінскія і іх дачка Ніна. Прадаставіла Анастасія Даніловіч. Архіў VEHA, калекцыя «Найлепшы бок»

– З чаго пачалося стварэнне архіва? Якія крокі былі на самым пачатку?
– Спачатку я расказвала сваім сябрам і знаёмым пра ідэю. Размаўляла з адмыслоўцамі, якія займаюцца архівамі, спрабавала знайсці патрэбную інфармацыю. Не ўсе ёй дзяліліся ахвотна, але ўрэшце з'явіўся пул людзей, якія пагадзіліся прыняць удзел, і кожны з іх бачыў тут свой інтарэс – свае плюсы і мінусы.
Не ведаю, ці варта гэта прагаворваць, аднак скажу для не знаёмых з беларускім кантэкстам: у Беларусі незалежныя інстытуцыі развіваліся без фінансавання і грантаў. Таму многія ініцыятывы шукалі, якія кірункі дзейнасці можна скарыстаць, каб зарабіць грошы непасрэдна на працу.
Напрыклад, мы праводзілі курсы па працы з сямейнымі фотаархівамі, шукалі іншыя шляхі, каб працаваць больш стабільна. Немагчыма сабраць сталую каманду, калі ты будуеш інстытуцыю на асабістым імпэце. Мала хто гатовы працаваць увесь час бясплатна, таму людзі збіраліся вакол праекта на кароткі тэрмін і разыходзіліся, калі праца завяршалася. Гэта дазволіла развівацца VEHA даволі ўстойліва.
Цяпер у нашай камандзе настала працуюць два чалавекі – я і мая каляжанка.
 

18 лістапада 1959 г., в. Бушмічы, Камянецкі р-н, Брэсцкая вобл. Сям'я Маруціч. Прадаставіла Іна Мельнік. Архіў VEHA, калекцыя «Найлепшы бок»

– Назаві, калі ласка, усе этапы працы над кожным праектам. Што канкрэтна вы робіце? З’яўляецца тэма – і што далей? Якія дзеянні трэба зрабіць, каб гэта закончылася вынікам – алічбаваным архівам і надрукаванай кнігай?
– Спачатку мы абіраем тэму, якая б рэзанавала з нашым часам. І збіраем лічбавыя копіі фотаздымкаў. Любы чалавек, які пераглядзіць свае старыя сямейныя фотаздымкі і знойдзе нешта, што пасуе да тэмы, можа даслаць нам лічбавы файл з апісаннем.
Гэтыя анлайн-копіі каталагізуюцца, апрацоўваюцца, дадаюцца ў каталог, выкладаюцца ў інстаграм, вывучаюцца. Гэта займае год-два-тры, у залежнасці ад тэмы. Вынікам кожнага праекта з’яўляецца стварэнне кніжкі. Кніга становіцца дакументам, які можна вывучаць і да якога можна вяртацца. У гэтых кнігах захоўваецца цэлы пласт візуальнай гісторыі беларусаў. І мы хочам, каб гэтыя здымкі ішлі далей, каб імі таксама нехта займаўся.
Усе выданні – іх чатыры на дадзены момант – былі зроблены на беларускай і ангельскай мовах. Яны выданы афіцыйна, то-бок іх можна знайсці ў бібліятэках Беларусі. Апошні том, «Людзі лесу», можна адшукаць у Польшчы, таму што друкавалі мы яго ў гэтай краіне.
Гэта ўсё важна таму, што анлайн-архіваў у Беларусі мала, калекцыі музеяў недастаткова алічбаваныя. Даследчыкам не так проста знайсці інфармацыю. За ўвесь час нашай працы мы пастаянна атрымліваем лісты ад розных людзей, ад адмыслоўцаў, якія вывучаюць этнаграфію і гісторыю, ад навукоўцаў, якія просяць доступ да архіваў ці дазвол на выкарыстанне нейкіх здымкаў.
 

1940–1950 гг., Пінскі р-н, Брэсцкая вобл. Крыніца: Беларускі архіў вуснай гісторыі. Архіў VEHA, калекцыя «Найлепшы бок»

– Вы працуеце як своеасаблівы альтэрнатыўны музей. Фотаздымкі мала таго што апісаны і размешчаны ў каталогу, вы праводзіце яшчэ іх інтэрпрэтацыю, запрашаючы адмыслоўцаў, якія пішуць тэксты. Праз прыватную гісторыю, праз гэтыя аматарскія здымкі ці пераасэнсоўваюцца ў гэтых тэкстах нейкія ідэалагічныя канструкты?
– Самая галоўная вартасць нашых праектаў: людзі пачынаюць разумець, што іх асабістае жыццё, жыццё іх сям'і – гэта і ёсць гісторыя супольнасці. І гэта самае важнае, бо ў таталітарных і аўтарытарных, як Беларусь, краінах людзі ананімныя ў сваёй жа гісторыі.
Самае галоўнае, што робіць VEHA, – змяняе гэтую сітуацыю. Людзі прымаюць удзел у стварэнні і захаванні гісторыі.

– Якім чынам тэмы архіва звязаныя з нашай рэчаіснасцю? Якім чынам фотаздымкі з людзьмі на фоне дыванкоў суадносяцца з тым часам, калі ты пачала іх збіраць? Ці фота людзей у лесе?
– Першы наш праект «Найлепшы бок» – пра самапрэзентацыю людзей на здымках, ён быў першым і такім чынам стаўся нашай уласнай прэзентацыяй.
У кожным праекце ёсць шмат пластоў, якія можна вывучаць. Бо ў фатаграфіі ёсць цікавая асаблівасць: на яе можна глядзець з трох розных бакоў.
Ёсць як мінімум тры перспектывы для аналізу фатаграфічнага адбітка.
Першае – гэта сюжэт фатаграфіі: тое, што мы бачым, здольныя кантэкстуалізаваць, вобразы, якія мы пазнаем.
Другое – сама плоскасць фатаграфіі: заломы, стан эмульсіі, подпісы і іншыя ўнікальныя асаблівасці (старэнне, пашкоджанні выкліканыя часам).
І трэцяе, нябачнае, – кантэкст па-за фатаграфіяй: гісторыя стварэння, аўтар, гістарычны і палітычны фон, колькасць копій і іншае.
У выпадку лічбавых архіўных фатаграфій, з якімі мы працуем, ёсць шэраг дадатковых крытэрыяў, якія неабходна ўлічваць пры аналізе. Дакладнасць інфармацыі, якасць і паўната дадзеных залежаць не ад нас, а ад уладальніка фатаграфіі, які перадае ў архіў VEHA лічбавую копію.
Аднак людзі, якія аналізуюць здымкі, бачаць толькі свой бок, сваю грань гісторыі.
 

1945–1947 гг., в. Ланькаў, Бялыніцкі р-н, Магілёўская вобл. Сям'я Трусавых. Прадаставіла Дар'я Якубовіч. Архіў VEHA, калекцыя «Найлепшы бок»

У «Найлепшым боку» паказаны людзі ў міжваенны перыяд, даволі складаны час. Для вясковай фотасесіі яны апраналі сваё самае лепшае адзенне, нібы канструюючы фотастудыю ў горадзе, пазіравалі для прыгожага фотаздымка, каб пакінуць для наступнага пакалення лепшы ўспамін пра сябе.
Аднак, калі аналізаваць сюжэт, можна ўбачыць, што ў вяскоўцаў розныя гузікі на паліто, нехта з іх не мае абутку, таму стаіць у другім-трэцім шэрагу. То-бок бачна, людзі даволі бедныя, аднак па здымках гэтага не скажаш, трэба трошкі лепш ведаць кантэкст.
Ведаць, які гэта няпросты час. Беларусь увогуле ніколі не жыла у простым часе.
«Апошні фотаздымак» прысвечаны пахавальнай фатаграфіі – амаль знікламу жанру. Сучасны лад жыцця ў Беларусі не мае месца для смерці ў сваёй паўсядзённасці. Але ў традыцыйным грамадстве смерць успрымалася як пераход чалавека з аднаго стану ў іншы, і гэта звязвае яе з іншым абрадам перахода – вяселлем (пра гэта наш наступны праект – «Дзявочы вечар»).
Смерць – цяжкі пераход, ён звязаны з магчымасцю страціцца на шляху, што прынясе гора і герою пераходу, і ўсім навокал. Таму ўся грамада збіралася, каб адмысловымі дзеяннямі і словамі праводзіць чалавека, абараніць яго і сябе. Фотаздымкі пахаванняў – адлюстраванне сваяцкай еднасці і дапамогі ў час патрэбы. У часы абмежаванага распаўсюду фотатэхнікі такая фатаграфія магла быць адзіным здымкам памерлага чалавека, апошнім успамінам.
 

1908 г., г.п. Вялікая Бераставіца, Гродзенская вобл. Павел Валынцэвіч ля магілы бацькі, Канстанціна. Прадаставіў Дзмітрый Сярэбранікаў. Архіў VEHA, калекцыя «Апошні фотаздымак»

Праект «Людзі лесу» мы пачалі рабіць ужо ў эміграцыі. Калі вуліцы сталі небяспечнай прасторай, людзі ў пошуках апірышча адкрывалі ўнікальнасць беларускіх лясоў. Пачалі асэнсоўваць, што яны з'яўляюцца часткай культурнай спадчыны нароўні з замкамі і храмамі, а таксама з руінамі замкаў і храмаў.
Для традыцыйнага грамадства лес быў важнейшай крыніцай рэсурсаў, але і вытокам адпачынку і натхнення, хованкай ад небяспекі. Дзяржаўны падыход да лесу выключна прагматычны, вынікам чаго з'яўляюцца тэхнагенныя катастрофы.
 

1972 г., Брэсцкая вобл. Паводка на Палессі. Аўтар здымка Міхаіл Уладзіміравіч Рыбнікаў. Прадаставіў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Архіў VEHA, калекцыя «Людзі лесу»

«Руіны Беларусі» распавядаюць пра страты нашай краіны, але і пра адроджаную спадчыну, пра тое, што пацярпела ад пераробак, але і пра тое, што вярнулася да свайго першапачатковага выгляду. Страшныя разбурэнні ў суседняй краіне прымушаюць наноў паглядзець на ваенныя фотаздымкі Беларусі, а знявага да гісторыі ў паваенны час адгукаецца ў сучасных стратах беларускай спадчыны. Тым больш каштоўнымі аказваюцца моманты захавання і тым тэрміновейшай дапамога ў тых выпадках, дзе яшчэ ёсць што ратаваць. Таму калекцыя не толькі ўтрымлівае візуальны вобраз пашкоджаных мураванак Беларусі, але і пазнаку таго, у якім стане наша спадчына знаходзіцца сёння.
 

1945 г., г. Баранавічы, Брэсцкая вобл. Прадаставіла Ала Жак. Архіў VEHA, калекцыя «Руіны Беларусі»

– Важны этап вашай працы – прэзентацыя, сумяшчэнне мастацкіх і архіўных практык. Асабліва цікава атрымалася, калі на выставу «Хай ззяе» вы запрасілі мастакоў, якія пераасэнсоўвалі архіўныя здымкі...
– Старыя здымкі самі па сабе не надта атракцыйныя, таму мы заўсёды стараліся паказаць іх у выглядзе інсталяцый ці складаных кампазіцый. Наколькі дазвалялі фінансы. На першых этапах гэтым займаліся чальцы каманды. Пасля 2020 года для нас стала больш важным упісаць беларускую культуру ў міжнародны кантэкст. На выставу «Хай ззяе», якую мы паказвалі ў польскім Хожаве летам, а летам павязём на фотафестываль у Капенгаген, былі запрошаныя мастакі з розных краін. Атрымалася цікавая форма, якая адкрывае новы сэнс і для нас саміх, і для запрошаных творцаў, якія ў сваіх працах нараджаюць новыя падыходы да нашай візуальнай спадчыны.

– Ці маеце ідэі для наступнага праекта?
– Мы зусім нядаўна пачалі «Руіны Беларусі», яго рэалізацыя зойме некалькі гадоў. Спадзяюся, што сёлета мы ўбачым выставу па руінах Беларусі.
Таксама мы аднавілі працу нашага сайта veha-archive.org і цяпер актыўна працуем над яго запаўненнем. Кожны дзень будуць абнаўляцца і дадавацца новыя факты, тэксты, фотаздымкі.

– Што з выездам за межы Беларусі прынцыпова змянілася ў вашай працы? Як гэта: займацца архівамі Беларусі па-за краінай? 
– Я не бачу ў гэтым праблемы. Нават наадварот, думаю, што мы цяпер маем пэўную дыстанцыю, якая дапамагае заўважаць паўсядзённыя рытуалы і асаблівасці, якія нас адрозніваюць ад іншых. Акрамя таго, пасля 2020 года ўзмацнілася цікавасць да ўсяго беларускага. Я памятаю, калі мы выдавалі нашы кнігі на беларускай мове з перакладам на ангельскую, то на tut.by з'яўлялася шмат каментароў пра дыскрымінацыю рускай мовы. Мы шмат што рабілі інтуітыўна, але, як паказаў час, з самага пачатку, з 2017 года, ішлі ў правільным кірунку.
Самы відавочны адмоўны бок, звязаны з эміграцыяй, я бачу ў тым, што людзі сталі менш актыўна дасылаць свае фотаздымкі. Магчыма, гэта звязана з адсутнасцю прамога доступу да сямейных архіваў.
Мы думалі, што ў любы момант можам нешта зрабіць са сваёй спадчынай, а яна раптоўна стала недасяжнай. Гэта дадае пэўнай каштоўнасці працэсу архівацыі.
 

1965–1985 гг., г. Брэст, Брэсцкая вобл. Невядомыя. Прадаставіў Алег Палішчук. Архіў VEHA, калекцыя «Дзявочы вечар»

– На вашым сайце адкрыты збор старых фатаграфій на ўсе вашыя праекты... Вы знялі часавыя абмежаванні для дасылання здымкаў для сваіх праектаў?

– Так, мы адкрылі неабмежаваны збор фотаздымкаў па ўсіх пяці тэмах, можна дасылаць свае фотаздымкі ў любы праект. Я ўсіх шчыра запрашаю, бо гэта выключна прыемная практыка – уваходзіць у гісторыю Беларусі.