У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску да 27 кастрычніка праходзіць выстава прац Захара Кудзіна. Выстава ладзілася з удзелам сям'і мастака, імаверна, таму на ёй столькі раней не бачаных твораў, уключаючы накіды і эскізы. А таксама фотаздымкаў – з сямейнага і асабістага архіваў. У адной з залаў размясціліся сэлфі аўтара.
Паводле канцэпцыі выстава, якая недарма называецца «З'ява», стала спробай асэнсаваць феномен творцы, адной з самых яркіх зорак беларускага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў.
Жыццё Захара Кудзіна трагічна абарвалася напрыканцы 2019 года, яму было 33, для мастака – пачатак творчага шляху. Майстэрства напрацоўваецца гадамі, і да такога ўзросту многія аўтары толькі знаходзяць сябе, свой стыль і сваю тэму.
У Захара, праўда, усё было іначай. Яго акадэмічны бэкграўнд невялікі: у 2007-м скончыў мастацкі каледж у Мінску, з 2011
па 2013 жыў у ЗША, дзе і завяршыў сваю ўласную адукацыю –
праз знаёмства з творамі мастацтва ды апантаную працу. У Амерыцы на яго моцна паўплывала амерыканскае сучаснае мастацтва, асабліва абстрактны экспрэсіянізм: ён жыў у Нью-Ёрку і вандраваў па краіне, наведваў галерэі і ўрэшце назваў гэта альтэрнатыўнай вучобай. Найбольш захапіўся амерыканскім жывапісцам другой паловы XX стагоддзя, заснавальнікам абстрактнага экспрэсіянізму Вілемам дэ Кунінгам. У работах на выставе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, напрыклад, у «Дзяўчыне ў транспарце», адчуваецца гэтая прапрацоўка новай мовы, разбор сінтаксісу і спроба пісаць уласныя фразы.
У яго ранняй творчасці відавочныя і паралелі з жывапісам Хаіма Суціна. Мастакоў лучыць яркі мастацкі тэмперамент, адкрытая жарсць і смеласць. І тугі экспрэсіўны замес фарбаў на палатне, з якога кожны стварае сваю выяву, інтэрпрэтацыя якой можа з аўтарскай супадаць, а можа быць зусім іншай.
Аднак найбольш на стыль Захара Кудзіна паўплывала хвароба зроку.
Мастак пакутаваў на глаўкому левага вока, пасля аперацыі зрок аднавіўся толькі часткова: Захар бачыў з затрымкай, а бакавы зрок адсутнічаў. І гэты факт, як ні парадаксальна,
Кудзін свядома выкарыстаў у сваёй творчасці. У інтэрв'ю ён расказваў, што калі глядзіць левым вокам на прадмет, які да гэтага не бачыў, то ўспрымае яго як татальную абстракцыю. «Вось гэтая затрымка, паўза, якая ўзнікае, і дае ўяўленне аб нейкім амаль паралельным вымярэнні, у якім я знаходжуся. Хоць гэта ўсё тая ж існая рэальнасць. На аснове гэтага я сфармаваў мастацтва: калі глядзіш на мае аб'екты, спачатку
не разумееш, на што ты глядзіш і як гэта ўспрымаць».
У сваіх творах мастак літаральна паказваў гэта імгненне паміж наўпроставай фіксацыяй выявы і яе асэнсаваннем. Сапраўды, калі глядзець на яго працы, цяжка даць артыкуляванае азначэнне, што ты насамрэч бачыш. Разумееш толькі: тое не простая абстракцыя. Пазнаванне, усведамленне ўсё ж настае – праз некалькі секунд.
У знакавай серыі «Жывапіс левым вокам» Захар Кудзін даследуе працэсы бачання, аналізуе прыроду ўспрымання навакольнай рэчаіснасці. Якім чынам з хаосу матэрыі чалавек выдзяляе прадмет, пазнае яго і можа назваць? Наколькі візуальныя схемы, выпрацаваныя нашым мозгам, накрываюць рэчаіснасць сваімі структурамі? Ці можам мы вызваліцца і ўспрыняць свет незалежна ад навязаных стэрэатыпаў, назваць рэчы нязвыклымі імёнамі і проста пагрузіцца ў сам працэс успрымання?
Уласна, падобныя пытанні закадаваныя ў любым абстрактным ці паўабстрактным творы. Парадокс Кудзіна ў тым, што ён сапраўды бачыў тую абстракцыю, якую выяўляў, таму яго творы можна назваць дакладнай фіксацыяй яго асаблівага светаўспрымання. Сам жа мастак называў свае творы «жывапісам уздзеяння» ці «аб'ектыўным рэалізмам»: «Калі мы глядзім на маю працу, яна абсалютна новая, то-бок форма распрацавана так, што яна не была нікім адноўлена. Я будую формы зыходзячы з прасторы, гляджу, як яны з ёю ўзаемадзейнічаюць, рэальна яе змяняюць. Сама форма аказваецца новым акном».
Жывапіс Захара Кудзіна вельмі яркі і эфектны, менавіта таму аўтар турбаваўся, што палотны могуць трактавацца як дэкаратыўнае пано. Для ўспрымання патрэбны нейкі бэкграўнд, лічыў мастак. І тлумачыў, што яго творы ўздзейнічаюць на гледача асаблівым чынам.
На выставе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў становіцца відавочна, што працы Захара Кудзіна сапраўды выклікаюць асаблівы зрух успрымання. Відаць, прычына ў паўзе, у тых долях секунды, калі прадмет на карціне або аб'ект на подыуме яшчэ непазнавальны, толькі пачынае праяўляць свае абрысы з навакольнага свету. У сваім мастацтве Кудзін рухаецца не так, як абстракцыяністы, ён не рэдукуе прадмет ці фрагмент рэальнасці, а фіксуе яго нараджэнне ў нашай свядомасці. Фіксуе рэчы да таго моманту, калі мы нарэшце пазнаем іх і зможам назваць: гэта дрэва, а гэта дом. Вока мастака «тармазіла» і давала яму такі багаты нечаканымі формамі зазор успрымання. «Мозг адчувае, з аднаго боку, шок, а з другога – поўную свабоду. Адчуванне татальнай свабоды, таму што ты сустракаешся з невядомым і не ведаеш, чаго чакаць. Узнікае лёгкая эйфарыя», – так апісваў мастак сваё успрыманне. Радасць пазнавання стала яго прадуктыўным творчым імпульсам.
Захара Кудзіна займала, ці перадаецца яго візуальны досвед гледачу. І ён атрымаў цікавы адказ: адзін з наведнікаў яго выставы некалі сказаў, што, сузіраючы творы, згадваў усе рэчы свету. Сам жа мастак ставіў перад сабой задачу, каб жывапіс працаваў на перазагрузку ўспрымання, дапамагаў «атрэсці» мозг ад улады звыклых схем.
Яшчэ адна асаблівасць жывапісу Захара Кудзіна – фармат. Карціны ён часам ствараў на алюмініі, выразаючы яго ў форме ўзрыву ці разбітага люстэрка, якое імкнецца ад цэнтра. Такім чынам ён рабіў свае жывапісныя аб'екты актыўным складнікам прасторы, узмацняючы ў некалькі разоў іх уздзеянне. Гэту серыю ён назваў «Нейра-арт»: назва паходзіць ад нейронавых імпульсаў, якія прымаюцца мозгам ад выявы на сятчатцы.
Мастак актыўна працаваў не толькі з выставачнай, але і з гарадской прасторай. У 2019 годзе ён выканаў роспіс «Ледзяны палёт. Гарачы космас» на мінскай вуліцы Кастрычніцкай у межах фестывалю урбан-арту Vulica Brasil. Ён марыў паставіць свае скульптуры ў Мінску, каб трансфармаваць гарадскую прастору.
Праект Захара Кудзіна «Нейраструктуры» быў падобны да яго жывапісных прац тым, што меў на мэце ўздзеянне на глядацкае ўспрыманне, каб даць людзям новы досвед прачытання гарадской прасторы, калісьці створанай паводле ўніфікаваных стандартаў. Горад мае жорсткую структуру, падзелены на адміністратыўныя і жылыя раёны, на акуратныя паркавыя зоны з асфальтаванымі сцежкамі. Кудзінскія «нейраструктуры» былі спробай паглядзець на горад па-іншаму, «левым вокам», парушыць рэгламентацыю і прапанаваць пераасэнсаванне, стварыць візуальны рэлакс.
Праект «Нейраструктуры» ўпершыню быў паказаны ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Азгура ў 2017 годзе, а ў самім горадзе Мінску з'явіўся толькі ў віртуальнай рэальнасці.
Праз усе формы сваёй рэалізацыі – жывапіс, графіку, скульптуру і лічбавае мастацтва – Захар Кудзін заставаўся цэласным і канцэптуальным аўтарам: моцная ідэя, выразная форма і нечаканае яе ўздзеянне – складнікі шляху, унікальнага, кароткага і нікім раней не пройдзенага.
Фота: www.art-context.com