Магічныя рытуалы сучаснага мастацтва
Фатограф і гісторык Сяргей Лескець дзевяць гадоў таму захапіўся беларускай архаічнай магіяй.
Спачатку, чытаючы даследаванні фальклору, ён звярнуў увагу на гісторыі пра ўнікальных бабуль-знахарак, якія лячылі шэптам.
Пасля вырашыў убачыць гэтыя рытуалы сваімі вачыма і стаў фіксаваць іх у фотаздымках. Так нарадзілася серыя, што ўключыла партрэты носьбітаў традыцыі лекаваць словам. Фатограф вандраваў ад вёскі да вёскі і шукаў чараўніц, знахарак і шаптух. Вынік гэтых вандровак атрымаў некалькі ўвасабленняў.
Адно з іх — кніга пад назвай «Шэпт». Яна з’явілася выпадкова. Сяргей вырашыў сабраць на свой фотапраект сродкі на краўдфандынгавай платформе. Пачаў пісаць абгрунтаванне — і не заўважыў, як «намалаціў» 60 тысяч знакаў тэксту. Вырашыў працягваць.
У выданні, якое аўтар характарызуе як «падарожны і этнаграфічны нон-фікшн ад фатографа і гісторыка Сяргея Лескеця», больш за трыста старонак. У ім, акрамя асноўнай лініі — пошукі і вандроўкі аўтара, — можна знайсці і невялічкія расповеды ад яго гераінь. Гэта сапраўднае антрапалагічнае даследаванне, якое мае рэкамендацыі навукоўцаў, з этнаграфічнымі звесткамі, фактамі і запісамі аўтара-ўкладальніка. Усе размовы з шаптухамі дакументальна занатаваныя з дыктафона або камеры, таму на старонках кнігі гутаркі даюцца з усімі рэгіянальнымі моўнымі асаблівасцямі.
Адметны шлях, як Сяргей Лескець знаходзіў сваіх гераінь. Падчас паездак па Беларусі распавядаў знаёмым, што цікавіцца гэтай тэмай, атрымліваў кантакты і выходзіў на суразмоўцаў праз праваднікоў. Носьбіты традыцыі магічных замоў некалі ўтваралі даволі закрытую і абароненую ад чужых супольнасць. Сакральныя веды перадаваліся ад бабулі да ўнучкі, ад дзеда да ўнука. Сярод нашчадкаў старанна выбіралі, каму можна даверыць дар лекаваць людзей і скаціну, аберагаць гаспадарку ад бяды і непагадзі.
Сёння гэтая традыцыя імкліва згасае, можна сказаць, што Сяргей Лескець зафіксаваў яе аскепкі – магчыма, таму бабулькі і адкрыліся яму. І аўтар, які спачатку хацеў толькі рабіць партрэты, ператварыўся ў сапраўднага даследчыка, антраполага. Ва ўступе да кнігі ён паведамляе, што і па сёння шукае адказ, што ён хоча сказаць сваім творам. Пакуль ён старанна фіксуе гэтыя гісторыі.
«Была ў нашай прапрабабкі бяда. Ніводнае дзіця не нараджалася жывым. Шасцярых пахавала так. Якая ж там медыцына ў тыя часы была. І куды яна ні хадзіла, у каго толькі ні пыталася парадаў.
Адна жанчына параіла: як толькі пачнуцца роды, выходзіць мужу на дарогу і першых стрэчных з кожнага боку зваць хроснымі стаць. Гэта зараз у нас тут толькі лес застаўся. Даўней то людзі хадзілі гэтымі дарогамі з зарэчных вёсак да чыгункі, у мястэчка.
Пачаліся роды апоўначы, і наш прапрадзед пайшоў на дарогу шукаць хросных бацькоў. Колькі ён там прастаяў, я не ведаю, але знайшоў. Выслухалі людзі бяду і пагадзіліся быць хроснымі. Вот як мінула тая бяда. Так у нашай прапрабабкі нарадзілася яшчэ пяцёра дзяцей, і ніводнае не памерла».
Сяргей пісаў кнігу дзевяць гадоў, таму амаль усе яго апавядальніцы ўжо сышлі ў лепшы свет, не маючы каму перадаць свае веды. «Вот я тобе, Сергейко, усе расказала, што знала. Як ты запісаў, то помагай каму, ці пішы ў кніжку, ці шо. Хай людзі лечацца, хай будзе здароўе, жывуць шчаслівыя і багатыя. Во», – паведаміла яму баба Каця. Гэты допіс Сяргей Лескець змяшчае ў кнізе на апошнюю старонку вокладкі, там, дзе звычайна даюцца кароткая біяграфія і партрэт аўтара. Такім чынам адбываецца сімвалічнае замяшчэнне.
Яшчэ адно ўвасабленне магічных вандровак адбываецца проста цяпер у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску. Выстава атрымала тую ж назву, як і кніга, – «Шэпт». Антрапалагічнае даследаванне фатографа пераасэнсавалі мовай сучаснага мастацтва – праз фота, відэа, гук і артэфакты – праз усё, што можа максімальна раскрыць глыбіні гэтай гісторыі.
Сяргей Лескець – майстар мізансцэн, праз якія яна будуе новыя ўяўныя прасторы паміж творам і гледачом, складаныя і шматмерныя, і яны, гэтыя прасторы, уваходзяць у сэнсавае поле работ, пакідаючы багатую магчымасць розных прачытанняў.
Выстава разгортваецца ў некалькі залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, былых творчых навучальных майстэрань. Гэта доўгія калідоры, паабапал якіх размешчаны рознага памеру памяшканні, што спрыяе як перацяканню выставачных гісторый адна ў адну, так і іх размежаванню.
Насамрэч канструкцыя будынка дае цудоўныя магчымасці для куратарскай працы, і куратары выставы па-майстэрску выкарыстоўваюць прастору цэнтра, падзяляючы праект уяўнымі коскамі і яднаючы іх адной лініяй.
У выпадку гэтага фотапраекта паняцце «адна лінія» не стала метафарай, а займела канкрэтнае ўвасабленне. Гэта чырвоная сакральная стужка, якая ідзе праз і паўз творы, якой вяжуцца лекавыя зёлкі і якая прысутнічае, часам проста ў выглядзе колеру, ва ўсіх выставачных залах, дзе размешчаны «Шэпт».
Чырвоныя стужкі прымацоўваюцца да фатаграфій з чорнымі дрэвамі, нібы пазначаючы палёты птушак. Адразу з’яўляюцца асацыяцыі пра вырай і птушку як увасабленне душы, пра сувязь паміж жывымі і памерлымі, пра нематэрыяльныя дарогі.
Таямнічыя артэфакты – атрыбуты магічных замоў – схопленыя чырвоным шнурам, узяты ў драўляную рамку і змешчаны на сцяне на фотаздымку вялікага фармату. Да аднаго такога аб’екта сыходзяцца ніці з розных куткоў. І ўсё гэта вырашаецца ў чорных і чырвоных колерах, ствараючы асаблівае візуальнае напружанне.
Такім чынам куратары выставы таксама ўключаюцца ў магію гэтага чарадзейства, інтуітыўнымі і выверана-прафесійнымі жэстамі імкнуцца схапіць дух гэтай магічнай практыкі, пракрэсліваючы лініі – не тыя, што ствараюць ахоўную зону, але тыя, што правядуць яе і гледача ўнутр магіі, а значыць у самыя глыбіні родавай памяці і далей.
Партрэты старых знахарак развесілі ў роўную лінію у асобнай зале. У астатніх памяшканнях пануе ўяўны хаос, што нагадвае рабочую паверхню стала старой шаптухі: тут табе малюнкі зёлак – нібы са старонкі траўніка, – аб’екты магічнага абраду, фатаграфіі і рэчы.
Апошняя зала закрытая цяжкай тканінай, адхінаеш якую і трапляеш у памяшканне, напоўненае пахамі зёлак і гукамі замовы. Тут і адбываецца працэс далучэння да магічнага рытуалу. Зёлкі – рэальныя, сабраныя ў жмуткі і прымацаваныя зверху, а на відэа прайграецца сам абрад шаптання-лекавання, зацягнута-псіхадэлічны. Гледачу ўжо трэба падняцца і сысці, аднак адчуваеш, што вырвацца з гэтага магічнага кола не так і проста. Не так і проста адхінуць тканіну, вярнуцца ў звычайную рэальнасці і згубіць гэты салодкі пах і першабытны рытм. Аднак ты ўжо далучаны: усё застанецца з табой.
Фрагменты экспазіцыі Сяргея Лескеця «Шэпт» у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.
Фота ArtContextby, акрамя старонак кнігі