BY
па-беларуску
Выцінанка да Калядаў

Выцінанка да Калядаў

Старажытнае беларускае мастацтва з Вольгай Палуніцай

4 снежня 2024 году беларуская выцінанка была ўключаная ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА

Хто ж не памятае папяровыя сняжынкі са школьных часоў? Але што гэта за традыцыя на самой справе? Гэта выцінанка – беларускае мастацтва выразання ўзораў з паперы. Паразмаўлялі з Вольгай Palunisa, вядомай мастачкай беларускай выцінанкі, пра асаблівасці гэтага мастацтва ў Беларусі, а таксама склалі з ёй парады для тых, хто сёлета плануе ўпрыгожыць выцінанкай свой дом.

 

Вольга Палуніца, мастачка беларускай выцінанкі

Што такое выцінанка

У Беларусь выцінанка прыйшла бліжэй да XVI стагоддзя. Пачалося ўсё з кустодыі – аздобы для аховы пячатак з сургучу на дакументах, якую выразалі пісары:

– Такую папяроваю выразку першапачаткова маглі дазволіць сабе толькі магнаты, – тлумачыць Вольга. – Пазней, папера стала пашырацца. З Заходняй Еўропы ў Беларусь прыйшло сілуэтнае выразанне. Гэтым пачынае ўжо карыстацца шляхта: жанчыны, напрыклад, свае альбомчыкі ўпрыгожваюць выцінанкай. Да нашых часоў дайшло рэха таго традыцыйнага сілуэтнага выразання. Напрыклад, на Віцебшчыне я ўбачыла хатні алтарык, у выглядзе дамка, дзе размешчаны такі  рэлігійны сюжэт, выразаны з чорнай паперы. Там такія анёлкі лётаюць, крыжык стаіць. Гэта вось такое рэха той шляхецкай традыцыі.
 


Калі папера стала даступна для ўсіх, выцінанка ператварылася ў папулярнае хатняе ўпрыгожванне. Апошні росквіт выцінанкі назіраўся ў 1940-50-ыя гады. Пасля гэтае мастацтва амаль што знікла. Толькі ў 1980-х выцінанка пачала адраджацца, паступова вяртаючы сабе папулярнасць. Адраджэннем мастацтва выцінанкі займаліся майстры, развіваючы новыя элементы і стылі. І вось 4 снежня 2024 году беларуская выцінанка была ўключаная ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА:

– У 1980-90-ыя ніхто практычна выцінанкай не займаўся, толькі адзінкавыя мастакі. У 2000 годзе я была адна з выцінанкай на Славянскім базары. Я ўсім тлумачыла, што такое выцінанка. Але я казала, што хачу, каб наша выцінанка стала беларускім брэндам, як калісьці была беларуская саломка. Тады ніколі б не падумала, што тое сапраўды здарыцца, асабліва пры маім жыцці.
 


Пасля 4 снежня мне вучаніца расказала, што ехала ў транспарце ў Мінску і ўбачыла дзвюх дзяўчын. Яны размаўлялі: «Ты чула, што выцінанку ўключылі ў ЮНЭСКА? – Так, чула. А ты ведаеш, што такое выцінанка? – Не, давай паглядзім!» Так што, вядома, такія падзеі таксама падымаюць цікавасць да выцінанкі. І гэтая цікавасць мэтанакіраваная. Яна ўстойліва павялічваецца. Успомніце Еўрапейскія гульні, калі білборды былі ў выцінанцы. Потым цікавасць пайшла далей, але чаму? Бо выцінанка не патрабуе нейкіх спецыяльных матэрыялаў.

Я ўвогуле лічу, што мы павінны мэтанакіравана развіваць нашу культуру. І калі мы гэта ўсвядомім, калі хоць пяць адсоткаў людзей будзе ствараць свае традыцыі самастойна, у нас будз
е развівацца культура. Бо тры адсоткі інтэлігенцыі развіваюць грамадства. І калі мы знойдзем гадзінку на месяц на традыцыі, гэта ўжо будзе такі крок. Бо нікому, акрамя беларусаў, беларуская традыцыя непатрэбна.

Гэта не проста сняжынка

Выцінанкай Вольга займаецца з дзяцінства. Яна нават кіравала секцыяй выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Акрамя гэтага, мастачка актыўна прадстаўляе выцінанку на міжнародным узроўні:

– Свядома я зацікавілася выцінанкай пасля таго як скончыла рэстаўрацыйна-мастацкую вучэльню ў Міры і патрапіла ў Маладзечна ў клас традыцыйнага мастацтва для дарослых ад Вікторыі Чырвонцавай і Юрыя Герасіменка-Жызнеўскага. Вікторыя Чырвонцава ўвяла выцінанку ў школьную праграму, гэта была другая палова 1980-ых. Яна займалася практыкай, складала метадычкі, дзялілася досведам. Іншыя педагогі, гледзячы на яе, пачалі развіваць выцінанку ў сваіх рэгіёнах.


Вольга ўзгадвае Вікторыю Чырвонцаву і Юрыя Герасіменка-Жызнеўскага як пачынальнікаў адраджэння беларускай выцінанкі. Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, напрыклад, увогуле вызначыў, што такое насамрэч беларуская выцінанка:

– Асноўную асаблівасць нашай выцінанкі немагчыма ўбачыць, але варта адчуваць сэрцам, ці досведам, ці прыналежнасцю да Беларусі. Яна ў тым, што выцінанка ў сваёй аснове мае сувязь з традыцыйнай беларускай культурай, светапоглядамі, міфалогіяй, уяўленнямі. Любая выцінанка мае за сабой значэнне. Гэта не проста прыгожая выява, за ёй можна прачытаць сэнс. Я лічу гэта адзін з галоўных пунктаў, які так моцна нас прыцягвае да выцінанкі.
 


На апошнім майстар-класе я нават распавядала, як была ўражана ў Музеі Андэрсена. Шмат хто здзіўляецца, але ён займаўся выцінанкай. Там вялікую колькасць экспанатаў прынеслі людзі, у якіх гэтыя выразкі захаваліся дома. То бок, Андэрсен прыходзіў да іх продкаў, расказваў байку, выразаў, а людзі захавалі гэта пасля. Я звычайна кажу: «Вы выразаеце сняжынку, але памятайце – гэта не проста сняжынка, а дотык да культурнай спадчыны, за ёй стаіць глыбокая традыцыя».
 

Няпростая выразка з паперы

Іншая адметнасць беларускай выцінанкі – яна ствараецца шляхам шматразовага складвання. То бок, паперу не проста згінаюць адзін раз, але некалькі. У адрозненне, для яўрэйскіх рэйзэле (традыцыйная выразка), наадварот, паперу складвалі адзін раз. Дарэчы, для гэтай традыцыі выразання паперы выкарыстоўвалі нажы.
Рэйзэле таксама былі распаўсюджаны ў Беларусі. Паводле Вольгі, гэтая традыцыя зараз цалкам вынішчана і зусім не даследавана. Сярод сучасных майстроў рэйзэле Вольга вылучае польскую мастачку Марту Голумб.
Дарэчы, выцінанку практыкуюць не толькі ў Беларусі і Польшчы, але і ва Украіне. Вольга таксама расказвае, што раней выцінанкі былі папулярныя на тэрыторыі Нямеччыны, Аўстрыі, Даніі:

– Беларуская выцінанка адрозніваецца ад іншых. Бо ў Польшчы, напрыклад, выцінанкай называюць практычна ўсё, што выразаюць з паперы. У Мексіцы выцінанка таксама распаўсюджана, асабліва на Хэлаўін.
 


Беларуская выцінанка – гэта выразка з паперы, якая мае ўнутраны праразны дэкор. Яна складаецца з простых геаметрычных формаў: трохвугольнікі, квадрацікі, ромбы, пялёсткі, гэтак далей. І гэта такая першая беларуская асаблівасць. Калі, напрыклад, мы возьмем проста паперу, складзём яе папалам і выражам з яе кветачку – гэта аплікацыя. А калі ў гэтым сілуэце на згіне нарэжам дзірачак – атрымаем ажурную кветачку, і гэта ўжо беларуская выцінанка.

Сярод традыцыйных і распаўсюджаных вобразаў, якія можна сустрэць у выцінанцы, Вольга ўзгадвае дрэва жыцця, матывы з народнага мастацтва, кшталту пары птушак, рэлігійныя матывы, жывёл і розныя расліны. Яшчэ адзін знакаміты вобраз – сняжынка, вядомая ўсім яшчэ з дзяцінства.

Кожная выцінанка мае свайго аўтара

Існуюць розныя тэхнікі і падыходы да выцінанкі. Кожны мастак і мастачка надае і развівае свае накірункі працы з ёй. Вольга, напрыклад, працуе з нажніцамі, нажом, шылам. Часам мастачка стварае вырыванкі. Гэта такая асаблівая форма выцінанкі, якая была папулярна сярод дзяцей, якім не давалі ў рукі вострыя інструменты:


– Я не рэжу з тканіны – толькі з разнастайнай паперы. Усе жыццё я практычна рэзала нажніцамі, але недзе ў 2021 годзе я ўпершыню задзейнічала нож. Вырашыла паспрабаваць, як гэта – нажом. І гэта абсалютна розныя тэхнікі, прыкладна як бег і скокі з парашутам. Адна мая амерыканская калега вельмі добра сказала: «Калі я рэжу нажом, я нібыта малюю, а калі выстрыгаю нажніцамі – адсякаю лішак, як Мікеланджэла».

Сюжэты ў мяне розныя. Мой любімы – дрэва жыцця і розныя лясныя духі. Я ўвогуле вельмі люблю наш беларускі лес. Я настолькі камфортна сябе там адчувала. Таму ў мяне ёсць лясныя духі: агню, моху, простыя лесавікі. Але яны ў мяне не такія, як апісваюць у кніжках пра міфалогію. У мяне свае лесавікі.


Складана сказаць, як раней выцінанка адрознівалася паміж рознымі рэгіёнамі Беларусі. Дзе былі папулярны адны інструменты і сюжэты, а дзе – другія. Бо выцінанка, на жаль, не даследавана аднолькава па ўсіх частках краіны.
Зараз існуе шмат розных накірункаў выцінанкі, якія развіваюць сучасныя мастакі. І ад іх нараджаюцца свае рэгіянальныя асаблівасці. Напрыклад, хтосьці ўвогуле стварае выцінанкі гільзамі ад куляў, як раней рабіла бабуля Вольгі:

– Кожная выцінанка мае свайго аўтара. Гэта вялікая асаблівасць выцінанкі як народнага мастацтва. Мы ж звычайна думаем, што народнае мастацтва нікому не належыць, як традыцыйныя спевы або арнамент. А вось і не. Выцінанка якраз адроджана менавіта прафесійнымі мастакамі.

Што датычыцца сучаснасці, можна вылучыць пэўныя рэгіянальныя асаблівасці. На Віцебшчыне, напрыклад, выцінанка больш тонкая, ажурная, аб'ёмная. На Берасцейшчыне – больш вітражная, складаная кампазіцыя, у выцінанку робіцца шмат каляровых уставачак. На Гродзеншчыне, напрыклад, майстры пайшлі ў бок сюжэтнай выцінанкі на аднатоннай паперы, але з вельмі характэрным народным стылем. Асаблівая традыцыя развілася на Наваградчыне праз Ніну Шурак. Яна адрадзіла выцінанку-выбіванку. Гэта калі на белай паперы малюецца сетка, а пасля малаточкам і адвёрткай выбіваецца малюнак – і атрымліваюцца вельмі прыгожыя фіранкі.

У амерыканцаў ёсць цікаўнасць да беларускага мастацтва

У Беларусі ў Вольгі паўтара года працаваў музей выцінанкі. Яна адкрыла яго ў вёсцы, дзе збірала розныя выцінанкі, праводзіла выставы, майстар-класы, летнікі і іншыя цікавыя падзеі. Пасля пераезду ў ЗША, дзе зараз жыве мастачка, музей прыйшлося закрыць. Але Вольга спадзяецца, што зноў яго адкрые ў будучыні:

– У ЗША ёсць мастацтва папяровага выразання, але яно не вельмі распаўсюджана. Акрамя таго, існуе Амерыканская гільдыя выразальшчыкаў з паперы, сябрам якой я з'яўляюся. Туды могуць уступіць людзі з усяго свету.

Што датычна майго мастацтва, я ўдзельнічаю ў арт-маркетах і фестывалях. У мяне тут было тры персанальныя выставы: дзве – у беларускай дыяспары, а адна – у галерэі. Цікаўнасць да гэтага віду мастацтва ў амерыканцаў ёсць, але я не скажу, што яны так усё добра ведаюць. Для іх мая выцінанка – унікальная. А Амерыка любіць унікальныя рэчы. Ім вельмі падабаюцца традыцыйныя матывы: мае казачныя жывёлкі, дрэва жыцця. Але таксама і мае творчыя працы, якія адлюстроўваюць мае перажыванні.
 


Свае выцінанкі Вольга стварае па-рознаму. Бывае, што ў яе ўжо ёсць загадзя падрыхтаваны вобраз. А часам – усё адбываецца падчас стварэння працы ці пасля новага досведу. Напрыклад, тая ж самая казка ці толькі што набытая папера могуць нарадзіць новыя вобразы:

– Мая бабуля, калі ўбачыла, што я займаюся выцінанкамі, сказала, што гэта ж было смецце, якое ў пячы палілі. Чаму? Бо на святы нарабілі ўсё, а на наступныя святы выцінанкі ўжо страцілі свой выгляд. Гэта ж папера. Вось яны збіралі ўсё гэта – і ў печ. І новае наразалі. Таму ў нас нейкіх арыгінальных выцінанак не засталося. Тады, да свайго адраджэння, выцінанка не лічылася каштоўнасцю. Але ў маім музеі была адна даволі старая выцінанка.

Як жа зрабіць сваю выцінанку?

Спачатку падрыхтуйце неабходныя інструменты і матэрыялы. Нажніцы павінны мець вострае лязо, каб было зручна рэзаць паперу. Што датычыцца апошняй, лепей выбіраць не занадта тоўстую, каб рукі не стамляліся пры працы, і не надта тонкую, бо такая папера лёгка можа парвацца і сапсаваць выцінанку. Вольга раіць альбо офісную, альбо крыху танчэйшую паперу:

– Глядзіце прыклады традыцыйнай выцінанкі. Народнае мастацтва, як і народныя казкі, між іншым, адшліфаванае ўжо пакаленнямі. Таму яно адразу запісваецца на матрыцу, калі можна так выказацца. І шукайце прыклады мастакоў. А таксама заўжды памятайце, што беларуская выцінанка і кожны яе элемент маюць свайго аўтара. Таму паўтараючы – паўтарайце. Але камерцыйнае выкарыстанне ці выкарыстанне ў конкурсе патрабуе індывідуальных распрацовак.


Для стварэння выцінанкі можна спачатку зрабіць эскіз на паперы і выразаць па ім. Аднак традыцыйна выцінанкі ствараюцца без папярэдняга малявання – гэта дазваляе цалкам раскрыць індывідуальную стылістыку майстра. Вольга раіць зрабіць накід на асобнай паперы, каб мець прыкладнае ўяўленне пра будучую выцінанку і палегчыць працэс яе выканання.

Акрамя гэтага, вы можаце наведаць анлайн-класы ад самой Вольгі.
З 12 студзеня па 9 лютага яна правядзе інтэнсіў «Каханне і выцінанка». Для ўдзелу ў курсе патрэбна зарэгістравацца праз Вольгу, напісаўшы ёй у Telegram – @Palunisa.

Больш прац Вольгі Палуніцы — у Віртуальнай галерэі