Галерэя Monopol – гэта невялікае памяшканне ў цэнтры польскай сталіцы. Дзве залы, адна з іх зусім невялікая, таму і выстава Лявона Тарасэвіча атрымалася камернай і нечаканай для творцы – майстра манументальных фарматаў.
Выстава не мае назвы, бо Тарасэвіч ніколі не называе свае работы, ён верыць у жывапіс, у яго самадастатковую сілу – пра што і напісаў у галерэйнай анатацыі.
Тэма яе даволі чытэльная, аднак, як заўсёды бывае ў гэтага аўтара, за першым відавочным пластом, які на паверхні ўтрымлівае сюжэт, ёсць іншыя, звязаныя з асэнсаваннем структуры свету і верай у прызначэнне мастацтва гэтыя структуры пераствараць.
Артыстычныя вандроўкі ў Беларусь
Лявона Тарасэвіча беларускаму чытачу наўрад ці мае сэнс прадстаўляць, хоць у нашай арт-прасторы ён амаль не прысутнічае.
Мастак нарадзіўся ў вёсцы Валілы на Беласточчыне, у беларускай сям'і, а пасля заканчэння навучання ў варшаўскай Акадэміі мастацтваў у 1984 годзе вярнуўся на малую радзіму і занурыўся ў грамадскую дзейнасць. Напрыклад, стаў адным з заснавальнікаў музычнага фэсту «Басовішча».
У пачатку 1990-х мастак зладзіў у мінскім Палацы мастацтва вялікую выставу сваіх жывапісных работ, а ў 1995-м у Віцебску падчас фестывалю сучаснага мастацтва In-formation распісаў калону Віцебскага мастацкага музея (у 2007 годзе роспіс быў зафарбаваны).
У 2019-м удзельнічаў у групавой выставе «ZBOR In Progress» у галерэі «Ў» у Мінску, дзе паказаў свой жывапісны твор.
Тры кіты: жывапіс, прастора, соцыум
Такім чынам, у Беларусі можна было ўбачыць два фарматы творчасці Лявона Тарасэвіча: плоскую выяву, у якой аўтар ставіў задачу структуравання прыроднай прасторы, і манументальны роспіс на паверхнях розных архітэктурных канструкцый. Часта і там, і там ён ужываў адзін і той жа прыём – актыўныя няроўныя палосы розных, але згарманізаваных колераў, што ўтваралі велізарныя жывапісныя палі. Карціна пры гэтым не траціла сувязі з рэальнасцю, аднак не была фігуратыўнай. Мастак эксперыментаваў, шукаў эфекты колеравага ўздзеяння, а таксама рытмізаваў падгледжаныя ў прыроды формы, ствараючы складаныя пульсуючыя жывапісныя паверхні.
У прасторавых аб'ектах Лявон Тарасэвіч звяртаў увагу найперш на архітэктоніку, на паводзіны колеру ў прасторы, вырашаў задачы ўцягвання гледача ў мастацкі аб'ект і сціраў межы паміж творам і рэальнасцю.
Паступова і натуральна жывапісныя інтэрвенцыі аўтара сталі распаўсюджвацца на вялікія плошчы, сцены і падлогі галерэй, лесвіцы розных будынкаў і нават плошчы гарадоў. Пасля ён пачаў узводзіць рознай складанасці канструкцыі – напрыклад, з карцін і люстэркаў будаваў лабірынт, а на месцы старой вугальнай шахты спраектаваў драўляны будынак, які пакрыў роспісам у тэхніцы дрыпінгу (распырсквання) і стварыў падцёкі паміж грубымі драўлянымі дошкамі.
З дапамогай гэтых праектаў Тарасэвіч даследаваў прыроду жывапісу і прызначэнне мастацтва, пра што расказваў у шматлікіх інтэрв'ю.
Мастацтва для яго з'яўляецца інструментам, які пашырае межы чалавечай свабоды, а жывапіс ён успрымае як самадастатковую сферу творчага выяўлення.
Вяртаючыся да ідэі не даваць назвы сваім працам, Лявон Тарасэвіч сцвярджаў, што «ніколі не мог трываць ніякіх назваў і лістоў на карцінах. Я таксама ніколі гэтага не рабіў, і мяне вельмі турбуе такая рэч, калі я гляджу на карціну, якая заўсёды павінна абараняцца жывапісам і толькі жывапісам. Давайце пакінем словы там, дзе яны неабходныя».
На мяжы колераў і культур
Разглядаючы творы Лявона Тарасэвіча, «мы забываемся пра мяжу, якая адлучае нашы целы ад навакольнага асяроддзя», пазначаюць у анатацыі да выставы ў галерэі Monopol. Што насамрэч не зусім дакладна, бо такое пагружэнне больш характэрнае для яго прасторавых аб'ектаў. У сваіх жывапісных творах, нават калі яны гіганцкія, мастак вырашае чыста жывапісныя задачы, звязаныя з праблематыкай бачання, сузірання і візуальнага ўспрымання, хоць эфекты оп-арту яму далёка не чужыя.
Аднак ёсць яшчэ адна сфера інтарэсаў, упісаная ў творчую практыку гэтага шматаблічнага мастака, – гісторыя рэгіёна.
Падляшша – тэрыторыя пагранічча. Мяжа, дзе перасякаюцца культурныя ўплывы і драматычна сутыкаліся розныя палітычныя інтарэсы. Жыццё мясцовых людзей часта знаходзілася пад пагрозай – як падчас Другой сусветнай вайны, так і па яе заканчэнні.
У 1946 годзе на гэтых землях адбылася трагедыя: ад рук узброенага падполля пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса (псеўданім «Буры») загінулі 16 жыхароў, у тым ліку жанчыны і дзеці, вёскі Заляшаны.
Гэтай падзеі быў прысвечаны праект «Заляшаны», зладжаны ў 2018 годзе ў познаньскай галерэі «Арсенал». Для яго рэалізацыі былі запрошаны мастакі Лявон Тарасэвіч і Малгажата Дмітрук, якія паходзяць з беларускага праваслаўнага асяроддзя прыгранічнай тэрыторыі Падляшша. Трэці аўтар – Агнешка Арнольд, што прадставіла фільм «Герой» пра Рамуальда Райса.
Для стварэння гэтай экспазіцыі Малгажата Дмітрук малявала на сценах напоўненыя неўсвядомленымі прадчуваннямі сцэнкі вясковага жыцця, а Лявон Тарасэвіч афарбаваў падлогу ў чорны, рэльефна пазначыўшы абрысы спаленых дамоў. Чорна-белае вырашэнне цалкам адпавядала атмасферы трагедыі.
Наступны сацыяльны праект Лявона Тарасэвіча быў прысвечаны прымусовым высяленням паводле нацыянальных і рэлігійных прыкмет.
Ёсць сведчанні таго, што з 30 тысяч беларусаў Падляшша, якія выехалі ў СССР, толькі палова зрабіла гэта добраахвотна. Рэшта была вымушана пакінуць родныя мясціны пад ціскам. Праект, прысвечаны тэме прымусовага перасялення, адкрыўся ў 2022 годзе ва Уроцлаве і меў назву «Высяленне». Дарэчы, тэма бежанцаў вельмі блізкая мастаку, бо яго продкі ўцякалі ад вайны яшчэ ў 1915 годзе разам з сотнямі тысяч беларусаў Падляшша.
У цэнтры памяшкання ўроцлаўскай галерэі мастак дагары нагамі размясціў макет невялікага дома без вокнаў і падлогі. Над ім былі падвешаны лемкаўскія і ўкраінскія іконы, а таксама фотаздымкі перасялення немцаў і палякаў у Сібір. Іконы, выкарыстаныя падчас выставы, паходзяць з калекцыі Музея ікон у Супраслі. Дом быў блакітнага колеру, бо ў беларускіх хатах часта фарбавалі сцены глінкай такога колеру. Сімвалізму дадаваў і той факт, што Уроцлаў сам зазнаў амаль поўную змену насельніцтва: у 1945 годзе адтуль выселілі немцаў.
Свая вясна
Калі параўноўваць першыя жывапісныя выставы Лявона Тарасэвіча і яго апошнюю – у галерэі Monopol, – можна зразумець логіку гэтага творчага шляху.
З аднаго боку, мастак не адмаўляецца ад жывапіснага «ткацтва» і стварае суцэльныя плоскасці з дробных элементаў, з іншага – ён дасягнуў дастатковай вольнасці руху, каб засяродзіцца на сакральнай для жывапісу рэчы: на сімвалізме колеру. Увогуле ў сваім творчым развіцці Лявон Тарасэвіч рухаецца ад колераў прыроды да ззяння трансцэндэнтнага. Здавалася б, ён проста піша вясёлку, аднак дасягае праз яе містычна-рэлігійнага гучання. Раскладае сонечнае святло на элементы, ператварае неба ў ваду ці ваду ў неба, робіць выявы мілых вужакаў сімвалам цяпла.
З аднаго боку, тут відавочна буяе вясна, з іншага – гэта вельмі лакальная вясна, з родных мясцін, свежая і простая, кветачка, наўмысна наіўна ўторкнутая паміж палотнамі.
У любы свой твор Лявон Тарасэвіч здольны ўпаралеліць мноства сімвалаў і падставовых выяў, змясіўшы мікс з графічных рытмаў, жывапісных эфектаў і бэкграўндных культурных сімвалаў.
Выстава працуе да 28.04.2023