З 18 па 23 ліпеня ў Варшаве адбываецца выстава работ беларускіх мастакоў «Водар волі». На ёй можна ўбачыць дзясяткі работ — жывапіс, пратэсныя плакаты і нават дываны.
Арганізатар (а заадно і ўдзельнік) выставы ў Беларускім моладзевым хабе — мастак Сяргей Стальмакоў. Цяпер Сяргей жыве ў Беластоку і хоча аб'яднаць усіх мастакоў, якія эмігравалі. Нягледзячы на невялікае па памеры памяшканне для экспазіцыі, работ назбіралася на паўнацэнную выставу: усё ледзь змясцілася на свабодных сценах.
— Гэта была мая асабістая ініцыятыва — пачаць аб'ядноўваць беларускіх мастакоў у вымушанай эміграцыі. Таму ўсё рабіў самастойна — шукаў мастакоў, дамаўляўся з імі і з пляцоўкай, — распавядае арганізатар «Водару волі». — На выставе будуць прадстаўлены працы каля дзясятка чалавек. Алена Бярэзіна выстаўляе некалькі сваіх дываноў арнаментамі, якія раней упрыгожвалі сцены ў вясковых хатах. Уладзь Бохан прадставіць свой жывапіс, таксама будзе графіка ананімных мастакоў, якія на дадзены момант жывуць у Беларусі. На выставе можна будзе ўбачыць аб'ёмныя работы Кацярыны Ваданосавай і іншыя экспанаты. Па настроі і стылістыцы выстава будзе больш чым разнастайная. Аб'ядноўвае гэтыя працы адно: рэфлексія на тэму таго, што адбываецца ў Беларусі і Украіне, унутраны адказ мастакоў на змрочныя падзеі апошніх гадоў.
— Няма людзей, якіх не закранулі падзеі, што цяпер адбываюцца, і кожны чалавек перажываў гэтыя два гады па-свойму: ва ўсіх былі як перыяды дэпрэсіі, так і перыяды эмацыйнага ўздыму. Бо існаваць у перманентным стане песімізму і барацьбы немагчыма, такімі тэмпамі за два гады ўжо можна было выгараць дашчэнту, — кажа Сяргей Стальмакоў. — Таму не ўсе працы на выставе — прамы пратэст супраць дыктатуры або вайны ва Украіне. Тыя ж народныя строі Кацярыны Ваданосавай — гэта проста ўнутраны стан беларуса, які праз тое, што адбываецца, быў вымушаны з'ехаць са сваёй краіны і зноўку выбудоўваць сваё жыццё.
Па словах арганізатара, усе намаганні не толькі для таго, каб аб'яднаць творчых беларусаў у выгнанні, але і прыцягнуць да творчасці ўвагу ўсіх неабыякавых да рэпрэсій у Беларусі.
— Гэты «Водар свабоды» ў кожным чалавеку ўзнікае выключна ў момант унутранай барацьбы, калі назапашваецца крытычная маса негатыву, якая ў выніку і «выстрэльвае». У 2020 годзе беларусы адчулі, што гэта такое. У момант усплёску кожны творчы чалавек выказваецца аб тым, што адбываецца, сваімі працамі, гэта сродак камунікацыі з навакольным асяроддзем і заадно — тэрапія. Мне хочацца, каб кожны наведнік выставы зразумеў тыя пачуцці, якія адчуваў мастак. І спадзяюся, гэта дазволіць прыцягнуць увагу да творчасці беларусаў у Польшчы як саміх беларусаў, так і ўкраінцаў, палякаў, — падсумаваў Сяргей Стальмакоў.
Мастак-самавучка Уладзь Бохан, адзін з удзельнікаў выставы, кажа, што ў яго планах — расказваць заходняй аўдыторыі пра тое, што такое дыктатура ў Беларусі і Расіі. Уладзь малюе сюррэалістычныя карціны, але прызнаецца: «Не заўсёды можна зразумець, дзе тут адбываецца сюррэалізм, а дзе — рэалізм».
— У Польшчы я жыву амаль год: у Беларусі мне пагражае 293 і 342 артыкулы Крымінальнага кодэкса. Тым, хто з'ехаў у 2020 годзе, пашанцавала, бо яны не бачылі самы разгар рэпрэсій. Сапраўды, калі да мяне ўварваліся сілавікі ў акно і дзверы адначасова, я нават выдыхнуў з палёгкай, бо самае горшае — гэта сталае чаканне, калі па цябе прыйдуць. Пасля гэтага я з'ехаў, таму што на волі я магу рабіць нешта карыснае, — успамінае мастак. — Сваімі працамі я хачу паказаць заходняй аўдыторыі, што такое дыктатура і чаму перамога над ёю не адбудзецца па пстрычцы пальцаў. Мая барацьба ідзе праз мастацтва, з 2020 года я прысвяціў сваю творчасць выключна рэвалюцыі, я фіксую тое, што адбываецца, у сваёй творчасці. Цяпер паставіў сабе планку: раз на тыдзень я павінен завяршыць адну працу.
Мастак Міхаіл Пракапеня прэзентаваў свае абстрактныя работы. Ён быў вымушаны з'ехаць у Польшчу, дзе працуе маляром на будоўлі, робіць кастамныя красоўкі і паралельна прадае свае карціны.
— Сваімі працамі я хачу паказаць, што я ёсць і працягваю тварыць, нягледзячы на тое, што вымушаны быў з'ехаць з Беларусі. Мы працягваем тварыць — і ўжо таму перамаглі. Раней я маляваў палітычныя карціны, цяпер жа аддаю перавагу сыходзіць у абстракцыянізм: гэта складаней і цікавей, — каментуе Міхаіл Пракапеня.
Адкрыццё выставы адбудзецца ў панядзелак у 18:00, там жа будуць музычныя перформансы ад беларускіх артыстаў — лідара брэсцкай групы "Дай Дарогу!" Юры Стыльскага, гродзенскага музыкi Ігара Палынскага, Кацярыны Ваданосавай. У астатні час можна будзе проста прыйсці і паглядзець працы, усё максімальна проста: бясплатны і вольны ўваход, без экскурсаводаў.