BY
па-беларуску
Васіліса Паляніна. Метамарфозы памяці і цела

Васіліса Паляніна. Метамарфозы памяці і цела

Васіліса Паляніна пасля вучобы ў БДУ працавала дызайнеркай і ілюстратаркай, аднак пасля адчула патрэбу ў вольнай творчай рабоце, незалежнай ад замоўцы.
У 2006 годзе яна пачала ўдзельнічаць у мастацкіх выставах і пленэрах, а ў 2012-м адбылася яе першая персанальная выстава графікі (ксілаграфіі і монапрынтаў) у мінскай галерэі «Ў». Тым жа годам разам з літаратарам Сяргеем Календам Васіліса стала суаўтаркай амбітнага творчага праекта —  часопіса сучаснай беларускай прозы і мастацтва «Макулатура».
«Валанцёрскі і некамерцыйны, вольны і непадцэнзурны» часопіс з'явіўся як інтэрнэт-выданне. Аднак ужо другі нумар быў надрукаваны на паперы з дапамогай выдаўца Ігара Логвінава. Часопіс змяшчаў мноства арыгінальных і перакладных тэкстаў і быў багата ілюстраваны арыгінальнай графікай, у тым ліку калажнымі кампазіцыямі ды іншымі творамі Васілісы Палянінай, якая была галоўнай мастачкай выдання і займалася дызайнам яго першых двух нумароў.
 

Васіліса Паляніна

Мастацка-літаратурны праект «Макулатура» быў блізкі ёй і таму, што Васіліса яшчэ і паэтка, такая ж праніклівая, з такімі ж брутальнымі сюжэтамі і адкрытым стаўленнем
да жыцця, як і ў сваіх візуальных творах —  графіцы, скульптуры, інсталяцыях.
Мастацтва для яе з'яўляецца і тэрапіяй —  формай пераадолення траўматычнага досведу, і зброяй —  інструментам крытычнага выказвання, неабходным для таго, каб указаць на праблему ці выказаць сваю нязгоду.

Сфера інтарэсаў творцы шчыльна звязаная з тэмай цялеснасці, якую яна супрацьпастаўляе сацыяльнай норме і кансерватыўнаму грамадству.
Праз цела чалавек выбудоўвае сувязь з рэальнасцю. Аднак мастачка не спыняецца на гэтым канцэпце, а даследуе цела як праваднік у свет міфалогіі: у сваіх
антрапалагічных эксперыментах злучае формы чалавека і жывёлы, стварае
мутантаў ды іншых выдуманых істот.

Часта цялеснасць у яе творах раскрываецца праз сэксуальнасць, якая даследуецца не толькі праз чалавека, але і праз вобразы раслін і звярэй. Так, у графічнай кнізе «Night Club», прысвечанай вядомаму летняму святу Купалля, аўтарка пагружаецца ў паганскую міфалогію.

Night Club / форзац кнігі, 2019


Пачынаецца кніга нечаканай выявай беларускага пашпарта пад ультрафіялетам. «Назва «Night Club» адсылае гледача да атмасферы камернага, прыватнага танцполy. Звычайна на ўваходзе ў начны клуб ахоўнікі просяць паказаць пашпарт. Пад промнямі ультрафіялету ў беларускім пашпарце распускаецца галінка папараці», —  кажа Васіліса Паляніна. Пасля чытачы знаёмяцца з жыхарамі ляснога клуба, якія зліваюцца ў танцы, скачуць праз вогнішча ды займаюцца сэксам.
Каб стварыць эфект прысутнасці, мастачка выкарыстала ў кнізе ўкладышы з натуральнымі матэрыяламі —  напрыклад, чалавечымі валасамі. Такія прыёмы дапамагаюць максімальна наблізіцца да рэальнасці.

 

Night Club / разварот кнігі, 2019


Тактыльнасць стала важным складнікам яе тэкстыльнага праекта «Вось табе крыж!». «Крыж —  гэта фігура, якая ўтрымлівае ў сабе вертыкальны і гарызантальны рух. Гэта перакрэсліванне і адмена Старога Запавету», —  паведамляе аўтарка. Мастачка, паводле яе слоў, «з дапамогай даволі правакатыўных паверхняў ажыўляе форму крыжа і такім чынам завяршае традыцыю рэлігійнага свету з богачалавекам і адраджае анімізм».
 

Вось табе крыж!/ фота з персанальнай выставы ў Syntax Gallery, Масква, Расея, 2021. Аўтары фота: Syntax Gallery

 

Вось табе крыж! / фота з персанальнай выставы ў Syntax Gallery, Масква, Расея, 2021. Аўтары фота: Syntax Gallery


У праекце «Твары Лесу» (пачаты ў 2021 годзе) метамарфозы працягваюцца: розныя целы пераўтвараюцца і пераствараюцца, з'яўляюцца выдуманыя істоты —  Іншыя: новыя арганізмы, якія пашыраюць успрыманне чалавека з псіхалагічнага і сацыяльнага бакоў.

 

«Твары Лесу» / Інсталяцыя, 2022, Опен-студыя ў Доме Культуры "Бетаніен", Берлін, Нямеччына

Цялеснасць таксама дапамагае дасягненню гармоніі і справядлівасці ў грамадстве. У іерархічным грамадстве людзі займаюць пэўныя ролі і становішчы. Прыняцце нашых цялесных рэалій можа прывесці да больш роўнага размеркавання ўлады і разбурэння іерархіі. «Прызнаючы роўную каштоўнасць усіх людзей, —  перакананая мастачка, —  мы можам працаваць над пабудовай больш справядлівага свету».

«Твары Лесу»  / Cкульптура, 2022  
«Твары Лесу» / Cкульптура, 2023







 

 

Аўтарка працуе са стэрэатыпамі, якія навешваюцца на беларускую нацыю, ды іранізуе з недальнабачнасці сучаснай беларускай дзяржавы. Гэтую ідэю Васіліса Паляніна ўвасабляе ў чатырохметровым па даўжыні творы «Той, хто верыць у мяне, ніколі не памрэ», выкананым у традыцыйнай жаночай тэхніцы вышыўкі. Работа была паказаная на выставе пад назвай «Калі формы робяцца стаўленнем» (2021) у галерэі «Крынкі» (Польшча). Выстава аб'яднала беларускіх мастачак, гады сталення якіх прыйшліся на апошнія дзесяцігоддзі. У творы «Той, хто верыць у мяне, ніколі не памрэ» мастачка фіксуе сельскагаспадарчую міфалогію, згодна з якой «беларус нараджаецца з караняплода бульбы і выхоўваецца як прадстаўнік цярплівага сялянскага народа». Выкананне вышыўкі заняло восем месяцаў і рабілася з усімі ахвочымі паўдзельнічаць жанчынамі, ператварыўшыся ў тэрапеўтычны рытуал.

 

«Той, хто верыць у мяне, ніколі не памрэ»/ вышыўка на бавоўне, 180х400 см, 2020-2021, фота з выставы «Калі формы робяцца стаўленнем»,
Крынкі, Польшча, 2021

 

«Той, хто верыць у мяне, ніколі не памрэ» / фрагмент

 

«Той, хто верыць у мяне, ніколі не памрэ» / фрагмент


Жанчынам і іх ролі прысвечаныя два праекты, адзін з іх мае назву «Яна не любіць мяне, мама!». Назва для гэтай серыі малюнкаў узятая з фільма Аляксея Балабанава «Груз 200».
Цэнтральны вобраз чалавека са зброяй у гэтым праекце мастачка падае як дзіця, якое так і не вырасла, яно пакрыўджанае і помсціць свету за нелюбоў. «Я выкарыстоўваю дзіцячыя атрыбуты, каб падкрэсліць кантраст паміж інфантылізмам і агрэсіяй. Я прытрымліваюся пазіцыі, што людзі не нараджаюцца агрэсіўнымі (калі не браць пад увагу паталогію або генетычныя асаблівасці), а становяцца такімі праз непрыязнасць або недахоп любові. Што такое любоў? Любоў —  гэта клопат, прыняцце, падтрымка», —  тлумачыць сваю канцэпцыю Васіліса.
 

«Яна не любіць мяне, мама!» / фота з выставы "Need for techno", Post Club, Вільня, Літва, 2021.  Аўтар фота: Vidmantas Cinauskas


Наступная работа, інсталяцыя 2022 года, што складаецца з серыі керамічных аб'ектаў, мае назву "ДЗЕ КВЕТКІ?". У праекце з'яўляюцца вобразы смерці, трансфармацыі і нараджэння, разлому, пакут і пераходных станаў.

 

"ДЗЕ КВЕТКІ?" / Інсталяцыя, 2022, Дом Культуры "Бетаніен", Берлін, Нямеччына

 

"ДЗЕ КВЕТКІ?" / Інсталяцыя, 2022. Опен-студыя ў Акадэміі Мастацтваў, Берлін, Нямеччына

 

"ДЗЕ КВЕТКІ?" / Інсталяцыя, 2022, Дом Культуры "Бетаніен", Берлін, Нямеччына

У нашай віртуальнай галерэі мы прэзентуем праект Васілісы Палянінай,  які называецца «Ларыса». Ён быў паказаны на групавой выставе «Родны склон» у Мінску ў 2019 годзе і прысвечаны бабулі мастачкі.