BY
па-беларуску
Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола

Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола

Выстава Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай «Кафэ Беларусь 2: комплекс Касандры»

У Дрэздэнскім музеі этнаграфіі – Японскім палацы – адкрылася выстава мастацкага тандэму «1+1=1» Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай.
Яе арыгінальная назва, дадзеная самімі мастакамі, – «Комплекс Касандры».
У Японскім палацы мастакі цяпер знаходзяцца на рэзідэнцыі і выставу зладзілі як падсумаванне творчых пошукаў апошніх гадоў.

Назва іх мастацкай групы – «1+1=1» – наўмысна парадаксальная
З першай часткай гэтай формулы ўсё гранічна ясна: кожны з аўтараў – яркая індывідуальнасць, вельмі адметная, з супрацьлеглымі скіраванасцямі сваіх творчых інспірацый. Міхаіл – аўтар правакатыўных перформансаў і сацыяльна вострых работ, часам падкрэслена плакатных па форме. Нядзіўна, што аднойчы ён быў затрыманы за сваю акцыю мінскай міліцыяй. Антаніна – мастачка, схільная да глыбокай самарэфлексіі, вынік якой выносіць вонкі, то-бок увасабляе ў творах без самацэнзурных рамак. Пытанні, якія яна сабе задае, заўсёды няпростыя, іх не ўздымеш у звычайнай свецкай гутарцы. Яны пра грамадскія міфы і прыроду мовы, пра жыццё, смерць і разбурэнне, пра невідочнае.

Аднак другая частка формулы «1+1=1» таксама аказваецца цалкам лагічнай, калі паназіраць за паводзінамі мастакоў у сацыяльнай прасторы.
За тым, што звычайна называюць мастацкімі жэстамі – дэманстрацыяй пазіцыі, пракламацыяй, выяўленай у дзеяннях ці ў выразных актуальных вобразах. Лёгка можна запаралеліць гулінаўскі перформанс з манументамі, калі творца падыходзіў з супрэматычна выразнымі аб'ёмнымі формамі да дзяржаўных знакавых помнікаў і выбудоўваў канструкты перад імі, ствараючы пазбаўленыя ідэалогіі рэплікі, -- і піктаграмы Антаніны, якія былі падхопленыя злёту і разышліся паўсюдна як сімвалы рэвалюцыі 2020-га. Кулак, сардэчка, «вікторыя» – хто не памятае гэтыя малюнкі, выкананыя, здаецца, на адным уздыху.
А перад ад'ездам на рэзідэнцыю ў Германію мастакі ладзілі кватэрнікі ў сваёй майстэрні насупраць Палаца мастацтва ў Мінску, давалі пляцоўку для выстаў, чытанняў і канцэртаў.
 

Антаніна Слабодчыкава і Міхаіл Гулін

На сваёй выставе ў Японскім палацы Міхаіл і Антаніна не сталі дзяліць прастору.
У эміграцыі духоўныя сувязі паміж творцамі мацнеюць, што ўжо казаць пра сямейныя тандэмы. Аўтары свае працы перамяшалі, пракладаючы скрозь выставу ўяўныя сцяжынкі і ствараючы невідочныя перасячэнні.
Агульнае ў іх працах – даследаванне ўнутраных механізмаў узаемадачынення паміж міфам і палітыкай, характэрных для аўтарытарных і рэпрэсіўных сістэм. «Якую ролю адыгрывае міфалогія і якім чынам так званыя знакі лёсу інтэрпрэтуюцца на карысць улад? Якое значэнне мае вера ў правадыра як прарока або героя, што несвядома перадаецца з пакалення ў пакаленне? Каго можна назваць сапраўдным героем ці гераіняй у такіх варунках?» – так пазначаюцца ў каталогу выставы асноўныя болевыя кропкі экспазіцыі.

Сярод 25 прац – відэа, перформансы, графіка і інсталяцыі, створаныя пасля 2020 года, а таксама новыя графічныя і мультымедыйныя творы, распрацаваныя адмыслова для паказу ў Японскім палацы.
Праект выразна маркіруе ружовае неонавае слова «Касандра», яно сустракае гледача на ўваходзе. Выбраўшы гэты колер, Міхаіл Гулін заклаў у інсталяцыю некалькі канатацый, найперш гендарную, а таксама – палітычную: ружовы дае механічнае змешванне бел-чырвона-белага.
Надпіс «Касандра» прымацаваны на брутальным металічным плоце і ззяе ружовым праз будаўнічы брудны пластык.
 

Інсталяцыя Міхаіла Гуліна «Касандра»

Чаму Касандра? Хто тут Касандра? «Касандра, – тлумачыць Міхаіл Гулін, – гэта Беларусь... Якую ніхто не паслухаў».
Нагадаем, што ў старажытнагрэчаскай міфалогіі Касандра – траянская царэўна, надзеленая Апалонам дарам прароцтва, аднак за адмову ва ўзаемнасці кахання Апалон зрабіў так, што прадказанням Касандры ніхто не верыў.
«Калі Міхаіл Гулін піша на агароджы грэцкімі літарамі КАСАНДРА, ён мае на ўвазе менавіта гэты сімвалічны пасыл, – піша нямецкая куратарка Сюзанна Альтман у каталогу выставы. – Хто папярэджвае пра небяспеку, хто выбірае не маўчаць -- аўтаматычна робіцца падазроным для ўлад. Тут нічога не змянілася і па сённяшні дзень. Канфлікты ў тым рэгіёне, адкуль родам мастак, тлеюць з канца 1980-х, калі пачаў распадацца Савецкі Саюз. І ўсё ж краіны на Усходзе, напрыклад радзіма мастака Беларусь, ці Украіна або Арменія, з'яўляюцца на ментальнай мапе Еўропы толькі калі там успыхваюць пратэсты, а то і вайна. А нельга ж сказаць, што ніхто не папярэджваў».

Сам мастак тлумачыць канцэпт выставы больш канкрэтна.
Падзеі 2020 года ў Беларусі завяршыліся вайной. «Магчыма, – мяркуе творца, – калі б да Беларусі тады прыслухаліся, то можна было прадбачыць тое, што адбылося пазней». Аднак мастаку важна было зрабіць нашу гісторыю ўніверсальнай, таму ён звярнуўся да еўрапейскіх першакрыніц – грэчаскай міфалогіі. Адштурхнуўшыся ад яе, мастакоўская думка ляціць да іншых знакаў, ужо сучасных: напрыклад, да вобраза клоўна Рональда Макдональда – сімвала вядомай сеткі рэстаранаў быстрага харчавання. На адкрыцці выставы, прайшоўшы паўз «Касандру», гледачы траплялі на перформанс Міхаіла Гуліна «Нi зняты, нi павешаны», у якім мастак у касцюме Рональда Макдональда выгукваў словы на розных мовах, трагічна-абсурдысцкі набор ідэалагем, характэрных для нашага рэгіёна цягам апошніх гадоў.
 

Перформанс Міхаіла Гуліна «Ні зняты, ні павешаны»

Культавы персанаж у інтэрпрэтацыі мастака з'яўляецца сімвалам перамен: сетка McDonald’s, прыйшоўшы ў Беларусь у 1990-я, знікае за апошнія пару гадоў, як бы пазначаючы перыяд дэмакратыі ды яе імітацыі.
Падчас перформансу мастак прапанаваў гледачам узняць у паветра 26 чорных балонікаў -- па колькасці гадоў існавання McDonald’s у Беларусі, прывязаўшы да іх палачкі. Задача аказалася няпростай: ці галінкі даводзілася ламаць, ці шары звязваць разам, каб нарэшце яны ўзняліся і завіслі пад столлю.

Сама назва перформансу «Нi зняты, нi павешаны», паводле яго аўтара, увасабляе сабой класічную формулу існавання Беларусі.
Гэта не ўсе сімвалы і знакі неспакойнага рэгіёна, над праблемамі якога разважаюць мастакі. Знакі, што падаюць з неба, у любой міфалогіі найбольш пераканальныя. У жывапіснай працы пад назвай «Знак» Міхаіл Гулін увасабляе павялічаную да вялікіх памераў мёртвую мыш, якую сокалы скінулі пад ганак Цэнтральнай выбарчай камісіі падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты летам 2020 года. Што гэта быў за знак – папярэджанне ці надзея, – мастак не раскрывае, пакідаючы выснову гледачу. Аднак пачатак гэтай гісторыі мастак знаходзіць у 2006 годзе. Менавіта тым часам датуецца фрагмент відэа з допыту падазраванага ў тэрарызме, якое паказалі на БТ. Тады КДБ інсцэнаваў на дзяржаўным тэлебачанні допыт з нібыта ворагам дзяржавы, які нібы прызнаўся ў тым, што збіраўся атруціць ваду ў мінскім водаканале, кінуўшы туды трупік грызуна.
 

Міхаіл Гулін. «Знак»

Мыш, праўда крыху ў іншай іпастасі, становіцца героем праекта і Антаніны Слабодчыкавай. Мастачка стварае графічны аповед, у якім мышка робіцца яе альтэр эга. Слова для Антаніны – такі ж важны графічны элемент, як і вобраз, а часам нават больш значны, бо пазначае рэчы, блізкія да архетыпаў. Так у яе графіцы з'яўляюцца фразы „Meine Geliebte“ (Мая каханая), „Mein Junge“ (Мой хлопчык), „Mein Mädchen“ (Мая дзяўчынка), „Meine Mutter“ (Мая маці), „Mein Hass“ (Мая нянавісць). Ці “Angst essen Seele auf” (“Страх з’ядае душу”, паводле назвы фільма Райнера Вернера Фасбіндэра).
 

Антаніна Слабодчыкава «Мышы и героі»

У сваім праекце «Героі, усяго толькі героі» мастачка разважае пра ўмоўнасць паняцця «герой», пра яго дуалістычную прыроду.
Напрыклад, часта герой для іншай групы людзей становіцца антыгероем. Як у беларускай дзяржаўнай прапагандзе т.зв. «сілавікі» з'яўляюцца героямі.
Для абароны ад такога кшталту «герояў» мастачка прыдумвае адмысловы аб'ект – бронекамізэльку, якая, як і ўсё на гэтай выставе, ператвараецца ў знак. Пашытая з дзвюх футболак, «бронекамізэлька» з празрыстымі кішэнямі – сімвал хутчэй крохкасці, а не сілы. Да таго ж яна выстаўлена ў шкляной вітрыне, што нагадвае гістарычны экспанат, даволі бескарысны ў сапраўдным змаганні.

Важнымі акцэнтамі экспазіцыі з'яўляюцца дзве відэаінсталяцыі Антаніны Слабодчыкавай, размешчаныя ў розных залах. Аб'яднаныя назвай «Юнацтва, выходзь!», яны метафарычна распавядаюць пра ўцёкі. Няхай гэта толькі бег уздоўж дарогі ці праз кукурузнае поле, гаворка вядзецца пра сімвалічнае выйсце для маладога пакалення з той сітуацыі, у якой яно апынулася на сваёй радзіме.
Вайна – ключавы момант той катастрофы, што здарылася з нашай краінай і ўсім рэгіёнам. Інсталяцыя «KRIEG» уяўляе сабой пяць насыпаных зямлёй прастакутнікаў памерам з чалавечае цела. Зверху гэтыя земляныя скульптуры плоскія, што наводзіць на думку пра спешнае пахаванне, як падчас вайны ці іншых бедстваў. Замест вянкоў над кожнай з магіл прывязаная напоўненая геліем літара з залацістай фольгі. Гэтыя святочныя ўпрыгожанні ўтвараюць нямецкае слова KRIEG – вайна.
 

Міхаіл Гулін у касцюме клоўна на фоне інсталяцыі KRIEG

На заднім плане дэманструецца відэазапіс перформансу «Тэрыторыя пратэсту», які Міхаіл Гулін зладзіў і задакументаваў у 2014 годзе. Пяць магіл зліваюцца з пейзажам, які мы бачым на відэа. Пейзаж даволі безнадзейны, бо ў чыстым полі пратаптанае кола, па якім ходзіць мастак-перформер з сімвалічным плакатам. Хаджэнне па коле – такі лёс актывістаў у нашым краі.

Нездарма свой перформанс пад назвай «Нi зняты, нi павешаны» Міхаіл Гулін прысвячае мастаку Віталю Калгіну, які ў 2011 годзе быў жорстка збіты і змешчаны ў псіхіятрычную клініку. Мастакі аб'ядналіся і напісалі ліст у яго падтрымку, аднак, нягледзячы на непераканальныя абвінавачванні, нічога не дапамагло. Цяпер кола зноў замкнулася, і многія з тых неабыякавых аўтараў у чорных спісах ці ў эміграцыі, адкуль пачынаюць новы віток сваёй творчасці.
 

Перформанс Міхаіла Гуліна «Ні зняты, ні павешаны»

Выстава будзе працаваць да 23.11.2023.