Таша Кацуба ўварвалася ў прафесійнае мінскае мастацкае жыццё зусім нядаўна (у 2019-м перамагла на «Восеньскім салоне» і ў 2020-м зладзіла «персаналку» ў Палацы мастацтва), але і хутка з яго выйшла.
Цяпер яна выстаўляецца ў Польшчы: напрыклад, невялікая экспазіцыя твораў і яе першы перформанс адбыліся ў варшаўскай галерэі Promocyjna.
Паміж гэтымі двума выставамі – каля двух гадоў і цэлае жыццё з нечаканым, непажаданым, але ж такім карысным для мастацтва досведам.
У Ташы Кацубы не кананічная мастацкая адукацыя, магчыма, яе не возьмуць у Саюз мастакоў, аднак наўрад ці ёй гэта трэба. Яна – папулярная аўтарка маладога пакалення, якое абсалютна цалкам ігнаруе меркаванні паважаных мэтраў ад мастацтва, ці ён тут заслужаны, ці народны. Моладзь выбірае разняволенасць і свабоду, поўнае адмаўленне мастацкіх канонаў і любіць рэльефны жывапіс, эксперыменты з формай і брутальныя сюжэты. А самае галоўнае: маладым людзям вельмі блізкая праблематыка творчасці мастачкі. Тут Таша – ідэальны барометр.
Выстава ў мінскім Палацы мастацтва называлася HOME – яна была пра пошук дома, таго месца, якое ў гэтым свеце з'яўляецца толькі тваім. Праект быў прысвечаны бацькам творцы, аднак свой дом Таша знайшла ўнутры сябе. Яе дом – гэта арт, таму выстава сталася своеасаблівым аўтапартрэтам.
Першая праблема сталення сфармавалася тут у пераканальнай і выразнай формуле – пошук «месца моцы» ўнутры сябе.
Дзве рухальныя сілы вялі мастачку ў той перыяд – патрэба ў самавыражэнні і вера ў моц мастацтва, у яго здольнасць уплываць на матывацыю людзей.
Экспазіцыя выставы таксама была некананічная для беларускага арту: аўтарка імкнулася ўзнавіць месца сапраўднага дому і паставіла ў малой зале Палаца ложак, а да яго падножжа прымацавала кнігі, лісты, фатаграфіі – рэчы, якімі яна абрастае ў кожным новым месцы.
Зроблена гэта было з мэтай дасягнуць эфекту пагружэння ў атмасферу жыцця. У тым можна ўбачыць праяву яе свабодных паводзін, а зусім не імкненне ўзнавіць знакаміты аб'ект амерыканскага мастака мінулага стагоддзя Роберта Раўшэнберга, абышлося нават без адсылак. Ёсць мэта, а сродкі – другаснае, галоўнае, каб усё спрацавала, таму і ў структуру свайго жывапісу Таша ўлучае самыя розныя фактуры і эфекты – аб'ём, адлюстраванні, рэчы і рэальныя фатаграфіі, дрэва, гіпс, лакі.
«Мастацтва не абавязана быць прыгожым ці маральным, – цытуе Таша Кацуба любімую пісьменніцу Алівію Лэнг. – Людзі ствараюць мастацтва... каб агаліцца».
Верагодна, гэта і ёсць яе аўтарскае крэда. На шляху наперад важна не азірацца – ні на існую традыцыю, ні на чужыя меркаванні, нават глядацкія, нездарма на адкрыцці сваіх выстаў аўтарка можа і не прыйсці.
Аднак хто б мог падумаць, што жыццё паспрыяе зусім нечаканаму, траўматычнаму досведу, а патрэбу перадаць свой боль мастачка паставіць пад сумнеў.
Хоць яе гісторыю цяпер не назавеш незвычайнай.
Пасля падзей 2020-га Таша ў стане крызісу пераехала ў вёску да бацькоў, дзе плённа тварыла паўгода, а пасля накіравалася ва Украіну, і там яе заспела вайна. Праз пару месяцаў адбыўся пераезд у Польшчу, дзе чарговы раз давялося набываць матэрыялы і пачынаць усё з нуля.
У Кіеве да вайны Таша напісала некалькі работ, якія пасля выставіла ў варшаўскай галерэі, – яны пра адзіноту і духоўнае святло, што аўтарка літаральна ўвасобіла ў патоку белага колеру. Астатнія творы на выставе зроблены ў Польшчы, пасля пачатку вайны. Настрой там іншы, але падобны, што дазволіла мастачцы злучыць працы ў адной экспазіцыі.
Два месяцы, калі Таша жыла ва Украіне падчас вайны, яна толькі шыла. Тэкстыль – важная частка яе творчага наробку, ён дапамагае як выявіць сябе, так і стварыць свой аўтаномны закрыты свет з мяккімі копіямі небяспечных рэчаў.
Аднак найбольш уражальныя праекты Ташы Кацубы – гэта маскі і касцюмы. А дакладней – вобразы, якія яна з іх дапамогай увасабляе. Небяспечныя сюжэты, фантастычныя персанажы-двайнікі. Яна апранае на сябе касцюмы і маскі і ўваходзіць у вобраз, пасля робіць фотасесію ў прыродных краявідах і здымае відэа.
Напярэдадні жніўня-2020 Таша пашыла касцюм добрага амапаўца, ружовы, з ружовым эратычным дручком і мяккімі наручнікамі. Таша сцвярджае, што гэта яе заклік да гуманнага стаўлення з боку праваахоўных органаў, аднак вобраз бачыцца адназначным адкрытым сцёбам. Тым не менш менавіта з гэтым творам у працы Ташы Кацуба ўвайшла палітычная павестка і засталася дасюль. Юнацкія праблемы асабістага росту і сацыялізацыі рэзка адсунуліся на другі план і зніклі.
Калі Таша пераехала ў Польшчу, сітуацыя з матэрыяламі была нашмат лепшая, чым у Кіеве (некаторыя яе працы кіеўскага перыяду напісаныя на дзвярах, знойдзеных на сметніку), бо яна патрапіла на рэзідэнцыю PerspAktiv, па выніках якой зладзіла свой першы сапраўдны перформанс і выставу ў невялікай варшаўскай галерэі Promocyjna. Назва выставы «209 дзён шэрага: смерць цялеснага, неўміручасць духоўнага» гучыць крыху прэтэнцыёзна, але новае пакаленне на такое адгукаецца, на адкрыццё прыйшло каля паўтары сотні чалавек, у асноўным моладзь.
Для перформансу падрыхтавала касцюм «Воін кахання»: маска, зброя кахання (калчан са стрэламі) і вельмі выразны маральны пасыл, які выклала перад сабой на паперы праз радкі верша Анатоля Вольнага: «З халодным сэрцам жыць прыгожа, а як з пякельным болем жыць? Магу дзяліць я радасьць з кожным, а гора з кім мне падзяліць?»
«Пасля ўкраінскіх падзей, калі мая дзяржава цяпер – суагрэсар, ці маю я права адчуваць боль і выказваць яго?» – такі пасыл перформансу, які яна рэалізавала ў невялікай зале. Гукі вайны, дзяўчына ў чырвоным, якая сядзіць, скаваная ўнутранымі пачуццямі. Яна лічыць, што не можа, не мае права дзяліцца сваім болем. Бо выжыла…
Творы на выставе напісаныя двума колерамі – чорным і белым, праз мяхі прарастаюць кветкі.
Мастацтва даволі рэдка можна назваць дакладным барометрам, хоць здавалася б, што гэта яго непасрэдная функцыя. Але ў свеце не так шмат мастакоў «без скуры» і з аголенымі нервамі, якія выкарыстоўваюць мастацтва як інструмент для таго, каб дыхаць, прамаўляць і сузіраць. Як інструмент, арт неадлучны ад іх рукі, вачэй, ён як сапраўдны працяг нервовай сістэмы.
Верагодна, Ташы важная рэакцыя гледача, што б яна ні казала. Але яна будзе маляваць і без гэтай рэакцыі.
Безумоўна, ёй патрэбныя грошы, аднак яна будзе маляваць і без іх, шукаючы дошкі на сметніку і акрылавыя фарбы ў будаўнічай краме.
Яна не самавук, але творыць па-за канонамі, як па-сапраўднаму адарваны ад традыцыі аўтар, які мае настолькі моцную індывідуальнасць, што лёгка змешвае матэрыялы, праходзіць паміж стылямі і турбуецца не пра сучасны выгляд твораў, а толькі пра рэзананс.
Яна будзе паўтарыць за любімай пісьменніцай: «Людзі ствараюць мастацтва... каб агаліцца, каб агледзець свае рубцы».
І ў нас усіх сёння шмат гэтых рубцоў.
Усе фотаздымкі належаць Ташы Кацуба
https://www.behance.net/tashakatsuba
У Віртуальнай галерэі АртКантэксту можна паглядзець праект Ташы Кацуба “Пачуццё дома”