Салон Моладзь

Ірына_Котава_Ізаляцыя_палатно_алей_ніткі_22
Алесь_багданаў_Трыпціх_Цыкл_жыцця_Алей_22
Дзмітрый_Веска_Батуфорыю_ў_камору_змешаны_друк_20
Кацярына_Філіпава_мінулае_і_сучаснасць_алей_22
Марыя_Сыракваш_Іздаг_папреа_соус_22
Мікіта_Вайлупаў_Серыя_people3_акрыл_22
Юдія Дранец губіцель
алеся скарабагатая лес
котава заслона
фрагмент эксп

Восеньскі салон 2022 - Пазл без дэталей, дэталі без пазла.

У Мінску ў Палацы мастацтва адкрылася выстава-продаж работ маладых мастакоў Беларусі «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам». Гісторыя мінскіх салонаў пачынаецца з 2015 года, такім чынам гэтай восенню мерапрыемства адбываецца восьмы раз.

Большасць работ будзе даступная для пакупкі на анлайн-платформе па продажы мастацтва Аrtcenter.by. Кожны наведнік можа не толькі набыць упадабаныя працы, але і падтрымаць мастакоў, запоўніўшы бланк галасавання. Мастакі, якія набяруць найбольшую колькасць галасоў, будуць узнагароджаныя прызамі ад партнёраў праекта.

Умовы ўдзелу ў «Восеньскім салоне» даволі простыя: маладыя аўтары (такім лічацца мастакі да 40 год) прадстаўляюць работы, створаныя ў розных відах выяўленчага мастацтва за апошнія тры гады. Прынесці свой арт-абʼект можа любы чалавек, незалежна ад бэкграўнду. Аднак у якасці экспанатаў на выставу патрапілі толькі тыя творы, якія прайшлі адбор прафесійнага журы.

Такім чынам куратару салона Аляксандру Зінкевічу заставалася толькі развесіць адабраныя працы. Асаблівай назвы і канцэпту гэтае мерапрыемства не мае.

Сёлета склад удзельнікаў амаль напалову абнавіўся: незнаёмых імён было вельмі шмат, бо многія мастакі выставіліся ўпершыню – і студэнты мастацкіх устаноў, і проста аўтары-самавукі.

Здавалася б, гэта звычайны салон – выстава продаж-твораў, якая не мусіць цікавіць спецыялістаў і мастакоў, а толькі аматараў упрыгожваць свае сцены ўнікальнымі арт-аб’ектамі.

Аднак тое, што выстава гучна праводзіцца ў сценах Палаца мастацтва, а адкрывае яе кіраўніцтва творчага Саюза, прываблівае ўвагу да вернісажу іншых аўтараў і нават крытыкаў.

Калі быць дакладным, увагу прываблівае іншае: чаканне адкрыцця новых імёнаў, бо маладое мастацтва для многіх асацыюецца з паняццем новага. І творцам, і мастацтвазнаўцам хочацца ўбачыць спробу абнаўлення і вызвалення з замкнёнага кола адных і тых жа візуальных рашэнняў і тэарэтычных канструктаў.

Сёлета гэтая формула (малады – новы) зноў не спрацавала. Дакладней, яна не працуе тут ужо даўно. Галоўным чынам таму, што ў нас няма прафесійнай адукацыі, якая б грунтавалася не на акадэмічнай школе. Ды і акадэмічная школа таксама даўно патрабуе мадэрнізацыі – адпаведна дынамічным выклікам часу, а не проста ўвядзення асобнага прадмета, на якім графікі знаёмяцца з камп’ютарным мастацтвам.

На выставе было відавочна, што маладыя людзі пагружаныя і адлюстроўваюць зусім іншае візуальнае асяроддзе, чым іх настаўнікі-акадэмісты, і няважна, на якім яны ўзроўні адукацыі. Верагодна, таму было няпроста на гэтай выставе адрозніць студэнта ад дылетанта: студэнт беларускай акадэміі можа рухацца ў сучасным мастацтве з асцярожнасцю «зялёнага» пачаткоўца, бо ён элементарна не навучаны сучаснаму візуальнаму мысленню і тэорыі, не валодае практыкай працаваць канцэптуальна. А патрэба такая ёсць: з работ на сценах проста несліся хвалі жадання быць сучаснымі, адказваць на выклікі часу праз новую форму. Ёсць у гэтых аўтараў рэальныя настаўнікі? Хутчэй за ўсё, няма. На чым жа яны вучацца? На карцінках з інтэрнэту – у горшым выпадку, у замежных школах ці анлайн-курсах – у лепшым.

Вось мы і намацалі галоўную праблему моладзі на гэтай выставе: неадпаведнасць адукацыі запытам часу і патрэбам новага пакалення.

Што да арт-рынку… Сама канцэпцыя «мастацтва маладых творцаў» з’яўляецца вельмі «прадавальнай» і вельмі плённай маркетынгавай стратэгіяй. Гэта як надпіс на этыкетцы – new, новае, раней не вядомае, а значыць унікальнае, і цалкам магчыма, што інвестытыцыі тут акупяцца, бо пра гэта ж сведчыць уся гісторыя мастацтва ХХ стагоддзя.

У той жа час у англамоўным кантэксце на моладзь ужо так не ставяць, папулярны выраз emerging artist – мастак-пачаткоўца, а ён можа быць хоць 70-гадовым. Дарэчы, раскруткі такіх аўтараў таксама праходзяць даволі ўдала. Мастак – гэта прафесія, у якой не павінна быць ўзросту. Хоць мастацтва можна пачаць рабіць нават на пенсіі, аднак рамкі, якія задае інстытуцыянальная сістэма, вельмі цяжка рассунуць. Таксама апошнія гады, нават дзесяцігоддзі маладыя мастакі вельмі часта выкарыстоўваюць толькі тыя візуальныя стратэгіі і ідэі, якія ім выкладалі ў мясцовай арт-школе: яны атрымліваюць там гатовы набор інструментаў і выкарыстоўваюць яго ў сваёй далейшай практыцы. Пры гэтым усе чакаюць, што маладыя мастакі вынайдуць нешта новае, але нічога падобнага, часцей за ўсё, не адбываецца.

Пры ўсёй крытыцы, «Восеньскі салон» цудоўна выконвае сваю функцыю, хоць з яго амаль зніклі вядомыя імёны. А функцыя гэта – легітымізацыя маладых аўтараў, якія атрымаюць сур’ёзны стартавы радок у творчай біяграфіі, факт продажу – гэта ўсё можа паспрыяць іх кар’еры. Тым больш удзел пасрэдніка паміж ім і гледачом мінімальны – у выглядзе журы, якое адсейвае зусім ужо слабыя работы. Дарэчы, сёлета з 789 прэтэндэнтаў выбралі 246 аўтараў ва ўзросце 18–40 гадоў. Так на выставе апынулася 430 прац, а з улікам таго, што экспазіцыя пашырылася на галерэю «Арт-Беларусь», колькасць удзельнікаў вырасла да пяцісот.

Што за тэмы хвалююць сёння гэтую моладзь?

Чалавечы твар – партрэт і аўтапартрэт – як інструмент самапазнання з’явіўся вядучым сюжэтам. Вельмі шмат гламуру, які часцей за ўсё пададзены ў іранічным ключы. Аднак у большасці твораў – жывапісныя і фармальныя пошукі без глыбокага культурна-сацыяльнага кантэксту, такія сабе навучальныя экзерсісы. Крытычныя работы таксама сустракаліся, хоць і няшмат. Самая ўзорная – раздрукаваная рэпрадукцыя пейзажа Шышкіна з надпісам «Я ненавіджу мастацтва» на англійскай мове – цалкам сабе экспанат для сур’ёзнай мастацкай выставы. Няшмат было і інсталяцый, выключэнне – жывапіс Ірыны Котавай, скампанаваны разам з тэатральнай заслонай.

Зрэшты, паводле звычайнай, хоць і вялікай, выставы-продажу не зробіш высноў наконт захапленняў маладога пакалення. Восеньскі салон - проста выстава-продаж. Аднак важна, каб маладых падхапілі – каб запрасілі ў больш сур’ёзныя праекты. Дасталі творы з гэтага балагана і ўпісалі ў прадуманую стратэгію нейкай галерэі.

Ці будзе калі такое? Відаць, у цяперашніх умовах наўрад ці. У сучасным свеце маладое мастацтва вельмі моцна звязанае з інстытуцыямі. Бясконцыя конкурсы студэнтаў, фонды, прэміі, выставы ў галерэях... Усё круціцца вакол новага пакалення, бо менавіта яно шмат у чым вызначае тое, чым мастацтва і з'яўляецца.

Алеся Скарабагатая. Лес. Алей. 2022.

Алесь Багданаў. Трыпціх «Цыкл жыцця». Алей. 2022

Дзмітрый Веска. Бутафорыю ў камору. Змешаная тэхніка. 2020.


Ірына Котава. Ізаляцыя. Палатно, алей, ніткі. 2022.


Кацярына Філіпава. Мінулае і сучаснасць. Алей. 2022.


Марыя Сыракваш. Іздаг. Папера, соус. 2022.


Мікіта Вайлупаў. Серыя «people3». Акрыл. 2022.


Юлія Дранец. Губіцель, змешаная тэхніка. 2022.


Ірына Котава. Інсталяцыя. Алей, змешаная тэхніка. 2022.

фота ArtContextby