BY
па-беларуску

Партрэт у Арт Беларусі

Аляксандр Мазалёў. Наташа. 1967
Барыс Забораў. Першая прычасць. 1981.
Восіп Любіч. Аўтапартрэт з мадэллю. 1945.
Іосіф Аляшкевіч. Партрэт дамы ў сінім шалі. 1910-я.
Леон Бакст. Дзіця ў ружовым. Каля 1910.
Леў_Юдзін_Галава_Палатно,_алей_1921_
Мікалай Селяшчук. Матылькі тут не жывуць. 1982.
Нікадзім Сілівановіч. У вязніцы. 1874.
Пётра Сергіевіч. Партрэт сястры.
Творы Хаіма Суціна і Яўгена Шадко ў экспазіцыі выставы.
Хаім Суцін. Ева. 1928.

Хто напіша ваш партрэт?

Выстава «Партрэт часу. Партрэт у выяўленчым мастацтве Беларусі XIX–XXI стагоддзяў» праходзіць у галерэі «Арт-Беларусь». Большасць твораў – з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Паказалі і сучасных аўтараў.

Цяжкае жыццё Пікаса

Калі аўтапартрэты Пікаса размясціць храналагічна, то першымі пойдуць рэалістычныя выявы (Пікаса цудоўна маляваў з натуры), а апошнімі – дэфармаваныя кубістычныя. Карацей, мем «Як жыццё мужыка паламала» вельмі пасуе.
На выставе ў галерэі «Арт-Беларусь» можна ўбачыць характэрны твор віцебскага мастака Льва Юдзіна 1921 года. Ён быў вучнем Казіміра Малевіча і запазычыў пэўныя стылістычныя элементы ў свайго настаўніка. Твар на карціне разбіваецца на ўніверсальныя абстрактныя формы і становіцца малапазнавальным.
Папулярнае пытанне: навошта мастакі гэта робяць? Рэагуюць на карціну свету. Чым больш мы давяраем бачнаму, тым больш рэалістычныя вобразы. Як толькі пачынаем сумнявацца, шукаючы за знешнімі формамі вышэйшыя сілы – Бога ці падсвядомае, —  тым менш даверу вонкавым абалонкам. Рэлігія і псіхааналіз разбурае рэалізм – згадайце Сярэднявечча ці авангард.

Партрэт – толькі для мёртвых?

Першыя партрэты з’явіліся ў старажытным Егіпце ў форме скульптуры, і прызначаліся яны не для чалавечых вачэй, а выключна для камунікацыі з багамі. Душа ці вышэйшая існасць павінна была пазнаць цела – вось дзе вытокі партрэтнага падабенства. Усё гэта засталося актуальным для мастакоў праз тысячагоддзі – мастак заўсёды шукае душу ў таго, чый партрэт стварае. Што тычыцца вобразаў высокіх асоб – каралёў ці магнатаў, – там задача іншая: урачыстая прэзентацыя. Зафіксаваць вобраз для вечнай памяці – так сёння выглядае функцыя партрэта, аднак для гэтага ёсць фатаграфія. Таму жывапісны партрэт крыху страціў сваю папулярнасць, стаў элітарным. Зрэшты, такім ён заўсёды і быў.

Вобраз і падабенства

Разважаць пра партрэт – значыць разважаць пра асобу, якая ў ім паказана. І задаваць важнае пытанне: злавіў мастак унутраную сутнасць гэтага чалавека ці не атрымалася?
Партрэт глыбейшы, чым фатаграфія, раскрывае схаванае. З ім можа канкураваць толькі старое фота, калі трэба было доўга сядзець перад аб’ектывам – і незнарок паспець выдаць усе свае ўнутраныя сакрэты.
У падарожжы па нашай выставе варта крочыць дзвюма дарогамі: адной —  у гісторыю, другой – у сутнасць чалавека. Якога б часу ні быў твор, ХІХ ці ХХІ стагоддзя, якому б стылю ні належаў, маркеры і арыенціры пазнання лёсу і душы партрэтаванага застаюцца адны і тыя ж: вочы, рукі і пастава, тое, што называецца габітусам – упісанымі ў цела чалавека статусам, звычкамі і біяграфіяй. 

Варта толькі ўвайсці ў залу галерэі «Арт-Беларусь», каб зразумець, што куратар Аляксандр Зінкевіч нас блытае: перамяшаў усе стылі і эпохі, каб атрымаць найбольш моцныя візуальныя кантрасты. Аднак лепш не спакушацца лёгкімі шляхамі, а трымацца надзейных храналагічных арыенціраў.

Супярэчлівае ХІХ: класіцызм, рамантызм і масонства

У гістарычных творах партрэтнага жанру нас больш хвалююць не нюансы жывапісу, а сама асоба чалавека – як сведчанне далёкай эпохі. ХІХ стагоддзе дакладна не было росквітам партрэта, хоць імпрэсіяністы і стварылі ў канцы стагоддзя яркія тыпажы, аднак на выставе партрэты пазамінулага стагоддзя выкананыя ў асноўным у стылі позняга класіцызму з лёгкімі рысамі рамантызму і сентыменталізму. Гэтыя аўтары не імкнуліся парушаць устаноўленыя традыцыі, шукалі ўніверсальнае ў кожным чалавеку, былі перакананыя, што ідэальнае не супрацьстаіць індывідуальнаму, а ўвасабляецца праз яго.
Жывапісец і кіраўнік масонскай ложы «Белы арол» Іосіф Аляшкевіч напісаў партрэт дамы ў сінім шалі ў 1810-я. А значыць, мастак паспеў павучыцца ў Віленскім універсітэце, закрытым, пасля паўстання 1831 года, у паважаных прафесараў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма. Пасля ў Парыжы  – у знакамітага Энгра. Быў сябрам Адамам Міцкевіча і ў 1828-м зрабіў і яго партрэт.
Прадстаўнік рамантызму Валенцій Ваньковіч таксама сябраваў з Міцкевічам. Дом мастака захаваўся ў Мінску – і цяпер там музей. Лічыцца, што яго пэндзлю належыць прадстаўлены ў экспазіцыі партрэт Тамаша Зана – надзвычай цікавай асобы. Яго бацька быў удзельнікам паўстання Касцюшкі, а сам Тамаш у 1817-м разам з аднадумцамі заснаваў Таварыства філаматаў, пасля рэарганізаванае ў Таварыства філарэтаў. Развіваў новы літаратурны кірунак — рэвалюцыйны рамантызм —  і высока цаніў беларускую народную творчасць.
Наступнае пакаленне беларускіх мастакоў пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта не мела магчымасці атрымліваць адукацыю на радзіме, таму іх творчасць зазнала розныя ўплывы. Пецярбург стаў на доўгія гады адзіным магчымым месцам, дзе можна было зрабіць прафесійную карʼеру: напрыклад, Нікадзім Сілівановіч атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтва, а паміж прэстыжнымі дзяржаўнымі заказамі ствараў невялікія жанравая палотны, такія, як прадстаўлены ў экспазіцыі твор «У вязніцы» 1874 года. Казімір Альхімовіч супраць імперыі змагаўся адкрыта: прыняў удзел у паўстанні 1863 года і быў сасланы на Урал. Мастацтву вучыўся ў акадэміях Варшавы і Мюнхена. На выставе ёсць яго эскіз да карціны «Апошні вайдэлот Літвы з дачкой Плёнтай», які можна аднесці да гістарычнага партрэта.

Наша французскае ХХ

Галоўная «фішка» калекцыі Белгазпрамбанка – мастакі Парыжскай школы, якія паходзяць з Беларусі. Тэрмін пазначае групу мастакоў з усяго свету, што працавалі ў Парыжы ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ў стылях постімпрэсіянізму, кубізму і фавізму. Ад нашай краіны там у асноўным творцы габрэйскага паходжання, якія змаглі пераадолець рысу аселасці. Адарваўшыся ад традыцыі, яны былі вольныя рухацца ў любым кірунку. Жамчужынай калекцыі Белгазпрамбанка лічыцца «Ева» Хаіма Суціна
У «Аўтапартрэце з мадэллю» (1945) Восіпа Любіча мадэль, што стаіць за спінай мастака, апранутая ў касцюм Арлекіна. Гэты вобраз у пачатку ХХ стагоддзя становіцца метафарай творчай прафесіі, увасабляючы сабой адрынутага грамадствам мастака. Такое альтэр эга…
«Заваяваў Парыж» і Леон Бакст, знакаміты выхадзец з Беларусі, партрэтыст і сцэнограф, наватар у тэатральнай дэкарацыі. І Барыс Забораў, які выехаў у Францыю, каб знайсці свой стыль. На выставе ёсць яго праца 1981 года, заснаваная на перапрацоўцы старой фатаграфіі, адной з тых, якія мастак прыхапіў з сабой у далёкую дарогу.

Нацыянальнае – пошук тыпажу

Перыяд беларусізацыі 20-х гадоў ХХ стагоддзя – кароткі і трагічна абарваны – паспрыяў з’яўленню знакавых твораў і аўтараў, якія пазней вымушаныя былі многія працы спаліць і падладзіцца пад новы сацрэалістычны канон. Некаторыя творы захаваліся. Найперш згадаем Міхася Філіповіча, які звяртаўся да традыцыйнай культуры, фальклору і гісторыі праз вельмі выразную мастацкую мову (вучыўся ў Каровіна і Фалька).
Мастакі Заходняй Беларусі, якім пашанцавала пад «панскай Польшчай» пазбегнуць ідэалагізацыі і страты індывідуальнасці, развівалі нацыянальную тэмы, шукалі асаблівы беларускі тыпаж і вывучалі сімволіку колераў. У працах стваралі гарманічны свет, ідэальную жывапісную мову, здольную вылечыць гледача ад культурнай дэзарыентацыі.
На месцы былога Віленскага ўніверсітэта па загадзе Юзафа Пілсудскага ў 1919 годзе быў адкрыты ўніверсітэт Стэфана Баторыя. І хоць мовай выкладання ў міжваенны перыяд была выключна польская, адтуль выйшлі знакавыя беларускія мастакі – Міхась Сеўрук і Пётра Сергіевіч. Партрэт сястры аўтарства Пётры Сергіевіча – спакойны, ураўнаважаны, камерны, гарманічны. Як і «Жняя» Сеўрука  – просты, цёплы вобраз. Магчыма, не найлепшыя іх творы, але характэрныя для гэтага пошуку нацыянальнага тыпажу і каларыту.

Савецкае і андэграўнднае

На шыі дзяўчынкі піянерскі гальштук не павязаны, а відаць, што гэта піянерка (ці, магчыма, камсамолка). Або гэта асаблівы сацрэалістычны каларыт, дзе сонца бадзёра адбіваецца ў бліскучай савецкай мэблі, але твор «Наташа» Аляксандра Мазалёва 1967 года менавіта так і ўспрымаеш, хоць гэта і даволі камерная карціна. А партрэт старшыні калгаса 1976 года Мікалая Залознага ўжо іншы – гратэскны, і ў каларыце яго намнога больш жывапіснай культуры – з чыста французскім, пачуццёвым стаўленнем да колеру, што ў 1970-я з іх аўтарытарнай сістэмай адзнак і патрабаванняў было даволі незвычайным.
Класічнага беларускага андэграўнда на выставе не было, аднак плынь насуперак – у тэмах свецкіх, а не савецкіх, у формах сучасных, а не сацрэалістычных, —  была прадстаўленая. Мікалай Селяшчук, Уладзімір Тоўсцік і Віктар Альшэўскі стваралі працы, насычаныя сімваламі, яны парушылі жывапісную прастору і сталі выкарыстоўваць прыёмы калажу, блытаць плоскасці і маштабы. У 1980-я гэта выглядала крута і сучасна, сёння -- зацяганы дызайнерскі прыём. Цікавы Леанід Шчамялёў 1960-х, мы ведаем яго праз прамяністы святочны каларыт, а ў пачатку творчага шляху ён быў тонкі і лірычны – у мінорным настроі «суровага стылю».

Хто напіша ваш партрэт?

На выставе варта звярнуць увагу на бліскучых майстроў графікі – Юрыя Якавенку і Льва Алімава. Іх работы, як і належыць графіцы ў найлепшых яе праявах, метафарычныя, філасофскія, як, дарэчы, і скульптуры, што стваралі прасторавы кантраст жывапісным палотнам у зале экспазіцыі. 
Цікава працуе з вобразам сучасніка малады творца Яўген Шадко, на выставе яго невялікае палатно размясцілі побач з працай Хаіма Суціна 1937-га. Шадко выглядае няблага ў гэтым параўнанні, бо ў складаныя перыяды гісторыі мастакі ставяць падобныя пытанні: як узарваць жывапісную паверхню, каб выявіць усю драму жыцця чалавека ў пераломныя часы?