BY
па-беларуску

Мастацтва беларускага плаката: цікавае і малавядомае

Залатая калекцыя беларускага плаката пакуль дасяжная толькі ў сеціве

Залатая калекцыя беларускага плаката пакуль дасяжная толькі ў сеціве Мастацтва беларускага плаката малавядомае звычайнаму гледачу, слаба вывучанае спецыялістамі і абыдзенае ўвагай дзяржавы. Залатая калекцыя беларускага плаката, сабраная ў беларускім Саюзе дызайнераў, найвялікшая ў краіне, на яе аснове можна ствараць спецыялізаваны музей ці асобную экспазіцыю ў існым. Але пакуль яна дасяжная толькі ў электронным выглядзе

Музеі плаката – распаўсюджаная практыка ў еўрапейскіх краінах, там паказваюць калекцыі і ладзяць выставы, напрыклад, дзеля таго, каб маладыя плакатысты на фоне класікаў адчулі дарогу пад нагамі. Часта ў такіх музеях арганізуюць прэстыжныя міжнародныя біенале, каб суаднесці маштаб мясцовых аўтараў з міжнародным узроўнем. Праводзяць даследаванні і выдаюць кнігі. Наш плакат даўно саспеў для міжнароднага ўзроўню, але музея ў нас няма. Чаму?

Алена Кітаева. Первый советский грузовой автомобиль. 1990
Алена Кітаева. Первый советский грузовой автомобиль. 1990


Наш. Міжнароднага маштабу
Гісторыя плаката насамрэч даволі кароткая, пачынаецца з ХІХ стагоддзя, са з’яўлення масавага тыражнага друку. Першыя плакаты былі рэкламныя, пасля з’явіліся тэатральныя. Першы плакат з беларускай мовай зрабіў Фердынанд Рушчыц у 1913 годзе ў Вільні. У паслярэвалюцыйныя часы з’яўляюцца агітпункты — «прапаганда мастацкімі формамі і вобразамі ідэй сацыялістычнага будаўніцтва і папулярызацыя пралетарскага выяўленчага мастацтва». Гэты рэвалюцыйны час выклікаў да жыцця яркія старонкі развіцця плаката, звязаныя з дзейнасцю Казіміра Малевіча і Эль Лісіцкага ў Віцебску. Іх плакаты ў стылі супрэматызму — сапраўдныя сведчанні рэвалюцыі формы, адпаведна з іх рэвалюцыйным зместам. Пазней, у 1990-я, гэты супрэматычны стыль абыграе цудоўная беларуская плакатыстка Алена Кітаева, стварыўшы, акрамя серый плакатаў, ігральныя карты і розныя выставачныя аб’екты. Пачынаючы з 1970-х аўтары паступова аддаляюцца ад традыцый сацыялістычнага рэалізму і пачынаюць займацца фармальнымі пошукамі з улікам сусветных тэндэнцый. Вынік праявіўся адразу: беларускі плакат атрымлівае міжнароднае прызнанне. Першым заўважылі Уладзіміра Крукоўскага, які ў 1972 годзе ўвайшоў у кароткі спіс Міжнароднага біенале графічнага дызайну ў Брно. Пазней маладыя тады беларускія плакатысты Уладзімір Цэслер, Сяргей Войчанка, Андрэй Шалюта за плакат «Год тыгра – год міру» атрымалі гран-пры Міжнароднага біенале плаката ў Варшаве і спецыяльную прэмію Генеральнага сакратара ААН. Нядаўнія выпускнікі раптоўна сталі зоркамі.

Самы лаканічны…

Міхась Анемпадыстаў. «Make peace not war». 2011


Функцыя плаката вельмі простая – даносіць інфармацыю праз выразную візуальную форму – шрыфт ці дакладны вобраз. Усё дзеля таго, каб натхніць гледача на нейкія канкрэтныя дзеянні – палітычныя, спажывецкія, карацей, функцый у плаката даволі шмат. Мастак-плакатыст пастаўлены ў суровыя абмежаванні, яго мэта – лаканізм. Таму ён павінен стаць віртуозам: важная кожная лінія. Асаблівы шык беларускага плаката – у літаратурнай метафарычнасці, а самае крутое майстэрства завязанае на тонкім гумары. Як тут не згадаць Цэслера з яго тонкай гульнёй на перасячэнні візуальных вобразаў і слоў. Ці Юрыя Тарэева, майстра тэатральнага плаката: на яго афішы да спектакляў Купалаўскага тэатра немагчыма было не звярнуць увагу. Бо ў іх мастак зашыфроўваў галоўную сімвалічную сутнасць спектакля. “Бо плакат, – тлумачыць Тарэеў, – гэта знак, які жорстка, эмацыйна і дакладна перадае паведамленне”. Калі коратка, то можна сказаць, што Тарэеў займаецца шрыфтавым хуліганствам, ён любіць грубаваты, няўклюдны, але такі выразны малюнак, які часта здаецца прадрапаным няўмелай дзіцячай рукой.

Чаму гэта крута?
Каб гэта зразумець, варта згадаць міжнародныя трэнды, якія з’явіліся ў краінах сацыялістычнага блоку 1960-х. Па-першае, гэта былі часы панавання цэнзуры, што паспрыяла тонкай гульні на мяжы дазволенага-недазволенага. Па-другое, тэхнічныя магчымасці былі абмежаваныя няякасным друкам — значыць, акцэнт трэба было рабіць на брутальную форму. І яшчэ істотнае – у плакат прыйшлі крутыя мастакі. Так з прыкладнога функцыянавання плакат пераскочыў у высокае мастацтва, прычым эстэтыка, якой захапляліся аўтары і дзе пазычалі розныя прыёмы, была нізавая: дзіцячыя каракулі, піўныя этыкеткі…

Уладзімір Цэслер, Сяргей Войчанка, Андрэй Шалюта. «За мірныя зоркі». Міжнародны конкурс плаката «У імя міра на Зямлі». 1986.

Беларускі аўтар Андрэй Шалюта вучыўся ў вядомага польскага плакатыста Генрыка Тамашэўскага. «Зрабіце дзвесце эскізаў вашай будучай работы. Пасля выберыце самы горшы з іх, – навучаў ён сваіх студэнтаў. – Вось ён і будзе самы лепшы». У гэтай парадаксальнасці і сутнасць плаката: ён павінен чапляць. Палякі лічылі, што такой хрыплаватай натуральнай эстэтыкай можна прыцягнуць увагу, у іншых краінах сваё разуменне прыгажосці. Але складана адмаўляць, што найлепшыя беларускія аўтары любяць гэты натуральны рух рукі, любяць літаратурную метафару, заснаваную на збалансаванай гульні паміж словам і вобразам.

Юрый Тарэеў. “FOR PEACEFULL STARS”, 2003


Цікава развіваецца шрыфтавы плакат, у ім працуе шмат займальных аўтараў – гэтыя творы па-сапраўднаму віртуозныя. Мастак-каліграф Павел Семчанка, творы якога знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, выхаваў цэлую плеяду шрыфтавых плакатыстаў у нашай Акадэміі мастацтваў. Яго літары гавораць, і гэта не метафара, бо са слова “лес”, з літар гэтага слова, ён можа стварыць сапраўдны краявід. Яго вучань Усевалад Свентахоўскі асучасніў шрыфт Францыска Скарыны і на яго аснове зрабіў шмат шрыфтавых кампазіцый – адначасова эфектных і паэтычных, а Генадзь Мацур (таксама вучань Семчанкі) выкарыстоўвае літары як ёмкія і дынамічныя формы, як пэндзлі, якімі можна пісаць любы візуальны тэкст.

...і самы метафарычны від мастацтва

Сёння плакаты сваю непасрэдную грамадскую функцыю шмат у чым страцілі, ды і рэклама выстройваецца крыху інакш, скажам, менш метафарычна. Заказ на чысты плакат стаў рэдкім, таму сёння самы распаўсюджаны яго від – аўтарскі.

Юрый Тарэеў. «WORLD WAR III». Кароткі спіс Міжнароднага конкурсу плаката «World without Violence». Тэгеран. 2015.


Плакат падтрымліваецца акадэмічным асяроддзем, ён з’яўляецца абавязковай дысцыплінай у навучанні графічных дызайнераў. Плакаты ствараюцца для конкурсаў і біенале: вызваліўшыся ад ідэалагічных путаў і дыктату заказчыка, яны развіваюць свае галоўныя якасці – крэатыўнасць, лаканічнасць, выразнасць. Якасці, важныя для любога віду мастацтва, аднак для плаката яны крытычныя і вызначальныя. Подпісы: