BY
па-беларуску
KANAPLEV+LEIDIK. Занепакоеная фатаграфія

KANAPLEV+LEIDIK. Занепакоеная фатаграфія

Выстава беларускіх фатографаў Юліі Лейдзік і Яўгена Канаплёва «Тата ў тэлефоне» ў варшаўскай галерэі Promocyjna

У гэтым праекце адметнае ўсё: тэма, нібыта відавочная, але глыбока схаваная ад чужога погляду як асабістая трагедыя сям'і; няпростая гісторыя ўзнікнення гэтай серыі здымкаў, дзе фатографы пераадольвалі складаныя псіхалагічныя бар'еры, як уласныя, так і сваіх герояў; сам творчы дуэт, які стварыў базавыя іміджавыя вобразы электаральнай кампаніі 2020 года.


Пачнём з апошняга. Творчы дуэт Kanaplev+Leidik да 2020 года рабіў вельмі паспяховыя камерцыйныя праекты, у тым ліку фотасесіі для музычных гуртоў Molchat Doma і Brutto, працаваў у рэкламнай фатаграфіі.
Як паспяховыя аўтары Юлія і Яўген у 2013 годзе патрапілі ў фотакнігу «BY NOW: сучасная фатаграфія з Беларусі» берлінскага выдавецтва Kehrer Verlag Heidelberg.
 

Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў

Іх камерцыйныя праекты – безумоўныя творы мастацтва, аднак максімальную рэалізацыю яны атрымлівалі ў праектах творчых, сацыяльна значных – пра нестандартнае цела, дзяцей з невылечным генетычным захворваннем, жанчын, што сутыкнуліся з ракам грудзей.
У Беларусі фатографы атрымлівалі дзіўную рэакцыю на свае творчыя працы: ім сталі раіць схаваць фотатворы, каб не палохаць патэнцыйных замоўцаў. І яны схавалі, аднак праз тры дні пасля пачатку вайны ва Украіне пара пераехала ў Варшаву, а ў Польшчы мясцовыя галерэі такімі праектамі зацікавіліся.
Зрэшты, з'яўленне апошняй фатаграфічнай серыі тандэму «Тата ў тэлефоне» выклікана зусім не галерэйнымі інтарэсамі. Аднойчы Юлія і Яўген пазнаёміліся з украінскай дзяўчынкай. Яе імя Соня, і яна сяброўка дачкі фатографаў. Соня стала цікавіцца ў сваіх бацькоў, чаму яе тата на вайне, а тата яе беларускай сяброўкі – не. Высветлілася, што ў Соні з татам моцная сувязь, якая пастаянна падтрымліваецца праз тэлефон.
 

У Польшчы Юля і Яўген вядуць курсы, у якіх вучаць асновам фатаграфіі, у тым ліку падлеткаў. Яны навучыліся слухаць іх галасы. «Мы нядаўна ў Германіі выкладалі фатаграфію для падлеткаў з Украіны, Беларусі, Ізраіля, Казахстана і Расіі, - расказвае Юля. - Пры гэтым мы з імі шмат размаўлялі і найперш выконвалі функцыю сяброў. І заўважылі, што многіх дзяцей не чуюць, у першую чаргу бацькі. Тады мы зрабілі відэа пра тое, што дзеці хочуць сказаць свету. І вось гэты дзіцячы голас Соні я пачула, і нам захацелася, каб яго пачулі ўсе. Дзіця пытаецца, чаму ў свеце так адбываецца...»
Так з'явіўся першы партрэт на фоне сцяны з пустой рамай – Соні і яе мамы, а тата ў гэтым партрэце – на экране тэлефона. Аляксей ва Украіне працуе на атамнай станцыі, выязджаць з якой яму забаронена, а сям'я яго ў Варшаве.
Раніца Соні пачынаецца са званка тату. Ён адказвае, як перажыў ноч, а яны распавядаюць, што будуць есці на сняданак. «Соня часта тэлефануе тату, каб ён дапамог ёй з хатнім заданнем. Часам яна гаворыць: “Я хачу пайсці на вуліцу з татам!” Тады яна бярэ тэлефон, набірае нумар, уключае відэа і выходзіць з ім на вуліцу. Таксама мы ходзім на шпацыр у парк з сябрамі, тата тады ў тэлефоне, і мы знаёмім яго з усімі. Гэта такое жыццё напалову. Напалову тут, напалову ва Украіне», – у анатацыі да праекта прыводзяцца словы Аксаны, жонкі Аляксея і мамы Соні, яна прыехала ў Польшчу з дачкой у сакавіку 2022 года. Меркавалі, што выязджаюць усяго на два-тры тыдні...
Амаль усе сем'і на выставе – з класа іх дачкі, усе з падобнымі, аднак і крыху рознымі гісторыямі, і, што характэрна, стасункі ў сем'ях лёгка чытаюцца на гэтых фотаздымках.
 

Сацыяльная фатаграфія – вельмі адметны жанр дакументальнай здымкі, мэта якой – стварыць пераканальнае паведамленне, каб вылучыць праблему і з дапамогай мастацкіх сродкаў візуалізаваць яе максімальна пераканаўча. Нездарма ў англійскай мове адзін з варыянтаў назвы гэтага жанру гучыць як «concerned photography» – зацікаўленая, занепакоеная фатаграфія. Як і ў кожным жанры, у сацыяльнай фатаграфіі ёсць свае правілы: праўдзівасць і аўтэнтычнасць здымкаў, а таксама – фіксацыя праблемы ў часе ці прасторы, то-бок у выніку мы атрымліваем, як правіла, не адзін кадр, а цэлае візуальнае даследаванне, цыкл здымкаў.
Нягледзячы на тое што ў сацыяльнай фатаграфіі галоўным з'яўляецца змест, яна хутка адваявала месца ў мастацкіх галерэях і з 70-х гадоў ХХ стагоддзя стала паўнапраўным удзельнікам еўрапейскіх выстаў і фестываляў. Строгія межы жанру спрыяюць не толькі выпрацоўцы нестандартных мастацкіх рашэнняў, але і наяўнасці асаблівых навыкаў у саміх аўтараў, сярод якіх вельмі важны – камунікатыўны.

Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў на сустрэчы з гледачамі на наступны дзень пасля адкрыцця выставы расказвалі, як няпроста ўвасаблялася іх задума. 
Напачатку трэба было прадумаць канструкцыю здымка. Як паказаць раз'яднаную сям'ю, разарваныя фізічныя сувязі і новае выбудоўванне сувязей, ментальных і псіхалагічных, праз мабільную камунікацыю? Адразу прыйшло разуменне, што твар таты ў тэлефоне павінен быць на ўзроўні сваіх суразмоўцаў. Так з'явілася ідэя выкарыстаць штатыў.


Фатографы занялі пазіцыю назіральнікаў. Яны стварылі сітуацыю, у якую пагружалі ўсіх сваіх герояў. Да штатыва моцным скотчам прымацоўваўся тэлефон, на экране з'яўляўся член сям'і, а дзеці, жонка самі выбіралі пазіцыю адносна яго. 
Гэта быў своеасаблівы псіхалагічны тэст, вынік якога могуць убачыць на выставе гледачы. 
Стасункі ў пэўных сем'ях аказваліся не вельмі моцнымі, на такіх здымках станавілася відавочнай дыстанцыя паміж мамай з дзецьмі і мужам. У большасці здымкаў на гэтай выставе сям'я з'яднаная, сувязі моцныя настолькі, што іх разрыў выклікае страту здароўя. На сустрэчы з гледачамі Юлія расказала гісторыю дзяўчынкі Марыі, якая пасля эвакуацыі пачала траціць зрок. Мама, якая разумела, што прычына гэтага вельмі глыбокая, звярнулася да псіхолага, які выкарыстоўвае гіпноз. Падчас гіпнозу дзяўчынцы сказалі, што тата побач, і зрок вярнуўся.
Адзін здымак на выставе выбудаваны паводле іншай схемы. Украінка Таццяна, студэнтка варшаўскага ВНУ, сядзіць за сталом, вакол якога стаяць пустыя крэслы. Яе гісторыя счытваецца з першага погляду, яшчэ да таго, як глядач заўважае твар яе мамы ў тэлефоне, таты – на экране планшэта і пары сталага ўзросту – бабулі і дзядулі – у камп'ютары. Таццяна паходзіць з сям'і спадчынных дактароў, усе яе родныя на фронце.


Цяжкія псіхалагічныя бар'еры пераадольвалі і самі фатографы. Юлія расказала, што праект увёў яе ў дэпрэсію, камунікацыя з героямі таксама выходзіла няпростай. Жыццё на фронце ўразлівае, і страх сям'і страціць сваіх родных нікуды не знікае. Таму здымкі часта пераносіліся («Сёння бамбілі, я не ведаю, ці жывы мой Лёша, давайце перанясём...»).

Яўген Канаплёў называе гэты праект нефатаграфічным: «Гэта задакументаваны час!»

Насамрэч сацыяльная фатаграфія як неад'емная частка сучаснага мастацтва даволі паспяхова спраўляецца з функцыямі рэфлексіі з нагоды сучасных жыццёвых падзей. Каб мацней падкрэсліць дакументальнасць і максімальную набліжанасць да жыцця, у адной з залаў аўтары ствараюць калаж на сцяне і кладуць на падаконне фотаальбом. У калажы і альбоме – тое, што выслізнула з рамак рэпрэзентатыўных здымкаў.

Гэта штучнае павуцінне на экране тэлевізара на здымнай кватэры. Гэта малюнкі дзяцей на сценах. Гэта некалькі стэлажоў з настольнымі гульнямі мамы шасці дзяцей. Святкаванні дзён нараджэнняў з абавязковай прысутнасцю таты – у тэлефоне ці на экране планшэта. То-бок мноства фрагментаў матэрыяльнага свету, якія ўказваюць, з аднаго боку, на імкненне стварыць устойлівыя каардынаты ў часе і прасторы, хоць бы дзеля дзяцей, а з іншага – на цягучае і, падаецца, бясконцае адчуванне часовасці мігранцкага існавання.

Першыя фатаграфіі серыі «Тата ў тэлефоне» Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў паказалі на беларускай выставе фотафестывалю ў Лодзі, паверхам ніжэй за ўкраінскі праект пра вайну. Праект дуэта пакуль не спыняецца, бо не спыняецца вайна.

Выстава «Тата ў тэлефоне» працуе да 13.01.2024