BY
па-беларуску
Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць

Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць

Татальныя інсталяцыі беларускага мастака

У жывапісных, графічных ды іншых творах Ігара Цішына перыядычна з'яўляюцца словы, якія нічога не значаць і ніяк не перакладаюцца. Яны толькі містыфікуюць, выконваюць такія ж функцыі, як і яго вобразы. Яны — прынада, каб завабіць у мастакоўскі хаос. Што гэта такое — цішынскі хаос? Як ён яго стварае, як структуруе (а часам і не) і навошта ўзяў на сябе функцыю містыфікатара? 
З 22 ліпеня па 20 жніўня 2023 ў Варшаве адбывалася выстава Ігара Цішына «Ад краю да краю» (куратарка Вольга Мжэльская). Прапануем глыбей паглядзець на творчы свет мастака ды яго твораў.

 На першы погляд, Ігар Цішын атрымлівае неверагодную асалоду ад самой гульні, ад перакульвання прадметаў навакольнага свету, разбору іх на фрагменты і ад перабудовы фрагментаў у новыя матэрыі. Усё быццам з мэтай паглядзець, што яны насамрэч сабой уяўляюць. Гэтак жа весела куляюцца ідэалогіі, ідалы ды іншыя таталітарныя структуры. Максімальна эфектна такі калажны падыход выглядае на трэшавым фоне — у руінах, на абшарпаных сценах закінутых будынкаў ці нават на фатаграфіях са змрочнымі гарадскімі ці вясковымі краявідамі...
Асаблівая старонка мастакоўскай эстэтыкі абсурду — пісьмо без межаў, графічныя і жывапісныя выявы на велізарных аркушах, якія Цішын лёгка камбінуе на любых сценах і гэтак жа лёгка выводзіць гэтыя вобразы ў аб'ём.
 

Інсталяцыя да выставы «Ад краю да краю»

Што змацоўвае і трымае цішынскія татальныя інсталяцыі і якія элементы іх структуруюць?
Энергетычнай асновай, то-бок тым, што не дае агульнай выяве канчаткова разваліцца, становіцца складанасць і неаднароднасць візуальнай матэрыі. З аднаго боку, тут ёсць тонкі баланс, пабудаваны паводле класічных правіл фармальнай кампазіцыі — на дамінантах, раўнавазе, дэталях і кантрастах. З іншага боку, энергетыку цішынскіх выяў сілкуе дынамічнае перамігванне абстракцыі і фігуратыўнасці.


З хаосу ліній раптам увасабляецца нешта графічна выразнае і пазнавальнае, а пасля часткова ці цалкам сыходзіць у экспрэсіўную пляму. Учорашні малюнак можа стаць сённяшняй інсталяцыяй. Лесвіца, з дапамогай якой мастак уздымаўся на сцяну, можа пазней увайсці ў структуру вобраза, каб рытмічна падтрымаць і падмацаваць канструкцыю. Выхад па-за рамы аркушаў і палотнаў адбываецца ў Цішына рэзка і імпульсіўна, з пераходам усіх магчымых межаў розных медыумаў, а таксама — законаў прыцягнення. Героі лётаюць і заблытваюцца ў малюнках, выкідваюць прадметы вонкі, тыя матэрыялізуюцца і становяцца часткай экспазіцыі.
Вольнае суіснаванне розных вобразных сістэм і прастор, рэальнай і ўяўнай, фігуратыўнай і абстрактнай, стварае логіку гэтых дывановых кампазіцый без межаў, якія можна лёгка працягнуць у любым кірунку. А таксама выкарыстоўваць як модулі для розных далейшых мэтаў.

Так, напрыклад, адбылося з праектам Ігара Цішына ў Варшаве ў 2022 годзе і яго працягам у тым жа месцы ў 2023-м.
Інсталяцыяй пад назвай «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі» Ігар Цішын рэагаваў на фізічную і метафарычную страту дома, якую зазналі, не па сваёй волі, яго суайчыннікі, ды і ён сам. «Дом» разумеўся шырака — не толькі і не столькі як архітэктурнае збудаванне, але краіна ў цэлым. Фрагменты сцен, інтэр’ераў, жыхары і рэчы гэтай прасторы разляталіся нібы пад уздзеяннем тагасветнай сілы або стыхійнага бедства. Час, адведзены на твор, быў максімальна кароткім. Гіганцкія аркушы мастак размалёўваў непасрэдна на сценах --прымацаваў сродак пісьма да вялікай палкі. Рухаўся па перыметры невялікага памяшкання, як дэміург у сваім свеце, нараджаў вобразы непасрэдна ў працэсе.
У новым праекце 2023 года на тым жа месцы ў Варшаве Ігар Цішын працаваў з выявамі як з модулямі. Перамалёўваў і замалёўваў леташнія аркушы, часам перакульваў іх дагары нагамі. У выніку тое, што імкнулася ўвысь, апыналася ля нашых ног.


Гэтыя два праекты зроблены ў выглядзе татальнай інсталяцыі. Яе аўтар практыкаваў яшчэ з часоў «Лёгкага партызанскага руху» 1997 года (тады мастак «акупаваў» сваімі творамі закінуты дом па вуліцы Чарвякова ў Мінску, стварыўшы містыфікаваную гісторыю партызана). Ці з часоў «Мабільнай выставы» сярод вясковых забудоў. Таксама полем мастакоўскага выказвання станавілася фатаграфія, праект «Крызіс у раі» 2009 года — экспрэсіўны жывапіс паверх вялікіх фотавыяў, зроблены ў стылі ўлюбёных Хаіма Суціна ці Фрэнсіса Бэкана. Апошніх мастак залічвае да настаўнікаў і ствараў ім карціны-прысвячэнні. Самі здымкі праекта «Крызіс у раі» перадавалі банальныя краявіды і інтэр'еры. А пласт цішынскага жывапісу, мастакоўскія ўдакладненні ці паглыбленні выявы нараджалі змрочную прастору містыфікацый з характарнымі дзіўнымі персанажамі — воўк на хадулях, людзі з целамі-печкамі або рамантычныя прывіды-духі закінутых гаражоў.
 

Праект «Крызіс у раі»

Ігар Цішын не жыве на радзіме больш за два дзясяткі гадоў. Нягледзячы на эміграцыю, вобразы яго карцін шчыльна звязаныя з постсавецкімі рэаліямі. У апошніх праектах ён разважае на тэмы і шукае вобразы, звязаныя з гісторыяй, лёсам і сучасным станам яго роднай краіны.
Гэтыя сімвалічныя вобразы нараджаюцца з хаосу ліній — «ужывую», у працэсе вольнага і хуткага пісьма. З гэтай прычыны яны нестандартныя, нязвыклыя і супярэчлівыя. Парадокс закладзены ў іх аснове, таму яны вельмі рэдка паддаюцца адназначнаму прачытанню. Тым не менш сутнасць некаторых з іх ляжыць на паверхні. Напрыклад, гэта дом, у якім разлятаюцца сцены.
Вобраз чалавека на хадулях на фоне сцяны можна прачытаць як сімвал пераадолення цяжкіх абставін, а можна і як няпэўнасць...
Вельмі выразны і красамоўны сюжэт — «Беларуская мара», вазок з крыламі, што ўзлятае ў неба, дыяганаллю перасякаючы вялікі аркуш. Тут і вясковае мінулае, і ўзнясенне над будзённасцю, пачуццё безнадзейнасці і крыху абсурду.


Вобраз чалавека з віламі з праекта, створанага ў грузінскай рэзідэнцыі LICHT, дзякуючы назве «Заклік» можна прачытаць даволі адназначна. Аднак нагадвае ён больш нейкага лесуна, чым рэвалюцыянера. Вобраз абрастае дэталямі і ўдакладненнямі, адрываецца ад гістарычных канатацый і апелюе да архетыпаў і падсвядомасці.
Гэтыя сімвалы нараджаюцца і жывуць дзесьці на памежжы нашага ўспрымання, пры гэтым застаюцца даволі актуальнымі. Іх можна назваць калектыўным падсвядомым, вобразамі з нашага агульнага сну. З іх дапамогай мастак спрабуе адчуць і наш сённяшні дзень. Зафіксаваць абсурдную плынь часу, расставіўшы сеткі-выявы.
 


Ігар Цішын лічыць сваё хуткае маляванне блізкім да працэсу стварэння музычнага твора — з прычыны немагчымасці перакласці выяву ў словы. Калі ў яго нават і ёсць папярэдняя схема будучага малюнка, то падчас працы яна вельмі часта трансфармуецца. Яго хуткае пісьмо – паўабстрактнае. Рух лініі можа выклікаць незапланаванае нараджэнне нейкага вобраза ці звесці да нуля папярэдняю ідэю. Аўтар распавядаў, што, пачынаючы працу, можа прыдумаць адно, а пасля зрабіць зусім іншае. Безумоўна, тут уступае ў гульню логіка мастацкага вобраза, якая заўсёды карэктуе руку мастака, аднак тут яна вельмі моцна прыхаваная у ніжніх, сімвалічных пластах цішынскай выявы.

Для мастака складана вызначыць канчатковую кропку, зразумець, калі татальную інсталяцыю можна завяршыць. «Цяжка вызначыць, калі трэба спыніцца, — прызнаецца Ігар Цішын у адным з інтэрв'ю, — але працаваць трэба такім чынам, каб на любым этапе твор мог быць завершаны». І там жа дадае: «Нешта ты робіш усвядомлена, а нешта атрымліваецца выпадкова. Мастак малюе не сваёй думкай, а сваёй рукой. Далёка не заўсёды адбываецца так, што як думка ідзе, так рука і малюе. Гэта не заўсёды так».

Варта ўбачыць у цішынскіх татальных інсталяцыях унутраны стрыжань і логіку, паводле якой гэтыя вобразы ствараюцца, прырастае форма і множыцца выява. І для таго, каб зразумець логіку гэтага нараджэння, трэба ўвайсці ўнутр яго прасторавых кампазіцый, адчуць іх менавіта ў руху і менавіта са свайго — адзіна дакладнага — пункту гледжання.