Мастачка Наталля Залозная даўно прымярае на сябе вобраз качэўніка, намада. Прычым увасабляе яго як літаральна, праз змену месца жыхарства і артыстычныя вандроўкі, так і метафарычна – на плоскасці сваіх карцін. Яе ўлюбёны сюжэт апошніх гадоў – прырода часу, наслаенне і змяшчэнне пластоў рэальнасці, што пераходзяць з мінулага у будучыню, з будучыні ў цяперашняе, падвісаючы ў прасторах «паміж». Пры гэтым палотны мастачкі трацяць якасці ўстойлівых паверхняў і самі пераходзяць у намадычны стан. То імітуюць іншыя – нежывапісныя – медыя, то становяцца занадта плыткімі, каб утрымліваць выяву. То вандруюць па стылях, каб абвастрыць глядацкае ўспрыманне.
«Present Continuous» («Цяперашняе працягнутае»)
Нібы папкі навукоўца, шчыльна запоўненыя тэкстам, так і карціны Наталлі Залознай становяцца паверхняй, на якой мастачка фіксуе сляды сваіх ментальных і фізічных эксперыментаў. Палотны класіфікуюцца, надзяляюцца подпісамі і часам нават нумарамі, праекты суправаджаюцца навуковым апісаннем. Аднак, нягледзячы на яўныя канцэптуальныя рамкі, выявы Наталлі Залознай апелююць да эмоцый. Жывапіс мастачкі застаецца дынамічным і жарсным, быццам фіксуюцца не парадоксы часу, а ўзнікненне новых формаў жыцця.
«Час валодае цякучасцю. Сённяшняе пастаянна аказваецца то мінулым, то будучым, яно не можа быць працягам, яно вечна выслізгвае», – так Наталля Залозная апісвае свой праект «Present Continuous» 2013 года. «Цяперашняе працягнутае» – пераклад адной з формаў часу англійскай мовы здаецца ёй парадаксальнай гульнёй слоў. У тых жывапісных працах аўтарка спрабавала зафіксаваць няўстойлівы момант руху або падзення як спыненае імгненне ўнутры выпадковасці. Дзеля гэтай мэты яна імітавала сродкамі жывапісу некалькі фатаграфічных прыёмаў.
Першы з іх – эфект спыненага імгнення, вядомы з практыкі фатаграфавання дакументацыі. Яе героі застываюць у дзіўных парадаксальных месцах і рухах, гісторыю якіх цяжка рэканструяваць. Напрыклад, часты матыў – чалавек, які скокае ці падае. Але ў творах Залознай, скокнуўшы, герой губляе (прынамсі, губляе глядач) месца прызямлення. Нібыта працяглае завісанне ў часе пазбаўляе героя развязкі свайго руху. Так мастачка вырашае задачу ўвасаблення бясконцай паўзы – працягнутага цяперашняга.
Для жывапіснага медыя такі прыём даволі арыгінальны. Класічны мастак-жывапісец шыфруе ў творы некалькі часавых пластоў, праз якія можна прачытаць пачатак сюжэта – і знайсці намёк на яго развіццё. Рэзкае адсяканне гэтых плоскасцей набліжае жывапіс да фатаграфіі – як да медыума. Фіксуе аптычнае неўсвядомленае, злоўленае ў момант здымкі і знойдзенае пры прачытанні фатаграфіі.
І другі прыём праекта «Present Continuous» – імітацыя фатаграфічных негатываў. Тады постаці цалкам вызваляюцца ад рэальнасці і пачынаюць існаваць толькі як магчымасці. Зусім як у класічнай фатаграфіі, што валодае здольнасцю фіксаваць формы рэальнага жыцця з дапамогай святла і раскрываць іх сродкамі хімічных рэактываў.
«ESCAPE» («Уцёкі»)
Праз некалькі гадоў, у 2017-м, Наталля Залозная паказвае сваю наступную серыю карцін пад назвай «ESCAPE» («Уцёкі») – найбольш відавочнае, але і няпэўнае выпадзенне з плыні рэальнага часу, бо яе героі занураныя ў сон. Таму яны часта капсулююцца ў халодных парцалянавых абалонках – адстароненай, застылай форме, што нібы фармуецца проста цяпер з хаатычнай матэрыі жывапісу.
Важны акцэнт мастачка ставіць на святле, яно ў яе часта выбарачнае, скіраванае, як на світанку, калі сонца кідае свой конус у акно і паступова дабіраецца да нашых вачэй. Тады мы прачынаемся, каб апынуцца зусім у іншым часе і ўбачыць зусім іншыя формы рэальнасці.
Цікава, што свае серыі Наталля Залозная вырашае ў розных стылях. Напрыклад, у аснове некаторых палотнаў ляжаць канкрэтныя фотаздымкі салдат на вайне. Гэтыя творы – самае рэалістычнае і канкрэтнае вырашэнне тэмы «ўцёкаў ад рэальнасці». Ад гэтага якара, прывязанага да гістарычна-дакументальнага часу і месца, мастачка рухаецца ў метафізічнае.
Да самотных ва ўсіх сэнсах постацей, да метафарычных падваенняў вобразаў, сканструяваных паводле формаў ігральных карт. Чалавек у сне і яго перавернутае адлюстраванне – гэта пра крохкасць і безабароннасць. Нашы ўцёкі ў сон насамрэч ілюзорныя, мы застаёмся ўразлівымі для вонкавага ўздзеяння і таму лёгка можам стаць аб'ектам нечай гульні.
«Present Imperfect» («Цяперашняе недасканалае»)
Апошняя па часе выстава, якую Наталля Залозная паказвала ў Мінску, зноў звязана з метафарай часу: праект называецца «Present Imperfect». Ён прайшоў у галерэі A&V напрыканцы 2021 года. Назва пазначае адну з формаў часу ў англійскай мове, якая перакладаецца як «Цяперашняе недасканалае», то-бок тое, што выканана не да канца і не з'яўляецца дасканалым і цалкам здзейсненым. Таму, падпісваючы свае тэчкі, свае творы, мастачка звычайна ўжывае прыстаўкі пера-, пры- і пра- ў дзеясловах. «Пераапрануцца», «Прадбачыць», «Прадчуваць», «Прыціхнуць».
Аўтарка зноў задае сабе пытанне пра выслізгванне цяперашняга, якое становіцца то мінулым, то будучыняй. Аднак сам момант канкрэтнага цяперашняга існавання становіцца максімальна няпэўным і завісае ў нявызначанасці далейшага кроку.
Гэты стан дакладна фіксуе сённяшні час гістарычнага пералому, калі ніхто не можа прадбачыць будучыню, нават не столькі агульначалавечую, што заўсёды было складана, але і сваю ўласную – заўтрашнюю і паслязаўтраўшнюю.
Для перадачы гэтага няздзейсненага цяперашняга мастачка выкарыстоўвае ўжо знаёмы нам прыём – застылага імгнення. Аднак гэта імгненне зусім іншае, чым у «Present Continuous». «Present Imperfect» – нявыкананае дзеянне, няздзейснены час – гэта не спыненне моманту рэальнасці, а спыненне дзеяння ў прадчуванні працягу.
У гэтых творах няма апеляцыі да фатаграфіі, да яе функцыі спыняць імгненне, бо гэтае імгненне расцягваецца, завісае і прэпаруецца. А зафіксаваць момант магчыма, як высвятляецца, толькі жывапіснымі сродкамі, праз стварэнне на плоскасці палатна перарывістай матэрыі, што складаецца з разрываў, складак і фрагментаванасці.
Серыя пачынаецца з дзвюх работ-прадчуванняў. Жанчыны прадчуваюць смак, і тут паўстае адзіны рэдкі момант, калі вочы, эмоцыі на твары ў нечым дапамагаюць гледачу. Аднак сама сітуацыя з'яўляецца метафарычнай, лыжкі – уяўнымі, страва – адсутнай. Усё завісае ў моманце «пра-», у гэтай няпэўнасці і разарванасці формы, размыванні мільгатлівай жывапіснай матэрыяй здавалася б зразумелай фігуратыўнай выявы.
Некалькі палотнаў прысвечаны тэме пераапранання, адно – пераапрананню адзення шыварат-навыварат. І гэты працэс змены ці выпраўлення памылкі зноў застывае ў бясконцасці – нязграбным руху, што скоўвае героя, хавае ягоны твар, то-бок ператварае шараговае дзеянне ў формулу няпэўнасці.
Аўтарка па-майстэрску абыгрывае недасканалы час. Аднак час увогуле мала калі бывае дасканалым. Яго рух змяняе рэальнасць, імкнецца ператварыць яе ў хаос. Верагодна, каб зрабіць час дасканалым, варта яго спыніць. Тады мы можам разгледзець прыгажосць кожнага імгнення, кожную дэталь, кожны мазок фарбы і кожную мімалётную эмоцыю.
Спыняць цудоўнае імгненне – уласна і ёсць базавая задача мастацтва. Аднак, як паказвае творчасць Наталлі Залознай, фіксацыя пераходаў паміж рознымі імгненнямі рэальнасці – занятак даволі драматычны. Пры ўсёй прыгажосці гэтых карцін.
Фота https://zaloznaya.com