«Бетонны батут» падзяліў свет беларускіх творцаў.
«Бетонный батут» — гэта назва выставы беларускіх мастакоў у Санкт-Пецярбургу на пляцоўцы Marina Gisich Gallery. У рамках кірунку «Focus: Belarus» на пачатку верасня адкрылася выстава беларускіх аўтараў Ігара Цішына, Наталлі Залознай, Уладзіміра Парфянка, Іллі Падалкі. Усяго такіх выстаў будзе чатыры. Экспазіцыі будуць змяняць адна адну да канца года.
Варта асабліва адзначыць, што ў гэтым праекце прадстаўлены наш мастацкі топ, зоркі: ад удзельнікаў Венецыянскага біенале да прадстаўнікоў Мінскай школы фатаграфіі.
І хоць Marina Gisich Gallery пазіцыянуецца як прыватная камерцыйная галерэя, то-бок не залежная ад дзяржавы, а канцэпцыя выставы, улічваючы кантэкст, даволі нейтральная: асэнсаванне інстытуцыянальных межаў і спроба іх пераадолення, – праект выклікаў скандал, які бурапеніў у Фэйсбуку цягам некалькіх тыдняў. Прадстаўнічая дэманстрацыя беларускіх аўтараў на расійскай арт-сцэне абурыла частку мастацкай супольнасці.
Дыскусія, якая разгарнулася, важная не толькі для бягучага моманту палітычнай сітуацыі, яна раскрывае істотныя пазіцыі існавання мастакоўскай супольнасці – праз такія паняцці, як этычная пазіцыя, салідарнасць і мастакоўская адказнасць не толькі за твор, але і за ўмовы экспанавання гэтага твора.
Разгледзім апорныя пункты гэтай пазіцыі: чаму нельга выстаўляцца на тэрыторыі краіны-агрэсара
Гэта прафесійны суіцыд
З пункту гледжання далейшай мастакоўскай кар’еры, гэта вельмі сумнеўны крок. «Ехаць у краіну-агрэсар, пасля Бучы, Ірпеня, Марыупаля, калі ўкраінцы змагаюцца, паміраюць за сваю і нашу свабоду (і не толькі ўкраінцы, але беларусы таксама), ехаць у краіну-агрэсар з выставай – гэта альбо адкрытая заява сваёй падтрымкі забойцаў і гвалтаўнікоў, у што я не веру, ведаючы тых, хто ўдзельнічае ў праекце, альбо гэта праява крайняй недальнабачнасці, – тлумачыць мастак Максім Тымінько. – Пасля разгрому Расіі яны, хутчэй за ўсё, не змогуць выстаўляцца ні ва Украіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы. Напэўна, іх перастануць запрашаць у міжнародныя праекты. Украінскія мастакі, куратары і інстытуцыі будуць іх байкатаваць і гэтак далей».
Мастацтва па-за палітыкай падчас вайны не існуе
Ідзе вайна культур у самай жорсткай форме. Расія вядзе татальную культурную каланіяльную вайну з дэмакратычным светам. Элітны «беларускі дэсант» на працягу месяцаў паказвае свае праекты ў краіне, якая ваюе з суседзямі. Гэта выглядае як жэст. Жэст-пазіцыя, жэст-салідарнасць. Ён мае сваю сімвалічную вагу, што на раскладку сіл у гэтай вайне культур безумоўна паўплывае.
Ці можна пазбегнуць выказвання пра вайну? Безумоўна, можна маляваць коцікаў, перайшоўшы з узроўню адказнага мастака на ўзровень мастака-рамесніка.
Невыказванне вядомага мастака пра вайну ўспрымаецца як прынцыповая пазіцыя. Асабліва калі гаворка ідзе пра калектыўную прысутнасць мастакоў на тэрыторыі Расіі.
Групавая выстава – гэта жэст
Групавыя выставы мастакоў адной краіны на тэрыторыі іншай – усё роўна, прыватная гэта галерэя або дзяржаўная, – без выразнага мэсэджу, без вострай тэматычнай арыентацыі з'яўляюцца культурнай рэпрэзентатыўнай місіяй.
Байкот тэрыторыі – гэта не байкот (прагрэсіўных) расіян
Нельга дыскрымінаваць людзей па нацыянальнай ці этнічнай прыкмеце. Можна ладзіць сумесныя праекты з расійскімі мастакамі на тэрыторыі іншых дзяржаў, аднак нельга перасякаць мяжу краіны-агрэсара падчас вайны.
Такія ўчынкі нівелююць высілкі іншых беларусаў
Правядзенне групавых выстаў на тэрыторыі Расіі падрывае працу вялізнай колькасці беларусаў, якія з пачатку вайны ахвяравалі многім, каб дапамагаць Украіне. Дзякуючы такім беларусам украінцы глядзяць на нас як на народ, які здольны адстойваць сваю свабоду.
Дарэчы, калі выставілася першая група мастакоў, астатнія творцы сабраліся, каб прыняць агульнае рашэнне: удзельнічаць ці не. Вырашылі праявіць салідарнасць і застацца ў расійскім праекце.
А што кажуць удзельнікі выставы? Вылучым іх тэзісы
Галерэя некамерцыйная, творы неканфармісцкія
Сяргей Кажамякін: «Галерэя мае дваццацігадовую гісторыю, мае свае эканамічныя інтарэсы, дзяржаўныя грошы не круціць, што дазваляе думаць, што ніякага прапагандысцкага аспекту не ўзнікне. Галерыстка, наколькі мне вядома, мае беларускае паходжанне, можа свабодна выбіраць месца жыхарства, можа дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі асабістымі перакананнямі. Гэта тое, што я ведаю. Таму я пагадзіўся».
Магчымасцей выставіцца ў Беларусі мала
Сяргей Кажамякін: «Мы жывём у Беларусі. …Тут ёсць рэальныя абставіны існавання. Напрыклад, у мінулым годзе хацеў зрабіць маленькую выставу ў фотаклубе, дзе я калісьці пачынаў у далёкім 1985 годзе – толькі з жадання хоць неяк падбадзёрыць маладых калег. Забаранілі "зверху". Ніводнай дзяржаўнай закупкі ў Беларусі за ўвесь час. Ніводнага спецыяліста па фатаграфіі ў краіне, самі варымся. Ні адной спецыялізаванай галерэі».
Трэба вылучаць харошых рускіх
Канстанцін Селіханаў: «Акрамя ўлады ёсць людзі, якія, магчыма, думаюць аб тым жа або могуць падумаць. Гэта інтэрвенцыя, падтрымка і салідарнасць з тымі, хто таксама, як і я, не згодны са становішчам рэчаў. Мая спроба наіўная, я разумею, але гэта адзінае, што магу зрабіць на сёння».
Ігар Цішын: «Калі мы прымаем варыянт, што ўсе рускія – фашысты. Але як тады ставіцца да беларусаў? Калі прыняць другі варыянт, то мы разумеем, што далёка не ўсе рускія – фашысты. А з антыфашыстамі можна супрацоўнічаць».
Крытыкуюць тыя, хто за мяжой
Васіль Маталянец, куратар выставы: «Ёсць людзі, удзельнікі жорсткіх працэсаў, якія былі рэпрэсаваныя, тыя, хто вымушаны быў з'ехаць, іх пачуцці становяцца прыярытэтнымі, і, вядома, гэта вельмі важна, а тыя, хто ўсім гэтым выпрабаванням не быў падвергнуты, "проста астатнія". І на думку людзей, якія транслююць ідэі і погляды ад імя часткі супольнасці, "проста астатнія" любым сваім дзеяннем або бяздзейнасцю становяцца на шлях калабарацыянізму. Усё таму, што іх выказванне не ўтрымлівае крытычнага пасылу, іх мастацтва не накіравана на апазіцыю ўладзе з пункту гледжання апанентаў, што не зусім дакладна. Я як чалавек, які бачыць сітуацыю знутры, хачу сказаць, што гэта не "астатнія"! Гэта людзі, мастакі, якія хочуць прамаўляць на даступнай ім мастацкай мове, а галоўнае – хочуць быць пачутымі. Праект спрыяў дыялогу: калегі, мы тут, мы на "бетонным батуце", без магчымасці скокнуць або яго раскалоць! А тое, як адрэагавалі ўдзельнікі праекта і я на ўвесь рэзананс, даказвае, які ціск аказвае тая частка культурнай супольнасці».
Спрэчкі вакол выставы «Бетонны батут» забетанаваліся – кожны застаўся пры сваім меркаванні, аднак падзеі вакол краіны не стаяць на месцы. Магчыма, сёння беларускія мастакі лічаць нармальным выстаўляцца ў Расіі, аднак заўтра такі культурны выбар будзе абгрунтаваць не так проста.
Наталля Залозная. Escape 5. Акрыл. 2018. Фота: www.gisich.com.
Ігар Цішын. Выпадак Лісіцкага. Акрыл. 2021. Фота: www.gisich.com.
Уладзімір Парфянок. З праекта «Lucida momenta». Фатаграфія. 1993. Фота: www.gisich.com.