BY
па-беларуску
Багдан Даўгяла

Багдан Даўгяла

3 фрагмент выставы
10+
4_у_суаўтарстве_з_шагалам_і_міядзакі
11+
5 хедар шэва краім на нямізе
6 талонапіс
7 няміга пасля вайны
9 +
1.2
2.2
вокл-трал
12+

Графічныя раскопкі горада

Багдан Даўгяла – гэта музыка, які канцэртуе з аркестрам капэлы «Санорус», квартэтам Акадэміі навук і Студэнцкім сімфанічным аркестрам. Гэта мастак, які выдаў дзве графічныя кнігі «Суэцкі Рубікон» і «53 тралейбус. Вавілонскае змяшэнне гісторый», а сёлета ў жніўні адкрыў выставу ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў пад назвай «Мінск да мяне».

Яшчэ Багдан – студэнт кансерваторыі, а зусім не Акадэміі мастацтваў, як можа здацца пры сузіранні яго твораў. 
Прафесійны ўзровень яго работ тлумачыцца не толькі шматгадовым захапленнем маляваннем, але і мастакоўскай сям'ёй. Яго маці — дызайнер, а бацька – графік. Таму Багдан не наведваў ні гурткоў, ні студый, вучыўся ў бацькоў і ў французскіх майстроў коміксу, вылучаючы з іх Жака Тардзі.

Галоўная яго тэма – гарадскія краявіды: не канкрэтныя, але тыповыя. Захапленне горадам (хутчэй мястэчкам, чым мегаполісам; хутчэй старым, са звілістымі вулкамі і невялікімі дамкамі, чым сучасным і ўпарадкаваным) пачалося яшчэ ў чатырохгадовым узросце. Ён маляваў рэйкі, шпалы, прамзоны і вузкакалейкі, якія пачыналіся ад таварных чыгуначных станцый, а вялі ў таямнічыя прамысловыя зоны.

Гэтыя дзіцячыя ўспаміны пра загадкавыя чыгуначныя шляхі, які раптоўна перарываюцца ў самых нечаканых месцах варотамі, недаступнымі для праходу, можна адчуць у аркушы з назвай «Мы са Стругацкім», дзе двое чалавек у яркім адзенні блукаюць па рэйках, закінутых і парослых травой. Рэальныя людзі сярод чорна-белага ўспаміну і, дарэчы, цалкам рэальнага краявіду: за іх спінамі сілуэт мінскай воданапорнай вежы. Падрабязны малюнак з мноствам дэталей, а таксама гэты кантраст паміж колерам і чорна-белым малюнкам стварае адчуванне фантастычнага сюжэта – без ніякіх фантастычных ці сюррэалістычных момантаў. Багдан згадвае, як любіць прайсціся пешшу па памятных месцах: «Такія месцы ўводзяць свядомасць у зменены стан. Са станоўчага пункту гледжання, вядома. Ходзіш і бачыш перад вачыма, каля якога куста калісьці зваліўся, вялікага, і з якога дрэва цябе здымалі. Але часам лепш наогул не хадзіць, а проста ўспамінаць. Успаміны пра месцы цікавейшыя за ранейшыя месцы».

Гэтыя дзіцячыя ўражанні пасля ўзмацніліся і структуяваліся знаёмствам з творчасцю на стыку літаратуры і сацыяльнай псіхалогіі — псіхагеаграфіяй. Пра яе Багдан даведаўся ў чатырнаццаць гадоў, захапіўшыся брытанскім пісьменнікам Іэнам Сінклерам.

На з’яўленне цыклу пра стары Мінск моцна паўплывала тое, што Багдан друкаваў пасты на «Фэйсбуку», і яму адказвалі мінчане, якія яшчэ засталі гісторыі і падрабязнасці старога горада. Ён пераносіў гэтыя аповеды на паперу.

Сярод 35 работ на выставе «Мінск да мяне» – рэканструкцыі мінскай гісторыі, фрагменты рэальных сучасных краявідаў, архітэктурныя (і не толькі) фантазіі і нават архітэктурныя цытаты. Напрыклад, у аркушы «Гутарка вуліц Мінск і польскага Казміежа» аўтар гуляецца дамамі двух гарадоў, цягае і перастаўляе іх як шахматныя фігуркі.

Яўрэйскі Менск – тэма цалкам выціснутая з вуліц сённяшняга горада. У аўтара з’яўляюцца культавыя рэлігійныя месцы, напрыклад, Халодная сінагога, знесеная пасля вайны разам са старой Нямігай.

Няміга – асобны боль, асобны каларыт. У адным з пастоў у Інстаграме Багдан разважае пра свой горад: «…не пра савецкі Мінск, вылізаны, перабудаваны, бяздарны і нязручны. Трыумф садызму архітэктараў. А пра іншы Мінск. Пра той, які вісіць у густым летнім паветры душнымі начамі ў старых падваротнях. Пра той, які асцярожна атуляе халадком, гледзячы выбітымі слыхавымі вокнамі драўляных баракаў. Пра той, які хаваецца ў кронах дрэў над разбітымі магільнымі плітамі на Калектарнай. Пра той, які чуецца ў завыванні ветрыку суботнімі адзінокімі вечарамі. Пра Мінск, які памятаў вельмі страшныя рэчы. І якога ўжо няма. Які сышоў хутка і немудрагеліста, пакінуўшы незарастальную культурна-гістарычную дзірку. "Ламаць – не будаваць" – напісалі тыя, хто расфігачыў старую Нямігу і знёс Грушаўку. "Будаваць —  не ламаць” – дадаў нейкі хмыр і натыкаў мурашнікаў на месцы авіяцыйных ангараў і т.п. Мінск ніколі не будзе сталіцай. Ён заўсёды будзе вялікай вёскай, ахвярай цэнтралізацыі і нечых ідыёцкіх амбіцый».

Горад зверху – яшчэ адзін улюбёны матыў. Напрыклад, 3D карта «Сустрэча са сном.. пра Грушаўку» – стварае амаль псіхадэлічнае ўражанне яркімі колерамі і мноствам жывых дэталей. Гэта мара пра горад, напоўнены павольным жыццём і разнастайнасцю побытавых і архітэктурных форм. Раён з тупікамі і шматлікімі платамі, што ўпіраецца адным бокам у чыгуначныя шляхі, другім – у пастаянную будоўлю, з рытмамі і пахамі чыгункі, відавочна, увасоблены паводле рамантычных дзіцячых успамінаў. Сам мастак прызнаецца, што яго гарадскія краявіды маюць і прамыя, і ўскосныя перасячэнні з рэальнасцю.

Куратарка выставы Ларыса Фінкельштейн правяла рэвізію метадаў і сюжэтаў Багдана, з якой становіцца ясна, што класіфікаваць іх даволі цяжка: «архітэктурныя, загадкавыя лятальныя апараты, рафінаваныя еўрапейскія арыстакраты, каларытныя бедуіны з пустыні, вядома ж царквы, мячэці і сінагогі, тралейбусы, аўтобусы і фантазійныя аматары жывёл, фантастычныя мадэлі гарадскога і загараднага транспарту».

Свае работы Багдан Даўгяла выконвае ў стылістыцы коміксу – плоскасны малюнак, неверагодная  колькасць дэталяў і яркія колеры. Ён вымалёўвае сваіх персанажаў тушшу і пяром і абавязкова дадае тонкі мастакоўскі гумар, які праяўляецца ў камічных дэталях, у гратэску ці вострым сарказме.

Комікс – прастора немагчымага, а значыць тут няма ніякіх абмежаванняў. Адзінае, што спыняе мастака, – рамкі аркуша. Яго творы можна чытаць: злева-направа, як кнігу, ¬ справа-налева – каб разматаць фантастычны сюжэт у адваротным кірунку. Аўтар стварае бясконцыя гісторыі, сюжэты чапляюцца адзін за адзін, а фігуры і прадметы шчыльна запаўняюць аркуш. Кожная работа неверагодна насычана, напоўнена такім вобразным канцэнтратам, што хочацца разглядаць усё гэта калі не з пінцэтам, каб вылоўліваць ледзь заўважныя дэталі, то з максімальнай увагай. Гэта крыху пра гісторыю, крыху пра успаміны і мары і зусім няшмат іншапланетных дэталяў.

Першую кнігу коміксаў аўтар выдаў у мінулым годзе, яна прысвечана падзеям Суэцкага крызісу 1973 года, аднаму з самых напружаных перыядаў вайны Суднага дня. «Суэцкі Рубікон» – гэта невялікая гісторыя пра танкістаў брыгады Амнона Рэшэфа, чыёй задачай было выбіць егіпцян з пустыннага раёна так званай «кітайскай фермы» і фарсіраваць Суэцкі канал, ачысціўшы ад праціўніка абодва яго бакі. Аўтар расказвае пра самыя значныя, на яго думку, падзеях трох сутак гэтых баёў.

У дзень вернісажу у свет выйшаў новы комікс на сто старонак пад назвай «Тралейбус 53. Вавілонскае змяшэнне гісторый». У аснову сюжэтаў пакладзены апавяданні Уладзіміра Рабіновіча з кнігі «Рабіновіч, як табе не сорамна», вольны пераказ неапублікаваных мемуараў адваката Айзіка Ленчнара, а таксама іншыя гарадскія гісторыі, напрыклад аповед аб трох танках. Таксама тут візуалізуюцца ўспаміны з паездак на 53-ім тралейбусе.

Дэталямі працы над графічнай кнігай Багдан дзяліўся ў сваім Інстаграме: «Комікс, вядома, атрымліваецца вельмі суб'ектыўным, мабыць, ён менавіта пра "мой Мінск", пра моцнае жаданне расказаць пра тое, што мне блізка і даўно ўжо знікла і амаль не мае ў цяперашнім Мінску слядоў».

Любое супадзенне з рэальнасцю аўтар лічыць сваёй заслугай. 
І яны, гэтыя супадзенні з недасканалай рэальнасцю, у Багдана сапраўды здараюцца.

Instagram: Bogdan Dowgialo