BY
па-беларуску
Антось Сівых: Візуальная паэзія і дакументальнае кіно

Антось Сівых: Візуальная паэзія і дакументальнае кіно

Беларускі мастак і рэжысёр Антось Сівых дэбютаваў са сваёй першай персанальнай выставай «Вершаформы». Паразмаўлялі з ім пра гэты накірунак каліграфіі, яго дакументальны фільм 1blin і любімыя вершы.

Выстава «Вершаформы» адбываецца ў прасторы Музея мастацкай кнігі (Muzeum Książki Artystycznej) у Лодзі па вуліцы Piotrkowska 86. Раім вам завітаць на яе, калі будзеце ў горадзе. Выставу можна знайсці і ў нашай віртуальнай галерэі.

Паэзія ў візуальнай падачы

Антось жыве ў Польшчы з 2019 года. Сам мастак нарадзіўся ў Мінску. Яшчэ з дзяцінства ён хацеў ствараць працы, якія дазваляюць па-новаму глядзець на звыклыя рэчы ў жыцці.
– Недзе бліжэй да 15-16 гадоў у маё жыццё актыўна ўвайшла паэзія. На той жа момант я пачаў пісаць свае першыя вершы. Яны, з аднаго боку, былі наіўныя і цікавыя, а з іншага – грувасткія і змрочныя, як часта бывае ў паэтаў-падлеткаў. Мяне захапляла даследаваць і пісаць, чытаць і выступаць. Можна сказаць, што мая выстава – гэта таксама паэтычны выступ.


Я спрабаваў знайсці, якімі спосабамі і метадамі можна абуджаць цікаўнасць да паэзіі, маіх вершаў і да вершаў, якія я люблю. Рабіў я гэта і анімацыяй, і відэа, і каліграфіяй. На свае вершы я больш рабіў відэаарты. Напрыклад, на верш «Яны робяць з гары піраміду».


Вершаформы, якія мастак развівае з 2018 года, спалучаюць паэзію з візуальным мастацтвам. У сваіх працах Антось адлюстроўвае радкі з розных вершаў, надаючы ім графічны выгляд. На свае вершы, аднак, ён пакуль вершаформы рабіць не збіраецца.
Антось піша вершаформы выключна на беларускай мове. Сярод замежных пісьменнікаў больш за ўсё яго натхняюць творы Шарля Бадлера, а сярод беларускіх – Максім Багдановіч, Вальжына Морт, Анатоль Сыс, Юлі Таўбін.
– Мая першая вершаформа – праца на верш Аркадзя Куляшова «На сотай вярсце». Як толькі я зацікавіўся каліграфіяй, я набыў у першы жа дзень пяро і тоўстыя аркушы паперы і пачаў пісаць. Атрымалася такая вершаформа, дзе пэўныя візуальныя формы знайсці складана. Гэта, па сутнасці, аркуш паперы, запоўнены літарамі і словамі на беларускай лацінцы.
 

«Тое, што я раблю, здольнае распачаць дыскусію»

– Я не прэтэндую на наватарства гэтага накірунку мастацтва. Можна паглядзець на арабскую і японскую культуру: там ўжо даўно рабілі падобнае. Напрыклад, у Асманскай імперыі пісалі вершы і тэксты ў візуальнай форме. Выглядала гэта крыху іначай, але феномен адносна падобны.

Таксама, нядаўна я быў на падзеі пра каліграфію ад Алы Пігальскай, якая займаецца беларускімі шрыфтамі і беларускай традыцыяй каліграфіі. Яна распавяла, што ў традыцыі пісьма вельмі часта ёсць такія надрадковыя сімвалы. Напрыклад, у рукапісах Сярэднявечча літары маглі часта заходзіць уверх ці ўніз на некалькі ўзроўняў. Так я зразумеў, што тое, што я раблю перагукаецца з гэтай традыцыяй, аб якой я дагэтуль увогуле не думаў.
Таму я не прэтэндую на тое, што я раблю штосьці новае. Звычайна я прэтэндую на адну рэч – тое, што я раблю, здольнае распачаць дыскусію.


Размовы з гледачамі і простымі мінакамі дапамагаюць даведацца пра нешта новае і самому мастаку. Падчас выставы, адзін з кіназнаўцаў заўважыў Антосю, што ў яго працах ёсць шмат паралелей да кіно як візуальнага сродку.

Вершаформы як сацыяльны інструмент

Вершаформы Антось часцей стварае у публічных месцах, уцягваючы людзей ў мастацкі працэс. З матэрыялаў ён выкарыстоўвае ўсё, што памясцілася ў яго тубу ці знайшлося на вуліцы.
Мастак заўсёды эксперыментуе і спрабуе штосьці новае. Улетку Антось напісаў некалькі вершаформаў вуглём, што надало ім эфект старадаўнасці. А зараз ён стварае вершаформу, прысвечаную гораду Лодзі, працуючы з акварэллю і гуашшу.
 


– Канешне, ідэальнае месца для стварэння вершаформы – сесці дома, сканцэнтравацца і пачаць яе рабіць. Іншае пытанне, што мне гэта менш цікава. Мне лепей выйсці на люднае месца, пачаць там пісаць і чакаць, калі хтосьці на гэта клюне. Людзі падыходзяць і пачынаюць запытваць, што я раблю, ці можна гэта прачытаць, чаму такі верш. Вельмі часта мы пераходзім да гутарак пра паэзію агулам ці пра беларускую паэзію.

Гэта збівае, канешне. Бо трэба спыніцца і пагутарыць, а пасля працягнуць. Але, зноўку, для мяне вершаформы – інструмент сацыяльны. Для мяне важна гэтую гутарку пачаць і правесці. Нават калі гэта значыць, што вершаформу я буду рабіць значна даўжэй або прыйдзецца перарабіць яе на нейкім моманце. Аднак, я прымаю гэта і лічу пажаданым.

Аднойчы я выйшаў у лес і пачаў пісаць вершаформу на твор Анатоля Сыса «Пан Леса». Праз хвілін пяць, да мяне падышлі падлеткі. Яны праязджалі побач на роварах, убачылі мяне з мальбертам і зацікавіліся. Мы з імі менш гутарылі непасрэдна пра паэзію, толькі пра працэс стварэння. Мне так запомнілася гэта, бо ў глухім лесе знайшліся людзі, якія захацелі паразмаўляць пра вершаформы
.
 

 
«Гэты лучнік – вынік такога экзамену, які я сам для сябе стварыў»

Вершаформы Антося ўсе бачаць па-рознаму, знаходзячы у іх свае вобразы. Адна з прац Антося прысвечана першай главе Евангелля паводле Іаана. У іх гледачы знаходзяць нешта сваё: хтосьці бачыць у гэтай вершаформе анёлаў і грыфонаў, а хтосьці знаходзіць там сэрца і ялінку.
 

 
Нейкія працы мастак стварае з ужо запланаванай формай. Другія набываюць сваю форму падчас працэсу іх напісання. Як прыклад твору з запланаванай формай Антось прыводзіць свайго «Лучніка» – вершаформу на твор Юлія Таўбіна «Вам». Такіх лучнікаў у Антося два: адзін на выставе, а другі – у калекцыянера. Яны адрозніваюцца сваімі памерамі і выразнасцю абрысаў.
 

 
– Гэта быў мой экзамен на тое, што я магу кіраваць формай. На той момант я вучыўся у візуальнага 3D мастака Brickspacer. Яго працы запаланілі інстаграм і зацікавілі мяне, бо выглядалі адметна. У іх можна было знайсці тое, што мне самому падабаецца ў мастацтве. Я яму напісаў і папрасіў дапамагчы на гэтым этапе, паглядзець, што можна рабіць з формай мастацтва, якую я раблю. Праз нашае супрацоўніцтва я перайшоў ад вершаформы як чагосьці больш абстрактнага і няпэўнага да таго, што раблю зараз.

Накірунак, які абралі вершаформы Антося, у свой час прызначыла і тытульная праца выставы – «Супермаркет у Каліфорніі», які амерыканскі паэт Ален Гінзберг прысвяціў адметнаму амерыканскаму паэту Уолту Уітмэну. Гэта вершаформа шмат каму нагадвае партрэт абодвух паэтаў.
– Калі я пачаў пісаць гэтую вершаформу, то зразумеў, што яна не падобна на тое, што я рабіў раней. З яе я зрабіў ясную форму. Магчыма, наступнымі месяцамі з'явяцца працы, якія зададуць наступны кірунак вершаформаў. А, магчыма, яны ўжо ёсць, але я гэта да канца не асэнсоўваю.
 

 
«Заклікаю ўсіх, каб беларускія праекты былі і камерцыйна-sustainable»

Акрамя паэзіі і мастацтва, Антось развівае відэаарт, дакументальнае кіно, гарадскія гульні і анімацыю. У свой час ён стварыў беларускую супольнасць «Досвітак» падчас года навучання ў Ліцэі БДУ. Падчас навучання ў Вільні Антось таксама вёў паэтычна-графічны часопіс Vostraŭ, дзе публікаваліся беларускія паэты і графікі.

У 2022 Антось правёў перфарматыўную гарадскую гульню «Гульня ў рух», якая адбывалася ў сямі еўрапейскіх гарадах, уключаючы і беларускія. Падчас жыцця ў Вільні Антось ужо рабіў нешта падобнае, таму калі пачуў пэўны запыт, вырашыў паспрабаваць зноўку.
– Вельмі шмат людзей вакол мяне, беларусаў у асноўным, адчувала такое гіганцкае адчужэнне ад любога месца, у якім яны знаходзяцца. І беларусы ў Беларусі, і шмат людзей эмігравала, часта вымушана, якім было складана знайсці сваё месца і не адчуваць апатыі.
За некалькі месяцаў я распрацаваў такую гульню, якая заснавана на тым, што ёсць некалькі розных спосабаў перасоўвацца па горадзе. Была такая прастора на канкрэтна сем дзён, дзе людзям выдаваліся розныя практыкі, што можна рабіць у горадзе.
Я разумеў, што гэты праект варта рабіць у анлайне, каб была сувязь. Людзі дзяліліся штодня знаходкамі. Хутчэй за ўсе, калі я адчую запыт, я вярнуся да гэтага. Бо ў мяне ёсць і цікаўнасць, і досвед, як і ў людзей вакол мяне.


Гульня Антося грунтавалася на шматгадовых даследаваннях: сланёрстве, псіхагеаграфіі, вулічнай фатаграфіі ды іншых практыках, якія людзі на працягу стагоддзяў выкарыстоўвалі, каб даследаваць свой горад.
– Я хачу заўважыць, што гэтыя мае праекты не былі грантавымі. Я іх рабіў таму, што тэма мне адгукалася. Для «Гульні ў рух» я не шукаў фінансавання, ён быў для мяне абсалютна стратны, і гэтым я не ганаруся. Я разумею, што з гэтага можна было зрабіць вельмі добры камерцыйны праект. Іншае пытанне, што тады я мог або прысвяціць час, каб зрабіць з яго бізнес- або даследніцка-культурны праект. На той момант я не знайшоў час на першае.

Так часта бывае з маімі праектамі. Зусім неабавязкова шукаць нейкае фінансаванне. Можна паглядзець, што ты рэальна сваімі сіламі можаш зрабіць, асабліва калі па-за гэтым працуеш. Гэта таксама такая мадэль, па якой можа існаваць культурны праект.

Аднак, на мой погляд, найідэальнейшы варыянт – калі запыт таксама манетызуецца. Гэта такая схема культурных праектаў, якая падаецца мне аптымальнай, бо дазваляе рабіць іх пастаянна. Ты можаш развіваць адну і тую ж тэму доўгі час, залежна ад патрабаванняў. Заклікаю ўсіх, каб беларускія праекты былі і камерцыйна-sustainable. У гэтым мне падаецца будучыня культурных праектаў
.

Галоўнае – шукаць нешта новае і цікавае

– Любы горад, у які я трапляю, нават на кароткі час, мае штосьці цікавае, нават калі людзі кажуць, што там няма чаго рабіць. Усё проста залежыць ад запыту. Калі ў мяне ёсць запыт штосьці рабіць і знаходзіць, то я магу знайсці шмат адметнага і класнага ў горадзе, які складаецца з панэльных будынкаў. Гэта залежыць ад перспектывы.


Цікавыя і незвычайныя месцы Антось знаходзіў яшчэ ў падлеткавым узросце. У 13 год ён пачаў весці блог пра Мінск. Дзеля блогу рабіў розныя відэа і анімацыйныя фільмы.
Ёсць у Антося і шэраг іншых відэа-праектаў. У 2019 годзе, напрыклад, ён стварыў Freedrinsk Clinical Rave. А ў 2020 годзе – відэапрадукцыю Lodka Production, якая на пачатку была арыентавана на дапамогу розным лакальным фірмам падчас ковіду.
– Фрыдрынск – вельмі эксперыментальны праект. Гэта відэаарт пра розныя феномены штодзёнага жыцця або творчасці. Серыя ролікаў грунтуецца вакол пэўнага горада – Фрыдрынска. У ім адбываюцца розныя дзіўныя дзівосныя рэчы. З гэтымі кароткімі відэаартамі мы ўдзельнічалі ў міжнародных фестывалях, большасць можна адкрыта паглядзець на YouTube. Дарэчы, на маёй выставе можна знайсці падрабязную мапу гэтага горада.

Назва нарадзілася вельмі цікава. Я і Ірына Паўловіч, з якой мы стварылі гэты праект і заснавалі Lodka Production, былі на мінскай выставе вады. Там на дэгустацыю выдавалі ваду з розных месцаў. То бок, free drinks ці «фры дрынск». Мы гэта неяк пакруцілі і прыдумалі Фрыдрынск, які гучыць як нармальны беларускі горад: Бабруйск, Дзвінск, Пінск. Да гэтай мясцовасці мы пачалі дадаваць розныя лакальныя мемы і пераасэнсоўваць іх праз відэа. Гэта была спроба знайсці нейкую кінамову на часам абсурдныя штодзённыя сітуацыі альбо феномены.


«Столькі бачна ў гэтым сваёй ініцыятывы і нейкага самавольства…»

Акрамя ўсяго, Антось стварае дакументальнае кіно. Гэты кірунак мастацтва яму падабаецца праз своеасаблівы працэс стварэння. Ён заўважае, што яму лягчэй стварыць пэўную прастору і адштурхнуцца ад яе, чым кіраваць акторамі.
– Дакументальныя фільмы – гэта не рэжысура ў плане, што трэба кожнаму параздаваць інструкцыі, што і як рабіць. Гэта пра тое, каб знайсці адпаведнае месца, увайсці ў нейкую прастору, дзе адбываецца дзеянне, і знайсці, якім чынам гэта паказаць.

Адна з яго любімых прац – 1blin, які расказвае пра жыццё ў радыяцыйна забруджаных вёсках Беларусі. Гэты фільм Антось адразу выставіў у адкрыты доступ.
– Гэта заўсёды была наша аўтарская палітыка, што мы не будзем пакідаць гэты фільм на шмат гадоў у скрыні. Нам падалося важным яго адразу, вось праз паўгода як ён быў зроблены, апублікаваць. На мой погляд, гэта, часцей за ўсё, лепшая стратэгія. Аднак трэба глядзець на канкрэтны фільм і кантэкст. Ёсць цэлая плеяда беларускіх фільмаў, якія не могуць быць апублікаваны з розных нагодаў.

Антось прыгадвае, што калі ён ехаў у экспедыцыю па забруджаных мясцінах, ён не планаваў вынесці адтуль гатовы дакументальны фільм. Аднак, яму захацелася паказаць гэтую распаўсюджаную тэму з новага баку.
– І на самую цяжкую тэму можна паўтарыць тое, што было сказана пяць разоў. А можна знайсці і выхапіць нават нейкую крупінку новага. У фільме гэтай крупінкай было тое, што гэтыя людзі ўвесь час спяваюць песні. Гэты сюжэт народных песень праходзіць праз увесь фільм і якраз дапамагае выйсці па-за звыклыя наратывы пра тое, што людзей адсялілі і яны жывуць бедна.

Атрымаўся фільм, які вельмі забаўны, нянудны, у чымсьці нават вясёлы, пра нібыта такую сур'ёзную і складаную тэму. Мы гутарылі з тымі, хто застаўся ў забруджаных мясцінах, але разам з тым не нудзіўся, а жыў і спяваў песні.

Была і вельмі цікавая гутарка з адной гераіняй. Яна распавяла пра тое, што калі здарылася ўся сітуацыя з Чарнобылем, ва ўсіх забіралі быдла. Яна сваю карову не аддала, бо разумела, што будзе складана пракарміцца і прыйдзецца з'язджаць. Яна ўзяла на сябе такі рызыкі і не шкадуе, а ёй 90 год. Столькі бачна ў гэтым сваёй ініцыятывы і нейкага самавольства, што не ўкладаецца ў звычайную парадыгму савецкага чалавека. Гэта было цікава і захапляльна
.


АНТОСЬ СІВЫХ. ВЕРШАФОРМЫ
Віртуальная выстава