BY
па-беларуску
Алесь Пушкін. Afterlife

Алесь Пушкін. Afterlife

Выстава памяці Мастака ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі

6 жніўня 2024 года ў беларускага творцы Алеся Пушкіна быў дзень народзінаў, яму магло б споўніцца 59. Аднак мастак памёр у ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года ад перытаніту ў рэанімацыі, куды яго занадта позна прывезлі з гродзенскай турмы.


Менавіта ў дзень народзінаў Алеся Пушкіна ўрачыста адкрылася выстава «Ales Pushkin. Afterlife» у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Куратар экспазіцыі Андрэй Дурэйка выбраў дату невыпадкова — насуперак гвалтоўнай смерці беларускага мастака, што і падкрэсліў у назве свайго праекта. Такія творцы, як Алесь Пушкін, пакідаюць спадчыну, якая працягваецца ў працах нашчадкаў, падхопліваецца наступнымі пакаленнямі і пасля смерці. Уласна пераасэнсаванне спадчыны беларускага аўтара і стала адной з галоўных мэтаў выставы.


Алесь Пушкін быў творцам вельмі рознабаковым. Скончыўшы манументальна-дэкаратыўнае аддзяленне Беларускай акадэміі мастацтваў, ён стварыў мноства жывапісных (станковых, манументальных) і графічных твораў, працаваў рэстаўратарам, займаўся тэатральным мастацтвам.

Пасля смерці Алеся прайшло некалькі выстаў у Варшаве і Вільні. Там паказвалі яго жывапісныя і графічныя творы. Графіка Пушкіна сабрана ў турэмным альбоме, што выйшаў у 2019, калі мастак адбываў адміністрацыйны арышт у ізалятарах Смаргоні і Мінска за акцыі ўшанавання памяці дзеяча антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага.

Аднак куратар Андрэй Дурэйка перакананы, у гісторыю беларускага мастацтва Алесь Пушкін увойдзе менавіта як акцыяніст і перформер, творца, які працаваў з сучаснымі медыя. Куратар не толькі зрабіў акцэнт на актывісцкай дзейнасці мастака, але і ўзяў інсталяцыйны падыход самога Пушкіна ў якасці метаду пабудовы экспазіцыі, чэрпаючы натхненне ў яго акцыях і перформансах, у прыватнасці — у яго выхадах на плошчу ў родным пасёлку Бобр.

Такім чынам, на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі размясціліся інсталяцыі, прысвечаныя розным тэмам, якія Алесь Пушкін распрацоўваў у сваёй творчасці. Інсталяцыі складаліся з фота- і відэадакументацыі, што існуе як матэрыяльны след любой актывісцкай дзейнасці.
Тэхнічна экспазіцыя складаецца з планшэтаў з наклеенымі на іх фатаграфіямі, з экранаў з відэадакументацыяй і аўтарскімі фільмамі пра творцу, згрупаванымі ў пяць інсталяцый — паводле пяці тэмаў, важных для аўтара і актуальных для нас.

Першая тэма выставы — Дзень волі — згадвае штогадовае святкаванне на вуліцах пасёлка Бобр, аднак мастак адзначаў яго, дзе б ні знаходзіўся.
Менавіта Алесь Пушкін зладзіў першую публічную акцыю на Дзень Волі ў найноўшай гісторыі Беларусі 25 сакавіка 1989 года. Святкаванне 71-й гадавіны БНР сталася яго першым перформансам. Тады ён выйшаў на цэнтральны праспект Мінска з двума плакатамі, першы - з надпісам «Грамадзянін, у гэты дзень, 71 год назад, была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве незалежная Беларусь!», другі — з перакрэсленым сцягам БССР і словамі: «Досыць „сацыялістычнай“, адродзім Народную Беларусь». Паплечнікі неслі бел-чырвона-белы сцяг, папяровага бусла і 71 паветраны шарык. Тады ж Пушкін напісаў маніфест сацарту, задэклараваўшы сваю актывісцкую мастацкую пазіцыю.

«Падарунак прэзідэнту» — наступная тэма, што пайшла ад назвы знакавага перформансу, які мастак правёў 21 ліпеня 1999 года каля будынка адміністрацыі на Карла Маркса ў Мінску. Тады Алесь Пушкін прыкаціў чырвоную тачку з гноем і драўлянай таблічкай з падзякай першаму прэзідэнту: «За працу». Паверх гною ляжалі дэвальваваныя рублі, канстытуцыя, партрэт. Ва ўсё гэта мастак у белых пальчатках з размаху ўсадзіў вілы. Пушкіна тут жа схапілі міліцыянты, але ўжо праз некалькі гадзін адпусцілі пад падпіску. Пазней творцу асудзілі на два гады пазбаўлення волі ўмоўна. Гэты перформанс Алесь Пушкін узнавіў 25 сакавіка 2021 года ў Кіеве на выставе «Кожны дзень». Перформанс стаў прычынай абвінавачвання па артыкуле аб здзеку з дзяржаўных сімвалаў. Акцэнтам кіеўскай інсталяцыі сталася вялізная каляровая фатаграфія мінскай акцыі, але таксама і жывапісны твор, дзе ў тачцы — кветкі. Сімвалізм супрацьлеглых вобразаў відавочны.

Наступная тэма — «Беларускі рэзістанс» — гэта назва серыі партрэтаў герояў беларускага паваеннага супраціву, якую мастак пачаў у 2003-м і працягваў да канца жыцця. Падставай для чарговага арышту стаў партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які ў пасляваенны час дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці.
Сам мастак у лісце з турмы апісваў гэту серыю як выявы «невядомых, непапулярных гістарычных персаналіяў, свядома забытых афіцыйнай прапагандай з яе рабскім каланіяльным мысленнем. А менавіта яны сваім няпростым, часта трагічным жыццём як у кроплі вады адлюстравалі боль і пакутлівы шлях Беларусі да незалежнасці».

Куратар Андрэй Дурэйка падаў гэту тэму ў больш шырокім кантэксце — як галоўную ідэю жыцця і творчасці Алеся Пушкіна. Менавіта таму ў інсталяцыю ўключаны і фатаграфіі з мінскіх мітынгаў 2020 года, і здымкі збітага Пушкіна, зробленыя пасля выбараў. Таксама тут, не на самым заўважным месцы, здымак жоўтай біркі з турмы, якую знялі з цела мёртвага мастака. Побач «выЖыванка» Руфіны Базлавай, частка яе сацыяльна-мастацкага праекта #FramedinBelarus.

«Свята і святЫ» — наступная тэма, гэтак жа неаддзельная ад жыцця мастака. Вярнуўшыся жыць у свой родны пасёлак Бобр, Пушкін ладзіў народныя святы, запрашаючы гасцей. Аўтэнтычныя святкаванні не выглядалі нейкай музеефікацыяй, былі шчырымі і натуральнымі, ахоплівалі вялікую колькасць удзельнікаў і захавалі велізарную дакументацыю, якую Андрэй Дурэйка і выставіў у экспазіцыі.

Пятая тэма — супраціў вайне, якую куратар палічыў надзвычай актуальнай. Алесь Пушкін служыў у Афганістане, адкуль і вынес свае пацыфісцкія погляды. У падтрымку Украіны ў 2016 годзе мастак ладзіў пленэры ў Данецкай вобласці. Экспазіцыйная дамінанта склалася якраз у гэтай інсталяцыі — у выглядзе вялізнай фатаграфіі Пушкіна ў жоўтым камбінезоне з плакатам «Achtung Russia».

Тэмы, прадстаўленыя на выставе, былі адабраныя куратарам з некалькіх прычын. Па-першае, гэта тое, што хвалюе сучаснікаў, па-другое, тое, што робіць Пушкіна сучасным актуальным мастаком. Бо не столькі самі творы, колькі асоба мастака стала галоўным аб'ектам гэтай экспазіцыі. У архіве Алеся Пушкіна хапае кадраў, дзе мастак з маленькім пэндзлікам падпраўляе прыгожы краявід. Цяжка сабе патлумачыць гэты кантраст студыйнага мастака, які прадукуе лірычны жывапіс, і акцыяніста, які ўтыкае вілы ў партрэт узурпатара ўлады. Аднак мастак выходзіў на плошчу свайго пасёлка са сваім жывапісам, а прадстаўнікі мясцовай улады зрывалі яго карціны з мальбертаў. Пазіцыя яднала ўсе праявы яго творчасці і рабіла яго асобай цэласнай і моцнай.
Таму і выстава атрымалася, як кажа куратар, нетыповая, неакадэмічная і немастацтвазнаўчая. Як працяг непрадказальнага дзейства, характэрнага для Алеся Пушкіна. Андрэй Дурэйка абапіраўся і на меркаванне іншых удзельнікаў выставы – сяброў мастака, паплечнікаў і падаўжальнікаў яго актывісцкага мастацтва.

Максім Тымінько паказаў відэаінсталяцыю, на якой выявы палітвязняў (па стане на 2023 год) маршыруюць па горадзе так, нібыта пратэснае шэсце працягваецца. Сярод выяў прысутнічае Алесь Пушкін, які на момант стварэння працы яшчэ быў жывы.

Таксама экспануюцца творы ўжо згаданай Руфіны Базловай. Яна Шостак зрабіла матэрыялізацыю свайго «Крыку за Беларусь», размясціўшы ў прасторы выставы літары А-А-а. На афішы выставы змешчаная выява, зробленая Аляксандрам Васюковічам, які ў турме перамаляваў са сцяны малюнак Пушкіна. Таксама прадстаўлена відэа і фатаграфіі Андрэя Дурэйкі, Іяланты Кіліян, Янака Коўзеля, Антося Цялежнікава, Рамана Шэла.

Глядзець больш
«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»
«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»

Мастачка і заснавальніца ініцыятывы VEHA Леся Пчолка пра незалежны архіў, сямейныя фотаздымкі і нябачны бок гісторыі

Мысляр перадусім
Мысляр перадусім

Выстава памяці мастака Уладзіміра Лукашыка ў НЦСМ

Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола
Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола

Выстава Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай «Кафэ Беларусь 2: комплекс Касандры»

Дзве душы і раўнавага ў творчасці
Дзве душы і раўнавага ў творчасці

Мастак Андрэй Духоўнікаў – былы дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва – пра музей і супрэматызм

Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць
Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць

Татальныя інсталяцыі беларускага мастака