BY
па-беларуску
«Восеньскі салон» у Мінску: Няпэўны ды супярэчлівы

«Восеньскі салон» у Мінску: Няпэўны ды супярэчлівы

У 2015 годзе ў мінскім Палацы мастацтва ўпершыню адкрыўся «Восеньскі салон». Такім чынам, сёлетняя імпрэза з'яўляецца юбілейнай, дзясятай. Што цікава: усе дзесяць выпускаў праекта прайшлі з зайздросным пастаянствам, не перарываючыся ні з эпідэміялагічных, ні з палітычных прычынаў. Што ж гэта за фармат такі і як змяніліся задачы фэсту за гэтыя дзесяць гадоў? Згадалі першы «Восеньскі салон» і параўналі з тым, што атрымалася.

Галоўны парадокс «Восеньскага салона» ў тым, што фармат яго няпэўны і супярэчлівы. Як і дэклараваныя мэты правядзення. Гэта не проста і не толькі выстава-продаж, яна суправаджаецца адукацыйнымі мерапрыемствамі, лекцыямі і майстар-класамі, праходзіць на пляцоўцы Саюза мастакоў і ўпісана ў расклад мастацкіх выстаў палаца. Заснавальнікі праекта імкнуліся зрабіць яго прэстыжным, уліваючы ў яго сур'ёзныя фінансавыя сродкі.

А ў 2015 годзе да правядзення «Восеньскага салона» ў Палацы мастацтва нават зладзілі невялікую рэнавацыю: адрамантавалі экспазіцыйныя залы, адкрылі кавярню на першым паверсе.

Запрасілі прэстыжнае міжнароднага журы, у 2015-м у яго ўваходзілі незалежны куратар з Парыжа Аэса Сігурансдоцір, заснавальнік фонду сучаснага мастацтва «Gaspare foundation» у Венецыі Гаспарэ Манас, адзін з куратараў выставы сучаснага мастацтва ў нямецкім Каселі «documenta» Дытар Роелстратэ, прадстаўнік «Art Basel» у Расіі Мікалай Палажчанка. Праўда, такога прадстаўнічага журы больш не будзе, але планку да апошняга часу стараліся трымаць: напрыклад, у 2019-м у журы ўвайшлі мастацтвазнаўцы, куратары і дырэктары арт-інстытуцый з Чэхіі, Літвы, Расіі і Украіны.

Важным для прэстыжу «Восеньскага салона» стала і рашэнне журы 2015 года прысудзіць першую прэмію Андрэю Лянкевічу за некалькі прац з яго канцэптуальнага праекта «Бывай, Радзіма!», у якім ён даследаваў стаўленне беларускага грамадства да Другой сусветнай вайны. Яркім канцэптам выдзяляліся і праекты Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна.


Ва ўсіх мінскіх «Салонах» арганізатары ставілі задачу звязаць іх з культавымі парыжскімі выставамі. Так у экспазіцыі 2015 года выставілі творы мастакоў Парыжскай школы з калекцыі Белгазпрамбанка – Паліны Хентавай і Леона Iндэнбаўма, Марка Шагала, Дзмітрыя Сталецкага, Восіпа Любіча, Яўгена Зака, Хаіма Суціна і Міхаіла Кікоіна.

А сёлета ў Палацы мастацтва размясцілі інфармацыйныя пано з работамі Дэга, Манэ і Дэлакруа, каб падкрэсліць пераемнасць з прэстыжнымі французскімі выставамі мінулых стагоддзяў. Наўпрост з залы другога паверха адкрылі прамы праход у галерэю «Арт-Беларусь», дзе выстаўлены работы Хаіма Суціна, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Цадкіна і Шрагі Царфіна. Куратары хацелі паказаць дыялог пакаленняў.

З дапамогай вышэйпералічаных прыёмаў «Восеньскі салон» стаў выглядаць прэзентацыйна, а ў медыя яго характарызавалі як «унікальны арт-праект, які не мае аналагаў у культурным жыцці краіны», як «галоўную культурную падзею восені». Акрамя таго, першы «Восеньскі салон» быў прысвечаны 25-годдзю Белгазпрамбанка і абвешчаны як частка маштабнай банкаўскай ініцыятывы «Арт-Беларусь». Пасля грандыёзных і вельмі паспяховых гістарычных паказаў «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» і «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» банк звярнуў увагу на сучасны працэс і вырашыў працаваць на будучыню, бо «Восеньскі салон» быў прызначаны для маладых аўтараў.

Аднак з самага пачатку існавання «Восеньскі салон» завіс на арэлях няпэўнага фармату, бо, нягледзячы на салідную падрыхтоўку, спосаб адбору ўдзельнікаў быў самым звычайным. Узялі ўсіх, хто прайшоў сіта журы. Салон ніколі не меў тэмы, канцэпту, ідэі, вакол якой выбудоўвалася б экспазіцыя. Звычайны паказ работ, выбудаваны паводле сваёй унутранай сцэнаграфіі.

У першы год прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Алесі Скарабагатай – моднай аўтарцы работ, выкананых у гіперрэалістычным стылі, і гэты прыз яна стала атрымліваць рэгулярна.

Салон не зрабіўся прэстыжным для мастакоў з устойлівай рэпутацыяй, але стаў цудоўнай магчымасцю для аўтара прадаць свае творы і, безумоўна, заявіць пра сябе, стаць заўважнымі для калекцыянераў і патэнцыйных пакупнікоў. Прэса была нейтральнай да падзеі, а гледачы – удзячнымі і шматлікімі. Бо «Восеньскі салон», як і шэраг іншых мерапрыемстваў, накшталт папулярнай у народа выставы «Я – Манэ, Я – Шышкін, Я – Малевіч», куды можна было прынесці любы твор, абы ён пралез у дзверы, знішчаў амаль усе фільтры (акрамя відавочнай непрафесійнасці), што выстройвалі паміж аўтарам і будучым спажыўцом яго мастацтва прафесійныя інстытуцыі.

Дэмакратычнае, яркае, дзёрзкае маладое мастацтва належнага прафесійнага ўзроўню раз на год магло паказаць сябе і атрымаць дывідэнды.

Адной з дэклараваных мэтаў «Восеньскага салона» было паказаць Беларусь часткай сучаснай сусветнай арт-індустрыі. Ініцыятары праекта тлумачылі, што «Восеньскі салон» вырашае задачы па пошуку патрэбных механізмаў для будучай працы паўнавартаснага арт-рынку з продажамі і прасоўваннем. А рынак з’явіцца толькі тады, калі з’явяцца галерэі і аўкцыённыя дамы, будзе працаваць сістэма бізнэс-адносінаў. Дарэчы, у 2015-м ствараліся ўсе падставы для гэтага: у сталіцы назіраўся «галерэйны бум».

Цяпер жа, у 2024 годзе, калі задача развіцця арт-рынку адышла на далёкі план, асноўная мэта, якую ставіць перад сабой «Восеньскі салон», — адкрыццё новых імёнаў і падтрымка маладых мастакоў праз продажы і прэміі, сума якіх не такая і малая.

Важнай мэтай фэсту з самага пачатку была задача раскрыць патэнцыял маладога мастацтва. Да ўдзелу запрашаліся аўтары да 40 гадоў. У 2015-м на конкурс паступіла 300 заявак ад маладых беларускіх творцаў, пераважная частка якіх — выпускнікі і студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў. У экспазіцыю трапілі работы 90 мастакоў, якія прайшлі адборачны тур і сталіся прэтэндэнтамі заснаванай Белгазпрамбанкам прэміі «Арт-Беларусь». Сярод удзельнікаў «Восеньскага салона» заўсёды былі як дастаткова вопытныя майстры, члены Саюза мастакоў, так і студэнты і таленавітыя самародкі без мастацкай адукацыі. Па стылі, фармаце і тэхніцы выканання асаблівых абмежаванняў не было.

Гэта тое, што заставалася нязменным на працягу гадоў: адбор, экспазіцыя зробленая з таго, што прынеслі; удзельнікі да сарака гадоў; продаж работ па цэнах, выстаўленых мастакамі; узнагароджанне.

Адрозненняў ад звычайных маладзёжных выстаў Саюза мастакоў некалькі. Гэта адсутнасць тэмы і камерцыйны чыннік. А таксама тое, што на «Салон» могуць узяць удзельніка без мастацкай адукацыі.

Выстава 2024 года мала адрозніваецца ад леташняй. 450 твораў 210 мастакоў самага шырокага спектру. Большасць твораў – жывапіс. Заявак было пад тысячу, то-бок салон карыстаецца ў маладых творцаў папулярнасцю. А таксама ў гледачоў – сёлета наведвальнасць узрасла.

Аднак крытыкі і мастацтвазнаўцы «Восеньскі салон» актыўна ігнаруюць, бо гэта не прэзентацыйная выбарка маладзёжнага мастацтва, а тым больш у 2024 годзе, калі мноства аўтараў не можа прыняць удзел.

Удзельнікі сёлетняй выставы ў большасці выпадкаў не шукалі цяжкіх шляхоў, а рухаліся праторанымі сцяжынкамі: дэкаратывізму, што хаваецца пад маскай канцэптуалізму, яркага поп-арту і гіперрэалізму, які, як паказвае практыка, цудоўна прадаецца і выдатна глядзіцца ў любым інтэр'еры.

Ніякіх мастацкіх адкрыццяў выстава не прынесла, задача стаяла іншая. У тым ліку і для кожнага аўтара, які са свайго даробку дастаў самыя яркія працы, а часам іх адмыслова для продажу напісаў.

Шкада, што ідэя, закладзеная заснавальнікамі, правалілася. Запрашэнне міжнароднага журы мела мэтай пазнаёміць замежных куратараў з беларускімі аўтарамі, якія маглі б атрымаць міжнародны старт сваёй кар'еры. А беларускія аўтары атрымалі б погляд збоку на свой мастацкі даробак. Экскурсіі па майстэрнях у першыя гады правядзення «Салона» актыўна практыкаваліся, прыезджыя адмыслоўцы з цікавасцю вывучалі мясцовы арт-ландшафт.

Аднак з таго часу многія праекты пацярпелі фіяска. «Салон» жа выжывае, таму што задавальняе базавыя патрэбы грамадства ў нестабільным стане – хлеба і відовішчаў.

Большасць работ «Восеньскага салона 2024» можна набыць праз платформу Artcenter.by