BY
па-беларуску
«ДЭКАРТ-22»: Жарсці па трыенале

«ДЭКАРТ-22»: Жарсці па трыенале

Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў
alena_chepeleva-chorny_kvadrat
alena_chepeleva-funny_roy
alena_chepeleva-kinutya
hanna_ambrosava-bez_nazvy
iryna_pekusava
maryia_tarleckaya
pavel_leonau
piotr_kuzmich
tsimashou_pirahova-pryrodnyia_formy
volha_sazykina-kanservanty-1
volha_siamashka-susvet

Саюз мастакоў зладзіў вялікі фестываль дэкаратыўнага мастацтва: трыенале, то-бок падзея, якая адбываецца раз на тры гады, праходзіла на многіх пляцоўках Мінска. 

Гэта пяты па ліку фестываль, і адметнасцю яго стала змена назвы – з дэкаратыўна-прыкладнога дэманстраванае мастацтва ператварылася ў дэкаратыўнае. 

З аднаго боку, такі паварот даў магчымасць уключыць у фестывальны праект, напрыклад, анімалістычную скульптуру з шамоту і партрэтную маёліку. Але з іншага – змяніць назву аказалася недастаткова. Вызначэнне «дэкаратыўнае мастацтва» слаба пасавала вялізнай колькасці прадстаўленых твораў.
 

Праблема ў дэфініцыях

Да дэкаратыўнага мастацтва арганізатары аднеслі тэкстыль, кераміку, шкло, батык і метал. То-бок матэрыял стаў крытэрыем адбору. А што калі са шкла, металу і тэкстылю ствараюць моцныя канцэптуальныя аб’екты, з керамікі – паўнавартасную скульптуру, а са звычайнай паперы плятуць вялікую рухомую прасторавую інсталяцыю?
Адметнасць гэтага трыенале якраз у тым, што на ім у асноўным прадстаўлена не дэкаратыўнае мастацтва, а аб’екты і інсталяцыі. А з чаго яны зроблены – справа другасная.

Тым больш нават кола ўдзельнікаў сёлета пашырылі і разам з членамі секцыі запрасілі студэнтаў.

І тут праяўляецца другая праблема, якая прагаворваецца дзесяцігоддзямі, – няпэўнасць, нявызначанасць экспазіцыйных рашэнняў. Творы ёсць, збольшага някепскія, а падаць, паказаць належным чынам іх не атрымліваецца.

А ўсё таму, што ў залах трыенале змяшаныя боб з гарохам: класічны габелен – з сучасным тэкстыльным аб’ектам, керамічная ваза – з металічнай канструкцыяй, абстракцыя – з фігуратывізмам, а дэкор – з супрэматызмам.

Традыцыйны матэрыял апрыёры не пераносіць аб’ект у сферу дэкаратыўнага мастацтва, таму што сёння, напрыклад, самыя радыкальныя фемінісцкія выказванні выкананы з дапамогай... вышыўкі. Бо вышыўка адсылае да сферы жаноцкага – праз рух са сваёй гендарнай тэрыторыі лягчэй разбіваць устояныя стэрэатыпы. Унутранай, так бы мовіць, зброяй.

У чым тады выйсце? Як ладзіць такія выставы?

Адсочваць трэнды і быць сучаснымі

Сутнасць дэкаратыўнага мастацтва трансфармавалася нават за тыя дваццаць тры гады, калі пачалі адбывацца мінскія трыенале. Традыцыйныя тэхналогіі сёння лёгка спалучаюцца з сучасным дызайнам, і нават у тым экспазіцыйным хаосе, які панаваў на выставе, выяўна прасочваліся два супрацьлеглыя трэнды. Першы, ахоўны, звязаны з народнымі традыцыямі і нацыянальнай ідэнтычнасцю, а другі – экспансіянісцкі, глабалістычны, калі аўтар пагружаецца ў фармальны пошук, узброены ведамі ў сферы сучаснага мастацтва. Не змяшаць усё у кучу, а асэнсаваць розныя аўтарскія падыходы і на гэтым вострым супрацьстаянні выбудаваць ясную экспазіцыю – гэта самы відавочны ход. Яшчэ больш відавочны ход – прыдумаць канцэпт выставы, ператварыць яе ў яркае куратарскае выказванне.

Аўтарскі індывідуальны пошук на «ДЭКАРТ-22» губляўся на фоне агульнага тлуму, таму ў больш выйгрышнай сітуацыі аказаліся аўтары, што прадставілі свае творы ў камерных экспазіцыях, як у самім Палацы мастацтва, так і на іншых пляцоўках горада.

У Палацы мастацтва вылучалася выстава мастацкага шкла, зробленая па выніках сімпозіума на шклозаводзе «Нёман», у якой удзельнічалі пяць мастачак з Мінска: Вольга Сазыкіна, Жанна Марозава, Алена Чэпелева, Ірына Пекусава і Ірына Кузняцова, яна ж куратарка сімпозіума. Шкло выглядае авангардам пластычных пошукаў. Мастачкі лёгка адыходзяць ад традыцыйных формаў, спалучаюць шкло з іншымі матэрыяламі і прадметамі: Вольга Сазыкіна – з выкарыстанымі бляшанкамі ад кансерваў, ствараючы яркія і выразныя метафары, Алена Чэпелева – са сталовымі прыборамі, стварыўшы пераканальнае выказванне пра культуру спажывання. Ірына Пекусава з дапамогай знойдзеных прадметаў (бутэлечак) разважае пра стан грамадства простым і іранічным чынам: яе твор называецца «Антыдэпрэсанты».


Супраціўленне матэрыялаў

Мастакі сучаснага мыслення лёгка пераадольваюць абмежаванні любога матэрыялу, а таксама традыцыі і стэрэатыпы, з ім звязаныя.

У арт-гасцёўні «Высокае мѢсца» зладзілі выставу скульптурнай керамікі «Terracota». Тэракота – гэта ўсяго толькі абпаленая гліна, звычайны скульптурны матэрыял, з якога можа зрабіць і партрэт, як у Паўла Леонава, і дэкаратыўны прыродна-індустрыяльны аб’ект творчага тандэму Паліны Піраговай і Васіля Цімашова. І той, і другі кірунак былі прастаўлены на гэтай выставе зноў жа без уцямнай логікі. Усе ўнутраныя сэнсы твораў, аўтарскія падыходы, стылі і канцэпты аб’ядноўваў у адной прасторы толькі матэрыял, тая самая тэракота. Навошта? Каб паказаць яе творчыя магчымасці? Аднак гэтай мэты дасягнулі лепшым чынам у наступнай групавой экспазіцыі, зрабіўшы строгі адбор і злучыўшы экспанаты выразнай, хоць і фармальнай, ідэяй.

На выставе дванаццаці мастакоў-керамістаў «Па-за часам часу» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага творы глядзеліся вельмі эфектна на тле чорных сцен. Аб’екты займелі належную аўтаномнасць, прафесійнае асвятленне і нават яднальны канцэпт, які заключаўся ў спалучэнні «вечнай» тэхнікі і сучаснага мыслення. Выставе папярэднічаў куратарскі адбор, праведзены дзвюма мастачкамі-ўдзельніцамі – Ганнай Амбросавай і Вольгай Сямашка. Таму кераміка раскрыла гледачу ўсе свае магчымасці для сучаснай форматворчасці, розныя фактуры і каларыстычныя нюансы – ад цёплых зямельных колераў, бэжавага і охры, да глыбокага чорнага. Амаль акварэльных эфектаў дасягае Лявон Трацэўскі ў сваіх загадкава-эратычных аб’ектах. Ірына Фінцклер складае пласт гліны, як паперу, і стварае аб’екты-арыгамі некалькімі дакладнымі рухамі. «Сусвет» Вольгі Сямашкі, нібы паверхня Месяца, раскрываецца праз няроўнасці, плямы, адценні – неапрацаваная паверхня матэрыялу тоіць у сабе мноства патэнцыйных вобразаў для нашага ўяўлення.

Рукатворныя разломы формы ў Ганны Амбросавай раскрываюць перад гледачом матэрыял невядомага паходжання – нешта паміж дрэвам і каменем, але дакладна далёкі ад керамікі, з якой зроблены. Так матэрыял пераадольвае сябе праз творчы пошук, становіцца падставай незалежнага і вольнага выказвання.

Дэкаратыўнае мастацтва ў свеце дынамічна развіваецца паміж традыцыйным матэрыялам і канцэптуальным эксперыментам. Гэта тая сфера, дзе можна працаваць з гістарычнай і культурнай традыцыямі, балансуючы паміж нацыянальнай ідэяй і глабалізмам, паміж народнымі рамёствамі і актуальнымі тэндэнцыямі.

Істотна заўважыць, падтрымаць, акцэнтаваць і заахвоціць гэтыя тэндэнцыі. Дзеля гэтага выставы важна ладзіць не па прынцыпе матэрыялу, а на грунце ідэі, творчага падыходу і асэнсавана.


Выставы трыенале дэкаратыўнага мастацтва «ДЭКАРТ-22» працуюць да 8 снежня.
 

Расклад мерапрыемстваў:
10.11. – V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарат-22”. Рэспубліканская мастацкая галерэя “Палац мастацтва”. Адкрыццё ў 18.00
11.11. – Выстава “Лічбы” Маргарыты Шчамялёвай. Гарадская галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва. Адкрыццё ў 17.00
15.11. – Выстава памяці Ларысы Густавай, Уладзіміра Лісавенкі, Алы Непачаловіч. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Адкрыццё ў 17.00
16.11. – Выстава скульптурнай керамікі “Terracota”. Арт-гасцёўня “Высокае мѢсца”. Адкрыццё ў 18.00
23.11. – Выстава 12 мастакоў-керамістаў "Па-за часам часу". Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Адкрыццё ў 18.00
24.11. – Выстава “Несучаснае мастацтва” Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча. Гарадская галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва. Адкрыццё ў 18.00
29.11. – Выстава “Калядная казка” Веры Блінцовай і Любові Кірылавай. Галерэя “Мастацтва” Беларускага саюза мастакоў. Адкрыццё ў 18.00
 

Глядзець больш
«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»
«Я ўсіх шчыра запрашаю... уваходзіць у гісторыю Беларусі»

Мастачка і заснавальніца ініцыятывы VEHA Леся Пчолка пра незалежны архіў, сямейныя фотаздымкі і нябачны бок гісторыі

Мысляр перадусім
Мысляр перадусім

Выстава памяці мастака Уладзіміра Лукашыка ў НЦСМ

Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола
Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола

Выстава Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай «Кафэ Беларусь 2: комплекс Касандры»

Дзве душы і раўнавага ў творчасці
Дзве душы і раўнавага ў творчасці

Мастак Андрэй Духоўнікаў – былы дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва – пра музей і супрэматызм

Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць
Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць

Татальныя інсталяцыі беларускага мастака